Антон Паўлавіч Яленскі

(1818—1874) грамадскі дзеяч, паўстанец

Антон Паўлавіч Яленскі (польск.: Antoni Jeleński, руск.: Антон Павлович Еленский), 5 ліпеня 1818, в. Капаткевічы, Мазырскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Петрыкаўскі раён Рэспублікі Беларусь — 1874, Вільня, Віленская губерня, Расійская імперыя, — грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

Антон Паўлавіч Яленскі
герб «Корчак»
герб «Корчак»
Нараджэнне 5 ліпеня 1818(1818-07-05)[1]
Смерць 1874[1]
Род Яленскія
Бацька Павел Янавіч Яленскі (1776—1842)
Маці Барбара Лянкевіч
Жонка Сабіна Леапольдаўна Дыбоўская (1820—1912)
Дзеці Браніслаў, Вітальд, Павел, Марыян, Эдвард, Адам, Рамуальд, Эмілія, Казіміра
Веравызнанне каталік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям'я

правіць

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Новагародскім ваяводстве і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе і займалі высокія земскія пасады.

Нарадзіўся ў сям'і буйнога землеўласніка Мазырскага павета Мінскай губерні Паўла Янавіча Яленскага (1776—1842) і Барбары Лянкевіч, якая таксама як і Яленскія паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Мазырскага павета ВКЛ. Бацька Павел валодаў у Мазырскім павеце маёнткамі Жыткавічы, Людзяневічы і Капаткевічы (ленны маёнтак), у якіх у 1814 налічвалася 742 рэвізскія душы, а ў 1835 — 1 001 рэвізская душа, і служыў па выбары шляхты Мазырскага павета на пасадзе мазырскага павятовага харунжага (1811—1812), старшыні мазырскага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817), старшыні мазырскага павятовага суда (1817—1820) і старшыні мазырскага грамнічага апеляцыйнага суда. У 1826 упамінаецца, што Павел Яленскі валодаў і маёнткам Дудзічы (285 душ, 97 двароў) у Рэчыцкім павеце — па пераўступленаму закладному праву ад маянткоўцаў Бабруйскага павета Алаіза і Людвіка Быкоўскіх, выданаму і прызнанаму 6 лютага 1823. Павел Яленскі таксама быў членам масонскіх лож, створаных у пачатку XIX ст. на беларускіх землях[2].

Родным братам Антона быў Ян Паўлавіч Яленскі (1809—пасля 1848), які прымаў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў: паехаў служыць у апалчэнні паўсталай арміі Царства Польскага, у бітве з расійскімі войскамі быў узяты ў палон, але, у канечным выніку, паводле манаршага распараджэння яму было дадзена дараванне. У 18331838 Ян Паўлавіч Яленскі, разам з Напалеонам Феліксавічам Яленскім, быў членам таемнага таварыства дваран у Мазырскім павеце, якое было створана па ініцыятыве Д. Булеўскага, эмісара князя Адама-Ежы Чартарыйскага, які ўзначальваў «арыстакратычную партыю» польска-ліцвінскай эміграцыі ў Парыжы. Пасля арышту і следства ў Вільні ў 1838 Ян Яленскі быў прылічаны да чацвёртай катэгорыі дзяржаўных злачынцаў і асуджаны на высылку па пастаяннае месца жыхарства «ў аддаленыя губерні» пад паліцэйскі нагляд без пазбаўлення дваранскага статусу і з мажлівасцю карыстацца прыбыткамі належачых яму маёнткаў. Цікава, што ў 1839, падчас следства над Янам Яленскім у Вільні, бацька Павел Яленскі прасіў вызваліць сына ад адказнасці, бо Ян шмат год хварэе «меланхоліяй» і з такой хваробай не можа быць дзейным удзельнікам таемнага таварыства. Да зварота было дададзена пісьмовае сведчанне доктара медыцыны і хірургіі стацкага саветніка Спасовіча, які сцвярджаў, што ў 1828 лячыў Яна Яленскага, які доўга пакутаваў «вар'яцтвам розуму рознапрадметным (mania vagans)». Яшчэ адно сведчанне, дзе сцвярджалася, што Ян Яленскі «пакутваў вар'яцтвам розуму», даў доктар медыцыны і хірургіі Мяноўскі[3]. Напэўна, гэта быў для бацькі спосаб пазбегнуць адказнасці для сына.

Антон Яленскі ажаніўся з Сабінай Леапольдаўнай Дыбоўскай (1820—1912), дачкой сярэднезаможнага шляхціца Мінскага павета Леапольда Тадэвушавіча Дыбоўскага і Ганны Янаўны з Яленскіх, і меў дзевяць дзяцей (Браніслава, Вітальда, Паўла, Марыяна, Эдварда, Адама, Рамуальда, Эмілію і Казіміру).

Быў стрыечным братам Напалеону Феліксавічу Яленскаму (1810—1883), маянткоўцу Мазырскага павета, аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

Службовая дзейнасць у Мазырскім павеце

правіць

Валодаў роднай польскай мовай, а таксама рускай, беларускай і французскай. Маючы толькі хатнюю адукацыю, Яленскі сваю службу пачаў і працягваў у родным павеце: 23 сакавіка 1837 паступіў на службу канцылярыстам мазырскага павятовага суда, 26 лістапада 1840 па ўласным прашэнні перамешчаны ў тым жа званні канцылярыста ў штат канцылярыі мазырскага павятовага маршалка (якім быў у 1838—1841 яго сваяк Вінцэнт Ігнатавіч Лянкевіч), 29 снежня 1839 атрымаў чын калежскага рэгістратара са старшынствам, а 8 мая 1843 па ўласным прашэнні звольнены са службы, што, у тым ліку, было выклікана смерцю бацькі. Быў у адпуску з 5 ліпеня 1842 на 2 месяцы (у Санкт-Пецярбургу).

Пасля смерці бацькі Антон Яленскі быў уласнікам маёнтка Капаткевічы і часткі маёнтка Людзяневічы ў Мазырскім павеце, дзе ў 1844—1850 мелася паводле рэвізіі 856 рэвізскіх душ і каля 5 000 дзесяцін зямлі, маёнтка Дунайчыцы ў Слуцкім павеце (каля 1 500 дзесяцін), і маёнтка Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні (каля 2 000 дзесяцін). Купіў прыватны дом у Вільні, дзе выхоўваліся яго дзеці.

Пасля перапынку ў службе і заняцця гаспадаркай ва ўласным маёнтку, 29 сакавіка 1844 быў выбраны шляхтай Мазырскага павета на пасаду дэпутата па наглядзе за правільным продажам гарачых напояў у Мазырскім павеце, а 23 верасня 1844 — пераабраны падчас дваранскіх выбараў у Мінску на тую ж пасаду і адначасова «кандыдатам» (намеснікам) на пасаду мазырскага павятовага маршалка, якім тады з'яўляўся ў 18441847 Юліян Францавіч Кеневіч. Быў у адпуску з 10 лютага 1845 на 28 дзён у Віленскай губерні, з 4 ліпеня 1846 на 8 дзён і 27 мая 1847 на 28 дзён — у Валынскай губерні.

