Адкрыць галоўнае меню

Кейданская гімназія (лац.: «Lyceum Caiodunense», «Collegium Caiodunense») — кальвінісцкая сярэдняя навучальная ўстанова ў горадзе Кейданы, якая дзейнічала ў 1629—1824 гг.

Кейданская гімназія
KedainiaGym001.JPG
Заснаваны 1629
Тып гімназія
Вучняў 503
Адрас горад Кейданы, Жамойцкае староства, Вялікае Княства Літоўскае
(цяпер Літва, г. Кедайней, вул. Дзіджыоі (Didžioji) д. 62)
Сайт sviesioji.kedainiai.lm.lt

У 1824 г. кальвінісцкая гімназія была пераўтворана ў дваранскае вучылішча (1824—1859), а ў 1859 г. — у свецкую Кейданскую гімназію (1859—1864). У 1864 г. гімназія была зачынена расійскай уладай у сувязі са Студзеньскім паўстаннем (1863—1864).

У 1922 г. у будынку былой кальвінісцкай гімназіі была адкрыта школа з літоўскай мовай навучання, а з 1997 г. гімназія, якая дзейнічае там дагэтуль.

Кальвінісцкая гімназія (1629—1824)Правіць

У 1625 г. кальвінісцкі Віленскі правінцыяльны сінод выдаў пастанову аб адкрыцці ў ВКЛ 2 новых кальвінісцкіх гімназій — Слуцкай і Кейданскай гімназіі[1]. Гімназія ў Кеданах была адкрыта ў 1629 г., пасля таго як у 1629 г. на Віленскім правінцыяльным сінодзе быў прыняты агульны школьны статут, а на кальвінісцкім Кейданскім сінодзе — праграма навучання гімназіі. Спачатку адукацыйная ўстанова была рэлігійнай школай, дзе да 1631 г. выкладаў (на польскай мове) толькі адзін настаўнік — катэхіст[2]. Кальвінісцкая гімназія ў Кейданах (гэтак жа як кальвінісцкія гімназіі ў Біржах і Слуцку) знаходзілася пад апекай біржанскай (кальвінісцкай) галіны князёў Радзівілаў. У школе выкладаў выдатны філосаф і педагог Адам Расій (каля 1575—1627/1628).

 
Мемарыяльная шыльда ў памяць аб Адаме Фрэйтагу (1608—1650), выкладчыку гімназіі, у горадзе Кедайней (Кейданы). Фота 2011 г.
 
Вуліца Дзіджыоі (у перакладзе — «Вялікая»), на якой стаіць (у далечыні з левага боку) будынак гімназіі. Фота, 2012 г.

Фактычна ўстанова стала гімназіяй у 1631 г., калі апякуны і калятары школы князі Радзівілы (князь Крыштаф Радзівіл (1585—1640) і яго жонка Ганна з роду Кішкаў) далі грошы для набыцця ў горадзе мураванага будынку пад школу і выдалі на гімназію фундуш у 2,5 тыс. злотых штогод, што дазволіла ў Кейданах адкрыць алюмнат (інтэрнат) для навучэнцаў[3]. Адна палова будынка гімназіі была адведзена пад класы, а другая — пад пакоі для жыхарства настаўнікаў. Гімназія з той пары стала чатырохкласнай, дзе вывучаліся чытанне, пісьмо, мовы (польская, лацінская, старажытнагрэчаская), тэалогія, этыка, рыторыка, логіка і арыфметыка[4]. Выкаладанне (акрамя рэлігіі) вялося на польскай і лацінскай мовах. У штаце было 5 асоб: рэктар; два памочнікі рэктара; і спецыяльна (для розных моўных груп) два святары, якія паасобна вусна выкладалі ў гімназіі асновы хрысціянскага веравучэння, — адзін выкладаў на польскай мове для славянамоўных вучняў, а другі асобна — на літоўскай мове (а ў прыватнасці — на заходніх гаворках аўкштайцкага дыялекту сучаснай літоўскай мовы (гаворкі вакол гарадоў Кейданы і Шаўлі), якія ў тыя часы атрымалі назву «жамойцкая мова» тапанімічна — па назве Жамойцкага староства)[5][6]. Як асобныя прадметы ні літоўская мова, ні жамойцкая мова не выкладаліся. Моўная сегрэгацыя захоўвалася і ў набажэнстве — у Кейданах мелася два кальвінісцкія храмы (зборы), у адным з якіх служба вялася на мясцовых балцкіх гаворках, а ў другім — на польскай і шатландскай мове (скотс)[7][8].

