Янка Раманоўскі
Янка (Іван Юльянавіч) Рамано́ўскі[1] (24 жніўня 1928, Мінск — 25 чэрвеня 1974, Мінск) — беларускі мастак; пляменнік Янкі Купалы.
Янка Раманоўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 жніўня 1928 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 чэрвеня 1974 (45 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Юльян Феліксавіч Раманоўскі |
Маці | Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | партрэт |
Вучоба | |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 24 жніўня 1928 года ў Мінску. Названы маці, Леакадзіяй Дамінікаўнай, у гонар яе старэйшага брата — Янкі Купалы.[2]
Правёў сваё дзяцінства побач з Янкам Купалам: з нараджэння і па 1941 год жыў у доме Янкі Купалы ў Мінску і на дачы ў Ляўках.[3] Гэта прычынілася да таго, што большая частка мастацкай спадчыны Я. Раманоўскага была звязана з адлюстраваннем жыццёвага і творчага шляху Я. Купалы. З натуры маляваў партрэты паэта, яго сваякоў і знаёмых, купалаўскія мясціны ў Мінску і Ляўках.
Мастацкую адукацыю пачаў перад вайной у 11-гадовым узросце ў Мінскай студыі юных дараванняў, дзе яго настаўнікамі былі В. Волкаў і М. Керзін. У 1947 годзе паступіў у мастацкае вучылішча, якое тады адкрылася ў Мінску. З 1953 па 1959 гады вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе набыў спецыяльнасць мастака-графіка. Член Саюза мастакоў Беларусі, Я. Раманоўскі неаднойчы выбіраўся ў яго кіруючыя органы. З 1969 года і да канца жыцця працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Маладосць». Узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР.[4]
Памёр 25 чэрвеня 1974 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творчы шлях
правіцьПершым найбольш сталым творам Я. Раманоўскага стала яго дыпломная праца ў інстытуце — створаная паводле матываў аднайменнага верша Я. Купалы серыя каляровых літаграфій «А хто там ідзе?» (1959, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). Творчы шлях мастака распачаўся са складаных тэматычных кампазіцый, але пазней у сваім развіцці талент Я. Раманоўскага набыў яскравую акрэсленасць у напрамку партрэту.[4] Працаваў у разнастайнай тэхніцы: жывапіс, літаграфія, лінагравюра, акварэль, гуаш, аловак, вугаль).[3] Быў сярод першых беларускіх мастакоў, хто асвоіў новую па тым часе тэхніку — афорт[5]
Постаць
правіцьЯнка Раманоўскі вытанчанасцю аблічча нагадваў вялікага Купалу. Майстар псіхалагічнага партрэта мастак Янка Раманоўскі стварыў асабліва адухоўлены, асабліва беларускі вобраз Янкі Купалы Рыгор Барадулін. «Аратай, які пасвіць аблокі»[6] |
Прастата і шчырасць – вось што такое, у двух словах, быў наш Янка. Аднак гэта была не тая прастата, што мяжуе з праставатасцю, і не тая шчырасць, якая пры бліжэйшым знаёмстве аказваецца недалёкасцю. Гэта была высокая прастата чалавека інтэлігентнага, далікатнага, за якою адчувалася парода, разумная шчырасць натуры багатай, што заўсёды тоіць у сабе неспадзяванку Вера Палтаран. «Талент чалавечай дабраты»[7] |
Выбраныя творы
правіць- партрэт Я. Купалы (1958, палатно, алей, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы)
- «Янка Купала на бровары», «Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 г.» (1959, каляровая літаграфія, кампазіцыйныя партрэты)
- «Янка Купала і Якуб Колас у Мінску», «Янка Купала на Волзе. 1942 г.» (1960, афорт, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы)
- партрэты А. Міцкевіча (1954), Я. Коласа (1960), бацькі Я. Купалы Д. Луцэвіча (1960) (жывапіс, музеі Я. Купалы)
- «Янка Купала з моладдзю» (1962, палатно, алей, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы)
- партрэты В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, Я. Коласа, З. Бядулі, К. Крапівы, М. Лынькова, К. Чорнага, П. Броўкі, Я.Маўра (графіка)
- графічныя лісты (папера, вугаль) на тэмы твораў Я. Купалы: паэм «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955, 1957), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958) і інш.
- медаль і значкі, прысвечаныя 90-годдзю Я. Купалы і Якуба Коласа
Зноскі
- ↑ БелЭн 2001.
- ↑ Палтаран Вера. Талент чалавечай дабраты / Часопіс «Маладосць». — 1975. — № 9. — С. 170.
- ↑ а б Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с., 26 л. іл.; Артыкул «Раманоўскія» / Аўтары — Ж. Дапкюнас, Л. Кучынская. — С. 521—522.
- ↑ а б Выстаўка твораў мастака Івана Юльянавіча Раманоўскага, прысвечаная 50-годдзю з дня нараджэння: Каталог. — Саюз мастакоў БССР. — Мн., 1978. — С.3.
- ↑ Васілёўскі Пётра. Галоўная тэма творчасці (Выстаўка мастака Янкі Раманоўскага да 75-годдзя з дня нараджэння) / Газета «Літаратура і мастацтва». — 14 лістапада 2003 года. — С. 12.
- ↑ Барадулін Рыгор. Аратай, які пасвіць аблокі: Сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны.— Мн.: Маст. літ., 1995.
- ↑ Палтаран Вера. Талент чалавечай дабраты / Часопіс «Маладосць». — 1975. — № 9. — С. 169.
Літаратура
правіць- Шалянкова І. М. Рамано́ўскі Янка (Іван Юльянавіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 294—295. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с., 26 л. іл.; Артыкул «Раманоўскія» / Аўтары — Ж. Дапкюнас, Л. Кучынская. — С. 521—522.
- Выстаўка твораў мастака Івана Юльянавіча Раманоўскага, прысвечаная 50-годдзю з дня нараджэння: Каталог / Склад. і прадмова Р. Віткоўскі. — Саюз мастакоў БССР. — Мн., 1978. — 12 с.
- Барадулін Рыгор. Аратай, які пасвіць аблокі: Сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны.— Мн.: Маст. літ., 1995.—350 с. ISBN 5-340-0139-1.
- Янка Купала ў выяўленчым мастацтве, 1882—2002: Кат. твораў выяўл. мастацтва Дзярж. літ. музея Я.Купалы / Дзярж. літ. музей Я. Купалы, Міжнар. фонд Я. Купалы; Уклад. Ваданосава Ф. і інш.; Рэдкал.: Дапкюнас Ж. (гал. рэд.), Бурбоўская А. — Мн., 2003.
- Палтаран Вера. Талент чалавечай дабраты / Часопіс «Маладосць». — 1975. — № 9. — С. 167—174.
- Баравікова Раіса. Раманоўскія / Часопіс «Работніца і сялянка». — 1993. — № 7. — С. 4-5.
- Васілёўскі Пётра. Галоўная тэма творчасці (Выстаўка мастака Янкі Раманоўскага да 75-годдзя з дня нараджэння) / Газета «Літаратура і мастацтва». — 14 лістапада 2003 года. — С. 1, 12.
- Раманоўская Ядвіга. Мастак з роду Купалы / Газета «Літаратура і мастацтва». — 21 мая 2004 года. — С. 14.