Алесь Пушкін

беларускі мастак, палітвязень (1965—2023)

Але́сь Пу́шкін (6 жніўня 1965, в. Бобр, Крупскі раён, Мінская вобласць — 11 ліпеня 2023, Гродна, Турма № 1) — беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер, акцыяніст, арт-куратар, рэстаўратар, палітвязень. Загінуў у зняволенні.

Алесь Пушкін
Фатаграфія
Алесь Пушкін, 2009 г.
Імя пры нараджэнні Аляксандр Мікалаевіч Пушкін
Дата нараджэння 6 жніўня 1965(1965-08-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 ліпеня 2023(2023-07-11)[1] (57 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, перформер, захавальнік твораў мастацтва, арт-куратар, сцэнограф
Жанр партрэтны жывапіс[d], перформанс[d] і дэкаратыўная размалёўка
Вучоба
Член у
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Раннія гады

правіць

Нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці. Бацька — Мікалай Іванавіч Пушкін. Маці — Ганна Іпалітаўна Пушкіна (дзявочае проз­вішча — Сільмановіч). Прыкладна з шасці гадоў пачаў маляваць. Вучыўся ў мясцовай школе.

У 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў Пятра Шарыпы да 1983 года, затым паступіў на курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Паводле поглядаў пацыфіст. У 1984 годзе прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік на беларускай мове, апісваючы праўду, пакуль яго не прачытаў і не выдаў саслужбовец-беларус. Дзённік Пушкіна быў прызнаны антысавецкім. У 1986 годзе дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.

Грамадская дзейнасць

правіць

Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху беларускага нацыянальнага адраджэння. Гэта быў час узнікнення ў Беларусі такіх моладзевых гісторыка-культурных арганізацый, як «Талака», якая займалася рэстаўрацыяй помнікаў, асветніцкай дзейнасцю, якая тычыцца адраджэння беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі. У 1988 годзе, на 4-м курсе інстытута, Алесь Пушкін арганізаваў першы гурток Беларускага Народнага Фронту.

У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху. У прыватнасці, браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінання продкаў «Дзяды» ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года, з-за чаго 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прыгавор быў зменены[2]. 25 сакавіка 1989 года, падчас святкавання 71-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Алесь Пушкін ажыццявіў першы ў Беларусі маніфест сац-арту: напісаныя ім 12 плакатаў, супярэчных дзяржаўнай ідэалогіі, планавалася пранесці па галоўным праспекце Мінска да плошчы перад Домам урада. На адным з плакатаў быў намаляваны дзяржаўны сцяг БССР узору 1951 года і надпіс «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Калоне ўдалося прайсці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку астатніх 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам[3].

Перыяд незалежнасці Беларусі

правіць
 
Алесь Пушкін (справа) у час святкавання Купалля, 2008 г. Злева скульптар Гэнік Лойка

Па заканчэнні інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў віцебскім мастацкім камбінаце. Займаўся творчасцю, займеў уласную майстэрню, у 1993 годзе адкрыў прыватную галерэю «У Пушкіна». Займаўся рэстаўрацыяй і роспісам храмаў. З 1997 года жыў на радзіме ў вёсцы Бобр. Уваходзіў у партыю БНФ (1998—2005).

У 1999 годзе Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прыкаціў да пад’езду прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінска пафарбаваную ў чырвоны колер тачку гною, на якім ляжалі дэнамінаваныя беларускія грошы і шыльда з падзякай Лукашэнку за працу. Быў адразу затрыманы, не назваў сваё імя, прадставіўся «чалавекам з народу», але праз некалькі гадзін супрацоўнікі міліцыі самі апазналі яго. Пушкіна выпусцілі з аддзялення міліцыі пад падпіску аб нявыездзе[4].

