Тадэвуш Раствароўскі
Тадэвуш Раствароўскі (польск.: Tadeusz Rostworowski, Tadeusz Maria Rostworowski, руск.: Тадеуш Ростворовский), 21 сакавіка 1860, в. Кавалеўшчызна , Царства Польскае, Расійская імперыя, цяпер Высокамазавецкі павет, Падляскае ваяводства — 23 жніўня 1928, Вільня, Польшча (Другая Рэч Паспалітая), — адзін з вядучых архітэктараў літоўска-беларускіх зямель канца XIX — пачатку XX ст., дызайнер, мастак.
Тадэвуш Раствароўскі | |
---|---|
Tadeusz Maria Rostworowski | |
![]() | |
Дата нараджэння | 21 сакавіка 1860[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 жніўня 1928[1] (68 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | Расійская імперыя |
Бацька | Раман Раствароўскі[d] |
Маці | Марыя з Глогераў[d] |
Дзеці | Андрэй Тадэвушавіч Раствароўскі[d] |
Альма-матар | |
Працы і дасягненні | |
Працаваў у гарадах | Вільня, Шчучын, Нароўля, вёска Рудакоў, маёнтак Добасна (Жылічы), маёнтак Ландвараў, маёнтак Лынтупы |
Архітэктурны стыль | неарэнесанс, неакласіцызм, неаготыка, неабарока, эклектыка |
![]() |
Паходжанне і сям'я
правіцьТадэвуш Раствароўскі паходзіў з польскага шляхецкага каталіцкага роду Раствароўскіх, прадстаўнікі якога валодалі маёнткам Кавалеўшчына (з фальваркамі Бажыска, Енькі і Ванева) каля Тыкоціна на Падляшшы (Царства Польскае).
Тадэвуш Раствароўскі нарадзіўся ў сям'і Рамана Раствароўскага (1826—1906) і Марыі (1834—1911) з роду Глогераў (была стрыечнай сястрой знанага этнографа Зыгмунта Глогера). Маці пасля шлюбу, які адбыўся 2 лютага 1854 г., у якасці пасагу для мужа атрымала маёнтак Даброхі, што знаходзіўся побач (каля Тыкоціна). Бацька Раман Раствароўскі з 1858 г. служыў міравым суддзём тыкоцінскай акругі, у 1877 г. прадаў маёнтак Кавалеўшчына, у 1877—1880 гг. працаваў аканомам маёнтка Рахманава пад Шумскам, у 1880—1886 гг. працаваў у бухгалтэрыі чыгункі ў Варшаве, а пазней пасяліўся ў Кракаве, дзе і памёр. Маці Марыя мела ад мужа Рамана 9 дзяцей, выхоўвала таксама 5 дзяцей свайго швагра Адама, у 1871—1873 гг. уласна кіравала маёнткам сям'і, пасля продажу маёнтка жыла ў Варшаве, дзе працавала рэпетытарам, памерла ў Кракаве.
У 1898 г. Тадэвуш Раствароўскі ажаніўся з Сафіяй Аляксандраўнай Аскеркай (1873—1953), дачкой Аляксандра Аскеркі (1830—1911), аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкага начальніка Вільні (1863), які з сям'ёй пасля вяртання з сібірскай ссылкі пражываў з 1884 г. у Вільні. Па прычыне блізкіх сваяцкіх сувязей Аляксандра Аскеркі з панамі Горватамі Тадэвуш Раствароўскі бываў у іх маёнтку Нароўля. З Горватамі завязаліся вельмі прыязныя адносіны, што нават сын Тадэвуша Раствароўскага Андрэй (1899—1980) і дачка Марыя-Роза (1903—1961) некалькі год выхоўваліся ў нараўлянскім палацы разам з маладымі Горватамі, пакуль Тадэвуш Раствароўскі займаўся прафесійнымі справамі ў Вільні і г.д. Пазней у сваіх мемуарах, успамінаючы гады свайго шчаслівага дзяцінства, Андрэй Раствароўскі нават напіша: «Нароўля! Ва ўспамінанні ўяўляецца найпрыгажэйшым і найлюбімейшым месцам на зямным шары»[2].
Адукацыя
правіцьЮнаком Тадэвуш Раствароўскі паступіў вучыцца ў школу ў Познані, а пасля ў 1870 г. скончыў гімназію ў Варшаве. Вучыўся з перапынкамі ў 1876—1885 гг. у Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу і ў 1885 г. атрымаў ступень архітэктара 2-га класа. Пасля паехаў атрымаць дадатковую адукацыю па кваліфікацыі за мяжу (Парыж, Рым, Мюнхен і інш.).
Творчасць
правіцьПасля атрымання адукацыі з 1890 г. стала асеў у Вільні, дзе заснаваў «Будаўнічае бюро Тадэвуша Раствароўскага і Казіміра Зімермана». Пасля сябе пакінуў значную архітэктурную спадчыну. Пачаў будаваць палацы, сядзібы, касцёлы, даходныя дамы, гатэлі, вілы, а з 1921 г. — чыгуначныя станцыі. Маляваў партрэты і акварэлі на міфалагічныя і алегарычныя тэмы.
Пабудаваў палацы (з чырвонай цэглы ў стылі англійскай готыкі) для графаў Путкамераў у Больцініках і паноў Ваньковічаў у Рудакове (Рэчыцкі павет Мінскай губерні). Спраектаваў планы касцёла ў Салечніках і касцёла ў маёнтку графаў Тышкевічаў Ландвараве. Пабудаваў у Вільні на Георгіеўскім праспекце гатэль «St. George » (у савецкі час «Vilnius», а цяпер «Grand Duke Palace»), уласнікам якога з’яўляўся. У 1894 г. прадаў свой гатэль «St. George» у Вільні таварыству, а сабе пакінуў асобныя рэпрэзентацыйныя апартаменты, у якіх у 1899 г. народзіцца яго сын Андрэй Раствароўскі.
У маёнтку Нароўля па замове ўладальнікаў (сваіх сяброў — паноў Горватаў) аздобіў плафоны залаў палаца Горватаў сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі. Такімі ж сцэнамі з міфалагічнымі сюжэтамі Тадэвуш Раствароўскі ўпрыгожыў і плафоны ў вядомым класіцыстычным палацы Булгакаў у маёнтку Добасна (Жылічы). Быў аўтарам праекта капліцы-пахавальні сям’і Скірмунтаў у Моладаве.
У 1891 годзе ўдзельнічаў у калектыўным праектаванні імператарскага паляўнічага палаца ў Белавежы (Расійская Імперыя). У 1899 г. разам з бельгійскім архітэктарам дэ Во (de Waegh) распрацаваў праект перабудовы ў неагатычным стылі палаца графа Уладзіслава Тышкевіча (1865—1936), сына Юзафа Тышкевіча і Сафіі Горват, у Ландварава каля Вільні. Па праектах Тадэвуша Раствароўскага быў перабудаваны палац князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, пабудаваны палац у Лынтупах для пана Юзафа Бішэўскага, дабудаваны сядзібна-паркавы ансамбль Ваўжэцкіх у Відзах Лаўчынскіх[3]. Пабудаваў дом Упраўлення Палескай чыгункі (1900—1903), шэраг даходных дамоў, прыватных дамоў (дом Яна Слізеня; дом[4] Ігната Корвін-Мілеўскага, вядомага мецэната і брата Іпаліта Корвін-Мілеўскага, дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай іперыі; і інш.) і віл (напрыклад, віла Яніны Вільчэўскай) на новых прэстыжных вуліцах Вільні, надаўшы новым раёнам горада модныя заходнееўрапейскія архітэктурныя формы (неарэнесанс, неакласіцызм, неаготыка, неабарока, эклектыка).
У часы міжваеннай Польшчы (1921—1939) спраектаваў будынак чыгуначнага вакзала ў Бялай-Падляскай.
Маёнтак
правіцьУ часы Расійскай Імперыі набыў маёнтак Лесна (каля Ляйпун ). Валодаў таксама ў Вільні даходнымі дамамі і фабрыкай алоўкаў «Фартуна».
Апошнія гады
правіцьПадтрымаў польскія войскі Юзафа Пілсудскага, якія змагаліся за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах да першага падзела (1772), для якіх спраектаваў выяву значка Літоўска-Беларускага Фронту (на чале з генераламі Станіславам Шаптыцкім і Люцыянам Жалігоўскім), які змагаўся за федэрацыйную канцэпцыю аднаўляемай Рэчы Паспалітай.
Пасля стварэння Другой Рэчы Паспалітай (1921—1939) стала пражываў у сваім доме (віле) на Мантвілаўскім завулку ў Вільні (цяпер вуліца Й. Савіцкё, забудова так званай «калоніі Монтвіла»).
Смерць і пахванне
правіцьПамёр нечакана ад інфаркту ў гатэлі ў Вільні і пахаваны на мясцовых могілках Роса.
Галерэя твораў
правіць-
Інтэр'ер залы палаца Булгакаў у Добасне (Жылічах)
-
Палац князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне
-
Палац Юзафа Бішэўскага ў Лынтупах
-
Паляўнічы палац расійскага імператара ў Белавежы
-
Гатэль «St. George» у Вільні (цяпер «Grand Duke Palace»)
-
Гатэль «St. George» у Вільні (цяпер «Grand Duke Palace»)
-
Гатэль «St. George» у Вільні (цяпер «Grand Duke Palace»)
-
Палац Яна Слізня ў Вільні
-
Дом Даёна ў Вільні
-
Дом Упраўлення Палескай чыгункі ў Вільні (цяпер дом акцыянернага таварыства «Літоўскія чыгункі»)
-
Даходны дом у Вільні (цяпер філіял Літоўскага дзяржаўнага яўрэйскага музея Віленскага Гаона)
-
Дом Ігната Корвін-Мілеўскага ў Вільні (цяпер будынак Саюза пісьменнікаў Літвы)
-
Дом Ігната Корвін-Мілеўскага ў Вільні (цяпер будынак Саюза пісьменнікаў Літвы)
-
Капліца-пахавальня сям'і Скірмунтаў у Моладаве, фота 1937 г.
-
Мураваны палац Ваньковічаў у Рудакове. Фота раней 1914 г.
Зноскі
Літаратура
правіць- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
- Stefański, K. Architektura XIX wieku na ziemiach polskich / K. Stefański. — Warszawa : DiG, 2005. — 256 s.
- Раствароўскі Андрэй. Зямля, якой ужо не ўбачыш // Ад Лідскіх муроў. Літаратурна-мастацкі зборнік. Ліда, 2012—2015. № 8. С. 354—393. Архівавана 31 ліпеня 2017. // на pawet.net