Яўген Жыхар

дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху

Аўген Жыхар, поўнае імя Яўген Іванавіч Жыхар (1925, в. Парыж Дзісенскага павета (цяпер Пастаўскі раён) або в. Навасёлкі (цяпер Мядзельскі раён) Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі — не раней за 11 студзеня 1955) — удзельнік беларускага антысавецкага супраціву. Сябра СБМ, БНП і «Чорнага ката». Камандзір партызанскага атрада на Пастаўшчыне[1].

Яўген Жыхар
Аўген Жыхар
Род дзейнасці камандзір партызанскага атрада арганізацыі «Чорнага ката»
Дата нараджэння 1925
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 11 студзеня 1955
Месца смерці хутар за 7 км ад Паставаў (або в. Карповічы, Дунілавіцкі раён), Віцебская вобласць, БССР
Бацька Іван
Партыя
Бітвы/войны

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1943—1944 годзе вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. У 1944 годзе ўступіў у таемную Беларускую незалежніцкую партыю, прыняты туды Віктарам Сікорам[2]. Падчас акупацыі Беларусі трапіў у батальён «Дальвіц», прайшоў поўны курс падрыхтоўкі. Пасля расфармавання батальёна пад уласным прозвішчам уступіў у Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь, працаваў настаўнікам у Верацееўскай пачатковай школе Дунілавіцкага раёна.

Пасля спробы арышту ў 1946 годзе ўцёк у лес і стварыў партызанскі атрад. Атрад займаўся тэрорам міліцыянераў, камуністаў і партыйных актывістаў. Толькі ў 1948 годзе Жыхар увайшоў у кантакт з арганізацыяй «Чорны кот» Міхала Вітушкі, і атрад стаў баявой адзінкай гэтай арганізацыі. Цягам 1946—1955 гадоў атрад Жыхара здзейсніў 23 тэракты, 42 рабаванні і 9 нападаў на сельсаветы.

У 1952 — снежні 1954 гадоў атрад Жыхара быў адзіным падраздзяленнем «Чорнага ката» ў Беларусі. Большасць байцоў загінула ў лістападзе—снежні 1954 года ў баях з войскамі МДБ, рэшткі па загадзе Жыхара сышлі на Захад праз Польшчу. Савецкая дзяржаўная бяспека пільна шукала Яўгена Жыхара.

Смерць правіць

Паводле адной з версій, у студзені 1955 года Яўген Жыхар быў акружаны аператыўнай групай МДБ у сялянскай хаце на хутары за 7 км ад Паставаў, адмовіўся здацца і застрэліўся апошнім патронам, куля моцна пашкодзіла твар.

Паводле гісторыка Ігара Валахановіча, загадчыка цэнтральнага архіва КДБ Беларусі, Яўген Жыхар загінуў калі аператыўная група ў складзе маёра Блінова, капітана Самалётава, лейтэнанта Ганчарова, асабіста Цішчанкі і старшыні мясцовага калгаса Савацеева заспела ў доме Вайцяховіч у вёсцы Карповічы Дунілавіцкага раёна невядомага мужчыну, які пачаў адстрэльвацца і быў забіты, пры ім знайшлі дакументы на імя Яўгена Іванавіча Жыхара 1925 г.н., ураджэнца вёскі Навасёлкі Мядзельскага раёна.

Паводле Івана Адамовіча, жыхара вёскі Дзеркаўшчына, асуджанага 17 мая 1951 года на 6 гадоў за «неданасіцельства» на Жыхара: «Людзі з Дзеркаўшчыны, Ласкаўшчыны, Квачоў, якія пераехалі ў 1950-я ў Польшчу жыць, бачылі там Жыхара і пісалі аб гэтым сюды ў лістах… Не веру, каб дыверсант так лёгка пракалоўся. Вам жа кажуць: Жыхар быў вялікім прахадзімцам, а гібель ніяк не ўкладаецца ў гэты вобраз. Мо спачывае дзесьці на ціхіх могілках Гданьскага Памор’я, куды ўцяклі з савецкага раю, тысячы заходніх беларусаў».

Сучаснасць правіць

У сакавіку 2021 года мастак Алесь Пушкін быў затрыманы за партрэт Яўгена Жыхара. Пазней Пушкіна асудзілі па гэтым эпізодзе на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму за «рэабілітацыю нацызму». Мастак памёр 11 ліпеня 2023 года, адбываючы прысуд[3].

Зноскі

  1. Жыхар Аўген // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укладальнік Пятро Казак. — Менск: Голас Краю, 2001. — 46 с.
  2. Ёрш С. Інтэрвію з камандзірам «Лясных Братоў» (Віктар Сікора) // Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі / С. Ёрш. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с. — (Архіў Найноўшае Гісторыі). — ISBN 985-6012-62-7.
  3. Ганна Ермаковіч. Алесь Пушкін: «Мы прэцэдэнт для нашай краіны. Нас можна задзьмуць у адзін момант, як свечку». Новы Час (23 ліпеня 2023).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць