Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская
Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская (у дзявоцтве — Луцэвіч; 15 лютага 1890 — 18 снежня 1970, Мінск) — родная сястра Янкі Купалы, купалазнаўца, актыўны папулярызатар творчасці Янкі Купалы.
Леакадзія Раманоўская | |
---|---|
Леакадзія Дамінікаўна Луцэвіч | |
Род дзейнасці | купалазнавец, мемуарыстка |
Дата нараджэння | 15 лютага 1890 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 снежня 1970 (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Дамінік Луцэвіч[d] |
Маці | Бянігна Луцэвіч[d] |
Муж | Юльян Феліксавіч Раманоўскі |
Дзеці | Уладзіслава, Яніна, Ядвіга, Уладзіслаў, Янка |
Біяграфія
правіцьЯнка Купала прысвяціў Леакадзіі ў дзень яе нараджэння свой першы верш-жарт, напісаны на польскай мове, калі сям’я Луцэвічаў жыла ў Селішчы[1]. Менавіта Янка навучыў сваю малодшую сястру Лёлю чытаць і пісаць.
У 1908—1909 гг. наведвала Купалу ў Вільні. У 1915 годзе выйшла замуж за Ю. Раманоўскага, які пасябраваў з Купалам у 1916 годзе, калі яны разам служылі ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін[2].
У 1916 годзе наведвала Купалу ў Полацку, дапамагала яму матэрыяльна. З 1918 года сям’я Раманоўскіх жыла ў Кальзбергу, дзе арандавала зямлю ў цесця Б. Тарашкевіча. Сюды ў жніўні 1919 года прыязджаў Купала і напісаў свае вершы «З павяўшай славы…», «На нашым…», «Паўстань», «Мая навука»[2].
З 1927 года сям’я Раманоўскіх жыла ў Мінску ў адным з Купалам доме, які яны набылі разам, па вул. Кастрычніцкай, 40[3]. У 1930-я гады перыядычна жыла ў Лошніцы, Барысаве, дзе ў час творчых камандзіровак Купала наведваў яе. Кожнае лета з 1936 года жыла разам з сям’ёй на дачы Купалы ў Ляўках. Часта выступала з успамінамі пра дзяцінства і юнацтва свайго брата перад дзецьмі і моладдзю, на сустрэчах у музеі, па тэлебачанні і радыё.
Памерла 18 снежня 1970 года ў Мінску. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках[2].
Сям’я
правіць- Муж — Юльян Феліксавіч Раманоўскі.
- Дачка — Уладзіслава Юльянаўна Раманоўская (1916—199?) — жонка беларускага пісьменніка Юрыя Багушэвіча.
- Дачка — Ядвіга Юльянаўна Раманоўская (1920—2011) — беларускі арганізатар музейнай справы, захавальніца літаратурнай і архіўнай спадчыны Янкі Купалы.
- Сын — Янка Юльянавіч Раманоўскі (1928—1974) — беларускі мастак.
- Дачка — Яніна Юльянаўна Раманоўская.
- Сын — Уладзіслаў Юльянавіч Раманоўскі.
Бібліяграфія
правіцьАўтар успамінаў пра Купалу «Дзіцячыя і юнацкія гады паэта» («Янка Купала», 1952), «Перад вялікай дарогай» («Вясёлка», 1962, № 7-8), «Слова пра брата» («Бярозка», 1962, № 7)[2].
Зноскі
- ↑ У рукапісным выглядзе верш да нашага часу не дайшоў і захаваўся толькі ў памяці Леакадзіі.
- ↑ а б в г Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Раманоўскія». — C. 521.
- ↑ Купала і Колас: вы нас гадавалі. Дакументы і матэрыялы. У 2-х кнігах. Кн. першая 1909—1939. — Мн., Літаратура і мастацтва, 2010. — С. 90—96.
Літаратура
правіць- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Раманоўскія» / Аўтары — Ж. Дапкюнас, Л. Кучынская. — C. 521—522.
- Баравікова Р. Раманоўскія / Часопіс «Работніца і сялянка». — 1993. — № 7. — С. 4-5.
- Лось Е. Купалавы сёстры (верш) / Газета «Літаратура і мастацтва». — 1962. — 10 ліпеня.
- Гарэцкі П. Сястра (верш) / Часопіс «Беларусь». — 1973. — № 7.