Міхал Казімір Агінскі
Міхал Казімір Агінскі (польск.: Michał Kazimierz Ogiński; 1728, Варшава — 31 мая 1800, Слонім) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, паэт, мецэнат.
Міхал Казімір Агінскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Міхал Юзаф Масальскі | ||||||
Пераемнік | Шыман Марцін Касакоўскі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку | ||||||
Пераемнік | Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Караль Юзаф Сапега | ||||||
Пераемнік | Юзаф Сасноўскі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ігнацы Сапега | ||||||
Пераемнік | Гервазы Людвік Аскерка | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Уладзіслаў Ельскі | ||||||
Пераемнік | Антоні Тадэвуш Пшаздзецкі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Уладзіслаў Ельскі | ||||||
Пераемнік | Адам Скірмунт | ||||||
Нараджэнне |
не раней за 1728 і не пазней за 1730 |
||||||
Смерць |
31 мая 1800[1][2] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Агінскія | ||||||
Бацька | Юзаф Тадэвуш Агінскі | ||||||
Маці | Ганна з Вішнявецкіх[d] | ||||||
Жонка | Аляксандра Агінская[3] | ||||||
Дзеці | Міхал Клеафас Агінскі | ||||||
Званне | генерал | ||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьПаходзіў з роду князёў Агінскіх, прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Рана страціў бацьку і гадаваўся пад апякунствам спачатку дзеда — вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацыя Вішнявецкага, потым пад наглядам ваяводы віцебскага Марцыяна Агінскага, пасля яго выхавацелем стаў канцлер літоўскі Фрыдэрык Міхал Чартарыйскі.
Пра маладыя гады Міхала Казіміра захавалася мала звестак, ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Па парадзе М. Чартарыйскага Міхал Казімір пачаў ваенную кар’еру, а ў 18-гадовым узросце быў дэпутатам сейма. З 1753 ён падарожнічаў па Заходняй Еўропе. Наведаў Дрэздэн, Вену, Парыж, дзе практыкаваўся ў асноўным у музычным мастацтве. Атрымаў музычную адукацыю, ігры на скрыпцы вучыўся ў Джавані Батыста Віёці. Талент Агінскага ўсхваляў у сваіх мемуарах Дэні Дзідро. У 1761 годзе Міхал Казімір вярнуўся на радзіму, ажаніўся з дачкой М. Чартарыйскага Аляксандрай, за якой атрымаў Слонімскую эканомію, дзе пазней стварыў славутую «сядзібу муз».
У 1768 М. К. Агінскі стаў вялікім гетманам літоўскім, а праз тры гады далучыўся да Барскай канфедэрацыі. У ноч на 12 верасня 1771 года 2,5-тысячны атрад гетмана ў баі пры Сталовічах разбіты 1-тысячным атрадам Аляксандра Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй Беларусі, ужо далучанай (1772) да Расіі, былі канфіскаваны. У 1775 ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўлены колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню. У хуткім часе Слонім ператварыўся ў «паўночныя Афіны».
Пры сваім двары М. К. Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу — «Дэпартамент балетных дзяцей», дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы «Зменены філосаф», «Елісейскія палі» і інш. Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам «Слонімскі грамадзянін» перадавых для свайго часу зборнікаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і не-байкі» (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з «Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 года ў Слоніме». Як мецэнат М. К. Агінскі рабіў ахвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўніверсітэта.
У 1781 годзе Міхал Казімір Агінскі быў прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, а праз год выехаў за мяжу. Быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, Вене, вандраваў па Англіі. Наведваючы Прусію, прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, каб вярнуць свае маёнткі ў Расіі. У 1793 Агінскі адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. Падчас паўстання Т. Касцюшкі, ён знаходзіўся ў Вільні. Цяжка хворы, былы гетман па-ранейшаму займаўся музыкай, нават наладзіў сяброўства з Францам Іозефам Гайднам. У кан. 1795 М. К. Агінскі пераехаў у Варшаву, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця.
Музычная творчасць
правіцьЛічыцца, што Міхал Казімір Агінскі — аўтар некалькіх опер, у т.л. «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788, верагодна з Ф. Марыні), як мяркуюць таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), а таксама музыкі да балета (партытуры гэтых твораў пакуль не знойдзены). Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, рамансы, паланезы. Аўтар аднаго з першых вядомых вакальных цыклаў «Да Касі». Выдатна выконваў свае творы на розных інструментах. Яго жартам называлі «гетман-кларнет», а некаторыя даследчыкі жыцця і дзейнасці М. К. Агінскага сцвярджаюць, што менавіта ён вынайшаў падножку да арфы.
З узораў яго камерна-вакальных твораў вядома 12 песень без акампанементу, што захаваліся ў рукапісе 1770 г., і 14 песень у суправаджэнні дзвюх скрыпак і баса, апублікаваных у варшаўскім выданні 1788 г. У гэтых песнях на ўласныя словы, невялікіх па памерах і нескладаных па музычнай мове, М. К. Агінскі ўвасобіў ідэалы прастаты і натуральнасці ў выяўленні пачуццяў, якія былі сугучны ракайльна-букалічным плыням яго эпохі. Сольныя песні ўяўляюць сабой афарыстычныя замалёўкі, якія, хутчэй за ўсё, ствараліся да ўжо гатовых вершаў, што пацвярджаецца існаваннем і шэрагу тэкстаў без музыкі. Сярод іх ёсць філасофска-павучальныя («Сэрца і розум», «Аб філасофіі», «Аб лёсе», «Аб гусце»), пастаральныя («Пастушка») і застольныя («Бахус»), ёсць партрэтныя замалёўкі дзяўчат («Анетка», «Дзяўчынка», «Кася», «Лізетка») і хлопца («Антак»). Друкаваныя песні, пры падабенстве з рукапіснымі (часам — літаральным, як у «Пастушцы», мелодыя якой выкарыстоўваецца ў песні «Аб календары»), істотна адрозніваюцца ад апошніх. Перш за ўсё, у творах з выдання 1788 г. музыка з’яўляецца вядучым пачаткам. Гэтыя песні яднае вобраз сяляначкі Касі, чыя летуценная постаць натхняе вытанчана-рафінаванага юнака, ад імя якога вядзецца апавяданне, на стварэнне лірычных і павучальных, філасофскіх і гумарыстычных замалёвак. Уражаны дзяўчынай, ён ва ўсім адчувае погляд яе вачэй, цеплыню сэрца і свет розуму. Думкі юнака пра жыццё, яго нягоды і радасці набываюць філасофскае адценне («Аб шчырым сэрцы», «Неспадзяваны добры дзень», «Коцік-верабей», «Аб плаванні»), а філасофскія сентэнцыі — жыццёвую прастату, натуральнасць і рамантычны водар («Розныя густы», «Аб масках»).
Песні М. К. Агінскага напісаны пераважна ў куплетнай форме. Меладыйны голас, як правіла, дубліруецца скрыпкай, рухаецца паступенна ці па гуках трохгуччаў, мякка закругляючыся ў канцы фраз. У рытміцы прыметны формулы, характэрныя для папулярных у той час танцаў (паланэза, менуэта і інш.). Празрыстая фактура ўскладняецца бадай што толькі ў рытурнелях, не перашкаджае слухачу засяродзіць увагу на мелодыі. Апошняя, пры ўсёй мінімалізацыі віртуозных сродкаў, бярэ на сябе асноўную ролю ў стварэнні мастацкага вобраза — у кожнай мініяцюры сваеасаблівага, але пры тым шмат у чым агульнага для ўсіх песень. Гэты опус па змесце і музычнай мове арганічна ўпісваецца ў кола вакальных мініяцюр (у тым ліку песень Жан-Жака Русо і Філіпа Эмануіла Баха), якія атрымалі распаўсюджанне ў Еўропе ў часы ранняга класіцызму.
З інструментальных п’ес М. К. Агінскага адшуканы толькі Паланэз для скрыпкі і фартэпіяна, упершыню надрукаваны ў газеце «Кур’ер варшаўскі» за 1902 г. Твор заснаваны на вельмі папулярнай тэме, якую выкарыстоўвалі ў XVIII—XIX стст. многія кампазітары, у тым ліку Восіп Казлоўскі.
У цэлым выяўленыя творы М. К. Агінскага можна разглядаць як прыклады музычнага аматарства, распаўсюджанага ў той час у колах арыстакратыі.
Літаратурная творчасць
правіцьМіхал Казімір Агінскі займаўся мастацкай літаратурнай творчасцю, кантактаваў з французскімі энцыклапедыстамі і асветнікамі і выдаваў свае творы пад псеўданімам «Слонімскі грамадзянін».
Два рукапісныя сшыткі песень (з нотамі і тэкстамі) М. К. Агінскага сведчаць, што вершаваныя тэксты ў іх залежаць не так ад літаратурных, як ад музычных традыцый. І калі ў першы зборнік увайшлі творы, жанрава пазначаныя Агінскім як песні, то другі ўяўляе з сябе цыкл з дванаццаці мініяцюр, паяднаных вобразам Касі. Менавіта праз гэты вобраз выходзіў Агінскі за межы класіцыстычных форм паэзіі, набліжаўся да рамантычнага цыкла. Разбурэнне канонаў адбывалася на аснове фрагментарнасці мініяцюр, уяўнай незавершанасці, хоць і з прыкметамі асветніцкай філасофіі, выяўленай найперш у адцягненых, абстрактных загалоўках — «Пра дарагі момант», «Пра зямлю», «Пра паветра», «Пра ваду», «Пра агонь» і інш. У іх аўтар ствараў падаснову новай паэтычнай формы, блізкай да раманса, мадрыгала ці ксеніі. У гэтых фрагментах дзякуючы погляду на з’яву, выстаўленую нібы збоку, адбываецца рух аўтара да самога сябе, але не да канца: стрымлівалі класіцыстычныя традыцыі. Таму ў канкрэтных тэмах фрагментаў, павернутых нейкай адной гранню, крыху завуаляванай інтымным, знаёмым толькі аўтару і адрасату вобразам, адбывалася цёплая пульсацыя жывога чалавечага пачуцця, трохі ўгаданага і абавязкова далікатнага, але недавыказанага, недараскрытага і тым не менш, зараджанага наіўнасцю пераадолення асяроддзя і традыцый.
Сведчаннем прыхільнасці М. К. Агінскага да асветніцкіх ідэй было тое, што ён у свой зборнік «Гістарычных і маральных аповесцяў» (1782) уключыў, акрамя ўласных твораў, перакладзены ім з французскай мовы на польскую вершаваны «Ліст да народа» Антуана Леанарда Тама, які сябраваў з Дэлілем і Дэламберам і якога Вальтэр называў «братам па красамоўству». Несумненна, высакародныя ўяўленні Тама пра грамадскія стасункі перакладчык падзяляў. У празаічнай прадмове «Гістарычных і маральных аповесцяў» «Слонімскі грамадзянін», зыходзячы з асветніцкіх пазіцый, зазначае, што шляхі ўдасканалення грамадства пралягаюць праз перамогу дабра над злом у самім чалавеку, і звяртаецца да чытача з заклікам стаць «сябрам сумленнасці», каб паступова такім чынам сумленасць пашыралася на ўсіх людзей. Што тычыцца «Ліста да народа», то ў ім не толькі сцвярджаецца роўнасць людзей, але і абвяшчаецца, што народ — гэта асноўная стваральная сіла грамадства, якая рухае гісторыю, і што ў аснове багацця ляжыць праца. Проціпастаўляючы горад вёсцы, а багатых — бедным, аўтар і перакладчык сцвярджаюць, што толькі ў сялянскім асяроддзі захавалася цнатлівасць і чысціня нораваў.
Розум, маральнасць і праца праслаўляюцца таксама і ў іншым зборніку «Слонімскага грамадзяніна» — «Байкі і не-байкі» (1788). Названыя зборнікі Міхала Казіміра Агінскага, паэта і кампазітара, сталіся выразным выяўленнем і творчай рэалізацыяй Асветніцтва ў літаратурным працэсе.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б Большая российская энциклопедия — М.: Большая российская энциклопедия, 2004. Праверана 22 студзеня 2022.
- ↑ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 153.
- ↑ Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі — Мн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 70. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
Літаратура
правіць- Агінскі Міхал Казімір // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 9.
- Агінскі Міхал Казімір // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 75. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Агінскі Міхал Казімір // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя ў 2 т. Мн., 2002. Т.1. С. 17.
- Агінскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 32—34. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Верамейчык, С. Міхал Клеафас Агінскі, 1765—1833: продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі: (спроба храналогіі) / Сяргей Верамейчык. — Мн.: Кавалер Паблішэрс, 2003. − 127 с.
- Дадзіёмава, В. Гісторыя музычнай культуры Беларусі да XX стагоддзя. — Мн.: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2012. — 230 с. ISBN 978-985-7048-05-2
- Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме / Пер. з ням. мовы У. Сакалоўскага; навук. рэд. пер. і тэкст прадм. А. Мальдзіса. — Мн.: Беларусь, 1993. — 176 с. ISBN 5-338-01062-3