Капаткевічы
Капаткевічы[2] (трансліт.: Kapatkievičy, руск.: Копаткевичи) — гарадскі пасёлак у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, на р. Пціч. Цэнтр Капаткевіцкага сельсавета. За 35 км ад Петрыкава, 18 км ад чыгуначнай станцыі Пціч на лініі Калінкавічы — Лунінец. Аўтадарогай злучаны з Акцябрскім і Петрыкавам, а таксама з магістраллю Гомель — Брэст. Насельніцтва 2 880 чал. (2017)[3].
Гарадскі пасёлак
Капаткевічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьУ складзе ВКЛ
правіцьВыяўленыя археолагамі магільнік (17 насыпаў за 1 км на поўдзень ад пасёлка) і магільнік (15 насыпаў, у 2 км на захад ад пасёлка) сведчаць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў. Вядома з сяр. 16 ст. як сяло Капатковічы ў Мазырскім павеце Менскага ваяводства ВКЛ. На карце 1560 года вясковыя зямлі аднесены да вялікакняжацкіх. У 1568 па матэрыялах метрыкі караля Жыгімонта II Аўгуста 16 службаў аддадзена ў валоданне Д. С. Руцкому. Пазней вёска належала Яленскім. Пад 1693 год згадваецца грэка-каталіцкая Пакроўская царква.
У складзе Расійскай імперыі
правіцьПасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе — ў Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павета. У 1795 годзе — мястэчка. Побач з такой жа назвай знаходзілася вёска. У 1796 годзе пабудаваны касцёл, у канцы XIX стагоддзя — малельня і сінагога. У 1816 — цэнтр маёнтка, у валоданні памешчыка П. І. Яленскага, сын якога, А. П. Яленскі прымаў удзел у кіраўніцтве паўстаннем 1863—1864 гадоў, за што царская ўлада канфіскавала ўсе яго маёнткі, у тым ліку і Капаткевічы, якія былі перададзены ва ўладанне расійскаму генералу Цылаву. Паводле перапісу генерал валодаў тут у 1860-х гадах 62 дзесяцінамі зямлі, вадзяным млынам, 3 карчмамі і паромнай пераправай праз раку Пціч. У 1864 годзе было адкрыта народнае вучылішча. Капаткевічы былі пазначаны на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, якая працавала ў гэтых месцах у 1890-я гады. Мястэчка было цэнтрам Капаткевіцкай воласці, у якую ў 1885 годзе ўваходзілі 18 паселішчаў з 705 дварамі.
Апісваючы паселішчы Беларускага Палесся, даследчык А. Г. Кіркор у выданні «Жывапісная Расія» адзначыў «даволі значны» штогадовы кірмаш, які праводзіўся 1 верасня. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку існавалі царква, касцёл, 2 габрэйскіх сінагогі, народнае вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 13 крам, ветраны млын, карчма. Побач знаходзіліся 2 вёскі: Малыя Капаткевічы і Старыя Капаткевічы.
Савецкі час
правіцьУ 1918 годзе ў мястэчку была адкрыта прагімназія, ператвораная ў 1922 годзе ў 7-гадовую школу, і для яе вылучылі нацыяналізаваны будынак. Летам 1918 года ў час нямецкай акупацыі (працягвалася да 2 снежні 1918), быў створаны партызанскі атрад, які вёў актыўныя баявыя дзеянні. У выніку пагрому 10 Чэрвеня 1921 года загінулі 118 жыхароў.
З 17 ліпеня 1924 года да 8 ліпеня 1931 года і з 12 лютага 1935 года да 25 снежня 1962 года — цэнтр Капаткевіцкага раёна. З 20 верасня 1924 года — цэнтр Капаткевіцкага сельсавета, з 8 ліпеня 1931 — Петрыкаўскага. З 12 лютага 1935 года па 20 люты 1938 года — цэнтр Капаткевіцкага раёна Мазырскай акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай вобласцей. З 1938 гарадскі пасёлак. З 1962 у Петрыкаўскім раёне.
Дзейнічалі ашчадных і 2 рамесных таварыствы (у 1926 — 59 чалавек). З пачатку 1930-х гадоў працавалі саўгас імя М. І. Калініна, калгасы «Чырвоны Кастрычнік», і «Чырвонае сяло», шорная, шавецкая і кравецкая майстэрні, 3 кузні, паравы млын, пякарня[4].
