Іосіф Вісарыёнавіч Сталін

Іо́сіф Вісарыё́навіч Ста́лін, сапраўднае Джугашвілі (груз. იოსებ ჯუღაშვილი; 18 снежня 1878, Горы, Тыфліская губерня, Расійская Імперыя — 5 сакавіка 1953, Кунцэва, РСФСР, СССР) — савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч[9]. Генеральны сакратар Цэнтральнага Камітэта Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (з 1922), кіраўнік савецкага ўрада (Старшыня Савета Народных Камісараў з 1941, Старшыня Савета Міністраў СССР з 1946), генералісімус Савецкага Саюза (1945).

Іосіф Вісарыёнавіч Сталін
руск.: Иосиф Виссарионович Сталин (Джугашвили)
груз. იოსებ ბესარიონის ძე ჯუღაშვილი
Генеральны сакратар ЦК ВКП(б)
3 красавіка 1922 — 5 сакавіка 1953
Папярэднік пасада створана
Пераемнік Мікіта Хрушчоў
1-ы народны камісар па справах нацыянальнасцей РСФСР
26 кастрычніка 1917 — 7 ліпеня 1923
Папярэднік пасада створана
Пераемнік пасада ліквідавана
Нараджэнне 18 снежня 1878(1878-12-18)[1][2][…]
Смерць 5 сакавіка 1953(1953-03-05)[3][5][…] (74 гады)
Месца пахавання
Род Stalin family[d][7]
Імя пры нараджэнні груз. იოსებ ბესარიონის ძე ჯუღაშვილი
Бацька Вісарыён Іванавіч Джугашвілі
Маці Кацярына (Кецеван) Геладзе
Жонка Кацярына Сямёнаўна Сванідзэ[d] і Надзея Сяргееўна Алілуева[d]
Дзеці Якаў Іосіфавіч Джугашвілі, Konstantin Kuzakov[d], unnamed boy Jughashvili (1916)[d], Alexander Davydov[d], Васіль Іосіфавіч Сталін[d], Artem Sergeev[d] і Святлана Іосіфаўна Алілуева
Нацыянальнасць грузін (мегрэл)
Веравызнанне атэізм
Партыя 1) РСДРП (1903—1917)
2) РСДРП(б) (1917—1918)
3) РКП(б) (1918—1925)
4) ВКП(б) (1925—1952)
5) КПСС (з 1952)
Член у
Адукацыя
Дзейнасць рэвалюцыянер[d], палітык і публіцыст
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Прыналежнасць СССР
Род войскаў Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія
Званне маршал Савецкага Саюза[8] і Генералісімус Савецкага Саюза[8]
Камандаваў Revolutionary Military Council[d], Паўночна-Каўказская вайсковая акруга, Southern Front of the Russian Civil War[d], State Defense Committee[d], Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія і Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання
Бітвы
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзяцінства і юнацтва

правіць

Іосіф Джугашвілі нарадзіўся ў грузінскім горадзе Горы ў сям’і шаўца. Скончыў Гарыйскае духоўнае вучылішча (1894). Вучыўся ў Тыфліскай духоўнай семінарыі, з якой у 1899 г. быў выключаны за рэвалюцыйную дзейнасць.

Рэвалюцыйная дзейнасць

правіць

У 1898 г. уступіў у Тыфліскую арганізацыю РСДРП. Вёў партыйную работу ў Закаўказзі, Петраградзе. У 1903 г. быў арыштаваны і сасланы ў Іркуцкую губерню, адкуль уцёк. 3 1904 г. да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. вёў прафесійную рэвалюцыйную дзейнасць. Бальшавіком з’яўляўся з 1903 г. У 1906 г. (упершыню) выбраны ад Тыфліскай арганізацыі дэлегатам на IV (Аб’яднаўчы) з’езд РСДРП. Не раз цярпеў пераслед ад царскіх ўладаў. У 1912 г. на VI (Пражскай) Усерасійскай канферэнцыі завочна кааптаваны ў ЦК і Рускае бюро ЦК РСДРП.

У сакавіку 1917 вярнуўся са ссылкі ў Петраград, уведзены ў Бюро ЦК РСДРП(б) і рэдакцыю газеты «Правда». На VII (Красавіцкай) Усерасійскай канферэнцыі РСДРП(б) абраны членам ЦК (выбіраўся членам ЦК на VI—XIX з’ездах партыі). На VI з’ездзе РСДРП(б) (ліпень—жнівень 1917) выступіў са справаздачным дакладам ЦК, абраны членам вузкага складу ЦК, член Палітбюро ЦК для кіраўніцтва ўзброеным паўстаннем.