Працэс адукацыі знаходзіўся пад кантролем апякуноў і кальвінісцкіх сінодаў, якія зацвярджалі ўстаў гімназіі і праграму адукацыі, прызначалі рэктара, святароў і настаўнікаў[9]. Галоўная ўвага надавалася рэлігійнай адукацыі, класічнай латыні і старажытнагрэцкай мове. Пры вывучэнні старажытных моў выкарыстоўваліся працы і антычных аўтараў (Цыцэрона, Катона, Дэмасфена(руск.) бел., Лукіяна і інш.). Пры гімназіі мелася бібліятэка. Выкарыстоўваліся падручнікі і методыкі навучання Яна Амоса Каменскага. Штотыдзень праводзіліся дыспуты на лацінскай мове, на якім вучні павінны былі складаць пахвальныя тэксты ў прозе і вершах з нагоды розных ўрачыстых дат[10].

У 1640-ыя гг. у гімназіі выкладаў матэматыку Адам Фрэйтаг(бел. (тар.)) бел. (1608—1650), матэматык і вайсковы інжынэр, які знаходзіўся на службе ў гетмана князя Януша Радзівіла (1612—1655) — быў асабістым лекарам князя і кіраваў будаўніцтвам фартыфікацыйных умацаванняў у Біржах і Кейданах.

У 1647 г. кальвінісцкі Віленскі правінцыяльны сінод зацвердзіў новую праграму навучання, у гімназіі пачалі вывучаць і «рускую мову» (г.зн. царкоўнаславянскую альбо старабеларускую мову) як асобны прадмет[11][12]. З 1647 г. у штаце мелася 9 настаўнікаў. Навучаліся галоўным чынам дзеці шляхты, а таксама мяшчан — у тым ліку, шатландцы і прускія немцы, якія жылі ў Кейданах[13]. Прыкладна ў 1651—1653 гг. пры гімназіі дзейнічала Кейданская друкарня[14].

У часы шведскага «патопу» (1655—1660) і смерці апякуна гімназіі князя Ю. Радзівіла адукацыйная ўстанова перажывала не лепшыя часы і амаль не фунцыянавала[15]. Паўнавартаснае аднаўленне дзейнасці пачалося толькі з канца 1660-х гг.[16]

У 1670-ыя гг. гімназія стала пяцікласнай і мела ў штаце 5 настаўнікаў, а з канца 1670-х гг. — трохкласнай. У 1684 г. гімназія пацярпела ад пажару, які знішчыў паміж іншага, бібліятэку гімназіі[17].

У часы Паўночнай вайны гімназія была разбурана з-за ваенных падзей.

Дваранскае вучылішча (1824—1859)Правіць

У 1824 г. кальвінісцкая гімназія ў Кейданах (Літоўска-Віленская губерня) была закрыта па распараджэнні расійскіх улад і пераўтворана ў дваранскае вучылішча (пяцікласнае), пры якім меліся падрыхтоўчыя класы (аналагічныя як у звычайных гімназій)[18][19].

Рускамоўная гімназія (1859—1864)Правіць

1 студзеня 1859 г. дваранскае вучылішча ў Кейданах (Ковенскі павет, Ковенская губерня) было пераўтворана ў гімназію і месцілася ў тым жа будынку — у будынку былой кальвінісцкай гімназіі[20]. Будынак знаходзіўся ў валоданні гімназіі; адміністрацыйнай дзейнасцю і матэрыяльна-гаспадарчымі справамі гімназіі кіраваў яе дырэктар[21]. Правы і прывілеі настаўнікаў і вучняў былі аналагічнымі тым, якія мелі іншыя гімназіі ў імперыі[22].

На момант адкрыцця ў гімназіі налічвалася 18 чыноўнікаў і выкладчыкаў, а таксама 141 вучань[23]. Міністэрства народнай асветы выдаткоўвала ў пачатку 1860-х гг. на ўтрыманне гімназіі і штату 6880 рублёў срэбрам штогод[24]. Самі вучні плацілі па 10 рублёў срэбрам штогод за навучанне, а гэтыя грошы ішлі ў распараджэнне кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі(руск.) бел.[25].

