Пагоня (мастацкая суполка)
«Пагоня» — творчая суполка ў складзе Беларускага саюза мастакоў, створаная ў 1990 годзе, ліквідавана ў 2023 годзе.
Пагоня | |
---|---|
Краіна | |
Тып арганізацыі | грамадскае аб’яднанне |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1990 |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 2023 |
Арганізавана ў майстэрні «На Паддашку», стваральнікамі былі Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава, браты Уладзімір і Міхась Басалыгі. Сваёй мэтай суполка называла развіццё нацыянальнага мастацтва, захаванне яго пераемнасці, узбагачэнне традыцый, зберажэнне і памнажэнне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны, усё дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, яго духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння.
У 2016 годзе сябрамі творчай суполкі «Пагоня» былі больш за 50 беларускіх масткоў[1].
Члены суполкі амаль штогод ладзілі выстаўкі сваіх прац, частку з якіх здымалі па патрабаванні беларускіх чыноўнікаў. У 2015 годзе былі зняты 3 творы: жывапісныя палотны Алеся Мары «Двубой, альбо супраціўленне двухгаловаму мутанту», Алеся Пушкіна «Памяці беларусаў, загінулых за Украіну» і партрэт амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца. Апошняе палатно знялі толькі за тое, што фон карціны нагадаў цэнзарам беларускі бела-чырвона-белы сцяг[2].
Пасля палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі пачалася ліквідацыя недзяржаўных аб’яднанняў і арганізацый. Незадоўга да сваёй смерці ў зняволенні, з Беларускага саюза мастакоў быў выключаны палітзняволены мастак Алесь Пушкін, адзін з сяброў «Пагоні»[3]. У канцы 2023 года з Беларускага саюза мастакоў быў выключаны палітзняволены мастак Генадзь Драздоў, які быў кіраўніком «Пагоні» ў 2011—2016 гадах[4], неўзабаве рашэннем саюза была ліквідавана і сама суполка[4].
Кіраўнікі суполкі
правіць- Аляксей Марачкін (1990—1998)
- Мікола Купава (1998—2004)
- Леў Талбузін (2004—2007)
- Аляксей Марачкін (2007—2011)
- Генадзь Драздоў (2011—2016)
- Ігар Марачкін (2017—2019)
- Юрый Піскун (2019—2023)
Зноскі
- ↑ Суполка «Пагоня» падсумуе 25 гадоў сваёй дзейнасці выданнем альбома, Радыё Свабода, 21 ліпеня 2016
- ↑ Юбілеям «Пагоні» і Алеся Мары прысвячаецца Новы час, 25 лістапада 2015
- ↑ За некалькі тыдняў да смерці Алеся Пушкіна выключылі з Саюза мастакоў . nashaniva.com (13 ліпеня 2023).
- ↑ а б Беларускі саюз мастакоў зьліквідаваў суполку «Пагоня» . Радыё Свабода (12 снежня 2023). Праверана 12 снежня 2023.