У час Вялікай Айчыннай вайны з 1 жніўня 1941 да 30 чэрвеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. З байцоў Капаткевічская знішчальнага батальёна 17 Жніўня 1941 года быў створаны партызанскі атрад. 17 студзеня 1942 года партызанскія атрады Ф. І. Паўлоўскага, А. Л. Далідовіча, Д. Т. Туляева раптоўным нападам разграмілі Капаткевіцкі фашысцкі гарнізон. У 4 гадзіны бою былі забітыя 6 гітлераўцаў, захоплена вялікая колькасць зброі і боепрыпасаў. З красавіка 1942 года да студзеня 1943 года дзейнічала падпольная патрыятычная група. Акупанты спалілі пасёлак і забілі 112 жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 287 жыхароў, памяць пра іх увекавечвае стэла, усталяваная ў 1968 годзе па вул. Інтэрнацыянальнай. Вызвалены 30 чэрвеня 1944 года войскамі Першага Беларускага фронту.
11 лютага 1974 года ў склад Капаткевіч уключаны вёскі Вялікае Сяло і Усходняя[5].
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1858 год — 1062 чал.; 1897 год — 2081 чал. у мястэчку Капаткевічы, 644 чал. у сяле Капаткевічы
- XX стагоддзе: 1972 год — 2,6 тыс. чал.; 1997 год — 4,4 тыс. чал.[6]
- XXI стагоддзе: 2004 год — 3,9 тыс. чал.[7]; 2006 год — 3,8 тыс. чал.[8]; 2007 год — 3,7 тыс. чал.; 2008 год — 3,6 тыс. чал.; 2009 год — 3 415 чал. (перапіс)[9]; 2016 год — 2 960 чал.[10]; 2017 год — 2 880 чал.[3]
Эканоміка
правіцьЦэнтр саўгаса «Капаткевічы». У пасёлку размешчана 33 прадпрыемствы і арганізацыі, у тым ліку прадпрыемствы харчовай прамысловасці і дрэваапрацоўкі.
За 2 км ад Капаткевічаў, на тэрыторыі дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Пціч» размешчана свідравіна № 2 з мінеральнай вадой «Капаткевіцкая».
Размешчаны маслазавод, цэх раённага камбіната будаўнічых матэрыялаў, камбінат бытавога абслугоўвання, рыбгас «Трэмля», спецыялізаванае аддзяленне «Сельгастэхніка», лясгас, бальніца, аддзяленне сувязі, дом-інтэрнат для састарэлых. У склад Капаткевіцкага пасялковага савету да 1981 года ўваходзіў пасёлак Акцябрскі (вядомы да 1935 гады пад назвай Дзікае, не існуе). У 2005 годзе ў г. п. Капаткевічы створаны аграгарадок.
Культура
правіцьДзейнічаюць сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, дзіцячыя сад і яслі, Дом школьнікаў, клуб, кінатэатр, 2 бібліятэкі.
У Капаткевіцкай сярэдняй школе ў 1988 годзе адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей. У 1987 самадзейнаму тэатру Капаткевіцкага Дома культуры прысвоена званне народнага.
Адукацыя
правіцьУ Капаткевічах працуюць сярэдняя і музычная школа, 2 дашкольныя ўстановы.
Славутасці
правіць- Касцёл святога Аўгустына (1998)
- Яўрэйскія могілкі
- Царква Покрыва Прасв. Багародзіцы (па 1990)
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл Св. Аўгустына (XVIII ст.)
- Царква (XVII ст.)
- Сінагога (XIX ст.)
Вядомыя ўраджэнцы
правіць- Іпаліт Клімашэўскі (1802—1874) — беларускі эміграцыйны дзеяч, публіцыст.
- Неафіт Ермалаевіч Рагозін (1902—1971) — беларускі географ, спецыяліст у галіне эканамічнай гісторыі Расіі і СССР, а таксама ў галіне эканамічнай геаграфіі і рэгіянальнай эканомікі.
- Валерый Гур’евіч Ціхіня (нар. 1940) — беларускі юрыст, член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня Канстытуцыйнага суда РБ у 1994—1996 гадах.
- Надзея Паўлаўна Якубовіч (нар. 1929) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Антон Паўлавіч Яленскі (1818—1874) — грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.
- Аляксандр Андрэевіч Ляхаў (нар. 1962) — беларускі палітык.
- Аркадзь Уладзіміравіч Эгенбург (1915—1996)[11]
- Аляксандр Іцкавіч Журавель (нар. 1922)[12]
Зноскі
правіць- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Капаткевічы.
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 лютага 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 10 (1420).
- ↑ Іван Самахвалаў. Капаткевічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 96.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі.
- ↑ Копаткевичи. Турыстычная энцыклапедыя Беларусі
- ↑ Перепись населения — 2009. Гомельская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ http://nabchelny.ru/page/79
- ↑ http://www.stu.ru/particular/get_teamwox_file.php?id=25142&ext=.pdf
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
- Kopatkiewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. — S. 374.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Капаткевічы
- Капаткевічы.