Татарская конніца

Татарская конніца паўстала ў войску літоўскага князя Гедзіміна ў XIV стагоддзі з татараў, якія перасяліліся на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага ў часы міжусобных войн ханаў Залатой арды, у прыватнасці хана Узбека, што ўвёў іслам. Значны прыток татараў адбыўся ў часы Вітаўта. Ад яго яны атрымалі прывілей на права валодання атрыманымі землямі і свабоду веравызнання, у абмен на абавязак вайсковай службы ў кавалерыйскіх харугвах. Так у 1410 годзе ў Грунвальдскай бітве ў складзе літоўскага войска прынялі ўдзел татарскія харугвы Джэлал ад-Дзіна.

Ротмістр татарскай кавалерыі каля 1660 г.

У далейшым харугвы папаўняліся за кошт уцекачоў з Крымскага ханства. Пры рэарганізацыі каралём Уладзіславам IV Вазай у 1630-х гадах войска татарская кавалерыя ўвайшла ў склад народнага аўтараменту. З XVII стагоддзя ў харугвах лёгкай татарскай кавалерыі акрамя татараў служылі палякі, літоўцы і ўкраінцы, якія рэкрутаваліся па таварыскай сістэме. Такія харугвы былі распаўсюджаны ў прыватных войсках магнатаў Падолля і нізоўя Дняпра. Выкарыстоўваліся для выведкі, аховы, пераследу ворага. Кавалерысты не мелі ахоўнага рыштунка і ўзбройваліся лукамі і шаблямі, з 1676 года — кароткімі дзідамі. Пасля Вялікай Паўночнай вайны напачатку XVIII стагоддзя з-за неэфектыўнасці супраць сучасных войскаў татарскія харугвы прыйшлі ў заняпад, але яны паслужылі асновай для новага віду лёгкай кавалерыі — уланаў. Пад такой назвай іх сталі выкарыстоўваць у саксонскай арміі Аўгуста II Фрыдрыха, адкуль яны патрапілі ў войска Францыі.

Літаратура правіць

  • Leszek Podhorodecki. Tatarzy. Od Czyngis-chana do XX wieku (польск.). — Warszawa: Bellona, 2010. — ISBN 978-83-11-11801-0.
  • Borawski P. Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej (польск.). — Warszawa: Ludowa Spoldzielnia Wydawnicza, 1986. — ISBN 83-205-3747-9.
  • Marek Plewczynski. Zolnierz jazdy obrony potocznej za panowania Zygmunta Augusta (польск.). — Warszawa, 1985. — ISBN 83-01-05997-4.
  • Mala Encyklopedia Wojskowa (польск.). — Wydanie I. — Warszawa, 1967.