Амстэрдам

горад, сталіца Нідэрландаў

Амстэрда́м (нідэрл.: Amsterdam) — сталіца і найбуйнейшы горад Нідэрландаў. Знаходзіцца ў правінцыі Паўночная Галандыя на захадзе краіны ў вусці рэк Амстэл і Эй. Амстэрдам злучаны з Паўночным морам каналам. Станам на канец вясны 2009 года насельніцтва муніцыпалітэта Амстэрдам складала 761 395 жыхароў, а разам з прыгарадамі (гарадская акруга) — 2,2 мільёна чалавек. Назва горада ўтварылася ад складання двух слоў: Амстэл і дам. Амстэл — гэта рака, на якой стаіць горад, а дам азначае ў перакладзе «дамба». У XII стагоддзі гэта была невялічкая рыбацкая вёска, але ў часы найвышэйшага развіцця Нідэрландаў Амстэрдам стаў адным са значных партоў у свеце і буйным гандлёвым цэнтрам.

Горад
Амстэрдам
нідэрл.: Amsterdam
Герб[d] Сцяг[d]
Герб[d] Сцяг[d]
Краіна
Правінцыя
Каардынаты
Бургамістр
Заснаваны
1300
Першая згадка
Плошча
219,07 км²
Вышыня цэнтра
−2 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
743 400 чалавек (2006)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+31 020
Паштовыя індэксы
10xx
Афіцыйны сайт
Амстэрдам на карце Нідэрландаў
Амстэрдам (Нідэрланды)
Амстэрдам

Горад з'яўляецца месцам канцэнтрацыі розных культур — на красавік 2009 года тут пражывалі прадстаўнікі 177 нацыянальнасцей. Амстэрдам таксама з'яўляецца фінансавай і культурнай сталіцай Нідэрландаў. У горадзе знаходзяцца офісы 7 з 500 найбуйнейшых сусветных кампаній, як то Philips і ING. Таксама ў цэнтры горада знаходзіцца найстарэйшая ў свеце фондавая біржа. Мноства славутасцей, такіх як Рэйксмюзеум, Музей Вінцэнта ван Гога, Эрмітаж на Амстэле, квартал чырвоных ліхтароў, штогод прываблівае ў горад каля 4,2 мільёна турыстаў.

Гісторыя

правіць
 
Амстэрдам паводле выявы 1544 года
 
Плошча Дам у канцы XVII стагоддзя
 
На адным з каналаў Амстэрдама каля 1900 года

Самыя раннія звесткі аб паселішчы пад назваю «Амстэрдам» датуюцца 27 кастрычнікам 1275 года, калі чалавек, які пабудаваў мост з плацінай цераз раку Амстэл, быў вызвалены ад выплаты падаткаў на мост графам Флорысам V[1]. Сертыфікат апісваў жыхароў, як людзей, што жывуць каля «дамбы на рацэ Амстэл» (па-галандску: Amestelledamme)[2]. Да 1327 года горад прыняў канчатковую назву Амстэрдам. Заснаваны Амстэрдам адносна нядаўна ў параўнанні з іншымі значна старэйшымі нідэрландскімі гарадамі, такімі як Неймеген, Ротэрдам і Утрэхт. У кастрычніку 2008 года, гістарычны географ Крыс дэ Бонт выказаў здагадку, што землі вакол Амстэрдама былі асушаны яшчэ ў канцы X стагоддзя. Гэта не абавязкова азначае, што меліярацыя праводзілася з мэтай заснавання паселішча, а, магчыма, дзеля здабычы торфу, які выкарыстоўваўся як паліва[3].

Амстэрдам атрымаў гарадскія правы, так званае Магдэбургскае права, у 1300 альбо 1306 гадах[4]. З XIV стагоддзя, Амстэрдам квітнеў, у асноўным дзякуючы гандлю з Ганзейскім саюзам. З 1345 года горад з'яўляўся цэнтрам паломніцтва да прыняцця Нідэрландамі пратэстанцтва[5]. У XVI стагоддзі галандцы паўсталі супраць караля Іспаніі Філіпа II і яго намеснікаў. Асноўнымі прычынамі паўстання было ўвядзенне новых падаткаў і рэлігійнага праследавання пратэстантаў іспанскай інквізіцыяй. Паўстанне ператварылася ў Васьмідзесяцігадовую вайну, якая ў канчатковым выніку прывяла краіну да незалежнасці[6]. Моцна паўплываў на поспех галандскага паўстання Вільгельм Аранскі, а ўтвораная галандская рэспубліка стала вядомай сваёй адноснай рэлігійнай талерантвасцю. Яўрэі з Пірэнейскага паўвострава, гугеноты з Францыі, буйныя купцы і друкары з Фландрыі, а таксама эканамічныя і рэлігійныя ўцекачы з тэрыторый, якія кантраліраваліся Іспаніяй, знайшлі прытулак у Амстэрдаме.

