Адцвітанне (зборнік)

«Адцвітанне» — зборнік вершаў Янкі Купалы, выдадзены ў 1930 годзе ў Менску Беларускім дзяржаўным выдавецтвам у серыі «Мастацкае слова — масам». Тыраж зборніка склаў 5 тысяч асобнікаў.[1]

«Адцвітанне»
альтэрн.: Адцьвітаньне
Выданне
Вокладка зборніку «Адцвітанне»
(Мінск, 1930)
Жанр верш
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1930
Выдавецтва Беларускае дзяржаўнае выдавецтва

Апісанне правіць

«Не шасцяць каласы,
Звон не валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.

Не іскрыцца небазор,
Не цвіце трава чабор,
Не цыгліць птушыны стан,
Толькі поўзае туман,
Вецер б'е ў нямы курган, —
Шапаціць імглісты бор.

Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне.
Сэрца б’ецца у паўсне,
Думка сэрцу аб вясне
Здрадны голас падае».

Я. Купала

Верш «Адцвітанне»

Зборнік складаецца з 38 вершаў, пераважная большасць з якіх напісаныя ў дакастрычніцкі час ці ў 1918—1919 гады.[2] З пазнейшых вершаў у зборнік увайшлі вершы «Крым» (1923) і «Улетку» (1926).[1]

Зборнік названы па аднайменным вершу, напісаным у 1909 годзе, які надае сумны і тужлівы настрой усяму зборніку. У зборніку шмат вершаў, прысвечаных прыродзе, у асноўным — яе завяданню («Зімой у лесе», «Зімовая ноч», «Снег», «Першы снег», «У вырай» і інш.). Адкрываецца зборнік вершам «Паляці, мая мысль…» (1914), які перадае шчырае жаданне паэта дапамагчы людзям перацярпець бяду-гора, не страціць надзею. Іншыя вершы прысвечаны паэзіі працы вясковай жанчыны («Жняя»), гістарычнай мінуўшчыне («Наша мінуўшчына», «Званы», «Старцы», «Нябожчык», «Забытая карчма»), каханню («З недацветаў», «Па захадзе», «Не прасці…» і інш.). Мілагучныя вершы «Над ракой у спакою» і «Явар і каліна» пазней сталі вядомымі песнямі.[1]

Зноскі

  1. а б в Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Адцвітанне (зборнік вершаў)». С. 31.
  2. Даты пад вершамі не заўсёды прастаўленыя.

Літаратура правіць

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адцвітанне (зборнік вершаў)» / Аўтар — М.М.Барсток. — С.31.
  • Лойка А.. Як агонь, як вада... — Мн., 1984.
  • Юрэвіч Ул.. Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці. — Мн., 1983.