Тышкевічы
Тышкевічы — шляхецкі род герба «Ляліва», займалі высокія дзяржаўныя і ваенныя ўрады ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Тышкевічы | |
---|---|
Краіна паходжання | Вялікае Княства Літоўскае |
Тытул | графы |
Прызнаныя ў | Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя |
Валодалі вялікімі маёнткамі на тэрыторыі сучасных Беларусі (галоўная рэзідэнцыя — Лагойск), Літвы (Біржай) і Украіны (Бярдзічаў).
Цяпер Тышкевічы жывуць у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Францыі[1].
Паходжанне
правіцьПаходзяць ад Каленіка Мішкавіча, якому вялікі князь Свідрыгайла ў 1437 годзе даў сяло Буркаўцы са слабадой Мігеявічы, Хадарковічы і Ейковічы ў Жытомірскім павеце, а таксама сёлы Астаф’ева, Вальковічы, Дэмадковічы, Вішчы і Кусопічы ў Оўруцкім павеце. Каленік Мішкавіч таксама атрымаў вялікі маёнтак Чарталесы, у якім яго нашчадкі збудавалі Бярдзічаў. З часам уладанні роду павялічылася.
У Каленіка Мішкавіча былі сыны Сенька (падскарбі і падканцлер Свідрыгайлы, 1446—1452), Федзька, Дашка, Івашка (архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра) і Каленік (згадваецца ў 1457/1458—1488).
Каленік Каленікавіч меў сыноў Тышку (Цімафея), Акушку (намесніка звягольскага, зг. 1488), Гетаўта-Андрэя, Дзебру і невядомую на імя сястру (часам даецца імя Яўфімія, жонку Рамана Волкавіча, яе ўнук Іван Гарнастай падтрымліваў родзічаў пры двары, спрыяў узвышэнню Тышкевічаў[2]).
Да 2-й паловы XVI ст. Тышкевічы былі праваслаўнымі.
Ад сына Каленіка Каленікавіч — Тышкі паходзіць прозвішча роду, у яго было 5 сыноў. Старэйшы Барыс (памёр пасля 1498) быў жанаты з Мілохнай, сястрой вядомага ваеннага дзеяча Астафія Дашкевіча (Дашковіча), пра яго нашчадкаў звестак няма. Другі сын — Леў (памёр да 1515), быў гаспадарскім дваранінам, ад яго сына Скуміна Львовіча (Івана Скуміна Львовіча; памёр у 1566) паходзіць галіна роду — Скуміны-Тышкевічы (згасла ў 1808). Трэці сын Тышкі — Васіль Тышкевіч (памёр у 1571), ад яго паходзіць графская галіна роду Тышкевічаў-Каляніцкіх (так спачатку яны называліся), або Тышкевічаў, графаў «на Лагойску і Бярдзічаве».
Герб роду
правіцьУжывалі герб «Ляліва», разам з яшчэ 593 арыстакратычнымі родамі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.
Апісанне гербу — у блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай, на паўлінавых пёрах, такія ж маладзік і зорка.
Герб выбіваўся на вялікалітоўскіх манетах у часы падскарбніцтва Фёдара Тышкевіча.
Найбольш вядомыя
правіць- Васіль Тышкевіч (1492—1571) — ваявода падляшскі і смаленскі; атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста тытул графа
- Януш Тышкевіч (каля 1572 — 1642) — ваявода мсціслаўскі, троцкі і віленскі
- Юрый Тышкевіч (1596—1656) — біскуп жамойцкі і віленскі
- Людвік Тышкевіч (1748—1808) — гетман польны літоўскі
- Тадэвуш Тышкевіч (1774—1852) — генерал, кіраўнік Часовага паўстанцкага ўрада Літвы ў паўстанні 1830—1831 гадоў
- Бенедыкт Тышкевіч (1801—1866) — граф, уладальнік Чырвонага Двара, калекцыянер і мецэнат
- Канстанцін Піевіч Тышкевіч (1806—1868) — беларускі археолаг, гісторык, этнограф, фалькларыст; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі
- Яўстах Піевіч Тышкевіч (1814—1873) — беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музеязнаўца; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі
- Бенедыкт Генрык Тышкевіч (1852—1935) — граф, унук Бенедыкта Тышкевіча, вядомы польскі фатограф
Галерэя
правіць-
Сузанна Курч (з Тышкевічаў)
-
Аляксандра Тышкевіч (з Чартарыйскіх)
-
Марыя Тэрэза Тышкевіч (з Панятоўскіх)
Памяць
правіцьУ 2014 годзе вуліца мікрараёна Міхалова-2 у Мінску названа вуліцай Тышкевічаў[3].
Зноскі
Літаратура
правіць- Lulewicz, H. Miszkowicze, Kalenikowicze, Tyszkowicze (Tyszkiewicze) — cztery pokolenia w dziejach rodu (XV wiek — pierwsza połowa XVI wieku) // Władza i prestiż. Magnateria Rzeczypospolitej w XVI—XVIII wieku. — Białystok, 2003;
- Narkowicz, L. Tyszkiewiczowie z Waki / Liliana Narkowicz. — Warszawa : DiG, 2010. — 476 s.
- Грыцкевіч А. Тышкевічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 681. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Статкевіч-Чагабанаў Анатоль Геталты і Тышкевічы з роду Каленікавічаў герба «Ляліва» // Роднае слова № 7, 2011 Архівавана 22 студзеня 2022.. — С. 81-84.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Яковенко, Н. Українська шляхта. — С. 179—188.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тышкевічы