Белыя (паўстанне 1863—1864 гадоў)

Белыя (польск.: Biali) — палітычны лагер кансерватыўна-ліберальных землеўласнікаў, буржуазіі і інтэлігенцыі ў нацыянальна-вызваленчым руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—1864 гг.

Белыя
Ідэалогія кансерватызм
лібералізм
Лідары Леапольд Кроненберг
Анджэй Артур Замойскі
Караль Маеўскі
Вальдэмар Стажэнскі
Якуб Гейштар
Праціўнікі  Расійская імперыя
«Чырвоныя»

У 1858 г. расійскі цар Аляксандр II даў дазвол на ўтварэнне Сельскагаспадарчага таварыства ў Варшаве, якое пад кіраўніцтвам Анджэя Замойскага імкнулася да ўсеагульнага скасавання паншчыны і замены яе на чынш альбо вызваленне прыгонных сялян. Вакол таварыства сканцэнтраваліся землеўласнікі і прамыслоўцы, якія дамагаліся ад цара вяртання Царству Польскаму палітычнай аўтаноміі, уласнай адміністрацыі і польскага войска, а таксама далучэння зямель, якія былі забраныя ў Царства — хацелі гэта вярнуць без узняцця ў недалёкай будучыні ўзброенага паўстання.

У адрозненне ад «чырвоных» «белыя» выступалі супраць узброеннага паўстання. Арыентуючыся на дапамогу ўрадаў заходніх дзяржаў, яны спадзяваліся шляхам палітітычных камбінацый дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. У Царстве Польскім «белыя» складаліся з буйной шляхты і гандлёва-фінансавай буржуазіі, на тэрыторыі беларука-літоўскіх губерняў, дзе буржуазія была развіта слаба, — амаль выключна з памешчыкаў. На польскіх землях «белыя» арганізацыйна аформіліся ў канцы 1861 г. Іх кіруючы орган знаходзіўся у Варшаве, і меў назву «Дырэкцыя». Арганізацыя ліберальных памешчыкаў на беларуска-літоўскіх землях як рэакцыя на дэмакратычны нацыянальна-вызваленчы рух пачала афармляцца ў 1860 г., пастаянны камітэт «белых» у Вільні створаны ў верасні 1862 г.

Баючыся, каб паўстанне 1863—1864 гг. не перарасло ў народную рэвалюцыю, «белыя» далучыліся да яго. 27 снежня (11 сакавіка) 1863 г. яны абвясцілі дыктатуру свайго стаўленіка М. Лянгевіча. Адначасова «белыя» захапілі паўстанцкую ўладу ў беларуска-літоўскіх губернях. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Адпаведныя перамены былі праведзены і ў губернскіх (ваяводскіх) арганізацыях. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэвалюцыйных пераўтварэнняў і прычыніліся да звужэння сацыяльнай базы і размаху паўстання. Паводле сведчання ўдзельніка падзей, «шляхце спадабаліся тытулы, і яна вельмі ахвотна прымала прызначэнні, але ахвяраваць часам і ўсім дарагім у жыцці для выканання прынятых на сябе абавязкаў, падвяргаць сябе ўсім небяспекам, звязаным з выкананнем, напрыклад, камісарскай пасады, яна па самой натуры сваёй была няздатная. Наогул, кіраўнікі ваяводстваў былі баязліўцы і цяжкія, лятыя нягоднікі. Праехаць 15 верст здавалася такім панам чымсьці надзвычайным, весці прыстойную перапіску страха не смяротным прысудам»[1]. Не вытрымаўшы рэпрэсій царскіх улад, летам 1863 г. «белыя» сталі адыходзіць ад паўстання. У ліпені 1863 г. «чырвоныя» літоўска-беларускіх губерняў на чале з К. Каліноўскім зноў узялі ў свае рукі рэвалюцыйную ўладу. Царскі ўрад выкарыстаў часовы ўдзел памешчыкаў у паўстанні для аслаблення польскага землеўладання ў беларуска-літоўскіх губерняў. Галоўныя дзеячы «белых» у Царстве Польскім Л. Кроненберг, А. А. Замойскі, К. Маеўскі, на літоўска-беларускіх землях — гродзенскі губернскі маршалак шляхты В. Стажэнскі, Я. Гейштар, А. Аскерка, А. Яленскі і інш.

Зноскі

  1. Авейде, О. Показания и записки о польском восстании 1863 года / О. Авейде; АН СССР, Институт славяноведения; текст к печати подгот. В. Давыдова, О. Морозова. — М.: Изд-во АН СССР, 1961. — 663 с. — С 542. — (Восстание 1863 года: материалы и документы).

Літаратура

правіць