Падчас Грамадзянскай вайны

правіць

На II Усерасійскім з’ездзе Саветаў (25—27.10(7—9.11).1917) Сталін быў абраны членам ВЦВК (выбіраўся членам ВЦВК на ўсіх наступных з’ездах, быў членам Прэзідыума ВЦВК) і зацверджаны наркомам па справах нацыянальнасцей (1917—22), адначасова з 1919 нарком дзяржаўнага кантролю, а пасля яго рэарганізацыі (1920) — нарком РСІ. У маі 1918 г. быў прызначаны СНК кіраўніком харчовай справы на поўдні Расіі з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. У час Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 гг. Сталін па даручэнні ЦК партыі выконваў адказную работу ў партыйных, савецкіх і ваенных органах: уваходзіў у склад РВС Рэспублікі і РВС Заходняга, Паўднёвага і Паўднёва-Заходняга франтоў, быў прадстаўніком ВЦВК у Савеце Рабоча-сялянскай абароны. У маі 1919 г. быў накіраваны ў Петраград для аказання дапамогі мясцовым партыйным, савецкім і ваенным арганізацыям у абароне горада ад наступлення арміі Юдзеніча, удзельнічаў у арганізацыі ваенных дзеянняў супраць войск Дзянікіна. На X з’ездзе РКП(б) (сакавік 1921) Сталін выступіў з дакладам «Чарговыя задачы партыі ў нацыянальным пытанні». Удзельнічаў у камісіях ВЦВК па выпрацоўцы праекта першай Канстытуцыі Расійскай Савецкай Рэспублікі, распрацоўцы федэратыўнага ўпарадкавання РСФСР.

Прыход да ўлады

правіць

3 красавіка 1922 г. на пленуме ЦК РКП(б) Сталін быў зацверджаны Генеральным сакратаром ЦК партыі (на гэтай пасадзе знаходзіўся больш за 30 гадоў). У пачатку 1920-х гг. займаў шэраг буйных пасад у партыі і дзяржаве, зрабіўся уплывовай палітычнай фігурай у краіне. Ён уваходзіў у склад Палітбюро, Аргбюро і Сакратарыята ЦК (фактычна кіраваў працай двух апошніх), узначальваў камісію Палітбюро ЦК па падрыхтоўцы аб’яднання савецкіх рэспублік у саюзную дзяржаву, старшынстваваў ад ЦК партыі ў УНК-АДПУ (член калегіі). Прымаў удзел у кангрэсах Камінтэрна.

У. Ленін у «Пісьме да з’езда» (снежань 1922) даў усебаковую характарыстыку шэрагу членаў ЦК, у т.л. і Сталіну. Адносячы Сталіна да ліку выдатных дзеячаў партыі, Ленін разам з тым выказаў асцярогу, ці здолее Сталін, які сканцэнтраваў у сваіх руках бязмежную ўладу, «заўсёды дастаткова асцярожна карыстацца гэтай уладай». Ленін прапаноўваў абдумаць спосаб перамяшчэння Сталіна з пасады Генеральнага сакратара і вылучыць іншага чалавека, які «ва ўсіх іншых адносінах адрозніваецца ад таварыша Сталіна толькі адной перавагай, іменна, больш цярпімы, больш лаяльны, больш ветлівы і больш уважлівы да таварышаў, менш капрызнасці і г.д.». На XIII з’ездзе РКП(б) (май 1924) гэтае «Пісьмо» было зачытана, але не на з’ездзе, а па дэлегацыях; тады ж было прынята рашэнне не публікаваць яго ў адкрытым друку (поўнасцю надрукавана толькі ў 1956). Прымаючы пад увагу вастрыню барацьбы за ўладу ў бальшавіцкім кіраўніцтве, Сталіна пакінулі на пасадзе Генеральнага сакратара ЦК як кампрамісную на той момант фігуру, якую да таго ж дзеячы партыі Р. Зіноўеў і Л. Каменеў спадзяваліся трымаць на другараднай ролі. У той жа час дэлегаты XIII з’езда па заслугах ацанілі, што Сталін паказаў сябе валявым і верным абаронцам курсу партыі на ўсталяванне і ўмацаванне першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы (СССР), як найбольш рэальная заслона ад дамаганняў на ўладу Л. Троцкага.