XVII стагоддзе лічыцца залатым векам Амстэрдама, на працягу якога ён стаў самым заможным горадам у свеце[7]. Судны адплывалі з Амстэрдама ў Балтыйскае мора, Паўночную Амерыку і Афрыку, а таксама ў сучасную Інданезію, Індыю, Шры-Ланку і Бразілію, якія лічыліся аднымі з галоўных рэгіёнаў гандлёвай сеткі. Амстэрдамскія купцы мелі важкі адсотак у абедзвюх гандлёвых кампаніях: Нідэрландскай Ост-Індскай і Нідэрландскай Вест-Індскай. Гэтыя кампаніі набылі значныя заморскія ўладанні, якія пазней сталі нідэрландскімі калоніямі. Амстэрдам быў самым важным цэнтрам Еўропы па адгрузцы тавараў і быў вядучым фінансавым цэнтрам свету[7]. У 1602 годзе ў Амстэрдаме кампаніяй Галандскай Ост-Індыі быў адкрыты офіс, які стаў першай фондавай біржай у свеце па гандлі ўласных акцый[8].

Амстэрдам страціў больш за 10 % свайго насельніцтва ад чумы ў 16231625, а затым у 16351636, 1655 і 1664 гадах. Тым не менш, насельніцтва Амстэрдама пастаянна расло ў XVII стагоддзі, дзякуючы вялікаму прытоку іміграцыі і павялічылася з 50 тыс. да 200 тыс.[9]

Росквіт Амстэрдама змяніўся заняпадам у XVIII і пачатку XIX стагоддзяў. Войны Галандскай рэспублікі супраць Англіі і Францыі зрабілі сваю справу. У час напалеонаўскіх войнаў, значэнне Амстэрдама дасягнула сваёй ніжняй кропкі, а Галандыя ўвайшла ў склад Французскай імперыі, але пазнейшае стварэнне Злучанага Каралеўства Нідэрланды ў 1815 годзе стала паваротнай кропкай у справе незалежнасці горада і рэгіёна.

Канец XIX стагоддзя часам называюць другім залатым векам Амстэрдама[10]. Новыя музеі, вакзал і Канцэртгебау былі пабудаваныя менавіта ў гэтыя часы. Акрамя таго горад заглынула прамысловая рэвалюцыя. У гэтыя часы быў пабудаваны Амстэрдам-Рэйнскі канал, які даў магчымасць злучыць Амстэрдам напрамую з Рэйнам, таксама быў пабудаваны і канал, які злучаў горад з Паўночным морам. Абодва праекты значна палепшылі гандаль з астатняй Еўропай і светам. У 1906 годзе Джозэф Конрад даў кароткае апісанне Амстэрдама як марскога курорта. Неўзабаве перад Першай сусветнай вайной горад пачаў пашырацца, дзякуючы будаўніцтву новых прыгарадаў. Нягледзячы на тое, што Нідэрланды захоўвалі нэйтралітэт у гэтай вайне, Амстэрдам пакутаваў з-за недахопу харчавання і мазуту. Недахоп выклікаў масавыя бунты, у якіх некалькі чалавек былі забітыя, яны атрымалі назву «Бульбяных бунтаў». Людзі рабавалі крамы і склады дзеля атрымання прадуктаў харчавання[11].

Германія ўварвалася ў Нідэрланды 10 мая 1940 года і ўзяла пад свой кантроль краіну. Некаторыя грамадзяне Амстэрдама хавалі яўрэяў, тым самым падвяргаючы сябе і сваі сем'і высокай рызыцы адпраўлення за краты альбо ў канцэнтрацыйныя лагеры, у якія было дэпартавана больш за 100 тысяч галандскіх яўрэяў. У канцы Другой сусветнай вайны сувязь з астатняй часткай краіны была страчана, з-за чаго ў горадзе пачаўся голад. Многія грамадзяне з'ехалі ў вёску, астанія харчаваліся сабакамі, катамі, цукровымі буракамі і цыбулінамі цюльпанаў, каб застацца ў жывых[12]. Большасць дрэў у Амстэрдаме была высечана на паліва.