Штогод арганізоўваў святкаванне Купалля ў гарадскім пасёлку Бобр у ноч з 6 на 7 ліпеня[5]. Там жа праводзіў штогадовыя акцыі 25 сакавіка ў дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сябра Беларускага саюза мастакоў.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Алеся Пушкіна на 3 дні змясцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Беларусі Сцяпана Сухарэнку — нібыта пра гэта данеслі невядомыя «рыбакі». Алеся аштрафавалі і адпусцілі. У тым жа годзе яго спрабавалі асудзіць па абвінавачванні ў абліванні чорнай фарбай помніка «смершаўцу», Герою Савецкага Саюза Васілю Чабатарову. Але справа была адпраўленая на дадатковае расследаванне і закрытая.

9 снежня 2010 года, за 10 дзён да разгону акцыі пратэсту ў Мінску, Пушкін быў затрыманы ў сябе дома і абвінавачаны ў хуліганстве. Пад вартай у Крупскім СІЗА абвясціў галадоўку і «маўчанку». Затрыманне аказалася прэвентыўным. Каб палітычна актыўны мастак не арганізаваў акцыю пратэсту, яму далі 13 сутак і пасля іх вызвалілі. У 2019 годзе Суд Крупскага раёна прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым у правядзенні несанкцыяванай акцыі 6 чэрвеня на ганку крамы «Еўраопт». Сам мастак назваў свае дзеянні мастацкім перформансам. Суддзя аштрафаваў яго за несанкцыянаваную акцыю і за шкоду міліцыянеру[6].

Пераслед 2021 года. Гібель

правіць

Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 26 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Пушкіна праз тое, што на выстаўцы ў гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця» дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. Пракуроры ўбачылі ў гэтым «рэабілітацыю нацызму». Пушкін даведаўся пра крымінальную справу, але не адмяніў вылет з Украіны, дзе ў яго была выстаўка, і вечарам таго ж дня вярнуўся ў Беларусь. Уначы спецслужбы правялі вобшук у яго майстэрні. 29 сакавіка Пушкін быў звольнены з «Белрэстаўрацыі», дзе на той час працаваў[7]. На наступны дзень ён быў затрыманы і зняволены[8]. Пазней стала вядома, што ініцыятарамі крымінальнай справы супраць Пушкіна былі прарасійскія актывісты рэжыму Лукашэнкі і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк[9].

6 красавіка 2021 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным[10]. 30 красавіка 2021 года шэфства над палітвязнем узяла Каміла Хансен, дэпутатка Рыксдага[11][12].

У часе суда 10 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін лёг на лаўку і адмовіўся з яе ўставаць, суд зрабілі закрытым. 25 сакавіка на пасяджэнні суда ён у знак пратэсту парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле артыкулаў 130 часткі 3 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асоб) і 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў)[13]. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядала суддзя Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне па справе Пушкіна падтрымаў пракурор Аляксандр Кароль[14]. У часе абвяшчэння прысуду Алесь гучна гаварыў і распрануўся, каб былі бачныя парэзы на жываце ў выглядзе крыжа. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар[15].

15 красавіка 2022 года Алесь Пушкін быў этапаваны з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 22 (Воўчыя Норы, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць). У жніўні 2022 года стала вядома, што Пушкін змешчаны на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. 11 лістапада 2022 года паводле рашэння суддзі Аляксандра Кірыловіча было пастаноўлена перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года, ён быў этапаваны ў турму № 1 (Гродна)[15]. Рада Беларускага саюза мастакоў выключыла Алеся Пушкіна з шэрагаў арганізацыі незадоўга да яго смерці[16].

11 ліпеня 2023 жонка Пушкіна паведаміла аб смерці мужа ў гродзенскім шпіталі, куды ён быў прывезены ў непрытомным стане пад канвоем з турмы[17]. Пазней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна развіўся перытаніт, перад смерцю быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначаюць, што смерць наступіла праз неаказанне медыцынскай дапамогі ў турме, шанцаў на выжыванне ў шпіталі ўжо амаль не было[18].

