Арэса

рака ў Беларусі

Арэса, Ароса, Раса — рака ў Мінскай і Гомельскай абласцях, правы прыток ракі Пціч (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Вадазбор 3620 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 32,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,26 .

Арэса
Арэса каля г. Любань
Арэса каля г. Любань
Характарыстыка
Даўжыня 128 км
Басейн 3 620 км²
Расход вады 16,7 м³/с
Вадацёк
Выток каля в. Ляўкі
 • Каардынаты 53°11′32″ пн. ш. 28°01′34″ у. д.HGЯO
Вусце Пціч
 • Каардынаты 52°33′01″ пн. ш. 28°45′08″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Пціч → Прыпяць → Дняпро → Дняпроўскі ліман[d]
Краіны Беларусь
physical
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва правіць

Назва Арэса старабалцкага паходжання, адпачатная форма аднаўляецца як *Aresa[1].

Корань ад балцкага *ar-, індаеўрапейскага *ar-, *er- / *or- «рухацца»[2]. Назва Арэса значыць «Плыткая (рака)».

Гідраграфія правіць

Пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Ляўкі Старадарожскага раёна, цячэ ў Любанскім і Акцябрскім раёнах па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, ніжняе цячэнне ў Прыпяцкім Палессі.

Жыўленне ракі мяшанае, пераважна снегавое. Рэльеф вадазбору ў паўночнай частцы слабаўзгорысты ў спалучэнні з раўнінным, на поўдні — плоскі.

Веснавое разводдзе пачынаецца ў 2-й дэкадзе сакавіка і доўжыцца 40—80 сутак, затапляе вялікія прасторы, у тым ліку асушаных балот. Максімальны расход вады каля в. Андрэеўка (за 12 км ад вусця) адзначаны ў 1931 — 301 м³/с, найменшы — у 1927 каля в. Андрэеўка (2,14 м³/с). Летне-асенняя межань доўжыцца каля 5 месяцаў. Рака замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом — у 2-й дэкадзе сакавіка.

У верхнім цячэнні, за 7 км на поўнач ад г. Любань, створана Любанскае вадасховішча, якое ўваходзіць у Арэскую меліярацыйную сістэму і аказвае істотны ўплыў на гідралагічны рэжым Арэсы, бо затрымлівае веснавыя воды (65 млн м³).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй за вёску Падарэссе яе шырыня 0,1—1 км.

Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго ад 5—10 м у вярхоўі да 30—35 м у ніжнім цячэнні. У басейне Арэсы возера Вячэра.

Асноўныя прытокі правіць

Справа: Асвіца, канава Дабрынка, Таліца, Шыпілавіцкі канал. Злева: Солан, Нешчанка, магістральны канал Чабускі, магістральны Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Парк.

У культуры правіць

Рака атрымала шырокую вядомасць пасля апублікавання паэмы Я. Купалы «Над ракой Арэсай».

Зноскі

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 199.
  2. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 45—47.

Літаратура правіць

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.