Многія новыя прыгарады, як то Осдарп, Слётэваарт, Слётэрмеер і Геузенвелд, былі пабудаваны ў гады пасля Другой сусветнай вайны[13]. Гэтыя прыгарады змяшчаюць шмат грамадскіх паркаў і маюць шырокія і адкрытыя прасторы. З-за вайны і іншых інцыдэнтаў XX стагоддзя, амаль увесь цэнтр горада прыйшоў у непрыдатнасць. Многія палітыкі і іншыя ўплывовыя асобы выказвалі планы перабудовы большай часткі горада. Таксама існаваў рост попыту на офісныя будынкі і будаўніцтва новых аўтамабільным дарог[14]. Амстэрдамскі метрапалітэн быў адкрыты ў 1977 годзе.

Геаграфія

правіць

Амстэрдам размешчаны на паўночным захадзе Нідэрландаў. Рака Амстэл, працякаючы праз цэнтр горада, утварае сетку каналаў і праток, акрамя гэтага, асобным каналам горад злучаны з Паўночным морам, пры гэтым знаходзячыся на вышыні 2 метраў ніжэй за ўзровень мора. Тэрытарыяльна Амстэрдам знаходзіцца блізка да правінцый Утрэхт і Флеваланд. Амстэрдам — высока ўрбанізаваны горад. Шчыльнасць насельніцтва 4457 чалавек на квадратны кіламетр. Паркі складаюць 12 % плошчы горада. Моцная ўрбанізацыя практычна знішчыла натуральны ландшафт горада.

Плошча горада — 219,07 км² (54,1 км² вады).

Клімат

правіць

Амстэрдам мае марскі клімат, дзякуючы блізкасці да Паўночнага мора на захадзе, з перавагай заходніх вятроў. Зіма досыць мяккая, марозы ў асноўным адбываюцца ў час усходніх альбо паўночна-ўсходніх вятроў збоку еўрапейскага мацерыка. З-за таго, што Амстэрдам акружаны з трох бакоў буйнымі вадаёмамі, а таксама з-за гарадскога цеплавога эфекту, тэмпература начамі рэдка апускаецца ніжэй за —5 °C, але часам тэмпература можа дасягаць і —12 °C у Хільверсуме, які знаходзіцца ў 25 км на поўдзень ад Амстэрдама. Лета ўмерана цёплае, але зрэдку гарачае. Дні з ападкамі — звычайная з'ява, у сярэднім у год назіраецца 186 такіх дзён. Сярэднегадавая колькасць ападкаў для Амстэрдама складае 833 міліметраў[15]. Большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе дажджу альбо кароткачасовых ліўняў. Воблачныя і вільготныя дні з'яўляюцца звычайнымі ў халаднейшыя месяцы з кастрычніка па сакавік.

Клімат Амстэрдама
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 14 16 21 27 29 32 32 34 28 25 18 15 34
Сярэдні максімум, °C 5,4 6,0 9,2 12,4 17,1 19,2 21,4 21,8 18,4 14,1 9,2 6,5 13,4
Сярэдняя тэмпература, °C 3,1 3,3 6,2 9,2 13,1 15,6 17,9 17,5 14,5 10,7 6,7 3,7 10,1
Сярэдні мінімум, °C 0,5 0,2 2,4 4,0 7,8 10,4 12,5 12,3 10,2 7,0 3,9 1,9 6,1
Абсалютны мінімум, °C −16 −14 −8 −4 −1 3 4 6 2 −1 −7 −14 −16
Норма ападкаў, мм 69,6 56,2 66,8 42,3 61,9 65,6 81,1 72,9 78,1 82,8 79,8 75,7 832,8
Крыніца: Meteo Consult

Сцяг і герб

правіць
 
Герб Амстэрдама

Тры крыжы Святога Андрэя пазначаюць тры вартасці горада: мужнасць, цвёрдасць і літасць. Народная традыцыя таксама звязвае гэтыя тры крыжы з трыма пагрозамі гэтаму гораду: вадой, агнём і эпідэміяй.