На чале Савецкай дзяржавы

правіць

У красавіку 1923 г. на XII з’ездзе РКП(б) Сталін у арганізацыйнай справаздачы ЦК прапанаваў узмацніць ролю ўлікова-размеркавальнага аддзела ЦК па фарміраванні наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў, бо, на яго думку, «гэта найбольш рэальны сродак трымаць у руках партыі ўсе ніці гаспадаркі і савецкі апарат». У 1924 г. былі надрукаваныя працы Сталіна «Аб асновах ленінізму», «Трацкізм ці ленінізм?», у 1925 г. — «Кастрычніцкая рэвалюцыя і тактыка рускіх камуністаў», у 1926 г. — «Да пытанняў ленінізму» і інш. Мэтай тэарэтычных пошукаў Сталіна было аб’яднаць дактрыну марксізму-ленінізму з практыкай умацавання дзяржаўнай улады з улікам нацыянальных умоў, асаблівасцей і інтарэсаў Савецкага Саюза. Сталін вылучыў з прац Леніна шэраг ідэй, якія сталі тэарэтычнай платформай гэтай улады. Адна з цэнтральных ідэй — дыктатура. Сутнасць пралетарскай рэвалюцыі і ленінізму Сталін звёў да неабходнасці дыктатуры пралетарыяту. Ён лічыў, што ў сістэме дыктатуры пралетарыяту кіраўніком дзяржавы можа быць толькі камуністычная партыя. Аднак у канчатковым выніку дыктатура пралетарыяту звялася да дыктатуры партыйнага апарату, паколькі ён, на думку Сталіна, аказаўся «лепшым апаратам з усёй сістэмы пралетарскай дыктатуры». Маштабы гэтага ўладарання былі ўсеахопныя, «пачынаючы з падаўлення класавых ворагаў і канчаючы пытаннямі канапель, лёну, свінагадоўлі». Намаганнямі Сталіна склалася прагматычнае і кананічнае выкарыстанне асобных цытат з ленінскай спадчыны. 3 1924 г. імя Леніна стала служыць ідэалагічным прыкрыццём тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіраўніцтва, хаця сцвярджалася, што працягваецца ленінскі курс на пабудову сацыялізму ў адной краіне — Расіі і потым у Савецкім Саюзе. Сталін тэарэтычна і арганізацыйна ўзначаліў і павёў барацьбу супраць поглядаў, апазіцыйных да кіруючай большасці партыі: «новай апазіцыі», Троцкага, Зіноўева, т.зв. правага ўхілу ў УКП(б). У выніку яго аўтарытэт і ўплыў у партыі выраслі. Яго 50-гадовы юбілей у 1929 г. праходзіў пад знакам: «Сталін — гэта Ленін сягоння». У канцы 1920 — пач. 1930-х гг. пад кіраўніцтвам Сталіна разгарнулася кампанія па выяўленні «шкодніцтва» ў народнай гаспадарцы і сістэме кіравання. 3 1928 г. Сталін адстойваў неабходнасць выкарыстання надзвычайных мер адміністрацыйнага ціску ў вёсцы дзеля пераадолення збожжанарыхтоўчага крызісу. Надзвычайныя меры ён лічыў універсальным спосабам вырашэння гаспадарчых праблем.

