Любанскі раён
Лю́банскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Любань.
Любанскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Мінская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Любань | ||||
Кіраўнік | Валерый Віктаравіч Мельнік[d] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 90,59 %, руская 7,89 % Размаўляюць дома: беларуская 71,14 %, руская 22,37 %[1] |
||||
Насельніцтва (2009) |
35 444 чал.[1] (14-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 18,51 чал./км² (17-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 95,61 %, рускія — 2,8 %, іншыя — 1,59 %[1] |
||||
Плошча |
1 913,75[2] (11-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
136 м[3] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мяжуе з Салігорскім, Слуцкім, Старадарожскім раёнамі Мінскай вобласці, Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, Акцябрскім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім раёнамі Гомельскай вобласці.
Гісторыя
правіцьУтвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Слуцкай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Любань. 20 жніўня 1924 года падзелены на 9 сельсаветаў: Асавецкі, Любанскі, Ніжынскі (Нежынскі), Рачэнскі, Рэдкавіцкі, Тальскі, Туроцкі, Юшкавіцкі, Ямінскі. 21 жніўня 1924 года Юшкавіцкі сельсавет перайменаваны ў Смольгаўскі, але 2 студзеня 1925 года сельсавету вернута старая назва. 21 жніўня 1925 года ў склад раёна перададзены Малагарадзяціцкі сельсавет Петрыкаўскага раёна Мазырскай акругі. 24 верасня 1926 года Любанскі сельсавет скасаваны, утвораны Слабадскі з цэнтрам у мястэчку Любань. З 9 чэрвеня 1927 года па 26 ліпеня 1930 года раён уваходзіў у склад Бабруйскай акругі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у складзе БССР. З 21 чэрвеня 1935 года раён Слуцкай акругі. 5 красавіка 1936 года да раёна далучаны Загальскі сельсавет Глускага раёна. З 20 лютага 1938 года ў складзе Мінскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Слабадскі і Тальскі сельсаветы, утвораны Любанскі сельсавет, Ніжынскі сельсавет перайменаваны ў Камунараўскі, далучана вёска Забярэзінец Старобінскага раёна[4]. 1 красавіка 1960 года Загальскі сельсавет перайменаваны ў Соснаўскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Урэчча, Дарасінскі сельсавет Слуцкага раёна, гарадскія пасёлкі Старобін, Чырвоная Слабада, рабочы пасёлак Салігорск, Акцябрскі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Жываглодавіцкі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Краснадварэцкі, Мяцявіцкі, Новацярушскі, Пагосцкі, Хорастаўскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Яскавіцкі сельсаветы скасаванага Старобінскага раёна. 14 студзеня 1963 года Хорастаўскі сельсавет перададзены Лунінецкаму раёну Брэсцкай вобласці. 7 сакавіка 1963 года рабочы пасёлак Салігорск набыў статус горада абласнога падпарадкавання. 28 лютага 1964 года ўтвораны Рожанскі сельсавет. 31 ліпеня 1964 года скасаваны Мяцявіцкі сельсавет. 28 жніўня 1964 года Жываглодавіцкі сельсавет перайменаваны ў Першамайскі. 6 студзеня 1965 года горад Салігорск, гарадскія пасёлкі Старобін і Чырвоная Слабада, Акцябрскі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Краснадварэцкі, Новацярушскі (за выключэннем вёсак Бычкі, Зарэчкі, Новая Дуброва, Новыя Дунцы, Старая Дуброва і Старыя Дунцы), Пагосцкі, Першамайскі, Рожанскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Яскавіцкі сельсаветы перададзены ў склад утворанага Салігорскага раёна. 7 сакавіка 1968 года гарадскі пасёлак Любань атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 10 красавіка 1969 года Любанскі сельсавет перайменаваны ў Тальскі, 16 жніўня 1973 года — Туроцкі ў Ляхаўскі, 28 лютага 1974 года — Рэдкавіцкі ў Сароцкі. 20 кастрычніка 1995 года горад Любань і Любанскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку 29 верасня 2006 года Урэцкі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет, Дарасінскі і Ямінскі сельсаветы скасаваны. 28 мая 2013 года скасаваны Ляхаўскі сельсавет[5].
Геаграфія
правіцьПрацягласць з поўначы на поўдзень 75 км, з захаду на ўсход — 58 км. Плошча 1,9 тыс. км²[6]. Тэрыторыя ўваходзіць у склад паўночна-ўсходняй часткі Прыпяцкага Палесся. Паўночна-заходняя частка раёна захоплівае паўднёвую ўскраіну Слуцкага лёсападобнага плато, мяжа якога праходзіць па населеных пунктах Любань-Засмужжа-Дунцы. Гэтая частка ўяўляе сабой павышаную месцамі пагорыстую раўніну з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паўднёвая зона раёна характарызуецца пераважным распаўсюджваннем тарфяна-балотных глебаў, а паўночна-заходняя частка з перавагай суглінкавых глеб.
Паўночная частка раёна знаходзіцца на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўднёвая — у Прыпяцкім Палессі. Найвышэйшы пункт — 190 м — каля вёскі Юшкавічы. З карысных выкапняў ёсць торф, сапрапель, мел, калійныя і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны, мінеральныя воды.
Сярэдняя тэмпература студзеня −6,3 °C, ліпеня 18,2° С. За год выпадае 597 мм ападкаў. Па тэрыторыі раёна працякае рака Арэса з прытокам Таліца, вялікая сетка меліярацыйных каналаў (Сарачынскі, Шыпілавіцкі, Рэдкавіцкі і іншыя). Ёсць азёры Вячэра, Баяніцкае. На Арэсе створана Любанскае вадасховішча. Лясістасць 38 %. Створаны гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння Астроўкі, Вежань, Загальскі масіў.
Насельніцтва Любанскага раёна ў 1995 годзе налічвала 46,8 тыс. чалавек[6].
Сродкі масавай інфармацыі
правіцьВыходзіць газета «Голас Любаншчыны » і праграма радыёвяшчання «На хвалях Арэсы». Перыядычнасць выхаду газеты — 2 разы на тыдзень (серада і субота), аб’ёмам 4 і 12 палос адпаведна, апошняя субота месяца — 16 старонак. Агульны разавы тыраж раённага выдання на 01.01.2015 года склаў 5000 асобнікаў. Распаўсюджваецца недзяржаўнае штотыднёвае грамадска-палітычнае выданне Рэгіянальная газета «Інфа-Кур’ер». Зарэгістравана ў сакавіку 2001 г. Выдаецца на 24 палосах фармата А3. Наклад — ад 6400 да 7300 экз. (2011).
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Іван Міхайлавіч Каратчэня (нар. 1948, в. Таль) — беларускі палітычны дзеяч, вучоны-эканаміст, доктар эканамічных навук, прафесар.
- Сяргей Патапавіч Кукраш — беларускі вучоны ў галіне аграхіміі.
- Іван Муравейка — беларускі паэт.
- Уладзімір Пузыня (1940—2012) — беларускі музыкант.
- Лідзія Сымонаўна Савік (1936—2024) — беларускі літаратуразнавец, крытык.
- Уладзіслаў Сыракомля (1823, фальварак Смольгаў — 1862) — паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнаўца.
- Барыс Міронавіч Шапіра — доктар эканамічных навук, прафесар.
- Сямён Барысавіч Шапіра (нар. 1961, в. Рэчань) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Доктар эканамічных навук, прафесар.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Минской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347с.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области
- ↑ а б Беларусь 1995.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Любанскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 441. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.