Бітва пад Кірхгольмам
Бітва пад Кірхгольмам 17 (27) верасня 1605 года — баявое сутыкненне шведскіх (кам. Карл IX; ~11—14 тыс., 11 гармат) і рэчыпаспалітаўскіх войск (кам. Ян Хадкевіч; ~3,9 тыс., 7 гармат; Гл. таксама: сілы бакоў) падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў каля Кірхгольма (цяпер Саласпілс, Латвія).
Бітва пад Кірхгольмам | |||
---|---|---|---|
![]() | |||
Праціўнікі | |||
|
|||
![]() |

Поўную перамогу ў бітве ўзялі войскі Рэчы Паспалітай. У выніку знята аблога Рыгі, а шведы адступілі з ужо занятых імі зямель Інфлянтаў. Аднак, з прычыны памылак вышэйшага камандавання Рэчы Паспалітай перамога, пры ўсёй сваёй значнасці, не мела карысных стратэгічных наступстваў.
Бітва ўваходзіць у лік вядомых поўных перамог меншымі сіламі, а таксама ў лік значных перамог войск Вялікага Княства Літоўскага (бач сілы бакоў) і ў лік бітваў, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.
Гістарычная спадчына бітвы — прадмет дыскусій беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў.
Перад падзеямі
правіцьГалоўнаю падставай бітвы была шведская аблога Рыгі (з 23.9.1605), узяцце якой дазволіла б шведам амаль без перашкод заняць Інфлянты цалкам.
Марш на Рыгу
правіцьГетман Я. К. Хадкевіч сабраў войска РП у табары пад Дорпатам, і раніцай 25 верасня вывеў войска фарсіраваным маршам на Рыгу. Двухдзённы 80-кіламетровы марш скончыўся вечарам 26 верасня недалёка ад Кірхгольма, і быў сам сабою беспрэцэдэнтным дасягненнем, асабліва для войска, у складзе якога былі пяхота і артылерыя, і якое рухалася, між іншым, па цяжкапраходных лясных дарогах.
Шведскі марш
правіцьШведы прыбылі пад Рыгу двума шляхамі: на караблях і маршам з Парнавы па ўзбярэжжы пад прыкрыццём карабельнай артылерыі. Шведскі кароль даведаўся 26 верасня пра надыход войска РП і асабіста, і насуперак думцы многіх шведскіх камандзіраў, вывеў, у ноч на 27 верасня, амаль усё сваё войска насустрач Хадкевічу, пакідаючы пад Рыгай толькі невялікую сілу для падтрымання аблогі. Адзначаецца, што моцны лівень апоўначы моцна змучыў шведскае войска на маршы.
Сілы бакоў
правіцьУ бітве, якая, паводле планаў абодвух камандуючых, мелася быць вырашальнай, інфлянцкія кантынгенты Швецыі і РП удзельнічалі амаль поўным складам.
Шведскія войскі
правіцьРаспаўсюджаная ацэнка колькасці шведскіх войск пад Кірхгольмам — 11 тысяч чалавек. Таксама ёсць ацэнкі колькасці шведскіх войск, роўныя або амаль роўныя колькасці ўсіх шведскіх войск пад Рыгай (12—14 тыс.), напрыклад, такую лічбу дае сам Ян Хадкевіч у справаздачы каралю, пісанай 30 верасня з-пад Рыгі. У гістарыяграфіі замацаваны розныя меркаванні пра суадносіны шведскай пяхоты і кавелерыі — 7,8 і 2,2 тыс., 6 і 5 тыс., 11 і 3 тыс.
Вядома, што на полі бою шведскія войскі арганізацыйна складалася з 13 батальёнаў (рэгіментаў) пяхоты і 11 эскадронаў кавалерыі, з 11 гарматамі. Пяхота была як наёмнай, арганізаванай на 2/3 з мушкецёраў і на 1/3 з пікінёраў, так і шведскай, у якой пікінёраў было значна меней. Кавалерыя складалася з райтарыі.
Войскі Рэчы Паспалітай
правіцьУ войску РП пяхота і конніца складалі, паводле розных ацэнак, прыблізна 1000—1300 і 2900—2500, адпаведна. Большасць з іх складалі прадстаўнікі ўласна ВКЛ, былі таксама і атрады польскіх добраахвотнікаў. Асноўнай ударнай сілай войск РП была гусарыя, якой было да 1,7—2,1 тыс. Амаль перад бітвай падышлі курляндскія падмацаванні — 300 рэйтараў. Было 7 гармат.
Бітва
правіцьРаніцай 27 верасня абодва войскі занялі зручныя для абароны пазіцыі. Шведы стаялі фронтам шырынёй да 800 м на ўзгорку за ручаём, з апорай левага крыла на балоцістую мясцовасць, а правага — на ўзгорак і вёску Кірхгольм. Іх сілы былі пастаўленыя ў 4 лініі, лініі пяхоты і кавалерыі па чарзе. Перад першай лініяй была выстаўлена артылерыя.
Войска РП стаяла на процілеглым узгорку, абапіраючыся левым крылом на ўмацаваны табар над Дзвіной. Я. К. Хадкевіч так паставіў свае войскі, каб скрыта ад праціўніка забяспечыць значную колькасную перавагу, асабліва ў гусарыі, на сваім левым крыле. Апроч таго, Хадкевіч загадаў сваім атрадам стаяць як мага цясней, каб здавалася, што іх яшчэ меней, чым было. 5 гармат былі пастаўлены з пяхотай у першай лініі, рэшта артылерыі была пакінутая ў табары. Пасля шыхтоўкі гетман вывеў на далёкі пагорак частку табарнай чэлядзі і распаўсюдзіў чутку пра падыход падмацавання з ВКЛ. Моцны вецер быў са спіны войска ВКЛ і гнаў у вочы шведскіх мушкецёраў пясок, для ўзмацнення эфекту чаляднікі спецыяльна палілі вогнішчы і ламалі борці чым выключылі магчымасць прыцэльнай стральбы.
Праціўнікаў падзяляла каля да 1,5 км нізіны, якую дзяліла высахлае старое рэчышча Дзвіны з невялікім ручаём. Каб выцягнуць шведаў з іх абароннай пазіцыі, Хадкевіч з раніцы высылаў на поле гарцоўнікаў, але да полудня сітуацыя не мянялася. Тады Хадкевіч ужыў ваенную хітрасць, загадаўшы гарцоўнікам уцякаць з поля так, каб гэта выглядала як агульнае адступленне ўсяго войска.
Карл IX няправільна ацаніў сітуацыю і загадаў наступаць першым дзвюм лініям (7 батальёнаў пяхоты ад Ленартсанам, 6 эскадронаў райтарыі пад Брантам (злева) і Мансфельдам (справа)) наступаць на пазіцыі сіл РП. Такім чынам, шведскае войска раздзялілася на дзве аддаленыя часткі, і войскі РП атрымалі магчымасць змагацца толькі з паловай шведаў за раз.
Перайшоўшы ручай, шведы пачалі падымацца на ўзгорак, і былі сустрэты стралковым і артылерыйскім агнём. Пяхота затрымалася, і была атакавана гусарскімі харугвамі Вінцэнта Войны (300 гусараў) і курляндскімі рэйтарамі Кетлера (300 рэйтараў). Злева шведскую пяхоту абышла ўдарная групоўка (гуф) Тамаша Дубровы (900 гусараў) і ў сустрэчным баі разбіла райтарыю Мансфельда, якая прыкрывала тыл пяхоты. Скіраваўшы ў пагоню за разбітымі райтарамі лёгкія харугвы, Т. Дуброва павярнуў свой гуф на пяхоту. Амаль адначасова на правым крыле гуф Яна Пятра Сапегі (700 гусараў) здолеў разбіць і пагнаць колькасна мацнейшую райтарыю Бранта (1200 рэйтараў). Тым часам, гуфы Войны і Кетлера вязалі боем шведскую пяхоту.
Такім чынам, шведы трапілі ў цяжкае становішча: палова іх конніцы была разбітая, а палова пяхоты трапіла ў акружэнне з трох бакоў. Тады Карл IX скіраваў супраць гуфа Я. П. Сапегі рэшту сваёй кавалерыі, з 4-й лініі, а адагнаная райтарыя Бранта здолела затрымацца, упарадкавацца і ўдарыла на гуф Я. П. Сапегі з фланга.
Зараз у цяжкім становішчы апынуўся гуф Я. П. Сапегі. Тады Я. К. Хадкевіч, бачачы, што Карл IX ужо не мае рэзерваў, скіраваў свой рэзервовы гуф Тэадора Ляцкага (200 гусараў) шырокім абходным рухам, каб ударыць з флангу па райтарыі, якая білася з гуфам Я. П. Сапегі. Атака ўдалася, райтарыя была разбітая і хутка пачала ўцякаць.
Пасля гэтага гусарыя Я. П. Сапегі і Т. Ляцкага і гетмана ВКЛ атакавала левы фланг 1-й лініі шведскай пяхоты, якая ўсё яшчэ абаранялася, і разбіла шведскія баявыя парадкі, прымусіўшы ўцякаць і пяхоту.
На гэтым лёс бітвы быў вырашаны. Шведы кінуліся ў агульныя ўцёкі, за імі гналіся і секлі на працягу 9 км. Сам Карл IX з рэшткамі войска ледзьве здолеў уцячы на караблі і адплысці. Войска РП узяло 60 сцягоў і 11 гармат.
Страты бакоў
правіцьСтраты шведаў былі нечувана вялікімі, і дасягалі 9 тыс. ч. (82 % асабістага складу) Страты войска РП былі, наадварот вельмі малымі, і складалі 100 чалавек забітымі і 200 чалавек параненымі. Рэшткі шведаў ці адплылі ў Швецыю, ці адышлі да Парнавы. Войскі ВКЛ, якія хранічна не атрымоўвалі аплаты за службу і галадалі, аб’явілі канфедэрацыю і зышлі з тэатру баявых дзеянняў у Брэсцкую і Гродзенскую эканомію.
Цікавыя факты
правіцьЗгадваецца ў п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»[1].
Крыніцы
правіць- ↑ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта . knihi.com. Праверана 29 красавіка 2025.
Літаратура
правіць- J. Cichowski, A. Szulczynski. Husaria. — Warszawa, WMON, 1977. — 267 с., іл.
- Podhorodecki L. Slawni hetmani Rzeczy Pospolitej. Warszawa, 1994;
- Naruszewicz A. Historyja J.K. Chodkiewicza Wojewody wileńskiego hetmana WXL. Warszawa, 1805. Т. 1;
- Korrespodencye Jana Karola Chodkiewicza / Opracował i opisał W.Chomętowski. Warszawa, 1875;
- Roberts, M. The Early Vasas: A History of Sweden 1523—1611. — Cambridge : Uniwersity Press, 1968. — 509 p.