Біржай

горад у Літве

Біржай (літ.: Biržai, беларуская назва — Біржы) — горад у паўночнай Літве, з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Біржайскага раёна Панявежыскага павета.

Горад
Біржай
літ.: Biržai
Герб
Герб
Краіна
Павет
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1455
Плошча
  • 16,35 км²
Вышыня цэнтра
53 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 10 444 чал. (1 студзеня 2023)[1]
Часавы пояс
Паштовыя індэксы
LT-41001
Афіцыйны сайт
birzai.lt (літ.)
Біржай на карце Літвы
Біржай (Літва)
Біржай

Размешчаны за 201 км на поўнач ад Вільнюса, паблізу мяжы з Латвіяй, на рэках Апашча і Аглуюна і беразе возера Шырвена. Праз горад праходзіць чыгунка (з 1938), якая злучае яго з Паневяжысам. Насельніцтва — каля 15 тыс. чалавек.

Ёсць некалькі версій паходжання назвы. Паводле адной з іх, назва ўтварылася ад літоўскага слова beržas — бяроза, паводле другой, ад літоўскага biržė — месца вырубленага лесу.

Гісторыя

правіць
 
Замак Радзівілаў
 
Палац Тышкевічаў

Упершыню згадваецца пад 1455 годам, калі Казімір Ягелончык надаў горад свайму сакратару Рыгору Фрыдконісу, жанатаму з Ганнай, дачкой Мікалая Радзівіла. Фрыдконіс памёр бяздзетным і горад перададзены Радзівілу Осцікавічу, яго ўнук Юрый Радзівіл заснаваў біржанска-дубінскаўскую галіну роду Радзівілаў[2].

У 1553 годзе ўзведзены касцёл.

Пры Крыштафе Радзівіле Перуне, які стала пасяліўся ў Біржах, у 1586 годзе пачалося будаўніцтва Біржанскага замка, таксама быў разбудаваны горад, месцічам нададзены прывілеі. У 1587 годзе ўзведзены кальвінскі збор. Прывілеі пацвердзіў у 1589 годзе Жыгімонт III Ваза, надаўшы гораду магдэбургскае права, вызваліўшы яго ад падаткаў на 25 гадоў і вызначыўшы кірмашовыя дні па чацвяргах і нядзелях. Дзякуючы месцазнаходжанню і ўжо згаданым правам Біржы сталі таксама гандлёвым цэнтрам, куды прыязджалі купцы, якія ехалі з Вільні ў Рыгу. У 1609 годзе Крыштаф Радзівіл вызначыў арганізацыю ўлады ў горадзе, якая складалася з бурмістра, гарадской рады і стольніка.

Радзівілы з біржанскай лініі былі абаронцамі пратэстантызму ў Літве, што ўплывала на становішча Біржаў — падтрымлівалі евангельскую, евангелічна-аўгсбургскую і рэфармацкую цэрквы, не абмяжоўвалі сябе ў гэтай дзейнасці тагачасным правам. Таксама вялі ўпартую барацьбу з пануючай тым часам каталіцкай рэакцыяй, далучалі да сумеснай дзейнасці як пратэстантаў, так і праваслаўных

З XVII стагоддзя існавала Біржанскае княства. У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў горад стаў месцам збору войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Янам Каралем Хадкевічам напярэдадні бітвы пад Кірхольмам (1605). Біржы былі галоўнай крэпасцю, якая ахоўвала Літву на паўночнай мяжы, шведскае войска не магло пакінуць па-за ўвагай такі важны стратэгічны пункт, горад у 1625 годзе заняты і спустошаны шведскімі войскамі. Шведская акупацыя замка і разбурэнне горада пакінулі вялікі след у яго гісторыі, значна зменшылася колькасць жыхароў, скараціўся гандаль. У рукі непрыяцеля трапілі княжацкі скарб, гарматы і іншыя ваенныя запасы.