Пахаваны 13 ліпеня ў родным гарадскім пасёлку Бобр, перад гэтым адбылося адпяванне ў Свята-Мікалаеўскай царкве[19].

Сям’я

правіць

Жонка — Яніна Аляксандраўна. Двое дзяцей — Марыля і Мікола. Было дзве пазашлюбныя дачкі — Ганна і Дар’я.[20] Станам на 2020 год Алесь Пушкін жыў у вёсцы Бобр разам з жонкай.

Творчасць

правіць

Віцебскі перыяд

правіць

Па заканчэнні інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў віцебскім мастацкім камбінаце. З часам, знайшоўшы памяшканне пад уласную майстэрню, заняўся падрыхтоўкай выставы «Соц-арт. Дэкларатыўнае мастацтва». Выставе папярэднічалі перформансы «7 лістапада», «Віцебск за кратамі», «Вясна», «Вольнасць», «Каханне». Чарговы маніфест сац-арту быў прадэклараваным 25 сакавіка 1991 года, у Дзень Волі, калі Алесь Пушкін здзейсніў наступны перформанс: праехаў па Віцебску пад гукі духавога аркестра на асле, з голубам у руках. Далей голуб быў выпушчаны са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!».

 
Алесь Пушкін у майстэрні, Бобр.

23 сакавіка 1993 года ў Віцебску мастак адкрыў адну з першых у Беларусі прыватных некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва «У Пушкіна», якая праіснавала да 1997 года. Галерэя займала плошчу каля 50 метраў і размяшчалася недалёка ад музея Марка Шагала. Пасля закрыцця галерэі ў 1997 годзе выехаў разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр.

Таксама Алесь Пушкін афармляў сцэну і быў аўтарам эскізаў касцюмаў да 7 Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, які праходзіў у Віцебску ў 1994 годзе. Займаўся сцэнаграфіяй у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Аформіў такія спектаклі, як «Кароль Лір» Уільяма Шэкспіра (рэжысёр Валерый Маслюк, 1993—1994), «Фрокен Юлія» Юхана Аўгуста Стрындберга (рэжысёр А. Грышкевіч, 1997) і «Палкоўніку ніхто не піша» Габрыэля Гарсія Маркеса (2001).

Роспіс храмаў

правіць

Паралельна дзейнасці ў Віцебску рабіў рэстаўрацыю і абнаўленне храмавых роспісаў у магілёўскім касцёле Святога Станіслава, але гэтыя работы вяліся з грубымі парушэннямі і прывялі да непапраўных страт . Там ім былі напісаны аўтарскія фрэскі: «Святая Цэцылія, патронка Музыкі і Спеваў», «Святы Арханёл Міхаіл, заступнік зямлі Беларускай», «Святы Антоній Падуанскі», «Святы апостал Іўда-Тадэвуш», «Глорыя Кардыналу Казіміру Свёнтаку», дзе ўпершыню на Беларусі былі напісаныя выявы беларускага кардынала, з яго блаславення, і Папы Рымскага Яна Паўла ІІ[21]. Героямі роспісу выступалі многія вядомыя беларускія палітычныя і царкоўныя дзеячы, у тым ліку Зянон Пазняк. Некаторыя фрэскі былі выдаленыя па палітычных матывах.

У 1996 годзе зрабіў манументальныя роспісы сцен праваслаўнай царквы ў роднай вёсцы Бобр, адноўленай пасля разбурэння ў 1936 годзе. У гэтай царкве ў жніўні 1997 года Алесь Пушкін вянчаўся са сваёй жонкай Янінай. Тэматыка роспісу ў эпізодзе Суднага дня зноў мела палітычную афарбоўку. Па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую — грэшнікі. Анёл трубіў у горн. Асобы грэшнікаў мелі падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам і Мітрапалітам Філарэтам. Пасля таго, як фрэску паказалі ў тэлепраграме РТР «Весткі тыдня» ў 2005 годзе, царкоўныя ўлады накіравалі ў Бобр протаіерэя Мінскай епархіі Мікалая Коржыча, пад наглядам якога скандальная частка роспісу сцены была замазана. Гэта драўляная царква, пасля асвячэння яе патрыярхам Філарэтам, згарэла. Адбылося гэта 17 лютага 2011 года. Царква адноўленая з цэглы.