У верасні 1847 у Мінску на дваранскіх выбарах губернскае дваранства (пасля прапановы Эміля Паўлавіча Аскеркі, Антона Паўлавіча Яленскага і Сабеслава Юзафавіча Бярновіча) выступіла з рэзалюцыяй пра жаданне скасавання прыгону, што сустрэла рэзкую адмоўную рэакцыю царскіх улад. На тых жа дваранскіх выбарах 23 верасня 1847 у Мінску пасля Кеневіча мазырскім павятовым маршалкам быў выбраны Атон Ігнатавіч Горват на 3 гады і зацвержданы на гэтай пасадзе мінскім губернатарам (1844—1850) Аляксеем Васільевічам Сямёнавым (1799—1864). Паводле балаціроўкі калежскі сакратар Атон Горват атрымаў усе 24 абіральныя балы (галасы), а яго канкурэнты калежскі рэгістратар Антон Паўлавіч Яленскі — 22 абіральныя балы і 2 неабіральныя, адстаўны паручнік Казімір Тадэвушавіч Замайскі — 19 абіральных і 5 неабіральных балаў (галасоў). Пасаду мазырскага павятовага маршалка Горват не займаў, бо быў выбраны дваранамі губерні на тых жа дваранскіх выбарах у 1847 на пасаду мінскага губернскага маршалка (губернскага прадвадзіцеля) і зацверджаны 30 верасня 1847 на гэтай пасадзе губернатарам. На вакансію мазырскага павятовага маршалка быў зацверджаны не наступны першы кандыдат Антон Яленскі (не меў адпаведнай 10-гадовай выслугі на кароннай службе), а другі кандыдат на гэту пасаду (паводле выбару дваранства ад 23 верасня 1847) Казімір Тадэвушавіч Замайскі, які 24 красавіка 1848 (з-за разладжанага здароўя паводле ўласнага прашэння ад 3 студзеня 1848) быў звольнены з гэтай пасады.

На экстраардынарных дваранскіх выбарах у Мазыры 29 мая 1848 павятовае дваранства выбрала калежскага рэгістратара Антона Паўлавіча Яленскага ўсімі 12 абіральнымі баламі на пасаду мазырскага павятовага маршалка. Аднак мінскі губернатар (1844—1850) Аляксей Васільевіч Сямёнаў (1799—1864) 13 верасня 1848 не зацвердзіў гэты выбар дваран, бо Яленскі не праслужыў належных поўных 10 год на кароннай службе для заняцця такой пасады як павятовы маршалак, а іншыя кандыдаты падчас выбараў — калежскі асэсар Юзаф Андрэевіч Снядэцкі (атрымаў 10 абіральных і 2 неабіральных балаў) і былы член мазырскага павятовага камітэта па наглядзе за правільным продажам гарачых напояў Ян Антонавіч Лянкевіч (7 абіральных і 3 неабіральных балы) — не могуць быць выбраны, бо Снядэцкі не прадставіў свой фармулярны спіс аб службе, а Лянкевіч знаходзіўся пад следствам. Сямёнаў прасіў мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894) аб распараджэнні правесці новыя выбары ў Мазыры для выбрання кандыдатаў на гэту пасаду. На што Горват паведаміў губернатару, што прызначыў выбары мазырскага павятовага маршалка на 15 студзеня 1849, а пакуль выконваў у 18471850 абавязкі маршалка мазырскі павятовы суддзя Лаўрэнцій Яўхімавіч Богуш. Дарэчы, Атон Горват быў блізкім сваяком Яленскага, бо сястра апошняга Ганна Паўлаўна Яленская стала жонкай Станіслава Ігнатавіча Горвата (1804—пасля 1876), рэчыцкага павятовага маршалка (1863—1872), роднага брата Атона Горвата.

Аднак пасада мазырскага павятовага маршалка заставалася вакантнай да студзеня 1852, а па сутнасці да 14 мая 1852. На чарговых дваранскіх выбарах у Мінску 11 снежня 1850 на пасаду мазырскага павятовага маршалка на кадэнцыю 1850—1853 дваранамі павета зноў быў выбраны Антон Паўлавіч Яленскі. У ходзе галасавання, у якім удзельнічаў 21 дваранін (некаторыя дваране па пісьмовай даверанасці мелі права галасаваць за іншых), галасы сярод трох кандыдатур размеркаваліся наступным чынам: 1) калежскі рэгістратар Антон Паўлавіч Яленскі атрымаў 21 абіральны і 5 неабіральных балаў (быў выбраны маршалкам); 2) адстаўны паручнік кірасірскага палка Казімір Тадэвушавіч Замайскі атрымаў 19 абіральных і 7 неабіральных балаў (выбраны першым кандыдатам на пасаду мазырскага павятовага маршалка); 3) былы мазырскі павятовы харунжы Антон Юзафавіч Яблонскі атрымаў 17 абіральных і 9 неабіральных (выбраны другім кандыдатам на пасаду мазырскага павятовага маршалка). Яленскі выканаў прысягу для заступлення на пасаду. Аднак у сакавіку 1851 віленскі ваенны генерал-губернатар (1850—1855) Ілля Гаўрылавіч Бібікаў, разглядзеўшы прадстаўленыя фармулярныя спіскі аб службе, не зацвердзіў канчаткова Яленскага на пасадзе маршалка як не праслужыўшага 10 год абавязковай кароннай службы, а зацвердзіў наступную кандыдатуру — Казіміра Замайскага, які такую выслугу меў. Гэтая акалічнасць стала прычынай шматмесячнай цяганіны па вызначэнні мазырскага павятовага маршалка.

У маі 1851 у сваім лісце віленскаму ваеннаму генерал-губернатару Бібікаву Казімір Замайскі выказваўся, што не можа прыняць пасаду з-за хваробы (пра якую ён ужо паведамляў генерал-губернатару ў 1847), недахопу сродкаў выхоўваць сваіх дзяцей і малазаможнасці, каб адпавядаць выгляду і званню павятовага маршалка. 14 чэрвеня 1851 мінскі губернскі маршалак Атон Горват паведаміў віленскаму ваеннаму генерал-губернатару, што ў Мазырскім павеце (акрамя Змайскага, які не жадае заступаць на пасаду павятовага маршалка) няма ў цяперашні час іншых дваран, якія б адпавядалі патрабаванням закона аб 10-гадовай кароннай службе, і прасіў, каб для Мазырскага павета, які ўжо на працягу трох год з'яўляецца дрэнным у адміністрацыйных адносінах, была зроблена паблажка і каб быў зацверджаны на пасадзе маршалка Антон Паўлавіч Яленскі. Але генерал-губернатар 21 ліпеня 1851 адхіліў прапанову Горвата аб зацвярджэнні Яленскага і загадаў прапанаваць Замайскаму неадкладна заступіць на пасаду, хоць і даць мажлівасць апошняму падаць просьбу аб звальненні. У выніку, 13 лістапада 1851 Атон Горват прасіў выконваючага абавязкі мазырскага павятовага маршалка мазырскага павятовага суддзю правесці новыя выбары кандыдатаў на пасаду мазырскага павятовага маршалка.

11 студзеня 1852 на з'ездзе дваран Мазырскага павета, якія прыбылі ў Мазыр для выбару павятовага маршалка, мазырскім павятовым маршалкам быў выбраны ўсё той жа Казімір Тадэвушавіч Замайскі, адстаўны паручнік і ўласнік маёнтка Пузічы (Пужычы) у Мазырскім павеце. У той жа дзень сабраныя дваране прынялі пастанову аб добраахвотнай складцы на неабходнае і прылічнае ўтрыманне выбранага на пасаду маршалка Казіміра Замайскага, прызначыўшы апошняму жалаванне з прыбыткаў маянткоўцаў (па 10 капеек срэбрам штогод з кожнай рэвізскай душы, якімі валодалі маянткоўцы Мазырскага павета, тэрмінам з 1852 па 1854), і з унёскам гэтага збору ў мазырскае павятовае казначэйства. Пастанову падпісалі Юзаф Андрэевіч Снядэцкі (ад імя сваёй жонкі), Геранім Антонавіч Кеневіч, Іпаліт Антонавіч Кеневіч, Антон Паўлавіч Яленскі (за сябе, сваю жонку і маці), Ігнат Тамашавіч Лянкевіч, Гунтэрман Герасімавіч Пясецкі, Даніэль Ігнатавіч Горват, Ян Антонавіч Лянкевіч, Людвік Рафалавіч Яленскі (па даверанасці ад Петранэлы Пятроўскай), Ігнат Яленскі, Шыман Камарніцкі, Аляксандр Тадэвушавіч Замайскі (брат Казіміра Тадэвушавіча Замайскага), Ян Васілеўскі, Станіслаў Францавіч Іпагорскі-Лянкевіч (па даверанасці ад пані М. Вішнеўскай), калежскі сакратар Дамінік Бярнардавіч Стоцкі, Мікалай Булгак, Лаўрэнцій Яўхімавіч Богуш.

 
Сабіна Леапольдаўна Яленская (з роду Дыбоўскіх)

4 красавіка 1852 мінскі губернатар выказаў згоду на прапанову дваран Мазырскага павета пра добраахвотнае ахвяраванне. І 14 мая 1852 Казімір Замайскі прыбыў у Мазыр, выканаў прысягу і заступіў на пасаду мазырскага павятовага маршалка. Аднак Мінская казённая палата 19 ліпеня 1852 паведаміла мінскаму губернатару (1850—1855) Фядоту Мікалаевічу Шкларэвічу (1799—?), што паводле правіл збору земскіх павіннасцей без асаблівага дазволу міністэрства фінансаў не могуць быць зроблены прылічэнні новых збораў да земскіх павіннасцей. Справу фінансавання Замайскага вырашыў віленскі ваенны генерал-губернатар Бібікаў, які 11 лістапада 1852 паведаміў мінскаму губернатару, што паводле 243 артыкула Звода законаў Т.III Уставы аб выбарах дваранству дазваляецца прызначаць ад сябе асобам, служачым па выбару дваранства, у выглядзе добраахвотнай дапамогі сталовыя ці падарожныя грошы, якія і пачалі выдаваць у 18521854 толькі пажадаўшыя дваране Мазырскага павета як добраахвотныя ахвяраванні для канцылярыі мазырскага павятовага маршалка. Пакуль доўжылася замінка з прызначэннем на пасаду, абавязкі мазырскага павятовага маршалка ў 18511852 выконвалі мазырскі вывадовы дэпутат Юзаф Ігнатавіч Кучынскі і засядацель мазырскага павятовага суда Акуліч.

Падчас чарговых дваранскіх выбараў у Мінску 30 верасня 1853 мазырскім павятовым маршалкам на кадэнцыю 18531856 зноў быў абраны зноў Казімір Тадэвушавіч Замайскі, а першым «кандыдатам» (намеснікам) — Антон Паўлавіч Яленскі. Аднак мінскі губернатар (1850—1857) Фядот Мікалаевіч Шкларэвіч не зацвердзіў Яленскага на гэтай пасадзе (зноў жа па прычыне адсутнасці 10-гадовай кароннай выслугі). Пазней, 28 жніўня 1855 Казімір Тадэвушавіч Замайскі, з'яўляючыся мазырскім павятовым маршалкам, стане хросным бацькам сыну Антона Яленскага Адаму, а пры хросце немаўлятка ксёндзом Іязафатам Пратыцкім у касцёле ў Капаткевічах, акрамя іншых сведкаў (Напалеон Яленскі, Дмітрый Еўдакімаў (Еўдакімовіч), Фабіяна Леапольдаўна Дыбоўская (сястра Сабіны з Дыбоўскіх Яленскай), Эмілія Лянкевіч, Сабін Лянкевіч), будзе прысутнічаць і жонка маршалка Мальвіна з Мархіа Замайская.

Грамадская дзейнасць у краіне

правіць

З 1840-х быў прыхільнікам «арыстакратычнай» партыі польска-ліцвінскай эміграцыі ў Францыі, якую ўзначальваў князь Адам-Ежы Чартарыйскі (1770—1861).

20 лістапада 1857 былі падпісаны першыя рэскрыпты расійскага імператара Аляксандра II на імя віленскага ваеннага генерал-губернатара (1855—1863) генерал-лейтэнанта Уладзіміра Іванавіча Назімава і санкт-пецярбургскага ваеннага генерал-губернатара (1854—1864) Паўла Мікалаевіча Ігнацьева (1797—1879), дзе была напісана праграма расійскага ўрада аб адкрыцці губернскіх камітэтаў па сялянскай справе (камітэтаў па падрыхтоўцы дваранамі праектаў сялянскай рэформы), што дало пачатак працы па вызваленні сялян ад прыгону і паставіла дваранства Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў у авангард гэтага працэса. Пасля гэтага губернскія камітэты па сялянскай справе пачалі арганізоўвацца і ў іншых губернях, і пачалася актыўная праца дваран за распрацоўку мер і форм вызвалення сялян. 30 жніўня 1858 быў створаны Мінскі губернскі камітэт па сялянскай справе, на чале якога стаў мінскі губернскі маршалак (1853—1859) Людвік Антонавіч Слатвінскі, а намеснікам — Атон Ігнатавіч Горват, былы губернскі маршалак. У камітэт уваходзілі члены ад кожнага павета губерні. Антон Паўлавіч Яленскі ўвайшоў членам ад Мазырскага павета (разам з Напалеонам Феліксавічам Яленскім, Артурам Даніэлевічам Горватам і Геранімам Геранімавічам Кеневічам) у склад створанага 30 жніўня 1858 Мінскага губернскага камітэта па сялянскай справе. Як і многія маянткоўцы літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі, Яленскі выказваўся за скасаванне прыгону, але за вызваленне сялян без надання іх зямлёй. У канечным выніку гэтая прапанова дваран «заходніх губерняў» была адхілена царскім урадам — было вырашана вызваляць сялян з зямельным надзелам.

У 1859 Антон Яленскі прымаў удзел у распрацоўцы маянткоўцамі літоўска-беларускіх губерняў праекта Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі. І 18 (30) мая 1860 падпісаў, у шэрагу іншых асоб, распрацаваны статут Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі. Дом Яленскага ў Вільні, дзе Яленскі жыў з 1861, быў пунктам спатканняў і сходаў групоўкі «белых» у літоўска-беларускіх губернях. У чэрвені 1861 па загаду віленскага ваеннага генерал-губернатара (1855—1863) Уладзіміра Іванавіча Назімава за ўдзел у перадпаўстанчым маніфестацыйным руху ў Віленскай губерні Яленскі быў высланы пад эскортам жандармерыі з Вільні ў Мінскую губерню ў распараджэнне мінскага губернатара з забаронай вяртання ў Вільню. У маі 1862 Яленскі таемна ўдзельнічаў у з'ездзе дваран літоўска-беларускіх губерняў у Вільні па стварэнні праектаванага Літоўскага земскага крэдытнага таварыства і ўвайшоў у склад яго часовага камітэта.

У падрыхтоўчы перыяд перад паўстаннем на таемным з'ездзе, адбытым у верасні 1862 у Вільні з удзелам прадстаўнікоў «моладзі» (так групоўка «белых» празвала безмаёнткавых членаў) быў выбраны таемны віленскі камітэт з «дарослых» (так празвалі членаў-маянткоўцаў) кіраўнікоў групоўкі «белых», куды разам з Антонам Яленскім увайшлі Якуб Гейштар (1827—1897), Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), граф Віктар Старжынскі (1826—1882), граф Станіслаў Міхалавіч Зіберг-Плятэр (нар. 1823), Францішак Дамінікавіч Далеўскі (1825—1904). Ад імя камітэту Яленскі ездзіў у лютым 1863 у Варшаву для ўзгаднення з варшаўскімі кіраўнікамі стасункаў адносна паўстання.

Пасля далучэння «белых» да паўстання 1863—1864 гадоў з лютага 1863 увайшоў членам у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў касай, непасрэдна кіраваў паўстанцкай арганізацыяй Мінскай губерні, арганізоўваў распаўсюджанне падпольных выданняў. Браты яго жонкі Сабіны — Павел Леапольдавіч Дыбоўскі (1826—1885), вядомы партызан-паўстанец (псеўданім «Зарэмба»), і Эміль Леапольдавіч Дыбоўскі — таксама прынялі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях у ходзе паўстання.

Адмовіўся падпісаць адрас вернападданства цару (вернападданы адрас да расійскага цара Аляксандра II), які падпісвала мясцовае дваранства ў 1863, і быў арыштаваны 1 чэрвеня 1863. Падчас следства на Яленскага далі паказанні некаторыя з яго падначаленых, таму Яленскі вырашыў прызнаць сваё членства ў Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі Літвы, каб сваёй хлуснёй на следстве прыкрыць іншых вязненых сваіх таварышаў. Сваім прыкладам пацягнуў за сабой да прызнання ва ўдзеле ў таемнай арганізацыі «белых» арыштаванага старшыню Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы Якуба Гейштара.

Высылка ў Сібір і вяртанне на радзіму

правіць
 
Антон Паўлавіч Яленскі (малюнак, зроблены ў Сібіры)

У 1865 быў асуджаны да 15 гадоў катаргі на цяжкія капальныя работы ў Сібір — ва Усоль, куды за хворым Антонам Яленскім паехала яго жонка Сабіна. Былі канфіскаваны ўсе яго маёнткі (маёнтак Капаткевічы і частка маёнтка Людзяневічы ў Мазырскім павеце, маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце, маёнтак Меляховічы ў Троцкім павеце Віленскай губерні і маёнтак Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні), якія пасля планавалася прадаць альбо ўзнагародзіць бясплатна расійскіх афіцэраў, што прымалі ўдзел у падаўленні паўстання. Продаж альбо перадача маёнткаў Антона Яленскага зацягнуліся да 1869, бо не былі зроблены папярэднія ацэнкі іх кошта. Жонка Антона Сабіна зрабіла ўсе намаганні, каб канфіскаваны ўладамі родавы маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце набыў з таргоў іх найстаршы сын Павел Антонавіч Яленскі, якому ўлады дазволілі прымаць удзел у аўкцыёне. Калі сабраныя на аўкцыён дваране даведаліся, што будзе ўдзельнічаць і сын паўстанца, ухіліліся ад таргоў, каб даць мажлівасць Паўлу набыць канфіскаваны родавы маёнтак па найніжэйшым кошце.

Ва Усолі Яленскі меў вострыя звады з Якубам Гейштарам, якога вінаваціў у здрадзе таемнай арганізацыі ў ходзе паўстання, а Сабіна Яленская дапамагала хворым катаржнікам, атрымаўшы ад іх найменне «анёла».

Пасля вызвалення цяжка хворы Яленскі жыў у Кракаве, памёр у Вільні. Жонка Сабіна памерла ў маёнтку Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні.

Зноскі

  1. а б Antoni Jeleński // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Швед, В. В. Масоны і ложы… С.237.
  3. Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 308.

Літаратура

правіць
  • Деревни и люди Мозырщины. — Моз., 2001;
  • Памяць. Петрыкаўскі р-н. — Мн., 1995.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
  • Kieniewicz, S. Jeleński Antoni / S. Kieniewicz // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc.: Ossolineum, 1964. — T. XI/1. — Zesz. 48: Jarosław — Jelowicki Aleksander. — S. 139—140.
  • Швед, В. В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн. / В. В. Швед. — Гродна : ГрДУ, 2007. — 275 с.
  • Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»: Мозырское демократическое общество и его участники / С. Л. Луговцова // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2010. — С. 297—315.
  • Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. / А.Р. Раюк // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 194—196.