Дзень Волі

Нацыянальнае свята Беларусі, угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці — беларускае свята, гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года прынята Трэцяя Устаўная грамата). У Рэспубліцы Беларусь святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Дзень Волі
Дзень Волі
Тып неафіцыйнае свята (Беларусь і беларуская дыяспара)
Дата 25 сакавіка
Святкаванне мітынгі і шэсці
Звязана з Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі
 
Паштоўка БНР

Першая афіцыйная назва свята — Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі[1]. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі», якая пачынаецца словамі: Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі <…> Тры гады таму … Беларуская Дзяржаўная Рада … абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай ад нікога незалежнай. <…> Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю[2]. Гэтая назва таксама зазначаецца ў «Адозьве Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў» ад 25 сакавіка: …вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі[3].

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе[1].

Гісторыя

правіць

25 сакавіка 1918 года ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда) прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 года)[4]. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў[4][5].

Святкаванне

правіць
 
Святкаванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Віленскай беларускай гімназіі, 1935 г.

Упершыню ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Гродне[6]. Другое адзначэнне прыпала на польскую акупацыю. У Менску ў будынках беларускіх арганізацый прайшлі культурныя мерапрыемствы, вучні беларускіх школ і прытулкаў наведалі каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы. У Юбілейным доме ў Менску адбыўся Урачысты Сход Нацыянальнага Камітэта. Таксама святкаванне прайшло ў Гродне ў будынку Беларускай хаткі[6].

З 1921 года цэнтрам святкавання Дня Незалежнасці становіцца Вільня ў падуладнай Польшчы Заходняй Беларусі, арганізацыяй займаўся Беларускі нацыянальны камітэт. 29 сакавіка 1921 года ў віленскім Браніфратэрскім касцёле Адам Станкевіч правёў урачыстую імшу, якую завяршыў казаннем на беларускай мове. Святая імша стала трывалай традыцыяй святкавання 25 сакавіка ў Вільні, пазней набажэнства праводзілася ў касцёле Святога Мікалая. Апошняе агульнае святкаванне віленскіх беларусаў прайшло ў 1925 годзе, якое таксама было сумешчана з юбілеем выдавецкай дзейнасці Францішка Скарыны. У святкаванні заўсёды актыўна ўдзельнічалі вучні Віленскай беларускай гімназіі і беларускія студэнты ўніверсітэта Стэфана Баторыя[6].

 
Дзень Волі-2007 у Мінску

У кастрычніку 1925 года на Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне частка міністраў БНР перадала свае мандаты ўраду БССР. Сярод беларускага руху Заходняй Беларусі пашырылася думка, што ідэя БНР вычарпаная, а Заходняя Беларусь мусіць стаць часткай Савецкай Беларусі. Найбольш да гэтага схіляліся дзеячы Беларускай сялянска-работніцкай грамады. На пасяджэнні віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта ў пачатку сакавіка 1926 года было вырашана адмовіцца ад шырокага святкавання гадавіны незалежнасці. Адгэтуль арганізацыяй святкаванняў Дня Незалежнасці сталі займацца прадстаўнікі БХД, якія не пагадзіліся з беларускімі сацыялістамі. 25 сакавіка 1926 года прайшлі святочныя набажэнствы ў касцёле Святога Мікалая і ў Пятніцкай царкве[6]. У сярэдзіне 1930-х геаграфія святкаванняў выйшла за межы Вільні, найперш у асяродкі, што знаходзіліся пад уплывам БХД. Святкаванні праходзілі ў Ашмянах, Жодзішках, Смаргоні, вёсцы Шутавічы і іншых месцах[6]. Урачыстасці ў Вільні адбываліся да Другой сусветнай вайны, але апошнія гады яны праходзілі з моцнымі перашкодамі з боку польскіх уладаў[6].

