Знак бяды

Васіль Уладзіміравіч Быкаў

«Знак бяды» — аповесць беларускага пісьменніка Васіля Быкава, створаная ў 1982 годзе. Адзначана Ленінскай прэміяй у 1986 годзе. У тым жа годзе аповесць была экранізавана.

Знак бяды
Выданне
Вокладка кнігі 1984 году выдання
Жанр аповесць[d]
Аўтар Васіль Быкаў
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1982
Дата першай публікацыі 1985

Мастацкія асаблівасці правіць

Аповесць «Знак бяды», за якую аўтар быў узнагароджаны Ленінскай прэміяй, — значная веха не толькі ў творчасці Васіля Быкава, але і ў літаратурным працэсе савецкага перыяду ў цэлым. Вытрыманая ў межах стылю пісьменніка, аповесць вызначаецца абмежаваным прасторава-часавым разваротам, невялікай колькасцю герояў, характэрнай ваеннай тэматыкай і вострай праблематыкай. Вайна ў аповесці адлюстроўваецца праз паглыбленне ў псіхалогію герояў, якія знаходзяцца ў экстрэмальных ўмовах. У сваім творы В. Быкаў не абыходзіцца без паказу мінулага сваіх герояў, даючы нам зразумець, што іх паводзіны вынікаюць з усяго папярэдняга жыцця, таму што нічога выпадковага не бывае. Асаблівасць гэтай аповесці ў тым, што аўтар паказвае вайну не вачыма яе ўдзельнікаў-вайскоўцаў, а проста мірных жыхароў. «Знак бяды» лічаць самым антываенным з усіх твораў пісьменніка.

Але такая характарыстыка відавочна можа лічыцца няпоўнай і аднабаковай. Гэта перш за ўсё твор, які паказвае жах і злачынствы, якія нёс фашыстоўскі рэжым з тутэйшымі ягонымі падручнымі.

Сюжэт правіць

Немаладыя ўжо людзі, Сцепаніда і яе муж Пятрок, жывуць на хутары, недалёка ад вёскі Выселкі, калі прыходзяць нямецкія акупанты. Па ўспамінах Сцепаніды можна зразумець, што спачатку яны служылі ў пана Еўхімоўскага, потым савецкая ўлада дала ім яго зямлю, і ён павесіўся. Першапачаткова да іх прыходзяць высялкоўскія паліцаі Гуж і Каландзёнак, а затым іх дом займаюць нямецкія жаўнеры, і тыя і іншыя паводзяць сябе як гаспадары. Пятрок імкнецца ім дагадзіць, а Сцепаніда, наадварот, не прыніжаецца перад паліцаямі і немцамі. Канфлікт паміж ёй і варожымі жаўнерамі ўспыхнуў, калі яна недадала ім малака і нямецкі афіцэр ударыў яе ланцужком. Калі акупанты запатрабавалі малако ў другі раз, Сцепаніда выдаіла яго ў траву. Скончылася гэта тым, што немцы застрэлілі карову. Затым Сцепаніда ноччу выкінула ў калодзеж іх вінтоўку, якую яны не знайшлі і неўзабаве пакінулі іх дом. Далей Пятрок пачынае гнаць самагон, якім спадзяецца задобрыць паліцаяў. З успамінаў можна зразумець, што паліцай Гуж — сын раскулачанага сярэдняка, Каландзёнак яшчэ да вайны пабудаваў кар’еру на даносах. Недасека пайшоў у паліцаі па прымусе. Да Петрака прыязджаюць паліцаі з Крынак, яны збіваюць яго жонку і здзекуюцца з яго самога, патрабуючы самагону, які Пятрок яшчэ не паспеў зрабіць. Пасля гэтага ён уступае ў канфлікт з Гужам і Каландзёнкам, у выніку яго збіваюць і кідаюць у турму. Пасля гэтага Сцепаніда абменьвае ў селяніна Карнілы парася на бомбу, каб падарваць найбліжэйшы мост, але пра гэта даведваюцца паліцаі і прыходзяць арыштоўваць Сцепаніду, але яна зачыняецца ва ўласнай хаце і падпальвае яе.

Выданні правіць

У 1987 годзе маскоўскім выдавецтвам «Советский писатель» у серыі «Бібліятэка савецкага рамана» твор быў выдадзены сумесна з іншымі творамі савецкіх аўтараў у анталогіі «За рысай міласэрнасці. Жыві і помні. Знак бяды».

У 2004 годзе маскоўскім выдавецтвам «Эксмо» ў серыі «Чырвоная кніга рускай прозы» ў зборніку «Сотнікаў» твор быў выдадзены сумесна з іншымі творамі аўтара «Круглянскі мост», «Яго батальён», «Сотнікаў», «Абеліск».


Спасылкі правіць