Восенню 1929 г. па ініцыятыве Сталіна быў узяты курс на «вялікі пералом»: рэзкае павышэнне паказчыкаў пяцігадовага плана індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Нэп быў «выкінуты к чорту». У выніку ўсталявання камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай і ўсім грамадствам Сталін выйшаў і з-пад кантролю партыі. Вакол яго стварыўся арэол абсалютна бязгрэшнага правадыра, пачаў фарміравацца культ асобы Сталіна. Калі на лютаўска-сакавіцкім (1937) пленуме ЦК УКП(б) канчаткова была адхілена ад улады група Бухарына—Рыкава, усталяванне ўсеўладдзя Сталіна ў партыі і дзяржаве завяршылася. Пачаліся масавыя палітычныя рэпрэсіі супраць савецкіх, партыйных і ваенных кадраў, творчай інтэлігенцыі. Жорсткую барацьбу з «класавым ворагам і яго агентурай» Сталін абгрунтоўваў тэзісам пра абвастрэнне класавай барацьбы па меры будаўніцтва сацыялізму. 3 імем Сталіна звязана беспрэцэдэнтная канцэнтрацыя дзяржаўнай улады ў руках партыйнага апарату, зрастанне партыйнай і дзяржаўнай бюракратыі, стварэнне партыі-дзяржавы. Ён сцвярджаў манаполію ў краіне адзінай Камуністычнай партыі, а ўсякую спробу стварэння іншай партыі лічыў небяспекай. Партыю ён рэальна ператварыў у інструмент улады, «своеасаблівы ордэн мечаносцаў унутры дзяржавы». Гэта тэарэтычнае палажэнне, напісанае Сталінам у 1921 г., апублікавана толькі ў 1947 г., калі культ яго асобы дасягнуў апагея. Праз моцную ўладу Сталін імкнуўся за кароткі тэрмін стварыць эканамічна і палітычна моцную дзяржаву і даволі мэтанакіравана вырашаў гэту задачу, абапіраючыся ў асноўным на сілавыя метады. Дыктатарскія метады Сталіна перанімаліся і тыражаваліся пераважнай большасцю партыйных і дзяржаўных дзеячаў у цэнтры і на месцах. У пач. 1930-х гг. сфарміраваўся магутны, строга цэнтралізаваны адміністрацыйна-палітычны апарат прымусу, які быў выкарыстаны Сталінам як сродак барацьбы за ўстанаўленне і ўмацаванне яго неабмежаванай улады. Сталін вёў жорсткую барацьбу супраць еўрапейскай сацыял-дэмакратыі, называючы яе «сацыял-фашызмам». 3 1941 г. Сталін адначасова з пасадай Генеральнага сакратара ЦК партыі стаў старшынём СНК СССР (з 1946 г. перайменаваны ў Савет Міністраў).

Падчас Другой сусветнай вайны

правіць

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Сталін кіраваў дзейнасцю па ўмацаванні абараназдольнасці краіны. Ён дапусціў сур’ёзны пралік у ацэнцы тэрмінаў магчымага нападу нацысцкай Германіі на СССР, што мела цяжкія наступствы ў першыя месяцы вайны; у далейшым цвёрда кіраваў падзеямі. 30 чэрвеня 1941 г. Сталін быў прызначаны старшынёй Дзяржаўнага камітэта абароны, 19 ліпеня 1941 — Наркомам абароны СССР, 8 жніўня 1941 — Вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі СССР. Пад яго кіраўніцтвам здабыта перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Як кіраўнік Савецкага ўрада, Сталін у час вайны быў адным з арганізатараў антыгітлераўскай кааліцыі і ўдзельнічаў у канферэнцыях кіраўнікоў урадаў трох дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Тэгеране (1943), Ялце (1945) і Патсдаме (1945).

Ацэнкі дзейнасці

правіць

Прафесар А. А. Кара-Мурза ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» заявіў, што сам Сталін ствараў магутны культ ўласнай асобы і займаўся гэтым як прыярытэтнай тэмай ўсе гады свайго кіравання, аж да сакавіка 1953 года[10]. На думку прафесара, культ ствараўся шляхам правак біяграфіі, знішчэння сведкаў, стварэння новых падручнікаў, умяшання ў любыя навукі, мастацтва і культуру[10].

На думку Ю. М. Жукава, на XX з’ездзе КПСС «эвалюцыя адбылася… таму. Кансерватыўная частка партакратыі ўмацавалася настолькі, што ўжо сама адважылася ўскласці на культ нябожчыка дыктатара ўсю адказнасць за свае былыя злачынствы, а сябе выставіць у якасці ахвяр»[11].

Ідэя культу заключалася[12] ў тым, каб увесь савецкі народ ўсім апыняўся абавязаны партыі, дзяржаве і свайму правадыру[12]. І адным з аспектаў гэтай сістэмы «падарункаў» з’яўлялася неабходнасць выразы падзякі Сталіну, напрыклад, за сацыяльныя паслугі і наогул за ўсё, што ў цябе ёсць[12]. Як адзначае прафесар рускай гісторыі універсітэта Джонса Хопкінса, Джэфры Брукс, вядомая фраза «Дзякуй таварышу Сталіну за наша шчаслівае дзяцінства!» Азначала, што ў дзяцей шчаслівае дзяцінства толькі таму, што яго забяспечыў ім Сталін[12].

Музеі і помнікі

правіць

Пры жыцці Сталіна савецкая прапаганда стварыла вакол яго арэол «вялікага правадыра і настаўніка». Многія прадпрыемствы і арганізацыі атрымалі да сваёй назвы дадатковае «імя І. В. Сталіна»; імя Сталіна можна было сустрэць у назвах савецкай тэхнікі, якая выпускалася ў 1930-1950-х гадах (Сталінец-1, паравоз ІС, Сталінец-60, танкі ІС-1 і ІС-2). У прэсе сталінскага перыяду яго імя згадвалася ў адным шэрагу з Марксам, Энгельсам і Леніным. Аб Сталіне пішуць песні: на словы паэта А. А. Суркова выконваюцца песні «Нас воля Сталіна вяла» (кампазітар У. І. Мурадэлі) і «Песня пра Сталіна» (музыка М. І. Блантэра). У 1939 годзе кампазітар С. С. Пракоф’еў стварае прысвечаную Сталіну кантату «Здравіца». Імя Сталіна згадваецца ў мастацкіх літаратурных творах і ў мастацкіх фільмах.

Варта адзначыць, што імем Сталіна былі таксама названыя геаграфічныя аб’екты ў многіх краінах свету.

Пасля смерці Сталіна грамадскае меркаванне пра Сталіна шмат у чым фарміравалася ў адпаведнасці з пазіцыяй афіцыйных асоб СССР і Расіі. Пасля XX з’езда КПСС савецкія гісторыкі давалі ацэнку Сталіну з улікам пазіцыі ідэалагічных органаў СССР. У паказальніку імёнаў да поўнага збору твораў Леніна, выдадзенай у 1974 годзе, пра Сталіна напісана наступнае[13]:

  У дзейнасці Сталіна разам з станоўчым меўся і адмоўны бок. Знаходзячыся на важнейшых партыйных і дзяржаўных пасадах, Сталін дапусціў грубыя парушэнні ленінскіх прынцыпаў калектыўнага кіраўніцтва і нормаў партыйнай жыцця, парушэнне сацыялістычнай законнасці, неабгрунтаваныя масавыя рэпрэсіі супраць бачных дзяржаўных, палітычных і ваенных дзеячаў Савецкага Саюза і іншых сумленных савецкіх людзей.  

У дакладзе Фонду Карнегі (2013) адзначаецца, што калі ў 1989 годзе «рэйтынг» Сталіна ў пераліку найвялікшых гістарычных асоб быў мінімальным (12 %, Ленін — 72 %, Пётр I — 38 %, Аляксандр Пушкін — 25 %), то ў 2012 годзе ён апынуўся на першым месцы з 49 %[14]. Паводле дадзеных апытання грамадскай думкі, праведзенага Фондам «Грамадская думка» 18-19 лютага 2006 года, 47 % жыхароў Расіі лічылі ролю Сталіна ў гісторыі ў цэлым станоўчай, 29 % — адмоўнай[15]. На працягу апытання (7 мая — 28 снежня 2008 года) грамадскай думкі, арганізаванага тэлеканалам «Расія» з мэтай выбару самой прыкметнай і сімвалічнай асобы расійскай гісторыі, Сталін займаў лідзіруючыя пазіцыі з вялікім адрывам. У выніку Сталін заняў трэцяе месца, саступіўшы першым двум гістарычным асобам каля 1 % галасоў.

У дакладзе Фонду Карнегі аб ацэнцы ролі Сталіна ў сучаснай Расіі і Закаўказзі (2013)[16] адзначаецца, што яго асоба да гэтага часу выклікае захапленне ў вялікай колькасці людзей на постсавецкай прасторы. Пры адказе на пытанне «Якія словы лепш апісваюць ваша стаўленне да Сталіна?», большасць расіян, армян і азербайджанцаў выбралі абыякавасць (32 %, 25 і 15 % адпаведна), грузіны ж — павагу (27 %), у расіян і армян павагу — 21 і 16 %. Аўтары дакладу адзначылі, што большасць рэспандэнтаў высока ацэньвае ўклад Сталіна ў перамогу Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй, разам з тым пераважная большасць ставіцца да сталінскіх рэпрэсій рэзка негатыўна — больш за палову ўдзельнікаў апытання лічаць, што ім не можа быць апраўдання. Тым не менш, каля 20 % адказалі, што, магчыма, у рэпрэсіях была палітычная неабходнасць. У дакладзе таксама гаворыцца аб двух процілеглых тэндэнцыях: з аднаго боку, «падтрымка Сталіна ў Расіі вырасла пасля развалу Савецкага саюза», з другога — моладзь усё больш індыферэнтнага ставіцца да спрэчнай гістарычнай постаці.

Станоўчыя

правіць

На думку англійскага гісторыка Саймана Себаг-Мантэфіёрэ, Сталін меў выдатныя інтэлектуальныя здольнасці: да прыкладу, мог чытаць Платона ў арыгінале. Калі Сталін прыйшоў да ўлады, працягвае гісторык, ён заўсёды сам пісаў свае прамовы і артыкулы ў выразным і часцяком вытанчананым стылі[17].

Згодна з Сайману Себаг-Мантэфіёрэ, міф пра невука Сталіне быў створаны Троцкім. А на самай справе бібліятэка Сталіна налічвала 20 000 тамоў, ён кожны дзень шмат гадзін праводзіў за чытаннем кніг, робячы пазнакі на іх палях і ведучы іх каталог. Пры гэтым густы Сталіна ў дачыненні да чытання былі эклектычнымі: Мапасан, Уайльд, Гогаль, Гётэ, Заля. Акрамя таго, яму падабалася паэзія і ў юнацтве ён сам пісаў вершы на грузінскай мове. Сталін быў эрудзіраваным чалавекам — ён цытаваў Біблію, працы Бісмарка, творы Чэхава, захапляўся Дастаеўскім, лічачы яго выдатным псіхолагам[17].

Адмоўныя

правіць

Адны гісторыкі лічаць, што Сталіным была ўсталяваная асабістая дыктатура[18][19][20]; іншыя мяркуюць, што да сярэдзіны 1930-х дыктатура насіла калектыўны характар[21]. На думку гісторыка О. В. Хляўнюка[22], сталінская дыктатура ўяўляла сабой вельмі цэнтралізаваны рэжым, які абапіраецца перш за ўсё на магутныя партыйна-дзяржаўныя структуры, тэрор і гвалт, а таксама на механізмы ідэалагічнай маніпуляцыі грамадствам, адбору прывілеяваных груп і фарміравання прагматычных стратэгій. Згодна з прафесарам Оксфардскага ўніверсітэта Р. Хінглі, на працягу чвэрці стагоддзя да сваёй смерці Сталін валодаў большай палітычнай уладай, чым любая іншая фігура ў гісторыі[23]. Ён быў не проста сімвалам рэжыму, а лідарам, які прымаў прынцыповыя рашэнні і быў ініцыятарам усіх колькі-небудзь значных дзяржаўных мер[22]. Кожны член Палітбюро павінен быў пацвярджаць сваю згоду з прынятымі Сталіным рашэннямі, у той жа час адказнасць за іх выкананне Сталін перакладаў на падсправаздачных яму асоб[24].

Некаторыя палітыкі, дзеячы навукі, культуры і мастацтва, гісторыкі, сацыёлагі, а таксама маскоўскі патрыярхат[25] прытрымліваюцца думкі, што перамога адбылася не дзякуючы, а насуперак Сталіну. У адкрытым лісце 25-ці дзеячаў савецкай навукі, літаратуры і мастацтва гаворыцца пра адказнасць Сталіна за негатоўнасць да вайны[26]. У адкрытым лісце ад 20 красавіка 2010 года ветэраны таксама падвергнулі Сталіна крытыцы, ахарактарызаваўшы яго змову з Гітлерам як «злачынную»[27][28]. Разам з тым іншыя ветэраны прапанавалі адзначыць заслугі Сталіна ў ваенныя гады з дапамогай відэаролікаў і плакатаў[29]. Згодна з англійскім гісторыкам Сайманам Себаг-Мантэфіёрэ, у пачатку вайны Сталін «прымаў некампетэнтныя рашэнні. Імя ім легіён. Самае абуральнае з іх: у верасні 1941 года, калі ўсе генералы прасілі яго вывесці войскі з-пад Кіева, ён дазволіў нацыстам ўзяць у 'мяшок' і перабіць ваенную групоўку з пяці армій. Толькі да канца вайны Сталін стаў ваенным стратэгам і змог прывесці сваю краіну да перамогі. Але якой цаной!»[17]

На думку Даніэль Ранкур-Лаферыера, Сталін не валодаў ні адной еўрапейскім мовай, быў дрэнным аратарам, і яго лічылі, у лепшым выпадку, вельмі пасрэдным тэарэтыкам[30][31].

