Бяларучы
Бяла́ручы[1] (трансліт.: Bialaručy, руск.: Беларучи) — вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Бяларуцкага сельсавета.
Вёска
Бяларучы
| ||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьЗнаходзіцца за 25 кіламетраў на паўднёвы захад ад Лагойска, 14 кіламетраў ад Мінска, на рацэ Вяча (прыток ракі Свіслач).
Гісторыя
правіцьУ 1551 і ў 1567 годзе маёнтак Бяларуч згадваецца ў попісе войска Вялікага Княства Літоўскага, у Менскім павеце Менскага ваяводства. У 1582 годзе двор Бяларуцкі, уласнасць Каленіцкай-Тышкевіч, князёўны Б. В. Саламярэцкай. Тут была пабудавана драўляная праваслаўная Успенская царква. У 1630 годзе фальварак ва ўладанні шляхціца Х. Кірсуны.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе ўласнасць мінскага крайчага Франца Аборскага, працаваў вадзяны млын. Пры маёнтку існавала драўляная ўніяцкая Успенская царква.
У 1870 годзе вёска, цэнтр Бяларуцкай воласці ў Мінскім павеце і губерні, 50 рэвізскіх душ мужчынскага полу, прыватная ўласнасць памешчыцы Лапушынскай. Тут размяшчаліся валасное праўленне, царкоўна-прыходская школа, Успенская праваслаўная царква, дробная крама. У 1870 годзе адкрыта Бяларуцкае народнае вучылішча, у якім у 1892 годзе навучаліся 39 хлопчыкаў; яго скончыў Янка Купала (1898).
У пачатку ХХ стагоддзя Бяларучы — цэнтр сельскай грамады. У 1907 годзе дзейнічала аднакласнае народнае вучылішча, у 1909 годзе адкрыта 2-класнае, для якога пабудаваны ўласны будынак. З лютага да снежня 1918 года вёска акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, з жніўня 1919 да ліпеня 1920 года — войскамі Польшчы.
З 1919 года ў БССР. У мястэчку адкрыта 7-гадовая школа, якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак. У 1924 годзе ў ёй было 568 вучняў. З 20 жніўня 1924 года вёска, цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 18 студзеня 1931 года Лагойскага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці. У 1930 годзе створаны калгас «Іскра», працавалі кузня, вадзяны млын.
З пачатку ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года вёска акупіравана нацыстамі. У ліпені 1942 года гітлераўцы спалілі вёску (69 двароў), загубілі 13 жыхароў, 24 вывезлі ў Германію. 19 вяскоўцаў загінулі на фронце, 4 — у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі 2 савецкія воіны. Пасля вайны адноўлена.
Праваслаўны храм быў закрыты ў 1920-х гадах пад склад, потым — клуб, у пачатку вайны згарэў. У 2001 годзе пачата будаўніцтва мураванага храма, асвечана царква ў 2010 годзе.
Насельніцтва
правіць- 1800 — 14 двароў, 153 жыхары.
- 1861 — 15 двароў, 139 жыхароў.
- 1886 — 15 двароў, 140 жыхароў.
- 1897 — 34 двары, 186 жыхароў (у мястэчку); 34 жыхары (у маёнтку).
- 1917 — 62 двары, 332 жыхары (у мястэчку); 1 двор, 47 жыхароў (у маёнтку).
- 1941 — 69 двароў, 353 жыхары.
- 1969 — 54 двары, 196 жыхароў.
- 2003 — 39 гаспадарак, 78 жыхароў.
- 2010 — 39 гаспадарак, 87 жыхароў.
Інфраструктура
правіцьУ вёсцы размешчаны Дом культуры, бібліятэка, базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.
Славутасці
правіць- Свята-Успенская царква
- На будынку базавай школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Янкі Купалы.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Літаратура
правіць- Бяларучы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 395. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бяларучы