У партфоліа Алеся Пушкіна таксама работы ў касцёле Панны Марыі ў Вішневе (Валожынскі раён), у касцёле архангела Міхаіла ў Міхалішках (Астравецкі раён), вітражы ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы горада Мінска.

У 1990 годзе распісваў фае Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка (дыпломная работа).

Аформіў кнігі паэзіі Міраславы Лукшы (Беласток, 1994), Людмілы Сіманёнак (Віцебск, 1997), Славаміра Адамовіча «Плавільшчыкі расы» (няздзейснена), А. Мельнікава «Выжывае падлейшы».

У дзяржаўнай арганізацыі «Белрэстаўрацыя» працаваў над роспісамі Бальнай залі палацу Пуслоўскіх у Косаве. Ягоная група мастакоў аднаўляла роспісы, зробленыя ў палацы напачатку XX стагоддзя Феліксам Журкам[22]. Працаваў над узнаўленнем палаца Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна[7].

Крытыка

правіць

З 1992 года ў складзе Беларускай каталіцкай майстэрняй мастацтваў Беларускай каталіцкай грамады (БКММ БКГ) у групе рэстаўратараў удзельнічаў у рэстаўрацыі і рэканструкцыі насценнага жывапісу Сабора Святога Станіслава ў Магілёве. Паводле архітэктара-рэстаўратара і сябра ICCROM Вадзіма Глінніка, тагачаснага навуковага кіраўніка на аб’екце, гэтыя работы нанеслі непапраўныя страты жывапісу. Паводле яго, сценапіс XIX стагоддзя быў страчаны незваротна без папярэдняй фіксацыі, часткова зроблена імітацыя роспісу XVIII ст. і г.д. У выпуску «Нашай Нівы» № 11 за 1994 год паведамляецца пра «аднаго віцебскага мастака» (відаць, маецца на ўвазе Пушкін), які ў нумары № 43 газеты «Аргументы і факты» прызнаўся, што ён адзін з 1992 года «адрэстаўраваў каля 2500 квадратных метраў старога жывапісу». Такія тэмпы расчыстак не адпавядаюць рэстаўрацыйным стандартам і вядуць да непазбежных страт. У кастрычніку 1993 года праз дзейнасць БКГ і немагчымасць выконваць свае законныя абавязкі навуковы кіраўнік адмовіўся весці аўтарскі нагляд за ходам рэстаўрацыйных работ[23]. Пры гэтым старшыня Беларускай каталіцкай грамады і мастак Фелікс Янушкевіч не пагадзіўся з крытыкай, адзначыўшы што была праведзена прафесійная праца, у ходзе якой адкрытыя больш за 70 кампазіцый унікальнага насценнага жывапісу[23].

Незалежнымі СМІ Алесь Пушкін падаецца як «рэдкі ў Беларусі сертыфікаваны спецыяліст з рэстаўрацыі»[24].

