Пётр Пятровіч Шарыпа
Пётр Пятровіч Шарыпа (11 красавіка 1942, в. Арашкі Аршанскага раёна Віцебскай вобласці — 3 лістапада 2013, Мінск) — беларускі жывапісец, педагог.
Пётр Пятровіч Шарыпа | |
---|---|
Дата нараджэння | 11 красавіка 1942 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 лістапада 2013 (71 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Род дзейнасці | мастак |
Месца працы | |
Жанр | пейзаж, нацюрморт, партрэт |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рэалізм |
Вядомыя працы | «Нясвіж» (1976), «Светлы дзень» (1982), «Свіцязянская балада. Адам Міцкевіч» (2000) |
Член у | |
![]() |

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1965), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1974). Сябар Беларускага саюза мастакоў (з 1984).
БіяграфіяПравіць
ДзяцінстваПравіць
Пётр Шарыпа нарадзіўся 21 красавіка 1942 года ў вёсцы Арашкі на Віцебшчыне. Бацька будучага мастака загінуў на фронце. Маці працавала ў калгасе даяркай. У Арашках Пётр скончыў пачатковую школу.
У сярэднюю школу пайшоў у гарадскім пасёлку Арэхаўск, куды яго ўзялі да сябе дзядзька з цёткай. Настаўніцай малявання там была Ніна Дзям'янаўна Афанасьева, паходжаннем са старажытнага рускага дваранскага роду, у 1930-я гады высланая з Ленінграда. Мастак пісаў ва ўспамінах:
Яе кватэра была па суседству з намі… На сценах — фотаздымкі людзей у даўняй афіцэрскай форме, з тварамі, так непадобнымі да нашых сучаснікаў. Але галоўнае — кнігі, неверагодна шмат кніг — у шафах, у скрынях, кнігі старыя, дзевятнаццатага стагоддзя, і выдадзеныя нядаўна, дарэвалюцыйныя часопісы… У той час я многа хварэў, увесь дзевяты клас праляжаў у ложку, і кнігі былі маім жыццём.
Некаторы час захапляўся капіраваннем алейнымі фарбамі каляровых рэпрадукцый з часопісу «Огонёк». Да школьных гадоў адносяцца таксама першыя малюнкі з натуры алоўкам, эцюды акварэллю.
МаладосцьПравіць
У 1960-м годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Загадчыкам кафедры тады быў Валянцін Дзежыц, курсам кіраваў Іван Сталяроў. Скончыўшы інстытут ў 1965-м годзе, Пётр Шарыпа нядоўгі час настаўнічаў у вёсцы. У 1966 годзе прыехаў у Мінск. З 1966 па 1968 год выкладаў у школе № 24, у Мінскім педагагічным вучылішчы.
У 1968 годзе Пётр Шарыпа паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне станковага жывапісу. Там яго педагогамі былі такія прызнаныя майстры, як Хаім Ліўшыц, Натан Воранаў, Пётр Крохалеў. Дыпломнай працай маладога мастака кіраваў Май Данцыг.
СталасцьПравіць
У 1972 годзе ажаніўся з будучай настаўніцай матэматыкі, Лазарук Людмілай Анатольеўнай, пляменніцай доктара філалагічных навук, прафесара М. А. Лазарука. У 1973 годзе нарадзілася дачка Алена.
У 1974 годзе скончыў інстытут. Пачаў браць актыўны ўдзел у выставах. У 1984 годзе ўступіў у Саюз мастакоў СССР.
У 1990 годзе стаў сябрам суполкі «Пагоня», што была створана ў тым жа годзе пры Беларускім саюзе мастакоў.
З 1974 па 2012 год Пётр Шарыпа выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя I. В. Ахрэмчыка (цяпер ДУА «Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка»). Пад яго кіраўніцтвам на мастацкім аддзяленні школы выходзіла газета «Спадчына», якая апавядала пра найбольш значныя падзеі і знакамітых асоб беларускай гісторыі.
Вучнямі Пятра Шарыпы былі такія вядомыя мастакі, як Алесь Пушкін, Аляксандр Сільвановіч, Уладзімір Лавецкі, Наталля Белаокая, Ларыса Журавовіч. У 1990 годзе Алесь Пушкін намаляваў партрэт настаўніка разам з іншымі выкладчыкамі ў сваёй дыпломнай працы — роспісу фае актавай залы Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.
Памёр 3 лістапада 2013 года ў Мінску. Пахаваны на могілках гарадскога пасёлку Арэхаўск.
ТворчасцьПравіць
Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: партрэт, тэматычная карціна, пейзаж, нацюрморт.
У пейзажным жанры працягваў і развіваў лепшыя традыцыі беларускага пленэрнага жывапісу. Для твораў Пятра Шарыпы характэрны абвостранае пачуццё колеру, дакладная перадача стану прыроды, які імкліва мяняецца. Стварыў серыі краявідаў роднай Аршаншчыны, Браслаўшчыны, пейзажы з помнікамі архітэктуры Полацка, Гальшан, Пінска, Мядзеля. Па матэрыялах эцюдаў былі напісаны палотны лірыка-эпічнага і гістарычнага гучання, такія як «Нясвіж» (1976), «Вясна» (1985), «Старыя дрэвы» (1986), «Браслаўшчына» (1986), «Гальшаны. З вякоў мінулых» (1990).
Мікола Паграноўскі, мастацтвазнавец, крытык:
Пейзажы Пятра Шарыпы — гэта не толькі партрэты мясцовасці (Аршаншчына, Крэва, Браслаў, Гальшаны), а яшчэ і своеасаблівая формула канкрэтнага краявіду, якая дае нам магчымасць спасцігнуць таямніцы нашай багатай гісторыі і культуры.
Стварыў шэраг партрэтаў блізкіх: «Люда (Партрэт жонкі)» (1973), «Маці» (1980), «Алёнка» (1985).
У тэматычнай карціне Пётр Шарыпа часта выкарыстоўваў этнаграфічна-фальклорныя матывы («Светлы дзень» (1982), «Ля вакна» (1982), «Ядвіся» (1980-я)). Такія палотны, як «Песня маці» (1982), «Развітанне з роднай вёскай» (1992) нясуць у сабе лірыка-філасофскі змест, роздум пра лёс Радзімы. Перажыванні, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, знайшлі ўвасабленне ў творах «Лісты бацькі» (1977), «Цяжкія гады» (1985).
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.
НацюрмортПравіць
ВыстаўкіПравіць
Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1974 года.
З 8 па 26 чэрвеня 2022 года ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працавала персанальная выстаўка жывапісу Пятра Шарыпы, прымеркаваная да 80–годдзя з дня нараджэння мастака[1].
Зноскі
СпасылкіПравіць
- «Родныя вобразы». Пётр Шарыпа Архівавана 24 лютага 2015.