У 1626 годзе соймавай канстытуцыяй Рэч Паспалітая абавязалася кампенсаваць панесеныя Біржам страты. Такім чынам крэпасць аднавіла сваё ваеннае значэнне і зноў стала важным паўночным бастыёнам краіны. Аднак гэта не азначала адбудовы самога горада, для гэтага спатрэбіліся дзеянні самога князя Крыштафа Радзівіла. У 1636 годзе князь абвясціў, што «мяшчанам маім, пасля розных хваляванняў і ўсіх пошасцяў, якія абрушыліся на айчыну, гарантуецца адбудова гарадскіх руін, дамоў і магчымасць імкнуцца да былых багаццяў горада». Крыштаф Радзівіл пацвердзіў жыхарам і ўсім новапрыбылым прывілеі караля і бацькі, таксама імкнуўся аднавіць гандаль[3].

У 1636 годзе пабудаваны лютэранскі збор (з 1687 года пры ім дзейнічала пачатковая школа).

З 1640 года, пасля смерці Крыштафа Радзівіла, крэпасць разам з горадам перайшла яго сыну Янушу Радзівілу. Ён працягваў аднаўленне горада, ухваліў, напрыклад, перабудову гарадской ратушы. У наступныя гады ўзрастаюць небяспекі гораду. У 1651 годзе Януш Радзівіл рэкамендаваў рыхтавацца да небяспекі, мець свой рыштунак і порах, а таксама паставіць варту ў замку ў Біржах.

Часы шведскай вайны 1655 года сталі чарговым ударам для Біржаў, нават нягледзячы на перамовы Януша Радзівіла са шведамі пра стварэнне з яго зямель асобнага княства, якія павінны былі абараніць яго маёнткі ад захопу шведскімі атрадамі, аднак 17 жніўня 1655 года Магнус Габрыэль Дэлагардзі загадаў захапіць Біржы. Атрад, які абараняў крэпасць, быў цалкам дэзарыентаваны і аддаў замак шведам, аднак адмовіўся прысягнуць Карлу X Густаву. З гадоў, калі крэпасць і горад былі заняты шведскім войскам, захавалася мала звестак. Ужо пасля вайны на падставе Вяляўска-Быдгашцкіх пагадненняў Біржы перайшлі пад уладу Багуслава Радзівіла. Потым, праз шлюб з Ганнай Марыяй, адзінай спадчынніцай Януша Радзівіла, Багуслаў набыў усю маёмасць Радзівілаў з Біржаў.

Князь Багуслаў працягваў аднаўленне ўладанняў, ён таксама рэфармаваў адміністрацыйную сістэму і прызначыў адміністрацыйныя цэнтры, адным з іх былі Біржы. Багуслаў Радзівіл шырока выкарыстоўваў прызначаных намеснікаў замест таго, каб кантраляваць усё асабіста, як яго продкі[3]. Горад пачалі адбудоўваць паводле плана. Горад быў акружаны валам, з публічных будынкаў вылучаліся ратуша і кальвінісцкая школа, якая мела свайго рэктара.

Пасля смерці Багуслава Радзівіла ў 1669 годзе горад стаў спадчынай яго дачкі Людвікі Караліны Радзівіл. У 1684 годзе дзейнічалі 4 рамесныя цэхі і купецкае брацтва. У 1685 годзе Біржам нададзены вілкер (гарадскі статут), гарадскія паслы атрымалі права цалаваць руку манарха, была гарадская харугва, герб з чорным арлом на белым полі, кожны месціч трымаў пры сабе зброю. З 1695 годзе ў складзе «Нойбургскіх маёнткаў».

Біржы значна зруйнаваны падчас Паўночнай вайны. У 1701 годзе ў горадзе заключана пагадненне паміж расійскім царом Пятром І і каралём Аўгустам Моцным пра сумесныя дзеянні супраць шведаў, у перамовах удзельнічаў Рыгор Агінскі, які дамовіўся з расійскім царом пра падтрымку ў барацьбе з Сапегамі. У сярэдзіне 1701 года горад заняты шведамі. Біржы вярнуліся ва ўласнасць Радзівілаў (нясвіжскай лініі) у другой палове XVIII стагоддзя, пачалася барацьба паміж католікамі і пратэстантамі[2].

Пасля войнаў і пажараў горад не здолеў аднавіць сваё багацце, павольны заняпад прывёў у 1817 годзе да пазбаўлення Біржаў права весці ўнутраныя суды і перадачы кніг земскаму суду ў Панявежы.

У 1811 годзе староста вяляціцкі Юзаф Тышкевіч атрымаў Біржы ад князя Дамініка Радзівіла. Князь Радзівіл меў вялікія даўгі, а граф Тышкевіч быў яго крэдыторам. Паводле дамовы, права Тышкевічаў на валоданне Біржамі трывала толькі да згасання галіны нясвяжскіх Радзівілаў па мужчынскай лініі. Потым маёнткі павінны былі перайсці спадчыннікам князёў Радзівілаў, а Тышкевічам належала вярнуць пазычаныя ад іх грашовыя сродкі. Спадчыннікам, па звестках Я. Тышкевіча, быў праз свайго пасла ў Пецярбургу кароль Баварыі. Аднак указ імператара Мікалая I дазволіў продаж маёнтка людзям, не звязаным з Радзівіламі. У выніку баварскае патрабаванне было анулявана. Гэты ўказ выйшаў у 1844 годзе і такім чынам справа была выйграна ўнукам Юзафа — Янам Тышкевічам.

Ян Тышкевіч утварыў Біржанскую ардынацыю ў 1860 годзе, але не меў дзяцей. Яго брат Бенедыкт у шлюбе з Вандай Ваньковіч пакінуў толькі дачок. Другім ардынатам біржанскім стаў іх пляменнік Міхал — знакаміты калекцыянер і падарожнік, член Віленскай археалагічнай камісіі, які адмовіўся ад ардынацыі на карысць сына Юзафа. Юзаф у сваю чаргу саступіў ардынацыю свайму брату Яну. Пятым ардынатам стаў сын Яна Альфрэд, шостым — сын Альфрэда, Ян Ежы, які не цікавіўся сямейнымі ўладаннямі і стаў манахам-трапістам. Такім чынам ардынацыя існавала да 1921 года і скончылася на беспатомным Яне Ежы Тышкевічы. Хаця ў Біржах і знаходзіўся радзівілаўскі замак, першы ардынат Ян Тышкевіч палічыў за лепшае ў 1844 годзе пабудаваць асобны палац у фальварку Аструў, які зараз уваходзіць у склад Біржаў[4].

У 1860 годзе Ян Тышкевіч фундаваў новы мураваны касцёл, дзе і быў пахаваны.

Станам на 1880 год у горадзе былі:

адна праваслаўная царква, мураваны каталіцкі касцёл з драўлянай капліцай на могілках, лютэранская кірха (пачаткова ў 1638 пабудаваная з дрэва, зараз мураваная), 4 драўляныя сінагогі, 536 дамоў, з якіх 400 — габрэйскіх, 42 яўрэйскія крамы, 3 хрысціянскія школы (евангелічная, лютэранская, для сялян). Апошняя, закладзена фундатарам ардынацыі графам Янам Тышкевічам, налічвала 150 вучняў і працавала да 1863 года. Адна аптэка, тры гарбарні і шмат рамеснікаў. Жыхароў абодвух палоў — да 300. Тры ярмаркі на год. Зараз гэта галоўнае гняздо евангелікаў у Літве[5].

З 1950 года Біржай — раённы цэнтр Літоўскай ССР, з 1990 года ў складзе Літоўскай Рэспублікі.

  • «Шырвена» — футбольны клуб.
  • Гарадскі футбольны стадыён.

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

  1. Resident population by city / town at the beginning of the yearState Data Agency of Lithuania, 2023. Праверана 12 лютага 2023.
  2. а б ЭнцВКЛ 2005.
  3. а б Zwierzchowski Maciej. Wpływ wojen szwedzkich na miasto radziwiłłowskie Birże w XVII wieku // Zeszyty Naukowe Gdańskiej Szkoły Wyższej, 2018, 21(4), 161—172.
  4. Карпечанка Г. А. Станаўленне Біржанскай ардынацыі Тышкевічаў Архівавана 13 сакавіка 2023.
  5. Birże // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 237.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць