Ліквідацыя (аповесць)

Васіль Уладзіміравіч Быкаў
(Пасля перасылкі з Сотнікаў (аповесць))

«Ліквідацыя»[1] (савецкая цэнзура забараніла гэту назву і першапачаткова аповесць выйшла пад назвай — «Сотнікаў») — адзінаццатая аповесць беларускага пісьменніка Васіля Быкава, упершыню апублікаваная ў 1970 годзе ў часопісе «Новый мир» (№ 5), затым — у адзінаццатым нумары часопіса «Полымя». Праца над аповесцю вялася з 1 снежня 1968 па 31 ліпеня 1969 гг.

Ліквідацыя (Сотнікаў)
Выданне
Вокладка выдання 2014 года
Жанр аповесць
Аўтар Васіль Быкаў
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1968—1969
Дата першай публікацыі 1970 —
«Новый мир» № 5 (руск.) «Полымя» № 11 (бел.)
Электронная версія

Гісторыя стварэння правіць

Гісторыя стварэння аповесці была зазначана самім аўтарам у артыкуле «Как создавалась повесть „Сотников“»[2]. Спачатку аўтар фармулюе пастаўленыя ў аповесці праблемы:

  Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: «Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечых абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?[3]  

Далей Васіль Быкаў расказвае пра выпадак, які адбыўся ў жніўні 1944 года, калі праязджаючы міма палонных ён убачыў знаёмы твар колішняга саслужыўца, які з восені 1943 года лічыўся забітым. Гэты чалавек быў пасмяротна ўдастоены высокай узнагароды за стойкасць, праяўленую ў цяжкім баі на Дняпроўскім плацдарме.

  Аб ім расказвалі новаму папаўненню, аб яго подзвігу праводзілі гутаркі, на яго вопыце вучылі ваяваць. А ён вось сядзеў цяпер перада мной у прапацелым нямецкім кіцелі з трохкаляровым шаўронам на рукаве, на якім красамоўна паблісквалі тры знаёмыя літары «РОА»  

Далейшы апавяданне тычыцца гісторыі гэтага саслужыўца, якую аўтар называе «сумнай і адначасна страшнай у сваёй знішчальнай прастаце»

  Аказваецца, у тым памятным баі на плацдарме ён не быў забіты, а быў толькі паранены і трапіў у палон. У лагеры, дзе ён апынуўся, сотнямі паміралі з голаду, а ён хацеў жыць і, надумаўшы абхітрыць немцаў, запісаўся ва ўласаўскую армію з надзеяй знайсці момант і перабегчы да сваіх. Але, як на тое ліха, здатнага моманту ўсё не было, фронт знаходзіўся ў жорсткай абароне, а за ўласаўцамі строга сачылі немцы. З самага пачатку нашага наступлення яму давялося прыняць удзел у баях супраць сваіх, хоць, зразумела, ён страляў угору: ці ж ён вораг сваім? — суцяшаў ён сябе. Урэшце аказаўся ў палоне, вядома ж, здаўся сам, інакш бы тут не сядзеў...[4]  

Гэтая гісторыя, паводле ўласнага прызнання, прывяла Быкава да асэнсавання той маральнай ідэі, якая паслужыла асновай аповесці «Сотнікаў»[5].

Публікацыя правіць

«Новый мир» правіць

Аповесць пісалася ў той час, калі ў друку працягвалася чатырохгадовае цкаванне за ранейшыя «новомирские» аповесці: «Мёртвым не баліць», «Праклятай вышыні» і папярэднюю аповесць «Круглянскі мост»[6].

Новы твор В. Быкаў планаваў друкаваць у беларускім часопісе. Спачатку выбар паў на «Маладосць», але праз нацягненыя адносіны з вышэйшым начальствам колішняга галоўнага рэдактара Пімена Панчанкі, якія не ў апошнюю чаргу былі выкліканы публікацыямі твораў Быкава, аўтар аднёс рукапіс у «Полымя», якое, аднак, не спяшалася выдаваць новую аповесць, і В. Быкаў, не прыспешваючы яго, пакрысе пераклаў твор на рускую мову. Неўзабаве Ірына Быкава адвезла перадрукаваны рукапіс у «Новый мир». У хуткім часе тагачасны галоўны рэдактар часопісу Аляксандр Твардоўскі паведаміў В. Быкаву пра гатоўнасць надрукаваць аповесць[7]. Аповесць будзе апублікаваная ў «Новом мире» ў 1970 г. (№ 5) у расійскім перакладзе і — пад назвай «Сотнікаў».

«Полымя» правіць

Тым часам лёс публікацыі «Сотнікава» ў «Полымі» вырашаўся на лютаўскім пасяджэнні рэдактарскай калегіі. За публікацыю выказваецца адсутны тады Янка Брыль у сваім лісце сакратару часопісу Алесю Бачылу:

  Аповесць «Сотнікаў» — глыбокі, сумленны, таленавіты твор, і я, безумоўна, за тое, каб ён як мага хутчэй з'явіўся ў «Полымі». Ненармальна гэта і брыдка, што такія творы з'яўляюцца раней і перакладзе...  

Аповесць «Сотнікаў» з'явілася ў адзінаццатым нумары «Полымя» за 1970 год, але пасля таго, як у тэкст былі ўнесены значныя праўкі. Аб тым, у прыватнасці, клапаціўся Пятрусь Броўка ў сваім лісце да рэдакцыі:

  Што б мне хацелася? <...>
Па-першае, хоць у парадку адступлення паказаць хоць бы адну падзею гераізму партызанаў. Хай бы яна звялася, скажам, да разгрому невялічкага гарнізона дзесьці ў воласці, у невялікім мястэчку. А то ўвесь час яны ўцякаюць (гэтыя Рыбак і Сотнікаў).
Па-другое. Вельмі прыкра, калі Рыбак вядзе Сотнікава на смерць. Можа, адзінкавы такі выпадак і быў, але гэта неўласціва нашаму партызанскаму руху. Можа, варта было б пазбегнуць гэтага, а калі не, дык было б добра, каб Рыбака (нягледзячы на яго пераход у паліцаі) усё роўна павесілі. А то выходзіць, што здрадніцтва, шкурніцтва перамагае. <...>[8]
 

Зрабіць рэдактуру «Сотнікава» было даручана Барысу Сачанку[9]

Сучаснасць правіць

27 чэрвеня 2014 года аповесць «Сотнікаў» была перавыдадзена без цэнзуры, да таго ж аповесці была вернута арыгінальная назва «Ліквідацыя»[10].

Зноскі

  1. Пра ўнутраную матывацыю гэтай назвы пазней напіша А. Адамовіч:
    Жудасная справа — «ліквідацыя» Сотнікава і іншых, з кім расправіліся фашысты ў маленькім беларускім гарадку. Але тое, што фашысты зрабілі з Рыбаком, — таксама «ліквідацыя»: яго пазбавілі чалавечага права ўжо не на жыццё, а нават на больш менш прыстойную смерць

    — Адамовіч, А. Аповесці Васіля Быкава / А. Адамовіч // Полымя. — 1973. — № 2

    Аднак, паводле словаў А. Пяткевіча, была і іншая, папярэдняя назва — «Двое ўначы». П. Вайль сведчыў, што першапачаткова аповесць называлася «Рыбак і Сотнікаў». Зрэшты, падчас першай публікацыі ў часопісе «Новый мир», аўтарскі варыянт не захаваўся.
  2. Гл. Быков, В. Как создавалась повесть «Сотников» // Литературное обозрение. — 1973. — № 7.
  3. Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю. — Мінск: Маст. літ., 1984. — С. 95.
  4. Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю. — Мінск: Маст. літ., 1984. — С. 96—97.
  5. Сяргей Шапран. "З "Сотнікава" пачынаюцца 70-я гады...": да гісторыі напісання і першай публікацыі аповесці Васіля Быкава // Роднае слова. — Мн.: 2008. — № 6. — С. 11. — ISBN 02341360.
  6. Сяргей Шапран. "З "Сотнікава" пачынаюцца 70-я гады...": да гісторыі напісання і першай публікацыі аповесці Васіля Быкава // Роднае слова. — Мн.: 2008. — № 6. — С. 10. — ISBN 02341360.
  7. Быкаў, В. Доўгая дарога дадому : кніга ўспамінаў. — Мінск: ГА БТ «Кніга». — Т. 2003. — С. 312.
  8. БДАМЛМ. Фонд 42. — Воп. 1. — Адз. зах. 618. — Арк. 149
  9. Па Богу і людзям сэнс жыцця чалавечага ў тым, каб жыць. Высока. : інт. А. Тамковіча з В. Быкавым // Свободные новости. — 1999.
  10. Выйшла з друку «Ліквідацыя»..

Спасылкі правіць