Прымакі (п’еса)

п’еса Янкі Купалы

«Прымакі» — п’еса Янкі Купалы («сцэнічны жарт у адной дзеі»), завершаная 31 ліпеня 1913 года. Упершыню надрукаваная ў газеце «Рунь» у 1920 годзе (№ 5—8). Белавы аўтограф і машынапісны тэкст з праўкамі аўтара захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1]

«Прымакі»
Выданне
«Прымакі» ў пастаноўцы Брэсцкага драматычнага тэатра на паштовай мацы Беларусі
Жанр п'еса
камедыя
сцэнічны жарт
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 31 ліпеня 1913
Дата першай публікацыі 1920
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Падзеі твору адбываюцца на вёсцы. Максім Кутас прачынаецца ў чужой хаце і не можа зразумець, дзе ён і чаму сюды трапіў. Даведаўшыся, што начаваў у кумы Даміцэлі, ён, як і яна, вельмі перажывае. Але добра паснедаўшы, абое павесялелі і выправіліся шукаць: Даміцэля — мужа Трахіма Сініцу, Максім — жонку Паланею. Тыя (яны таксама начавалі разам) у сваю чаргу шукаюць іх. Урэшце ўсе збіраюцца ў хаце Трахіма і пачынаецца агульная валтузня і сварка. З’яўляюцца ўраднік з соцкім і высвятляюцца ўсе непаразуменні: на першы дзень Сёмухі Трахім і Максім у манапольцы, перапіўшы, заспрачаліся, чыя жонка горшая, ды, каб развязаць спрэчку, вырашылі імі памяняцца. Мацейка Кутас і Кацярына Сініца, якія кахаюць адзін аднаго, пасьмейваюцца са сваіх бацькоў. Калі ж тыя нарэшце мірацца паміж сабою, яны дамагаюцца іх блаславення.[1]

Апісанне

правіць

Твор напісаны ў жанры народнага анекдоту і камедыі становішчаў з выкарыстаннем фарсавых сітуацый. Для п’есы ўласцівыя дасціпнасць і сакавітасць мовы, кідкасць фарбаў у абмалёўцы характараў герояў. Хаця п’еса па сваім сацыяльным гучанні і мастацкім абанульненні не ўздымаецца да ўзроўню сваёй папярэдніцы — камедыі «Паўлінка», — набыты Купалам у часе працы над «Паўлінкай» вопыт і майстэрства камедыяграфа ў ёй вельмі адчуваюцца. Аўтар выкарыстаў у п’есе традыцыі і прыёмы народных камедый і інтэрмедый, народныя песні, прыпеўкі. Адчуваецца ўплыў «Пінскай шляхты» В. Дуніна-Марцінкевіча, асабліва ў абмалёўцы характараў галоўных герояў.[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні

правіць

На рускую мову п’есу пераклаў А. Пракоф’еў, на польскую — С. Артоўскі[1].

Камедыя заняла прыкметнае месца на беларускай прафесійнай і аматарскай тэатральнай сцэне. У 1936 годзе пастаноўку п’есы ажыццявіў Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ—2) і прадставіў разам з камедыяй «Паўлінка» на гастролях у Бабруйску.[2] Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ—1) паставіў «Вечар беларускіх вадэвіляў», у які побач з «Паўлінкай» увайшлі «Прымакі» (прэм’ера адбылася 25 мая 1944 года ў Томску). У 1972 годзе п’есу ставілі Гродзенскі абласны драматычны тэатр і Беларускі тэатр юнага гледача. П’еса ставілася як дыпломныя спектаклі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1958 і 1979 гадах. П’есу таксама ставілі шматлікія народныя тэатры і самадзейныя калектывы Беларусі. У 1959 годзе п’еса ставілася на Беларускім радыё. Удзельнікамі радыёпастаноўкі сталі П. Малчанаў, В. Пола, Г. Глебаў, Г. Макарава. У 1967 годзе купалаўскі твор знайшоў сваё ўвасабленне ў тэлевізійным спектаклі Беларускага тэлебачання[1]. У 2007 годзе адбылася новая пастаноўка «Прымакоў» у Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

Зноскі

  1. а б в г д Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Прымакі». — C. 506—507.
  2. Аб знаходжанні Я.Купалы ў Бабруйску(недаступная спасылка). Край Магілёўскі (1 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2012. Праверана 25 мая 2014.

Літаратура

правіць
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Прымакі» / Аўтар — А.Сабалеўскі — C. 506—507.
  • Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. — Мн., 1976. — С.21—22, 57—60, 114—115.
  • Есакоў, А. Янка Купала і беларускі тэатр. — Мн., 1972. — С.145—149.
  • Пятровіч, С. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. — Мн., 1972. — С.99, 137, 2334—234.
  • Семяновіч, А. Беларуская драматургія.- Мн., 1961. — С.72—76.
  • Ярош, М. Драматургія Янкі Купалы. — Мн., 1959. — С.72—76.

Спасылкі

правіць