Гімназія насіла свецкі характар, але выкладалася і рэлігія. Курс навучання быў сямігадовы, а ў праграме былі наступныя прадметы: катэхізіс, свяшчэнная і царкоўная гісторыя, руская мова (вялікаруская мова), «славянская мова» (г. зн. царкоўнаславянская мова), польская мова, латынь, французская мова, нямецкая мова, тэорыя рускай славеснасці, гісторыя рускай літаратуры, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, натуральная гісторыя, палітычная гісторыя, чыстапісанне, маляванне і чарчэнне[26]. Навучанне вялося на рускай мове.

У дваранскім вучылішчы і гімназіі з 1858 г. працаваў настаўнікам Міхал Беркман (1823—1913), які быў жанаты з Юліяй Далеўскай, у 1840-х гг. быў членам тайнай арганізацыі «Братэрскі саюз літоўскай моладзі», а ў 1863 г. — дзеячом тайнай ковенскай паўстанчай арганізацыі і ўдзельнікам Студзенькага паўстання[27].

З-за Студзеньскага паўстання (1863—1864) у краі па палітычным матывам гімназія ў Кейданах была зачынена летам 1864 г. па распараджэнні віленскага генерал-губернатара[28], гэтак жа як і гімназіі ў Навагрудку і Панявежы, а таксама прагімназіі ў Цельшах і Свіслачы. На Міністэрства народнай асветы Расійскай Імперыі быў ускладзены абавязак аформіць гэтую надзвычайную меру юрыдычным чынам і вызначыць новы ўжытак грошай, асігнаваных на ўтрыманне зачыненых адукацыйных устаноў[29]. 15 чэрвеня 1865 г. рашэннем Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі было афіцыйна зацверджана закрыццё і рэарганізацыя адпаведных гімназій і вучылішч Віленскай навучальнай акругі[30]. Гімназіі ў Кейданах і Панявежы, а таксама прагімназія ў Свіслачы, паралельныя класы гімназій у Беластоку і Драгічынскае дваранскае вучылішча канчаткова былі скасаваны; дваранскія вучылішчы ў Брэсце-Літоўскім і Бабруйску былі пераўтвораныя ў адукацыйныя ўстановы больш нізкага ўзроўню і статусу — у прагімназіі[31]. У той жа час у 1864—1865 гг. гімназіі ў Коўна і Шаўлях, а таксама прагімназія ў Цельшах былі пераўтвораны ў адукацыйныя ўстановы больш высокага ўзроўню — у поўныя класічныя гімназіі Расійскай Імперыі[32]. Матывацыяй стварэння і захвання гэтых гімназій у губернскім цэнтры (Коўна) і значных гарадах (Шаўлі і Цельшы) было жаданне расійскай улады мець моцныя цэнтры распаўсюджання рускай мовы[33]. Папячыцель Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў (1811—1901) тлумачыў: «Пакінуць Жмудзь пры адных толькі народных вучылішчах і без адной сярэдняй навучальнай установы небяспечна таму, што гэта паслабіць рускі кірунак. Павятовыя і народныя вучылішчы самі па сабе яшчэ даволі слабыя»[34].

Літоўскамоўная школа і гімназія (з 1922 г.)Правіць

 
Уваход у будынак Светлай гімназіі, якая месціцца ў будынку былой кальвінісцкай гімназіі. Фота, 2011 г.
 
Будынак сярэдняй школы імя Юозаса Паўкштэліса ў г. Кедайней (Kėdainių Juozo Paukštelio agrindinė mokykla), які знаходзіцца на вуліцы Віленскай (Vilniaus), д. 11. Фота, 2007 г.

Пасля стварэння Літоўскай рэспублікі, у 1922 г. у будынку колішняй гімназіі была адкрыта агульнаадукацыйная школа, дзе навучанне пачало весціся на літоўскай мове і мець свецкі характар. У 1946 г. (у сувязі з тым, што школа стала не адзінай у горадзе) атрымала назву — (агульнаадукацыйная) сярэдняя школа № 1 г. Кедайней.

З 1971 г. у школе пачынаюць паглыблена вывучаць матэматыку, а з 1976 г. — англійскую мову.

У 1981 г. школе далі імя ў гонар літоўскага пісьменніка — школа імя Юозаса Паўкштэліса(літ.) бел. (Juozas Paukštelis).

Пасля распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці Літоўскай рэспублікі, у 1993 г. ініцыятыўная група ўзняла пытанне аб наданні школе статусу гімназіі. У 1994—1995 гг. у школе вылучаюцца класы гуманітарнага і практычнага профіляў. У 1997 г. школа была рэарганізавана ў гімназію імя Юозаса Паўкштэліса.

З 1 верасня 2002 г. у Кедайней адбылося афіцыйнае разлучэнне гімназіі імя Юозаса Паўкштэліса на дзве адукацыйныя ўстановы — сярэднюю школу імя Юозаса Паўкштэліса (літ.: Kėdainių Juozo Paukštelio pagrindinė mokykla), якая пераехала ў іншы будынак (на Віленскую вуліцу), і Светлую гімназію (літ.: Kėdainių Šviesioji gimnazija), якая размесцілася ў будынку былой кальвінісцкай гімназіі.

Дырэктары школы (гімназіі):

  • 1933—1935: Юозас Авіжоніс (Juozas Avižonis)
  • 1935—1940: Антанас Тыленіс (Antanas Tylenis)
  • з 2002: Віялета Ліуткіене (Violeta Liutkienė)

Вядомыя выкладчыкіПравіць

Вядомыя навучэнцыПравіць

Сеціўная актыўнасцьПравіць

Зноскі

  1. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  2. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  3. Протестантские школы Литвы в XVI—XVII вв. // uchebauchenyh.narod.ru
  4. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  5. Протестантские школы Литвы в XVI—XVII вв. // uchebauchenyh.narod.ru
  6. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 129; Дзярновіч, А. Жамойць і Літва; Насевіч, В. Л. Літва.. С. 205.
  7. Пазднякоў, В. Кейданы / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2006. — Т. 2. — С. 86.
  8. Верагодна, што для задавальнення духоўных патрэб шатландцаў-пратэстантаў у Кейданах усё ж выкарыстоўвалася англійская мова, бо пасля 1603 г. шатландская мова (скотс) пачала саступаць месца англійскай.
  9. Протестантские школы Литвы в XVI—XVII вв. // uchebauchenyh.narod.ru
  10. Протестантские школы Литвы в XVI—XVII вв. // uchebauchenyh.narod.ru
  11. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  12. У набажэнстве праваслаўнай царквы ў ВКЛ выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова.
  13. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  14. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  15. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  16. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  17. Пазднякоў, В. Кейданская гімназія // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  18. Слуцкая гімназія ў 1827—1862 гадах
  19. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 540—541.
  20. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 544.
  21. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 545.
  22. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 545.
  23. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 544.
  24. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 545.
  25. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 545.
  26. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 538, 545.
  27. Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы… С. 156.
  28. Рождественский, С. В. Исторический обзор деятельности Министерства народного просвещения, 1802—1902… С. 466.
  29. Рождественский, С. В. Исторический обзор деятельности Министерства народного просвещения, 1802—1902… С. 466.
  30. Рождественский, С. В. Исторический обзор деятельности Министерства народного просвещения, 1802—1902… С. 466.
  31. Рождественский, С. В. Исторический обзор деятельности Министерства народного просвещения, 1802—1902… С. 466.
  32. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 914.
  33. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 914.
  34. Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера… С. 914.

ЛітаратураПравіць

  • Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера: Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II / М. Д. Долбилов. — М. : Новое литературное обозрение, 2010. — 1000 с.
  • Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс : Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.
  • Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния / сост. Д. Афанасьев. — Санкт-Петербург : Общественная польза, 1861. — 745 с.
  • Пазднякоў, В. Кейданская гімназія / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2006. — Т. 2. — С. 81.
  • Пазднякоў, В. Кейданы / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2006. — Т. 2. — С. 85—86.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — Москва : Наука, 1964. — 707 с.
  • Рождественский, С. В. Исторический обзор деятельности Министерства народного просвещения, 1802—1902 / С. В. Рождественский. — Санкт-Петербург : М-во нар. просвещения, 1902. — 785 с.
  • Kėdainių gimnazijos istorija, 1925—1950 / sud. Valentina Vaitkevičienė). — Kėdainiai: Spaudvita, 2007. — 136 p. — ISBN 978-9955-637-33-2

СпасылкіПравіць