Кавалерыя
Кавале́рыя (фр.: cavalerie, італ.: cavaleria, ад лац.: caballus — конь), або конніца — род сухапутных войскаў, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэгічныя задачы, у т.л. праводзіла самастойныя дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вялікія адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.
Гісторыя
правіцьЗарадзілася ў краінах Старажытнага Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў IX ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная конніца ўтворана ў Старажытнай Грэцыі, вялікага развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (IV ст. да н.э.). У далейшым была адным з галоўных родаў войск у многіх дзяржавах.
Беларусь
правіцьУ Беларусі прыкметы існавання кавалерыі вядомы з I ст. да н.э., пра што сведчыць шпора з гарадзішча Чаплін. З развіццём дзяржаўных адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў.
Да XII ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невялікі шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У XIII—XIV стст. кавалерыя ператварылася ў асноўны род войска.
У канцы XIV — пачатку XV ст. ў сувязі са з’яўленнем у Вялікім Княстве Літоўскім служылых татар вялікае пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам (гл. Татарская конніца ў Вялікім Княстве Літоўскім}).
У канцы XV — пачатку XVI ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «паспешных» і «шчытавых» (гусараў). З XVI ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з XIV ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы XVI — пач. XVII ст. адбылося рэфармаванне конніцы, яна падзелена на цяжкую (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую.
З XVIII ст. кавалерысты ў аснаўным ужо не карысталіся ахоўным даспехам.
Кавалерыя адыграла значную ролю ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Беларусі ў 1918—1920 гадах. У Вялікую Айчынную вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я і 10-я гвардзейскія казацкія ) дывізіі і інш. кавалерысцкія часці.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Гатовский В. Н. Конница. Кн. І—2, 4. М., 1925—28;
- Сагановіч Г. М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кавалерыя