Слонімскі тэатр Агінскага
Слонімскі тэатр Агінскага — прыдворная тэатральная трупа гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ў горадзе Слонім.
Слонімскі тэатр Агінскага | |
---|---|
| |
Заснаваны | 1771 |
Заснавальнік | Міхал Казімір Агінскі |
Закрыты | 1792 |
Будынак тэатра | |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Будынак | Слонім |
Гісторыя
правіцьТрупа
правіцьУ тэатры працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала слонімская капэла Агінскага. У 1770—1780-я гг. пры тэатры існавала музычная школа.
У слонімскім тэатры працавала 138 чалавек, толькі ў аркестры было 53 музыканты. Творы выконваліся спевакамі з Італіі, Германіі, Польшчы. Артыстаў для хору рыхтавалі ў Слонімскай музычнай школе, танцораў і балерын — у «Дэпартаменце балетных дзяцей», так называлася балетная школа. З 8 дзяцей у 1777 годзе, яна ў 1785 годзе павялічылася да 18. Спачатку сярод іх переважалі дзеці прыдворных музыкантаў, потым прыгонных сялян. Кіравалі балетам балетмайстар і кампазітар Ф. Марыні і вядомы польскі балетмайстар Ф. Шлянцоўскі. У чэрвені 1792 года балетная група цалкам пераведзена ў Целяханы[1][2].
Рэпертуар
правіцьРэпертуар тэатра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 1790—1791 гадах на гастролях у горадзе Дубна, Украіна), опер італьянскіх кампазітараў Дж. Паізіела, Э. Дуні , А. Грэтры, П. А. Мансіньі , Н. Іамелі , А. Сакіні, П. А. Гульельмі , К. В. Глюка, Дж. Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Енісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Марціна», 1786) і інш.
На спектаклі з’язджаліся гледачы з усёй акругі, а стараннямі князя Агінскага, вядомага кампазітара, музыканта і паэта, знакамітыя оперныя спектаклі пасля прэм’ер у Вене ці Парыжы ставілі ў Слоніме. Тэатр выязджаў на гастролі у Варшаву, а маёнтак Агінскага па праве называлі «Сядзібай муз».
Музыканты і музычны збор
правіцьПаводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А. Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш. музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д. Грабенбаўэра, Г. Давіа, П. Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Сінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янскі і М. Лазарыні.
Афарміцельская частка
правіцьДэкарацыі для тэатра стваралі Мараіна і тэатральны машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пал імем Ян Бой). Сярод іншых мастакоў тэатра: К. Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І. Рэгер (1776—1778), Ян Рустэм (1788—1790), А. С. Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.
Філіялы
правіцьФіліялы тэатра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канале.
У 1788 годзе ў парку, на беразе канала Агінскага, па праекце італьянскага архітэктара Іначэнца Мараіна было ўзведзена тварэнне стылю барока — «Опергаўз» (Дом оперы), разбураны пасля 1804), двухпавярховы будынак з глядзельнай залай амаль на тысячу чалавек і двух’яруснымі ложамі, які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой і канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры быў спецыяльны піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц. Г. Ваксмунт).
Зноскі
- ↑ Саламаха А. А. Слонімская балетная школа // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1985. — Т. 5. — С. 57—58. — 703 с.
- ↑ Чыгрын С. М. Тэатр у Слоніме: гісторыка-краязнаўчыя і мастацтвазнаўчыя артыкулы. — Слонім: Слонімская тыпаграфія, 2008. — 97 с.
Літаратура
правіць- Слонімскі тэатр Агінскага // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 20—21. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Слонімскі тэатр Агінскага // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.
- Andrzej Ciechanowiecki. «Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim». Кёльн, 1961
- Слонімскі тэатр Агінскага // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 669—670. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.