Погляды

правіць

У 1980-я гады прытрымліваўся антысеміцкіх («антыжыдоўскіх») поглядаў. У 1989 годзе ў перформансе на Дзень Волі заяўляў «Мару пра Беларусь без жыдоў і камуністаў»[3][25], што было рэзка негатыўна ўспрынята значнай часткай яўрэяў Беларусі[26]. Пазней мастак казаў, што марыць пра Беларусь з жыдамі і камуністамі[25]. «Аказалася, ні жыды, ні камуністы не вінаватыя ў нашых бедах, хутчэй за ўсё — мы самі».[27]

Неўзабаве, у чэрвені 1989 года ахвяраваў свае работы першаму з’езду БНФ, які праходзіў ў Вільні, творы ўрачыста паказаны ў вестыбюлі. Якаў Гутман, тагачасны член праўлення Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры, успамінаў як на гэта адрэагаваў ён і іншыя госці з’езда яўрэйскага паходжання[28]:

  У фае віселі карціны Пушкіна. Мы – Юра Хашчавацкі, Май Данцыг, я, яшчэ нехта – напісалі ў прэзідыум з’езда, што карціны Пушкіна не могуць быць выстаўлены. Калі Пазняк паведамляў пра наш зварот, ён сказаў нешта накшталт таго, што паступіла цыдула пра Пушкіна, але не варта займацца гэтым пытаннем. Я адразу сказаў, што трэба сыходзіць са з’езда. Юра сказаў, што Пазняк не разумее, што робіць, і пайшоў з ім дамаўляцца. Калі вярнуўся, то сказаў прыблізна наступнае: «У Пазняка алавяныя вочы, ён не разумее, што ён робіць». Яны кепска пачыналі і кепска скончылі… Нябожчык Аркадзь Рудэрман папрасіў нас прайсці так, каб было відаць спіны, і мы сышлі.  

Выстаўкі

правіць
 
Алесь Пушкін і Рыгор Сітніца на адкрыцці выстаўкі «Арт-Орша. Рубон» у мінскім Палацы мастацтваў, 2014 г.

Удзельнічаў у міжнародных выстаўках (Расія, Германія і інш.), шматлікіх перфомансах.

Працы захоўваюцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, Гістарычна-архітэктурным музеі Полацка, гарадскіх музеях Оршы, у прыватных зборах у Беларусі і за мяжой.

25 сакавіка 1991 года адбылася першая персанальная выстаўка артэфактаў дэкаратыўнага мастацтва (сац-арту) у Віцебску.

25 сакавіка 1992 года ў Мінску, у Доме літаратара адбылася другая персанальная выстаўка. 4—23 кастрычніка 1992 года адбылася персанальная выстаўка ў Магілёве.

26 жніўня 2016 года ў Познані ладзілася выстаўка «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін»[29].

Узнагароды

правіць

Заўвагі

правіць
  1. а б https://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/7,114881,29961995,nie-zyje-bialoruski-wiezien-polityczny-zmarl-w-szpitalu-w.html Праверана 11 ліпеня 2023.
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 1. — Спр. 2327. — Арк. 22-23
  3. а б Александр Пушкин Досье. www.idiot.vitebsk.net. Праверана 31 жніўня 2023.
  4. Свабода, Радыё. Навіны 21 ліпеня 1999 г. . Радыё Свабода (15 студзеня 2013). Праверана 31 жніўня 2023.
  5. БАЛАЙ, Сергей. В погоне за венком: народное Купалье Алеся Пушкина. naviny.by (7 ліпеня 2016). Праверана 31 жніўня 2023.
  6. Грузьдзіловіч, Алег. Мастака Алеся Пушкіна аштрафавалі за акцыю каля «Эўраопту». Судзьдзя вяла працэс па-беларуску . Радыё Свабода (11 чэрвеня 2019). Праверана 31 жніўня 2023.
  7. а б Мастак Алесь Пушкін: Міністр замежных спраў Украіны ўгаворваў застацца, але я не з тых, хто бяжыць за мяжу . Наша Ніва. Праверана 31 жніўня 2023.
  8. Мастака Алеся Пушкіна пакінулі за кратамі. Яму пагражае да 12 гадоў . Наша Ніва. Праверана 31 жніўня 2023.
  9. «Нябачныя» сведкі справы Алеся Пушкіна. Хто данёс на мастака. nashaniva.com (12 ліпеня 2023).
  10. Мастака Алеся Пушкіна прызналі палітвязнем . Польскае Радыё (6 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2021. Праверана 6 жніўня 2021.
  11. Members of Parliament from Sweden and Ireland take over godparenthood for Aliaksandr Tseleshman, Ales Pushkin and Artsiom Miadzvedski (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights  (ням.) (30 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2021. Праверана 14 верасня 2021.
  12. Dalunde, Jakop; Hansén, Camilla. Säg deras namn (шведск.). ETC  (ням.) (10 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2021. Праверана 14 верасня 2021.
  13. Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў турмы. 25 сакавіка на знак пратэсту ён парэзаў сабе жывот. svaboda.org (30 сакавіка 2022).
  14. Мастак Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі. Budzma.org (30 сакавіка 2022). Праверана 11 ліпеня 2023.
  15. а б Алесь Пушкін — Палітычныя вязні ў Беларусі. spring96.org.
  16. За некалькі тыдняў да смерці Алеся Пушкіна выключылі з Саюза мастакоў. nashaniva.com (13 ліпеня 2023).
  17. Радыё Свабода. У шпіталі памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін (11 ліпеня 2023).
  18. Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін. spring96.org (11 ліпеня 2023).
  19. У труну паклалі капялюш. У Бабры праходзіць развітанне з Алесем Пушкіным. nashaniva.com (13 ліпеня 2023).
  20. http://papa-news.ru/ales-pushkin-papa-moj-v-vojnu-sluzhil-v-policii/ Архівавана 5 жніўня 2021. Алесь Пушкин: «Папа мой в войну служил в полиции»
  21. Алесь Пушкін. Kamunikat.org
  22. Гурневіч, Дзьмітры. «Другі раз тачку гною не павёз бы». Мастак Пушкін пра заслугі Лукашэнкі, Бабарыку і нацыяналізацыю «Евы» . Радыё Свабода (19 чэрвеня 2020). Праверана 31 жніўня 2023.
  23. а б Магілёўскі нумар «НН» // Наша Ніва : газэта. — Менск: 1994. — № 11. — С. 10—11.
  24. Свабода, Радыё. Кім быў Алесь Пушкін, беларускі мастак, які памёр у зьняволеньні . Радыё Свабода (11 ліпеня 2023). Праверана 31 жніўня 2023.
  25. а б Алесь Пушкін: «Я мару пра Беларусь з жыдамі й камуністамі» . Наша Ніва. Праверана 31 жніўня 2023.
  26. ashustin. В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (75) (англ.) (28 мая 2018). Праверана 31 жніўня 2023.
  27. Алесь Пушкін: «Сымбаль Беларусi – жанчына з прыгожым станам i расхiнутымi ў любовi…»  (23 жніўня 2006). Праверана 31 жніўня 2023.
  28. Shustin, Aaron. Алесь Пушкин - Independent Israeli site / אתר ישראלי עצמאי / Независимый израильский сайт / Незалежны iзраiльскi сайт /Незалежний ізраїльський сайт (англ.) (28 мая 2018). Праверана 31 жніўня 2023.
  29. https://novychas.by/kultura/ales-puszkin-nam-patrebna-nezaleznasc Алесь Пушкін: Нам патрэбна незалежнасць
  30. Алесь Пушкин: акция «Подарок президенту „За пятилетний плодотворный труд!“», 1999 Архівавана 5 жніўня 2021.
  31. Навумчык, Сяргей. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100 . Радыё Свабода (27 сакавіка 2019). Праверана 31 жніўня 2023.
  32. Аб'яднаны пераходны кабінет пасмяротна ўзнагародзіў Алеся Пушкіна медалём «Гонар і годнасць» . Наша Ніва (13 ліпеня 2023). Праверана 13.07.2023.
  33. Алесь Пушкін — «Чалавек Cвабоды – 2023». Беларуская служба Радыё «Свабода» (12 снежня 2023). Праверана 15 снежня 2023.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць