Слуцкая гімназія

Слуцкая гімназія (цяпер ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка»[1]) — найстарэйшая адукацыйная ўстанова сучаснай Беларусі, другая пасля Віленскага ўніверсітэта, заснаваная ў 1617 годзе Янушам Радзівілам у Слуцку.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі
«Гімназія № 1 г. Слуцка»
Заснаваны 1617
Тып гімназія
Адрас Слуцк, вул. Камсамольская, д. 7
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
На малюнку Н. Орды
 
Гімназія і кальвінскі збор на пачатку XX стагоддзя

20 мая 1617 года Януш VI Радзівіл падпісаў грамату аб заснаванні кальвінісцкай школы, якая ў 1630-х гадах была пераўтвораная ў кальвінісцкую гімназію[2]. Будынак гімназіі быў драўляным. Паводле даследванняў Рыгора Родчанкі, гімназія працавала на працягу трох стагоддзяў бесперапынна. Адукацыя ў гімназіі была платнай. У гімназіі адбывалася раздзяленне вучняў па класах, а не прадметах. Вывучаліся польская, лацінская, грэчаская і нямецкая мовы, а таксама этыка, рыторыка, гісторыя, матэматыка і заканадаўства[3].

Кальвінская навучальная ўстанова ўжо ў XVII стагоддзі заваявала вядомасць і славу далёка за межамі Беларусі як «Слуцкія Афіны» і як «Узорная Слуцкая гімназія». І яна змагла зрабіць гэта толькі таму, што каля яе калыскі стаялі выдатныя педагогі свайго часу.

У пачатку XVIII стагоддзя адмянілі цэнз па веравызнанні, пасля чаго акрамя кальвіністаў у школе пачалі навучацца каталікі, якія з часам склалі асноўную масу навучэнцаў[4]. Побач з гімназіяй працаваў інтэрнат для бедных вучняў. Пачатковая адукацыя была бясплатнай[3].

У 1809 годзе расійскія ўлады змянілі статус установы на павятовую школу Мінскай губерні. Пасля працэсу філаматаў у 1824 г. была зачынена кальвінісцкая гімназія ў Кейданах i супраць школы ў Слуцку былі высунуты цяжкія абвінавачанні. Таму Віленскі сінод даручыў свайму куратару Ваўжынцу Путкамеру вырашыць з рэктарам Віленскага ўніверсітэта Пеліканам пытанне са школай у Слуцку і магчымасць пераўтварэнне яе ў гімназію. Атрымаўшы дазвол ад рэктара і ад урада[5], у 1827 годзе была адноўлена слуцкая гімназія пад кіраўніцтвам Леапольда Ваноўскага.

У 1829 г. Путкамер пачаў будаваць новы корпус гімназіі. Пры закладцы ганаровага каменю, Путкамер сказаў запамінальную прамову[5][6].

У 1881 кальвінісцкая гімназія канчаткова перайшла пад апеку расійскіх уладаў, з гэтага часу яна звалася мужчынскай гімназіяй у Слуцку. У 1889 годзе ў ёй навучалася каля 300 чалавек.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу. У час Вялікай Айчыннай вайны ў будынку школы месціўся нямецкі шпіталь. У час вызвалення Беларусі з-пад акупацыі ў 1944 годзе будынак быў пашкоджаны бомбай — аднаўленне будынку цягнулася пяць гадоў і было скончана толькі ў 1949-м годзе. У гонар вучняў гімназіі, якія загінулі ў часе вайны, на тэрыторыі школы быў усталяваны помнік[7].

Статус гімназіі быў нададзены зноў толькі ў 1998 годзе, калі школа была ператворана ў гімназію № 1 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У 2003 і 2009 гадах гімназія паспяхова прайшла дзяржаўную атэстацыю.

Будынак гімназіі

правіць
 
Праект старога будынка гімназіі
 
Сучасны выгляд
 
Гімназія ў 2012 годзе

Найстарэйшай школай слуцкая гімназія з'яўляецца ўскосна. Драўляны будынак, існаваўшы раней, быў заменены каменнай будовай у стылі класіцызму ў 182938[8] (паводле іншых звестак, у 1852-54[9]) гг. паводле праекту Караля Падчашынскага[10]. На першым паверсе будынка размяшчаліся класы, на другім — бібліятэка і школьная канцылярыя. Гэты будынак выкарыстоўваецца цяпер як адзін з карпусоў гімназіі.

На тэрыторыі гімназіі змяшчаліся таксама школьны сад і драўляныя хаты настаўнікаў. Да 1940-х гадоў побач са школай дзейнічаў мураваны кальвінскі збор з вежай, пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны і разабраны пасля бальшавікамі.

Новы, цагляны, корпус быў пабудаваны ў 1980 годзе, паміж будынкамі існуе пераход. У будынках дзейнічае гімназія № 1[11].

Стары будынак, праект якога захаваўся, з'яўляецца помнікам класіцызму[8].

Навучальны працэс

правіць
 
Сшытак з узорамі карункаў В. Муратавай, вучаніцы Слуцкай гімназіі. 1913 г.

У гімназію прымалі шляхетскіх дзяцей, гарадскіх жыхароў, часам сялянскіх дзяцей. Срок навучання складаў 6-8 гадоў.

