Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў
Алякса́ндр Рыго́равіч Чарвяко́ў, таксама Але́сь Чарвяко́ў[2] (сапраўднае прозвішча — Чарвя́к; 8 сакавіка 1892, Дукоркі, цяпер Пухавіцкі раён — 16 чэрвеня 1937, Менск) — беларускі савецкі палітычны дзеяч. Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісаў Маніхвэст аб абвяшчэнні ССРБ 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.
Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Папярэднік | пасада заснаваная | ||||||
Пераемнік | Міхаіл Стакун | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | пасада заснаваная | ||||||
Пераемнік | Міхаіл Стакун | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | пасада заснаваная | ||||||
Пераемнік | Язэп Адамовіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | пасада заснаваная; Вінцас Міцкявічус-Капсукас як народны камісар замежных спраў Літбела |
||||||
Пераемнік | пасада скасаваная; Кузьма Кісялёў |
||||||
Нараджэнне |
8 сакавіка 1892 |
||||||
Смерць |
16 чэрвеня 1937[1] (45 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Імя пры нараджэнні | Аляксандр Рыгоравіч Чарвяк | ||||||
Партыя |
|
||||||
Адукацыя | |||||||
Аўтограф | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. 1-ы Старшыня ЦВК БССР (1920—1937) і 1-ы Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922—1937). Старшыня СНК БССР (1920—1924), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920—1923).
Імя
правіцьНароджаны Аляксандр Чарвяк. У пачатку палітычнай дзейнасці падпісваўся як Алесь Чэрвяк (Чарвяк). Паводле гісторыка Наталлі Голубевай, Чарвяк змяніў прозвішча на Чарвякоў у 1918 годзе паводле рэкамендацыі тагачаснага старшыні народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў у бальшавіцкім урадзе Іосіфа Сталіна (Джугашвілі)[3].
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 8 сакавіка (ст. ст. 25 лютага) 1892 года ў вёсцы Дукоркі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер у складзе вёскі Дукора Пухавіцкага раёна) у сялянскай сям’і[4]. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, а пасля гарадское вучылішча. У сямнаццаць гадоў вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка, настаўнічаў у Троцкім павеце[4].
У 1915 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут[5], прызваны ў армію. Праз сваю адукацыю быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў, якую паспяхова скончыў, служыў у розных часцях. Атрымаў накіраванне ў Петраград, дзе павінен быў прайсці курс у кулямётнай школе, трапіў у горад 28 лютага 1917 года[4]. 3 мая 1917 года член РСДРП(б), прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе , у гэты ж час пазнаёміўся з Іосіфам Сталіным[4]. Паводле рэкамендацыі Змітра Жылуновіча становіцца сябрам Нарвскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады[4]. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі бальшавіцкага кірунку, якая існавала з восені 1917 да красавіка 1918 года, калі на яе аснове была створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкаме РКП(б). Увосень 1917 года сябра Беларускага бежанскага камітэта[4]. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Петраградзе.
Удзельнік Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (5 (18)—18 (31) снежня 1917) ад беларусаў-бальшавікоў Петраграда[4]. У лютым—траўні 1918 года камісар Беларускага нацыянальнага камісарыята. 3 ліпеня 1918 года ў Чырвонай Арміі: камісар дывізіі, аднак па дарозе да месца службы цягнік пацярпеў крушэнне і Чарвякоў быў вызвалены з пасады «праз атрыманыя ўдары»[4]. Атрымаў месца загадчыка культурна-асветніцкага аддзела ва Усерасійскім бюро ваенных камісараў пры УЦВК[4]. Адначасова ўваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б)[5].
1 студзеня 1919 года ў ліку 5 членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі падпісаў у Смаленску Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У 1919 годзе камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР[5].
Пасля пачатку польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі ў палітаддзеле Заходняга фронту, начальнік палітаддзела Гомельскага ўмацаванага раёна, асобнай Гомельскай крапасной брыгады. У 1920 годзе начальнік аддзела РВС Заходняга фронту, старшыня Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ. 31 ліпеня 1920 года ад імя ЦК КП(б)ЛіБ разам з прадстаўнікамі ЦК Бунда, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Цэнтральнага бюро прафесійных саюзаў Менска і Менскай губерні падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Удзельнік мірных перамоў з Польшчай у Рызе ў кастрычніку 1920 года[5]. Першапачаткова беларуская дэлегацыя (як ад ССРБ так і ад БНР) не была запрошаная. Аляксандр Чарвякоў самастойна накіраваўся ў Рыгу як старшыня ВРК БССР, разам з ім едзе сакратар рэўкама Іван Клішэўскі. Атрымаць прызнанне савецкай беларускай дэлегацыі не ўдалося, але Чарвякоў застаўся як эксперт пры савецкай дэлегацыі без надання афіцыйнага статусу[3].
У 1920—1924 гадах старшыня ЦВК і СНК БССР, з 1924 года — старшыня ЦВК БССР і адзін са старшынь ЦВК СССР з 1922 года. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння СССР, распрацоўцы 5-гадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР і БССР, Канстытуцый СССР і БССР. Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі[5].
Член ЦБ КП(б)Б у 1920—1924, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—1937. Член ЦВК БССР у 1919—1937 і яго Прэзідыума, ЦВК СССР і яго Прэзідыума з 1922 года[5].
У канцы 1920 — пач. 1930-х гадоў Аляксандр Чарвякоў быў абвінавачаны ў тым, што падзяляе праваапартуністычныя погляды Мікалая Бухарына, затушоўвае вядучую ролю прамысловасці, найперш цяжкай, у сацыялістычнай перабудове вёскі падмяняе пралетарскі характар Кастрычніцкай рэвалюцыі дробнабуржуазным; ідэалізуе беларускія дробнабуржуазныя партыі, з’яўляецца прыхільнікам тэорыі «саступак» нацыянальнай інтэлігенцыі. Рабіўся вывад пра тое, што ў яго прамовах і артыкулах сфармулявана цэлая сістэма праваапартуністычных і нацыянал-апартуністычных поглядаў. Пад націскам крытыкі на партыйных пленумах, пасяджэннях Бюро ЦК, у прэсе ён вымушаны быў прызнаць наяўнасць зробленых памылак і абяцаў выправіць іх практычнай працай[5].
Асабліва жорстка Аляксандра Чарвякова крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б (10—19 чэрвеня 1937). Ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», каб назваў носьбітаў варожых ідэй у КП(б)Б, дзяржаўным апараце, асяроддзі інтэлігенцыі[5]. Абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі, намякалі на вяршэнства ў антысавецкім падполлі ў БССР. Дэлегаты патрабавалі выказаць Старшыні ЦВК палітычны недавер. У перапынку з’езда Аляксандр Чарвякоў застрэліўся ў сваім службовым кабінеце[6]. Рэабілітаваны ў 1957 годзе[7].
Пахаваны на Вайсковых могілках Менска.
Сям’я
правіцьБыў жанаты з Ганнай Іванаўнай Чарвяковай, мелі дачку Соф’ю (1918—2000). Адразу пасля пахавання Аляксандра Чарвякова Ганна з дачкой з’ехала ў Маскву, каб пазбегнуць рэпрэсій. Ганна Іванаўна арыштаваная ў 1937 годзе ў Маскве, вызваленая з лагера ў 1945 годзе[8]. Дачка, Соф’я Аляксандраўна, у сакавіку 1938 года выключаная з Баўманскага інстытута, высланая ў адміністрацыйным парадку ў Яраслаўль, куды па вызваленні пераехала і яе маці. У 1948 годзе Соф’ю Чарвякову выслалі ў Кустанайскую вобласць Казахскай ССР, з ёй паехала маці. У 1964 годзе Соф’я Аляксандраўна з сынам Аляксандрам вярнулася ў Мінск[9].
Творы
правіць- За Савецкую Беларусь. Мн., 1927;
- …Я ніколі не быў ворагам: Выбраныя артыкулы і прамовы; Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992.
У мастацтве
правіцьФігуруе ў 22 раздзеле аповесці «Знак бяды» Васіля Быкава[10], у трэцяй частцы рамана Івана Мележа «Пoдыx нaвaльнiцы»[11]. Аляксандр Чарвякоў выяўлены на карціне Леаніда Дударэнкі «Мінск, 1919» (1977)[12].
Ушанаванне памяці
правіцьУ 1967 годзе ў гонар Аляксандра Чарвякова названыя вуліца і завулак у Цэнтральным раёне Мінска[13]. У гонар Аляксандра Чарвякова названая вуліца ў Дукоры. Імя Чарвякова носіць Свіслацкая сярэдняя школа Пухавіцкага раёна, дзе створаны прысвечаны яму музей. На колішнім Другім Доме Саветаў (гістарычны Дом Свянцікага), дзе жыў Аляксандр Чарвякоў, усталяваная памятная дошка[14].
Зноскі
- ↑ Червяков Александр Григорьевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Кароткі нарыс гісторыі міліцыі 1927, с. 3.
- ↑ а б Наталля Голубева. Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР . zviazda.by (17 кастрычніка 2020). Праверана 21-2-2022.
- ↑ а б в г д е ё ж з Алена Ляўковіч. Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста» . zviazda.by (24 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2019. Праверана 23-01-2019.
- ↑ а б в г д е ё ж Платонаў Р. 2003, с. 138.
- ↑ Платонаў Р. 2003, с. 139.
- ↑ Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ Документы Комиссии по установлению персональных пенсий при Совете Министров БССР (руск.). narb.by. Архівавана з першакрыніцы 28-4-2020. Праверана 28-4-2020.
- ↑ Руслан Горбачев. «Деда довели до самоубийства, хотя Сталин отдыхал с ним в Крыму и держал на руках мою маму» (руск.). gazetaby.com (11 красавіка 2011). Праверана 28-4-2020.
- ↑ Анатоль Сідарэвіч. Подзвіг Аляксандра Чарвякова . nashaniva.by (13 ліпеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
- ↑ Пaлecкaя xpoнiкa. Пoдыx нaвaльнiцы. Чacткa тpэцяя (кapoткi змecт)
- ↑ Ніна Стужынская. Ролі Усевалада Фальскага: лёс народнага камісара замежных спраў у першым урадзе савецкай Беларусі . nashaniva.by (14-005-2016). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
- ↑ Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы. Переименования в 1960-е и дальше (руск.). minsk-old-new.com (16 жніўня 2007). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
- ↑ Червяков Александр Григорьевич (руск.)(недаступная спасылка). will-remember.ru. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2017. Праверана 28-01-2019.
Літаратура
правіць- Платонаў Р. Чарвякоў Аляксандр Рыгоравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2003. — С. 138—139. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8.
- Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. — Мн.: Беларусь, 2008. — 287 с. — С. 179—181. — ISBN 978-985-01-0803-6
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Якутов В. Александр Червяков: Документальная повесть. — Мн., 1986.
- Крэйнін І., Власаў В., Потэс В. Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі, 1917—1927 / пад. рэд. А. Сташэўскага. — Менск, 1927. — 227 с.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў
- Шифротелеграмма В.Ф. Шаранговича И.В. Сталину о Н.М. Голодеде и А.Г. Червякове (руск.). alexanderyakovlev.org. Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2019. Праверана 23-01-2019.
- Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова zviazda.by
- Белтелерадиокомпания. БССР. Неизвестная история. Александр Червяков (руск.). youtube.com.