Бібліяграфія

правіць
  • Творы. Т. 1—13. Мн., 1950—55.

Зноскі

  1. Jossif Stalin // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Josif Stalin // Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia, 1968.
  3. а б Сталин Иосиф Виссарионович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. http://news.bbc.co.uk/1/hi/world/europe/10412097.stm
  5. Hingley R. F. Joseph Stalin // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. http://www.ducksters.com/biography/joseph_stalin.php
  7. Stalin <Familie> // 20th Century Press Archives — 1908. Праверана 16 ліпеня 2019.
  8. а б Сталин Иосиф Виссарионович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15). — С. 132
  10. а б Профессор политологии и историк Алексей Кара-Мурза в программе «Именем Сталина: историческое наследие сталинской эпохи»
  11. Александр Сабов Жупел Сталина
  12. а б в г Профессор русской истории университета Джонса Хопкинса, Джеффри Брукс. 16 минут 00 секунд
  13. См. заметку о Сталине в указателе имён к изданию: Ленин В. И. Полное собрание сочинений. — М: 1974, Т. 35, С. 540
  14. http://www.newsru.com/russia/04mar2013/stalin.html
  15. Отношение к И. Сталину // bd.fom.ru, Фонд «Общественное мнение»
  16. Сталин жив? ИИИ «Поток» | Главные новости дня Архівавана 17 лістапада 2019.
  17. а б в Секреты жизни и смерти Сталина.
  18. Волкогонов Д. А. Гл. 5 Сталин. Политический портрет. В 2-х книгах. Архівавана 13 сакавіка 2008. — М.: Новости, 1992.
  19. Бакунин А. В. История советского тоталитаризма. В 2-х кн. Екатеринбург, 1996. Т. 1; 1997. Т. 2.
  20. Хлевнюк О. В. 1937-й. Сталин, НКВД и советское общество. М: Республика, 1992.
  21. Сабов А. Жупел Сталина. Разговор с историком Юрием Николаевичем Жуковым // Комсомольская правда. 18 ноября 2002 года.
  22. а б См. обзор: Khlevniuk O. Stalinism and the Stalin Period after the «Archival Revolution» // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History. 2001. Vol. 2, No. 2. P. 319. DOI:10.1353/kri.2008.0052
  23. Hingley R. F. Stalin, Joseph. // Энциклопедия Британника. Chicago: Encyclopædia Britannica, 2007. Vol. 28, No. 628
  24. Gregory P., Harrison M. Allocation under Dictatorship: Research in Stalin’s Archives // Journal of Economic Literature. 2005. Vol. 43. P. 721. [1] Архівавана 15 лютага 2010. (англ.)
  25. РПЦ считает, что победа состоялась не благодаря, а вопреки Сталину
  26. Письмо 25 деятелей советской науки, литературы и искусства(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2011. Праверана 17 лютага 2015.
  27. Ветераны назвали Сталина военным преступником
  28. Портретам Сталина не место на улицах Москвы
  29. Ветераны предложили отметить заслуги Сталина в военные годы с помощью видеороликов и плакатов
  30. Профессор Калифорнийского университета, Даниель Ранкур-Лаферриер / «Психика Сталина» / Програсс-академия. 1996 г. Москва, Стр. 75
  31. «Сталин, — сказал я, — это наиболее выдающаяся посредственность нашей партии» (Троцкий Л. http://magister.msk.ru/library/trotsky/trotl026.htm Архівавана 28 кастрычніка 2012. Моя жизнь])
    «Его мнение Зиновьеву и Каменеву неинтересно — они убеждены, что в вопросах политической стратегии мнение Сталина интереса вообще не представляет» (Бажанов Б. Воспоминания бывшего секретаря Сталина)
    «Линия же его такая (высказано на пленуме): … чем больше будет расти социализм — тем больше будет сопротивление… Это идиотская безграмотность» (Запись Льва Каменева о его беседе с Николаем Бухариным 11 и 12 июля 1928 г.)