Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч

крытык, літаратуразнавец, педагог

Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч (23 лютага 1891, в. Алексінічы Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Сенненскі р-н Віцебскай вобл. — 20 снежня 1937, Менск, НКУС) — беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.

Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч
Дата нараджэння 23 лютага 1891(1891-02-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 снежня 1937(1937-12-20) (46 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці літаратуразнавец, крытык, педагог
Месца працы
Навуковая ступень прафесар
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 23 лютага 1891 года ў вёсцы Алексінічы Сенненскага павета Магілёўскай губерніі ў сям’і вясковага праваслаўнага святара. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917 скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Быў накіраваны ў Петраградскі ўніверсітэт для падрыхтоўкі да прафесарскага звання па кафедры рускай мовы і славеснасці. З-за недохопу матэрыяльных сродкаў на пачатку 1920 вымушаны быў пераехаць у Адэсу. З 1921 у БССР. Публікавацца пачаў у 1921. Актыўна выступаў у друку як крытык і даследчык беларускай літаратуры. З верасня 1921 з’яўляўся членам навукова-тэрміналагічнай камісіі, з лютага 1922 — навуковым супрацоўнікам, а з 1925 — правадзейным членам Інбелкульта; з 1929 — правадзейны член БелАН. Да 1936 г. працаваў у Інстытуце літаратуры БелАН[1].

У 1921—1926 выкладаў беларускую літаратуру ў МБПТ. З лютага 1922 працаваў у БДУ: дацэнт, з кастрычніка 1926 — прафесар. У маі 1926 г. стаў дэканам педагагічнага факультэта.

У пачатку 1930-х над М. Піятуховічам навісла пагроза рэпрэсій з-за «непралетарскага паходжання».

Літаратурна-крытычныя выступленні М. Піятуховіча заўсёды мелі апанентаў, аднак у сярэдзіне 1930-х палеміка выйшла за межы літаратурнай дыскусіі і прыняла характар грубых палітычных абвінавачванняў. М. Піятуховіч вырашыў выехаць з сям’ёй за межы Беларусі (у 1934 ці 1936 г.). Жыў у Арджанікідзэ; працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах. 9 студзеня 1937 г. ён быў арыштаваны і перавезены ў Мінск. 19 снежня 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 27.12.1957.

Літаратуразнаўчая дзейнасць

правіць

Яшчэ да пачатку сваёй дзейнасці на ніве беларускай навукі М. Піятуховіч спецыялізаваўся па заходнееўрапейскіх літаратурах, у прыватнасці французскіх рамантыках. Шэраг прац прысвяціў творчасці паэта Альфрэда дэ Віньі («Дэ Віньі як мысліцель»). Як крытык і даследчык беларускай літаратуры выступіў у друку ў 1921 годзе з артыкуламі, прысвечанымі творчасці Якуба Коласа.

Універсітэцкі курс М. Піятуховіча лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалагічных пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялагічнага схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса (1934, 1935). Праца М. Піятуховіча «Рукапісы А. Рыпінскага» апублікавана ў 1990 В. Скалабанам.

Бібліяграфія

правіць
  • Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;
  • Апавяданне «У палескай глушы» як новы этап бел. мастацкай прозы. Мн., 1927;
  • Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
  • Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;
  • Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
  • Лірыка і проза Ц. Гартнага. Мн., 1928;
  • Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і XX ст. Мн., 1928;
  • Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990.

Зноскі

  1. Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. — Мн., 1992. С. 86—87

Літаратура

правіць