Настаўнікі Анджэй Дабжанскі, Анджэй Музоній, Рэйнальд Адам і іншыя заснавальнікі Слуцкай школы — аўтары статута і дапаможнікаў — былі педагогамі еўрапейскага ўзроўню. Дарэчы, па дапаможніку па рыторыцы, створаным Рэйнгальдам Адам, пазней вучыўся Міхаіл Ламаносаў. Гімназістамі, у адпаведнасці са статутам, маглі стаць практычна ўсе здольныя падлеткі, незалежна ад веравызнання і сацыяльнага паходжання. У навучанні выкарыстоўваліся лепшыя вядомыя методыкі таго часу, былі і такія, якія б сёння ні ў якім разе не ўжываліся ў педагогіцы. Напрыклад, каб зацікавіць вучняў лепш і глыбей ведаць лацінскую мову, якая тады з’яўляўся мовай навукі, на працягу двухсот пяцідзесяці гадоў у Слуцкай школе за дадатковае вывучэнне лацінскіх тэкстаў вучні атрымлівалі піва. Гімназіст за дзень мог зарабіць дзве шклянкі.

Даследчык Якаў Парэцкі ў Ленінградзе адшукаў «Статут Слуцкай школы», які быў выдадзены ў Любчы ў 1628 годзе. На аснове гэтай крыніцы навуковец даказвае, што ў пачатку XVII стагоддзя цэнтр гуманістычнай педагагічнай думкі, па сутнасці, перамясціўся з Заходняй Еўропы ў Слуцк. Вызначана, такое сцвярджэнне — не перабольшанне. Нездарма ж з’явілася назва «Слуцкія Афіны». У сценах школы кожнаму не толькі давалі вялікі аб’ём ведаў, але і вучылі па-сапраўднаму думаць. Пры гэтым умела выкарыстоўваўся дыялог настаўніка з вучнем. А менавіта яго як плённую форму навучання ўвёў Платон у сваёй знакамітай Афінскай акадэміі  (руск.)[12].

У 1809—1836 гадах Слуцкая гімназія двойчы рэфармавалася: уводзіліся новыя прадметы, упершыню быў прызначаны свецкі дырэктар. Паступова школа пачала пераходзіць з польскай на рускую мову навучання. У сценах гімназіі разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі польскай і рускай культур. Яна дасягнула свайго кульмінацыйнага пункта ў 1862—1863 гадах. У 1863 годзе, пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага выкладанне польскай мовы ў Слуцкай гімназіі было адменена назаўсёды.

У адной з залаў гімназіі выступаў Якуб Колас. У 1923 годзе ў Слуцку праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў, і Колас чытаў лекцыі па методыцы выкладання беларускай мовы. Для слухачоў курсаў паэт упершыню прачытаў сваю паэму «Новая зямля».

Вядомыя выкладчыкі

правіць

Вядомыя вучні

правіць

Зноскі

  1. Подведены итоги соревнования среди учреждений образования Слуцкого района Архівавана 5 сакавіка 2016. Слуцкий районный исполнительный комитет (руск.)
  2. Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617 до 1901 гг. — Вильно, 1903
  3. а б А. П. Грицевич, «Древний город на Случи», Мінск 1985
  4. Marceli Kosman, «Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od połowy XVII wieku do 1939 roku», Wyższa Szkoła Pedagogiczna im. Powstańców Śląskich w Opolu, 1986, ISBN 9788385012191
  5. а б Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5.2013. С. 302—313.
  6. Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 13.
  7. Мікалай Літвінаў. Таямніцы слуцкіх Атэнаў // Звязда : Газета. — 13 жніўня 2009. — № 150 (26508). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  8. а б Слуцкая гімназія на сайце Глобус Беларусі (руск.)
  9. Слуцкая гімназія на сайце Radzima.org
  10. Міцянін А. А., Кукуня В. Р. Слуцкай мужчынскай гімназіі будынак. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1993. — С. 448
  11. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  12. Слуцк. Культура и образование. Информация о городе Слуцк Архівавана 14 ліпеня 2014. (руск.)
  13. Аляксандр Горны. Фота яшчэ аднаго вельмі цікавага і крышачку забытага цяпер дзеяча беларускага руху перыяду 1917-1918 гадоў Зміцера Сабалеўскага. Запісы беларусаведа -- facebook.com (28 студзеня 2024). Праверана 9 лютага 2024.

Літаратура

правіць
  • Казуля С. В., Самусік А. Ф. Слуцкая гімназія, Слуцкая кальвінісцкая гімназія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 29. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі у Беларусі. — Мн., 1968.
  • І. А. Глебаў. «Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630 — 1901 гг.». 1903
  • І. Ціткоўскі, С. Багдашыч. Слуцкая гімназія: стагоддзі працы на карысць Бацькаўшчыны(недаступная спасылка). Інфа-Кур'ер (22 студзеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2008. Праверана 15 ліпеня 2010.
  • Jozef Lukaszewicz  (польск.). Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie (Geschichte der Kirche Helvetischer Confession in Litthauen), Dr. in der Gerberstrasse No 45, 1843
  • Filip Sulimierski, Bronisław Chlebowski & Władysław Walewski, 1880: «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich», Wydawnictwo Wędrowiec, Warszawa 1889.
  • Самусік А. Ф. Адукацыйная дзейнасць лютаран і кальвіністаў на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVI — першай палове XVII ст. // Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць : зб. матэрыялаў ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, 9 снежня 2017 г. / уклад. А. У. Унучак [і інш.]. Мінск, 2018. С. 86-104.
  • Самусік А. Ф. Замежныя адукацыйныя паездкі пратэстантаў з тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVI — першай палове XVII ст. // Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць: зб. матэрыялаў V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, 4 снежня 2021 г. / уклад. А. У. Унучак [і інш.]. Мінск, 2022. С. 20-36.
  • Самусік А. Ф. Кальвінскія школы на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVII — трэцяй чвэрці XVIII ст. // Acta Albaruthenica : Czasopismo naukowe Katedry Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego. — 2019. T. 19. S. 315—327.
  • Слуцкая гімназія // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 670. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

правіць