 
Праспект Незалежнасці ў Мінску, перакрыты АМАП, 25 сакавіка 2017

У часы Другой сусветнай вайны пад нямецкай акупацыяй працягнулася традыцыя святкавання гадавінаў 25 сакавіка. У 1942 годзе генеральны сакратар акругі Беларусь Вільгельм Кубэ даў дазвол на правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне абвяшчэння БНР[7]. У 1944 годзе святкаванні прайшлі па ўсёй Беларусі, адбылася ўрачыстая прысяга жаўнераў Беларускай краёвай абароны[8]. У выніку пасляваеннай эміграцыі ў ЗША сфармаваліся вялікія беларускія асяродкі, якія працягнулі традыцыю святкавання Дня Незалежнасці. Намаганнямі беларускіх арганізацый i грамадзян у ЗША пасля Другой сусветнай вайны сенатары, губернатары і мэры адпаведных адміністрацыйных адзінак неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў шэрагу штатаў і гарадоў. Неаднаразова праца Сената і Кангрэса ЗША пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім святаром[9][10]. У 1957 годзе мэр Нью-Ёрка Роберт Ф. Вагнэр малодшы  (англ.) абвясціў 25 сакавіка Днём Незалежнасці Беларусі ў Нью-Ёрку і запрасіў жыхароў горада «далучыцца да грамадзян беларускага паходжання ў малітвах за мір, свабоду і справядлівасць у свеце»[11]. У 1966 годзе распараджэннем мэра Чыкага Рычарда Дж. Дэйлі  (англ.) 25 сакавіка адзначалася як Дзень Незалежнасці Беларусі[12]. Афіцыйна віншаванні беларусам з нагоды Дня Незалежнасці выказвалі прэзідэнты ЗША: Дуайт Эйзенхаўэр[13], Рональд Рэйган[14], Джордж Буш (старэйшы)[15], Біл Клінтан[16]. У 1995 годзе мэр Нью-Ёрка Рудольф Джуліяні абвясціў нядзелю 26 сакавіка Днём Беларускай Незалежнасці[17].

 
Дзень Волі-2018 у Баранавічах
 
Дзень Волі-2018 у Каложскім парку, Гродна

У некаторых гарадах з актыўнымі беларускімі асяродкамі 25 сакавіка на адміністрацыйных будынках вывешваліся бела-чырвона-белыя сцягі. Рэгулярна ўздымаўся бела-чырвона-белы сцяг на будынку гарадской ратушы ў Брэдфардзе (Англія, Вялікабрытанія)[18], на будынку ратушы горада Ошава (Канада)[19]. Да сёння ў Дзень Волі вывешваецца бела-чырвона-белы сцяг на будынку гістарычнага музея ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі, ЗША)[20].

Публічныя святкаванні ў Беларусі аднавіліся ў 1989 годзе, з перформанса мастака Алеся Пушкіна ў Мінску[21]. З гэтага часу ў Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка. У 1990 годзе на мітынгу ў Мінску сабралася некалькі соцень чалавек. У 1993 годзе святкаванні праходзілі па ўсёй краіне, у будынку дзяржаўнай філармоніі ва ўрачыстасцях удзельнічаў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і тагачасны старшыня Рады БНР Язэп Сажыч[22].

У 1996 годзе святкаванні супалі з падзеямі Мінскай вясны. Тады на мітынг, які праходзіў на Траецкай Гары, прыйшло каля 50 тыс. чалавек, гэта была самая масавая акцыя на Дзень Волі. Адбыліся сутычкі са спецназам і масавыя затрыманні[22]. З 1999 года пачаліся затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні ўдзельнікаў за бела-чырвона-белыя сцягі як «незарэгістраваную сімволіку». Адгэтуль затрыманні і разгоны на Дзень Волі ў Беларусі сталі рэгулярнымі[22]. У 2000 годзе на акцыю ў Мінску прыйшло каля 10 тыс. чалавек, беларускія ўлады выставілі ў горадзе вялікую колькасць вайсковай тэхнікі, каля 200 чалавек былі затрыманыя[22]. 25 сакавіка 2005 года да Дня Волі была прымеркаваная акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, арганізаваная Андрэем Клімавым. Акцыя была разагнаная, дзясяткі людзей затрыманыя, Андрэй Клімаў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі»[22]. У 2006 годзе на Дзень Волі ў Мінску адбылася акцыя пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, у выніку супрацьстаяння з міліцыяй былі затрыманыя дзясяткі чалавек, Аляксандр Казулін як арганізатар акцыі асуджаны да турэмнага зняволення[22]. У 2017 годзе Дзень Волі супаў з пратэстамі супраць Дэкрэта № 3, акцыі прайшлі ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне[23]. У Мінску на вуліцы была выведзеная вайсковая тэхніка, адбыліся масавыя затрыманні і збіццё мірных удзельнікаў.

 
Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

У 2018 годзе ў рамках 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкаванні прайшлі па ўсёй краіне. Святочныя вулічныя канцэрты і мітынгі прайшлі ў Баранавічах (Малады парк)[24], Брэсце (Плошча Свабоды)[25], Гродне (Каложскі парк)[26]. Канцэрты прайшлі ў Гомелі (арт-прастора Каўчэг), Слуцку (Гарадскі Дом культуры)[27], Лідзе (Лідскі гісторыка-мастацкі музей)[28], Пружанах (Палац культуры)[29]. Пікет і мітынг адбыліся ў Кобрыне (плошча перад Палацам культуры)[30] і Салігорску (стадыён Будаўнік)[31]. Беларускім цэнтрам святкавання стала Траецкая Гара ў Мінску перад Оперным тэатрам, на якой прайшлі канцэрт і мітынг. У Беластоку ў царкве Святога Яна Тэолага прайшла святая літургія і малебен за беларускі народ, святочны канцэрт у Падляшскай оперы і філармоніі[32]. Святочныя шэсці прайшлі ў Варшаве (Польшча)[33], Вільнюсе (Літва)[34], Кіеве (Украіна), Любліне (Польшча)[35], Філадэльфіі (Пенсільванія, ЗША)[36].

 
Дзень Волі ў Каложскім парку Гродна, 2019

У 2019 годзе дазволеныя вулічныя канцэрты ў Беларусі прайшлі ў Гродне (субота 23 сакавіка, Каложскі парк)[37] і Мінску (нядзеля 24 сакавіка, Кіеўскі сквер)[38]. Адразу пасля выступу на сцэне ў Мінску быў затрыманы міліцыяй Зміцер Дашкевіч, а праз некаторы час затрыманы арганізатар святкавання Віталь Рымашэўскі[39]. Змітру Дашкевічу быў прысуджаны штраф 1147,5 беларускіх рублёў за заклік паставіць свечкі ў Курапатах[40]. 25 сакавіка ў Мінску планавалася некалькі несанкцыянаваных акцый. На Кастрычніцкай плошчы была затрыманая актывістка Алена Талстая, якая прыкавала сябе да слупа, таксама затрыманыя некалькі магчымых удзельнікаў і мінакоў. На пешаходнай Камсамольскай вуліцы былі затрыманыя музыкі Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі, якія планавалі зайграць у гонар свята[41]. А 21-й гадзіне 25 сакавіка ў розных гарадах Беларусі адбыўся флэшмоб па запуску феерверкаў[41].

У 2022 ў Дзень Волі годзе байцы батальёна імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу[42].

16 мая 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь абвясціў, што супраць удзельнікаў святкавання на эміграцыі Дня Волі 2024 года ўзбуджаныя крымінальныя справы па артыкулах аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і ўдзеле ў ім і аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. СК заявіў, што мае звесткі аб 104 асобах, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі ў розных гарадах замежжа, а таксама анансаваў ператрусы, арышты маёмасці і спецыяльную (завочную) вытворчасць у дачыненні да падазраваных[43].

У культуры

правіць

У 1920 годзе Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»[44]:

  Не свята светлае спраўляці
Сягоння будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год
 

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвечаныя вершы «На 25 сакавіка» (1932)[45] і «На дзень 25.III.1933»[46] (1933) Язэпа Германовіча (Вінцук Адважны), «25 сакавіка» (1935) Міхася Машары[47], вершы «Паслухай, што кажа курган» (1944), «25 сакавік» (1946) і «Былі героі» (1962) Алеся Змагара[48], «25 сакавік» (1950 г.) Наталлі Арсенневай[49]. Даце 25 сакавіка прысвяцілі свае вершы Народныя паэты Беларусі Рыгор Барадулін («25 сакавіка») [50] і Ніл Гілевіч[51].

Гл. таксама

правіць
  • 25 сакавіка (1936) — часопіс студэнцкай моладзі Універсітэта Стэфана Баторыя. Выдаваўся ў 1936—1939 гг. у Вільні на беларускай мове.

Зноскі

правіць
  1. а б Вінцук Вячорка. Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (26 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 20-11-2018. Праверана 20-11-2018.
  2. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі Т.1,кн.2 1998, с. 1059.
  3. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі Т.1,кн.2 1998, с. 1057—1058.
  4. а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 315
  5. Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 386.
  6. а б в г д е Вашкевіч А., Чарнякевіч А. 2008.
  7. Павел Бераснеў. Чаму Сталін не падпісаў дакумент аб стварэнні Беларускай арміі ў 1942 годзе?(недаступная спасылка). TUT.BY (24 снежня 2010). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2018. Праверана 26-11-2018.
  8. Уладзімір Скрабатун. Язэп Малецкі(недаступная спасылка). westki.info (29 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2018. Праверана 26-11-2018.
  9. Кіпель, С.242—245
  10. Віншаваньне з угодкамі БНР ад Кангрэсу ЗША 2.4.1978 (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (2 красавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  11. Мэр Нью-Ёрка абвесьціў 25 сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі ў сваім горадзе — 1957 г. (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (21 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  12. Сьвяткаваньне 25 сакавіка ў ЗША ў 1960-я (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (8 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  13. Віншаваньне з Днём Волі ад прэзыдэнта ЗША Дуайта Айзэнгаўэра — 1958 (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (15 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  14. Рональд Рэйган: «Божа, блаславі Беларусь» — віншаваньне з Днём Волі, 1988 г. (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (24 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  15. Віншаваньне з Днём Волі ад прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша (старэйшага) — 1989 (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (24 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  16. Віншаваньне з Днём Волі ад Прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана — 1995 г. (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  17. Дзень Беларускай Незалежнасьці — афіцыйная прякламацыя мэра Нью-Ёрка, 1995 г. (бел. (тар.)). Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (18 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2018. Праверана 27-11-2018.
  18. Наталля Гардзіенка. Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 5 жніўня. Мацей Райцэўскі. hardzin.livejournal.com (5 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  19. Наталля Гардзіенка. Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 16 верасня. Беларусы Ашавы. hardzin.livejournal.com (16 верасня 2012). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  20. Бел-чырвона-белы сцяг залунаў і ў ЗША: у Саўт-Рыверы ўрачыста адзначылі Дзень Волі — фотафакт. Наша Ніва/images.google.by (24 сакавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  21. Арцём Мартыновіч. Сапраўдны Дзень волі – калі Пушкін на асле, а кіраўнік краіны на мітынгу. Еўрапейскае радыё для Беларусі (24 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  22. а б в г д е Ганна Соўсь. 15 фактаў пра Дзень Волі. Самыя прыкметныя і вызначальныя акцыі (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (23 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  23. Дзень Волі 2017: Мінск, Віцебск, Гродна, Гомель, Брэст — самыя яркія фота з усёй краіны(недаступная спасылка). horki.info (25 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2018. Праверана 5-12-2018.
  24. Дзень Волі ў Баранавічах. Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2018. Праверана 3-12-2018.
  25. Дзень Волі ў Брэсце праходзіць на плошчы Свабоды. Наша Ніва (25 сакавіка 2018).
  26. У Гродне адзначылі 100 гадоў БНР. volkovysk.by (25 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2018. Праверана 4-12-2018.
  27. Зінаіда Цімошак. Дзень Волі ў Слуцку: Канцэрт дазволілі, каб папаляваць на арганізатараў?. Новы Час (26 сакавіка 2018). Праверана 4-12-2018.
  28. Барыс Баль. Дзень Волі ў Лідзе(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2022. Праверана 4-12-2018.
  29. Свята 100-годдзя БНР у Пружанах удалося(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2022. Праверана 4-12-2018.
  30. Акцыя да стагоддзя БНР прайшла і ў Кобрыне. Наша Ніва (25 сакавіка 2018). Праверана 4-12-2018.
  31. Дзень Волі праходзіць на салігорскім стадыёне ВІДЭА. Наша Ніва (25 сакавіка 2018). Праверана 4-12-2018.
  32. Дзень Волі 2018 у Беластоку(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2022. Праверана 4-12-2018.
  33. Эдуард Жолуд. Дзень Волі ў Варшаве(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2021. Праверана 4-12-2018.
  34. Ольга Витебская. 24 марта в Вильнюсе уже начали отмечать День Воли. Как это было (руск.). Витебский Курьер (25 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2022. Праверана 4-12-2018.
  35. Studenci z Białorusi obchodzą dziś Dzień Niepodległości (польск.). lublin112.pl (25 сакавіка 2018). Праверана 4-12-2018.
  36. 100-летие Беларуской Народной Республики отпраздновали в Филадельфии (руск.)(недаступная спасылка). belphilly.org (26 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2018. Праверана 4-12-2018.
  37. Дзень Волі ў Гародні(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2022. Праверана 27-03-2019.
  38. Дзень Волі ў Менску(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2022. Праверана 27-03-2019.
  39. Затрымалі і адпусьцілі аднаго з арганізатараў Дня Волі. Рымашэўскага забралі, бо пытаў, за што забралі Дашкевіча (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (24 сакавіка 2019). Праверана 27-03-2019.
  40. Дашкевіча пакаралі штрафам за заклік паставіць знічы ў Курапатах. Белсат (26 сакавіка 2019). Праверана 27-03-2019.
  41. а б Дзень Волі – 2019. Максымальна сьцісла (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (25 сакавіка 2019). Праверана 27-03-2019.
  42. Байцы батальёна Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу (ВІДЭА). Беларуская служба Польскага радыё (26 сакавіка 2023). Праверана 17 мая 2024.
  43. СК пагражае забраць кватэры ў 104 удзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой. Наша Ніва (16 мая 2024). Праверана 17 мая 2024.
  44. Сергей Трефилов. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали (руск.). kp.by (23 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2018. Праверана 5-12-2018.
  45. Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны; уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 592 с. — с. 20
  46. Беларуская крыніца — 1933. — № 13 Архівавана 1 кастрычніка 2017.
  47. Шлях моладзі. - 1935. - №3 (76). - с.1
  48. Алесь Змагар. Да згоды. Кліўлянд, Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
  49. Наталля Арсеннева. 25-ты сакавік. Наша Ніва. Архівавана з першакрыніцы 5-12-2018. Праверана 5-12-2018.
  50. Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка. Наша Ніва. Праверана 5-12-2018.
  51. Ніл Гілевіч: «І запануе воля»(недаступная спасылка). Саюз беларускіх пісьменнікаў. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2022. Праверана 15 студзеня 2022.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць