Жыліцкая сядзіба — палацава-паркавы комплекс Булгакаў, помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Жылічах паблізу Добасны ў Кіраўскім раёне. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].

Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
53°09′20,76″ пн. ш. 29°41′21,4″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Жылічы
Архітэктурны стыль класіцызм
Архітэктар Клабукоўскі, К. Падчашынскі
Заснавальнік І. Булгак
Дата пабудовы 1830-я
Будынкі
палац • гаспадарчыя пабудовы • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000459шыфр 511Г000459
Стан рэстаўруецца
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Палац Булгакаў на малюнку Н. Орды, XIX ст.
 
Палац Булгакаў на малюнку Н. Орды, XIX ст.
 
Палацава-паркавы комплекс у другой палове XIX ст.

Рэзідэнцыя заможнага шляхціча, бабруйскага павятовага маршалка Ігнацыя Булгака (1798—1848), пабудавана ў 1830-я гады на яго заказ[2] па праекце архітэктара Караля Падчашынскага на беразе Добасны[1].

Палац будаваўся ў два прыёмы, спачатку ўзведзены галоўны П-падобны корпус, а ў 1864—1876 гадах прыбудавана доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі[2]. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла паўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца дабудавана ў 1914 годзе[1].

Першымі работамі з 1825 года кіраваў навучэнец Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3].

У 1848 годзе пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў яго малодшаму сыну Эдгару. Пры палац дабудаваны — два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканнямі. Будаўніцтвам, імаверна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4].

Апошні ўладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара — Эмануэль Булгак, памёр у міжваенны час у Польшчы. Пасля кастрычніцкага перавароту ў палацы размяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-я гады — заатэхнічны тэхнікум. Падчас 2-й сусветнай вайны разабрана паўднёвае крыло палаца, у якім размяшчалася аранжарэя[4]. Палац ператварылі ў шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдат[5].

Пасля 2-й сусветнай вайны ў палацы размяшчалася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля будаўніцтва для школы новага памяшкання, палац пачаў занепадаць. На першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 годзе архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі, які пазней рэалізаваны[6]. Станам на 2024 год тут размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа, арганізаваныя ў 1996 годзе[1].

Да цяперашняга часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся адпаведна прызначэнню, астатнія разбураліся[1].

Рэстаўрацыя комплексу была распачата ў 2009 годзе, планавалася завяршыць яе да 2015 года. У палацы мусяць размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка[7].

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, капітальныя выдаткі на захаванне якіх могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[8].

Архітэктура

правіць
 
Унутраны двор палаца ў час рэканструкцыі
 
Унутраны двор палаца ў час рэканструкцыі

Рэзідэнцыя — даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. Акрамя палаца з паркам, у склад уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы з рыбнай гаспадаркай. Таксама быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1].

 
Галоўны фасад палаца ў пач. XX ст.

Палац — у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі[1].

Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб’ёмам дамавой капліцы. Планіроўка змешаная, калідорна-анфіладная[1][2].

Інтэр’ер

правіць
 
Столь
 
Пазалочаныя капітэлі і барэльефы з антычнымі сцэнамі
 
Інтэр’ер залы палаца ў пач. XX ст.

Распрацоўку ўнутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутранае аздабленне насычана[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Кожны са 100 пакояў[3] дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй[1].

Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.

 
Фрагмент парку

Палац з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад[4] прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае р. Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне, астатняя частка — пейзажны характар, створаны ў 1830-я гады, з разнастайнасцю насаджэнняў, у тым ліку экзотаў (напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і іншыя)[1][3].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. а б в г д е ё ж Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349-350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  3. а б в г д е Жыліцкая сядзіба на сайце Radzima.org
  4. а б в Палацавая і сядзібна-паркавая архітэктура. Дваранскае памесце Жылічы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2015. Праверана 7 студзеня 2013.
  5. Дворец Булгака Архівавана 23 сакавіка 2008.
  6. Мастацтва (архітэктура, жывапіс, скульптура, графіка) ў Кіраўскім раёне(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2015. Праверана 7 студзеня 2013.
  7. Первая очередь реставрации Жиличского дворцово-паркового ансамбля открыта в Кировском районе
  8. Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць