Рудакоў (Хойніцкі раён)

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Рудако́ў[1] (трансліт.: Rudakoŭ, руск.: Рудаков) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Стралічаўскага сельсавета.

Вёска
Рудакоў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1574 год
Насельніцтва
10 чалавек (2021)
Канфесійны склад
праваслаўныя, католікі
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247624
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254848111
Рудакоў на карце Беларусі ±
Рудакоў (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Рудакоў (Хойніцкі раён)
Рудакоў (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Рудакоў (Хойніцкі раён)

Вёска знаходзіцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галіне Васілевічы — Хойнікі ад лініі Гомель — Калінкавічы), за 115 км ад Гомеля.

Каля вёскі знаходзіцца радовішча жалязняку.

Гісторыя правіць

Карона Каралеўства Польскага правіць

 
Урывак з дзельчага ліста 1574 г. князёў-братоў А. і М. Вішнявецкіх.

Вёска Рудакоў вядомая з ліста 1574 года князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату. На той час гэта быў аднайменны востраў у Брагінскім маёнтку, які дастаўся князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму: «… Ку тому остров Рудаков с полями, чертежами, дубровами и сеножатми до границы от Высокого, взявши от сеножатей до могилок, до дороги Хвойницское, которая идеть до Остроглядович, до рубежов, которые есмо сами зарубали водле выязду нашого братэрского…»[2].

У часы Рэчы Паспалітай паселішча належала да Кіеўскага, з XVII стагоддзя да Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства Кароны Польскай, а уласнікамі яго былі тыя, хто валодаў Брагінскім ключом — малодшая галіна князёў Вішнявецкіх, Канецпольскія, застаўныя ўладальнікі Бандынэлі, князь Міхал Сервацы Вішнявецкі са старэйшай галіны роду, Замойскія, Ракіцкія.

14 верасня 1686 года ляснічы Лаўрын з Бабчына пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродскім судзе, што як з-за казакоў, так і з-за літоўкага войска, з вёскі Рудакоў адыйшлі 8 дымоў (×6 — прыкладна 48 жыхароў)[3]. У справе таго ж суда ад 28 чэрвеня 1687 года Рудакоў названы сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (з лістапада 1686 года) пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тады тут засталося 12 дымоў (каля 72 чалавек), а размясціліся на пастой 12 казакоў і 13 коней[4].

У акце ад 22 верасня 1715 года сказана, што губарэвіцкія сяляне пана маршалка мазырскага Антонія Аскеркі, узброеныя косамі, сякерамі і стрэльбамі, папалілі стагі сена, прыналежныя падданым пана войскага мельніцкага Аляксандра Антонія Бандынэлі, жыхарам вёсак Рудакоў, Бабчын і хутара Чахі. У выніку, убогія сяляне А. Бандынэлі, якія з-за адсутнасці сена не мелі чым карміць худобу зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца[5]. У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павета» 1734 года Рудакоў — у палове Брагінскіх добраў, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы А. Бандынэлі, які памёр у 1733 годзе. Вядома, што князь Міхал Сервацы Вішнявецкі менавіта ў тым жа 1733 годзе ці не ўлершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[6], а значыць надалей і вёска Рудакоў належала яму. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Рудакоў быў сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (відавочна, з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[7]. У самым пачатку 1749 года Брагінская фартуна дасталася дачцэ князя пані Эльжбэце Замойскай, а потым яе дачцэ Катарыне Мнішак (гл.: Брагін).

У 1754 годзе з 25 двароў (каля 150 жыхароў) вёскі Рудакоў Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 3 злотыя, 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 15 зл. і 16 гр.[8]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім. 26 студзеня і 7 мая 1775 года адпаведна ў Оўруцкі і Кіеўскі (у Жытоміры) гродскія суды ад імя сужэнства князёў Шуйскіх (Войцеха і Анелі), старостаў ніжынскіх, пададзеныя скаргі на сужэнства Ракіцкіх (Міхала і Марыю), палкоўнікаў пяцігорскіх, і рудакоўскага губернатара Адамовіча за ўчыненне розных крыўдаў падданым іх хойніцкім[9].

Паводле яўрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 гадоў у Рудакове жылі адпаведна 5, 5 і 3 чалавекі (głowy), якія належалі да Брагінскага кагала[10].

Расійская імперыя правіць

 
Двор і вёска Рудакоў на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рудакоў — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. У 1795 годзе фальварак Рудакоў з вёскай Мокіш былі ў заставе ў ротмістра Крэча, але належалі пану падстаросце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[12], які годам раней страціў жонку пані Ізабэлу[A][13], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. На 1796 год рыма-каталіцкім капелянам у Рудакове быў Томаш Чачот[14].

 
Сядзібны дом Аскеркаў у Рудакове. Першая палова XIX ст. Малюнак Ігнацыя Урублеўскага. 1891 г.

У шляхецкай рэвізіі 1811 года паведамляецца, што фальварак Рудакоў з вёскамі Рудакоў, Рудыя, Чахі, Варацец і іх 200 душамі прыгонных мужчынскага полу трымаў у шасцігадовай арэндзе ад дзедзічнага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[B], мінскага губернскага маршалка, пан Марцэлін Вешэнеўскі[15].

 
Тытульны аркуш Двух паланэзаў для фартэпіяна ў чатыры рукі кампазітара Юзафа Дашчынскага, прысвечанага пані Ядвізе з дому Гечэвічаў, Аскерчыне (Аскерка). 1832—1833 гг.

Як засведчыў Аляксандр Ельскі, у 1816 годзе ўладанне, паводле сямейнага пагаднення, было падзеленае наступным чынам: Уладзіслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, падкаморы рэчыцкі, атрымаў вёску Рудакоў з рэзідэнцыяй і вёскі Чахі, Рудыя, Варацец, а яго сястра Людвіка — фальваркі Мокіш і Бабчын з прылегласцямі[16]. У 1834 годзе гаспадыняй Рудакоўскіх добраў была ўдава Уладзіслава пані Ядвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай прыходскай царквы І. Нямшэвіч у метрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[17]. Тады, згодна з энцыклапедыяй «Гарады і вёскі Беларусі», у Рудакове было 46 двароў. 1 (13) лістапада 1844 года складзены інвентар, з якога вынікае, што Рудакоўскі маёнтак з фальваркамі Бабчын і Мокіш быў ўласнасцю непаўналетніх Генрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіўся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[18]. На 1850 год, паводле С. В. Марцэлева, у вёсцы Рудакоў налічвалася 235 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 231 жыхар вёскі Рудакоў абодвух полаў з’яўляўся прыхаджанінам Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы, 14 мужчын і 10 жанчын з вёскі і з фальварка былі парафіянамі Астраглядавіцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[19].

 
Станіслаў Костка Ваньковіч, муж Гелены Аскерчанкі. Фота з архіву Аляксандры Крыстыны Ваньковіч.

У парэформенны перыяд Рудакоў належаў да Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Да свайго спачыну ў 1866 годзе маёнткам валодаў Генрык Аскерка[C], а пасля яго дочкі Марыя і Гэлена. У 1875 годзе ў маёнтку Рудакоў была заснавана вінакурня (бровар)[20]. У 1876 годзе зямельныя ўгоддзі рудакоўскіх Аскеркаў складалі 7416 дзесяцін, працавалі два млыны. У 1884 годзе пані Гэлена Аскерчанка пабралася шлюбам са Станіславам Ваньковічам. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Рудакоў заставаўся ў прыходзе Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы[21]. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) належаў Гэлене, дачцэ Генрыка, Ваньковіч[22]. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Рудакоў было 66 двароў, 381 жыхар, школа граматы. У аднаіменным фальварку 6 двароў і 135 жыхароў, бровар. У 1903 годзе той бровар сіламі 8 рабочых вытвараў спірту на 35 200 рублёў у год, перарабляючы 120 000 пудоў бульбы і 4 200 пудоў жыта[20].

Нараўлянскі палац Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980), быў месцам, дзе неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) адбыўся перадвыбарчы з’езд каля 60 землеўласнікаў Рэчыцкага павета, для выбрання ўпаўнаважаных для выбараў у парламент Расійскай імперыі[23], таму жанчыны з нараўлянскага палаца выехалі на той час у маёнтак Вадовічы, а дзеці — у маёнтак Рудакоў[23].

У 1905—1906 гадах[24][D] Станіслаў Ваньковіч замест старога мураванага палаца (які палічыў занадта цесным) пабудаваў з чырвонай цэглы ў стылі неабарока новы мураваны палац у Рудакове, архітэктарам якога стаў вядомы Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928), які быў у сваяцкіх стасунках з Аскеркамі і сяброўскіх стасунках з суседзямі Аскеркаў — нараўлянскімі панамі Горватамі[25]. Ваньковіч таксама запланаваў стварыць каля новага палаца і шыкоўны пейзажны парк, але адклаў намер на пазнейшыя гады і карыстаўся маляўнічым садам, які быў створаны пры папярэднім палацы і разам з прыпалацавым гародам займаў плошчу ў 4 га[26].

 
Палац Ваньковічаў у Рудакове. Архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Здымак каля 1914 г.
 
Палац Ваньковічаў у Рудакове, 1914 г.

На 1909 год у вёсцы 87 двароў, 484 жыхары, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў[27]. У тым самым 1909 годзе ў двары Рудакоў адбылося гучнае ва ўсім літоўска-беларускім краі «срэбранае вяселле» Станіслава і Гелены Ваньковічаў, на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і[28]. На вяселлі ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Адамавіч Вайніловіч (як блізкі сваяк Ваньковічаў) і Раман Аляксандравіч Скірмунт (як блізкі сябар Вайніловічаў і Ваньковічаў)[28]. Сам «малады» Станіслаў Костка Ваньковіч быў віцэ-старшынёй Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, а таксама членам-заснавальнікам Краёвай партыі Літвы і Беларусі, калі быў у 1907 годзе выбраны дэпутатам III Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Віленскай губерні. На вяселлі былі, акрамя Горватаў, Аскеркаў і Ваньковічаў, прадстаўнікі сваяцкіх родаў — Кеневічаў, Гечэвічаў, Мінейкаў, Раствароўскіх[29].

У 1911 годзе ўладальніцай маёнтку Рудакоў у 7075 дзесяцін афіцыйна, як і раней, заставалася пані Гэлена Ваньковіч[30]. За часы Ваньковічаў Рудакоў уяўляў сабой значны і заможны дваранскі маёнтак, гаспадарка якога была на вельмі высокім узроўні; дзейнічалі невялікія гарэлачны завод і паравы малаказавод, лесапілка[31]. Узорна вялося і лесаводства ў маёнтку. Ваньковіч трымаў пры маёнтку шпіталь, школкі для сялян і своеасаблівы інтэрнат для сялянскіх дзяцей, якія не мелі апекі сваіх бацькоў. Службоўцы маёнтка мелі свае чытальні і пакоі[31].

Найноўшы час правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рудакоў у складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[32].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 снежня 1926 года — у складзе БССР, цэнтр Рудакоўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У другой палове 1920-х гадоў былы панскі двор стаў сядзібай саўгаса «Рудакоў». У 1929 годзе арганізаваны калгас, працавалі 2 ветракі, маслазавод (з 1928), стальмашня, 2 кузні. На 1930 год было 76 двароў, 412 жыхароў, пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1938 годзе на базе саўгаса «Рудакоў» створана МТС[33], якая абслугоўвала амаль палову калгасаў раёна.

У Вялікую Айчынную вайну акупанты загубілі 10 жыхароў, 109 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 936 жыхароў. У складзе саўгаса «Стралічаў». Працавалі сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі меліярацыйных работ, васьмігадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная і шавецкая майстэрні, сталовая, 3 крамы.

Насельніцтва правіць

  • 1834 г. — 46 сялянскіх двароў.
  • 1850 г. — 235 жыхароў.
  • 1897 г. — 381 жыхар, 66 двароў; у фальварку 6 двароў, 135 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 г. — 484 жыхары, 87 двароў.
  • 1930 г. — 412 жыхароў, 76 двароў.
  • 1959 г. — 936 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 г. — 33 двары, 103 жыхары.
  • 2021 г. — 7 двароў, 10 жыхароў[34].

Забудова і транспартная сетка правіць

Забудова вёскі — двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. Планіроўка складаецца з 2-х крывалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўдневага ўсходу на паўночны захад.

Транспартныя камунікацыі з вёскі да наваколля ажыццяўляюцца па прасёлкавай, а пасля — аўтамабільнай дарозе Хойнікі—Брагін.

Славутасці правіць

У Рудакове захаваліся фрагменты ансамбля былой сядзібы Ваньковічаў (1910 г.): сядзібны дом, стайня, фрагменты парку.

У вёсцы ўстаноўлены помнік на брацкай магіле савецкіх партызан.

Вядомыя ўраджэнцы правіць

Заўвагі правіць

  1. Запіс у метрычных кнігах Юравіцкага касцёла, у якім засведчана, што нябожчыца была парафіянкай касцёла ў Астраглядах, а пахаваная ў Рудакове.
  2. Спадчыннік гэтых добраў сямнаццацігадовы Уладзіслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, сястрынец графа Людвіка, на той час жыў у яго двары Гарадзішча; гл.: НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206, альбо старонкі Тэльман (Брагінскі раён) і Брагін.
  3. Старэйшы брат Аляксандра Аскеркі, палітыка «белых» і паўстанца 1863 года, высланага ў Сібір. Мяркуецца, што Генрык Аскерка таксама меўся выконваць абавязкі павятовага начальніка, калі б толькі паўстанне ахапіла Рэчыцкі павет. Быў звязнены, але яму пашчасціла пазбегчы ссылкі, а тым самым і канфіскацыі Рудакова; гл.: Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857 – 1865. – Wilno, 1913. Tom I. S. 404. Tom II. S. 148, 302
  4. Р. Афтаназы, відавочна, памыляўся, уважаючы, нібы ўрачыстасць адбылася яшчэ ў старым палацыку, а новы паўстаў хіба пасля «срэбранага вяселля» каля 1910 г. М. Ялавецкі, на якога спаслаўся аўтар, называў «абшырным.., узведзеным паводле англійскіх узораў у найлепшым стылі» ўжо новы, з чырвонай цэглы збудаваны, палац. Гл.: Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. С. 142—143

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Беларускі археаграфічны штогоднік. 2000, Вып. 1. С. 185—194 http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Архівавана 5 чэрвеня 2020.
  3. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 550—551
  4. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 148, 151
  5. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 379
  6. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  7. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  8. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
  9. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 1. S. 78
  10. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  11. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  12. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  13. НГАБ у Мінску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  14. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 173
  15. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 147
  16. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. T. IX. S. 901
  17. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
  18. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465
  19. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  20. а б Список фабрик и заводов европейской России. — С.-Петербург, 1903. С. 575
  21. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15
  22. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 364
  23. а б Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 25—26.
  24. Rostworowski Andrzej. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. S. 83
  25. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  26. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  27. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 172
  28. а б Ваньковичи… С. 144.
  29. Ваньковичи… С. 140—148.
  30. Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 4
  31. а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308
  32. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  33. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. С. 55
  34. Інфармацыя аб насельніцтве Стралічаўскага сельсавета на 1 студзеня 2021 г. Архівавана 13 лістапада 2021.

Літаратура правіць

  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя / С. В. Марцэлеў ; Рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.2, кн.2. Гомельская вобласць. — 520 с.
  • Памяць : Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна / Беларуская Энцыклапедыя ; Рэдкал.: М. А. Ткачоў (гал.рэд.) і інш.. — Мінск : БелЭн, 1993
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław-Warszawa-Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1997. — Cz. 2. — T. 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1-10. — 787 s.
  • Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001
  • Rudaków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. — Tom IX. — S. 901
  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 14, 17, 23 — 27, 29, 31

Спасылкі правіць