Герб Амстэрдама складаецца з трох крыжоў Святога Андрэя (хоць заступнікам горада лічыцца Святы Мікалай, таксама гэтыя крыжы з'яўляюцца састаўной часткай сцяга). Таксама на гербе прысутнічае Аўстрыйская імператарская карона. У 1489 годзе Максіміліян I у знак удзячнасці за заслугі і займы дараваў права Амстэрдаму ўпрыгожыць свой герб каралеўскай каронай, у 1508 годзе пасля каранацыі Максіміліяна I імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі яна была заменена на імператарскую. У XVII стагоддзі яна была ізноў заменена на карону Рудольфа II. Львы з'явіліся на гербе ў XVI стагоддзі, калі Нідэрланды былі рэспублікай.

Эканоміка

правіць
 
Зёйдас — дзелавы цэнтр Амстэрдама

Амстэрдам з'яўляецца фінансавай і дзелавой сталіцай Нідэрландаў[16]. Горад у цяперашні час з'яўляецца адным з цэнтраў міжнароднага бізнесу. У Еўропе па гэтаму паказчыку Амстэрдам займае пятае месца, прайграючы толькі Лондану, Парыжу, Франкфурту і Барселоне[17]. Многія буйныя карпарацыі і банкі маюць свае штаб-кватэры ў Амстэрдаме, у тым ліку Каралеўскі банк Шатландыі, Akzo Nobel, Heineken International, ING Group, Ahold, TomTom, Delta Lloyd Group і Philips. Штаб-кватэра кампаніі KPMG International знаходзіцца ў суседнім Амстэлвіне, дзе многія кампаніі размяшчаюцца з-за таго, што навакольныя супольнасці дазваляюць мець поўную ўласнасць на зямлю, у адрозненне ад сістэмы арэнды зямлі ў Амстэрдаме.

Нягледзячы на тое, што шматлікія невялікія офісы па-ранейшаму знаходзіцца ў старым горадзе на каналах, кампаніі ўсё часцей перамяшчаюцца за межы цэнтра горада. Дзякуючы гэтаму паўднёвы раён Зёйдас стаў новым фінансавым і юрыдычным цэнтрам горада[18]. Пяць найбуйнейшых юрыдычных фірм Нідэрландаў, вялікая колькасць галандскіх філіялаў буйных кансалтынгавых фірм, як то Boston Consulting Group і Accenture, а таксама Амстэрдамскі міжнародны гандлёвы цэнтр размешчаны ў Зёйдасе.

Акрамя таго існуюць яшчэ тры іншыя драбнейшыя фінансавыя раёны ў Амстэрдаме. Першы з іх знаходзіцца ў наваколлях чыгуначнага вакзала Слётэрдайка, дзе некалькі газет, як то De Telegraaf, маюць свае офісы. Тут жа знаходзяцца муніцыпальная грамадская транспартная кампанія «Gemeentelijk Vervoersbedrijf» і галандскі падатковы орган «Belastingdienst». Другі фінансавы раён знаходзіцца ў наваколлях Амстэрдам Арэны. Трэці ў наваколлях чыгуначнага вакзала Амстэл. Самы высокі будынак Амстэрдама, Вежа Рэмбранта, у якой знаходзіцца штаб-кватэра кампаніі Philips, таксама знаходзіцца ў гэтым раёне[19][20].

Амстэрдамская фондавая біржа (AEX), якая ў цяперашні час уваходзіць у склад Euronext, з'яўляецца найстарэйшай фондавай біржай у свеце і адной з найбуйнейшых у Еўропе. Яна размешчана побач з плошчай Дам у самым цэнтры горада.

Транспарт

правіць

Грамадскі транспарт

правіць

Амстэрдам мае добра развітую сістэму грамадскага транспарту. У горадзе дзейнічае метрапалітэн, традыцыйныя і скорасныя трамваі, аўтобусная сетка і паромныя пераправы цераз раку Эй. Увесь гарадскі грамадскі транспарт знаходзіцца пад кіраваннем арганізацыі GVB (Gemeentevervoerbedrijf, гэта значыць муніцыпальнае транспартнае прадпрыемства). Прыгарадныя аўтобусы, якія злучаюць Амстэрдам з наваколлямі, належаць іншым аператарам, у прыватнасці Arriva і Connexxion.

Паветраны транспарт

правіць

Аэрапорт Схіпхол знаходзіцца ў 20 хвілінах цягніком ад цэнтральнага вакзала. Гэта найбуйнейшы аэрапорт Нідэрландаў і чацвёрты па велічыні аэрапорт Еўропы. Ён быў пабудаваны ў 1916 годзе на месцы асушанага Гарлемскага возера. Схіпхол мае шэсць узлётна-пасадачных палос, у цяперашні час распрацоўваюцца планы па яго пашырэнні.

Адукацыя

правіць

На тэрыторыі Амстэрдама знаходзяцца два універсітэты: Амстэрдамскі ўніверсітэт і Свабодны ўніверсітэт.

Амстэрдамскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1632 годзе як Ліцэй асветы і першапачаткова уключаў у сябе два факультэты: эканамічны і філасофскі. У 1877 годзе ліцэю было прысвоена званне ўніверсітэта. У цяперашні час універсітэт падзяляецца на сем факультэтаў: гуманітарных навук, грамадскіх навук, прыродазнаўчых навук, факультэт эканомікі і бізнесу, юрыдычны факультэт, медыцынскі факультэт і асобна ад яго зубалячэбны факультэт. Універсітэт налічвае звыш 25 тысяч студэнтаў.

Свабодны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1880 годзе на сродкі пратэстанцкай абшчыны. Да 60-х гадоў XX стагоддзя ў гэтым універсітэце навучаліся практычна выключна студэнты пратэстанцкага веравызнання. Універсітэт уключае ў сябе 13 факультэтаў і 11 навукова-даследчых інстытутаў.

У горадзе дзейнічае буйны навуковы музей «Нема» (заснаваны ў 1997 годзе), разлічаны на моладзевую аўдыторыю. Купіўшы квіток у музей, наведвальнікі могуць азнаёміцца з асноўнымі законамі фізікі, хіміі, біялогіі і іншых навук у простай гульнявой форме[21].

Музыка

правіць

У Амстэрдаме знаходзіцца адна з найвядомейшых канцэртных зал свету — Кансертгебау (нідэрл.: Concertgebouw). Яна з'яўляецца сядзібай Каралеўскага аркестра Кансертгебау. Ад 2004 года галоўным дырыжорам гэтага аркестра з'яўляецца Марыс Янсанс.

У горадзе штогод праводзіцца мноства спаборніцтваў. Сярод іх можна вылучыць Амстэрдамскі марафон і прабег Dam tot Damloop. Цэнтральны стадыён Амстэрдам-Арэна з'яўляецца дамашняй арэнай футбольнага клуба «Аякс».

Рэлігія

правіць

Пераважная большасць з'яўляецца пратэстантамі, ёсць каталікі і прадстаўнікі іншых рэлігій.

Заўвагі

правіць
  1. Berns, Jan; Daan, Jo (1993). «Hij zeit wat: de Amsterdamse volkstaal». The Hague: BZZTôH. ст. 91. ISBN 90-6291-756-9. (гал.)
  2. «The toll privilege of 1275 in the Amsterdam City Archives» Архівавана 6 студзеня 2016. Stadsarchief.amsterdam.nl. (англ.)
  3. «Amsterdam 200 jaar ouder dan aangenomen» Архівавана 25 кастрычніка 2008.. Nu.nl. (гал.)
  4. «De geschiedenis van Amsterdam» Архівавана 19 жніўня 2012.. Municipality of Amsterdam. (гал.)
  5. «Mirakel van Amsterdam». Trouw.nl (гал.)
  6. «Eighty Years' War». Leiden University (гал.)
  7. а б E. Haverkamp-Bergmann, Rembrandt; The Night Watch (New Jersey: Princeton University Press, 1982), ст. 57 (англ.)
  8. The oldest share (англ.)
  9. Geography, climate, population, economy, society Архівавана 3 лютага 2010.. J.P.Sommerville (англ.)
  10. «Amsterdam through the ages -A medieval village becomes a global city» (англ.)
  11. «Aardappeloproer — Legermuseum» Архівавана 28 мая 2008. (гал.)
  12. «Kou en strijd in een barre winter» Архівавана 20 верасня 2008.. NOS. (гал.)
  13. «Stadsdeel Slotervaart — Geschiedenis» Архівавана 3 мая 2008.. Municipality Amsterdam. (гал.)
  14. «Stadsherstel Missie/Historie». Stadsherstelamsterdam.nl/
  15. Nieuwe normaal 1981—2010. Meteo Consult (гал.)
  16. Amsterdam — Economische Zaken Архівавана 5 снежня 2008.. ez.amsterdam.nl (гал.)
  17. European Cities Monitor 2007. (гал.)
  18. Zuidas. (гал.)
  19. Rembrandt Tower. emporis.com (англ.)
  20. Philips (гал.)
  21. Тезисы доклада специалиста по коммуникациям центра «Немо»

Вядомыя асобы

правіць

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць