Партыя БНФ

палітычная партыя

Беларускі народны фронт — ліквідаваная ўладамі беларуская партыя, заснаваная ў 1993 годзе. Партыя грунтавалася на грамадскім руху Беларускі народны фронт «Адраджэньне», які быў заснаваны ў 1988 годзе і выступаў за незалежнасць Беларусі, дэмакратызацыю ўлады, адраджэнне беларускай мовы і культуры. Лідарам партыі быў Зянон Пазняк. Партыя з’яўляецца членам Міжнароднага дэмакратычнага саюза (IDU) з 2007 г.[4]

Партыя БНФ
Выява лагатыпа
Лідар Рыгор Андрэевіч Кастусёў (да 2023)
Дата заснавання 1993
Дата роспуску 14 жніўня 2023[1]
Штаб-кватэра Мінск, вул. Чарнышэўскага 3-39
Краіна
Ідэалогія нацыянал-дэмакратыя, беларускі нацыяналізм, ліберальны кансерватызм, хрысціянская дэмакратыя, антыкамунізм
Інтэрнацыянал Міжнародны дэмакратычны саюз
Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў
Саюзнікі і блокі «Народная кааліцыя 5+», Асамблея дэпутатаў мясцовых Саветаў, Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл, Каардынацыйная рада апазіцыйных палітычных партый, Кааліцыя «За незалежнасць», «Беларускі незалежніцкі блок»
Маладзёжная арганізацыя Моладзь БНФ[2]
Колькасць членаў 1 259[3]
Дэвіз «Жыве Беларусь!»
Месцаў у Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
0 / 110
Сайт narodny.org

БНФ знаходзілася ў апазіцыі да рэжыму Лукашэнкі.

14 жніўня 2023 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Партыю БНФ.[5]

Гісторыя

правіць

Рух, на якім грунтавалася партыя, карыстаўся значнай папулярнасцю ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х. Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці папулярнасць руху стала паступова памяншацца, і партыя БНФ перад прэзідэнцкімі выбарамі 1994 года не здолела аб’яднаць вакол свайго кандыдата (Зянона Пазняка) дэмакратычныя сілы. Згодна з вынікамі сацыялагічнай лабараторыі Давіда Ротмана, з верасня 1994 года і да вясны 1995 года адбываўся павольны рост рэйтынгу партыі з 10,6 % да 13,1 %[6], аднак гэта не дапамагло ёй аднавіць той уплыў, які меў рух у 1990—1991 гг. Так, на выбарах у Вярхоўны Савет XIII склікання ў 1995 партыя не заваявала ніводнага мандата[7]. Пасля правалу на гэтых выбарах частка кіраўніцтва партыі падала ў адстаўку, у тым ліку Вінцук Вячорка — глава палітычнай камісіі БНФ. 10 лютага 1996 г. на сойме партыі было заяўлена аб пераходзе да непарламенцкай формы дзейнасці з мэтай адстаўкі прэзідэнта.

У 1993 г. выступіў з ідэяй пабудовы Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара (злучэнне існуючых нафтаправодаў па лініі Адэса—Броды—Вентспілс), які павінен быў пазбавіць Беларусь ад энергетычнай залежнасці ад Расійскай Федэрацыі[8].

Як паказалі даследаванні, праведзеныя Інстытутам сацыяльна-палітычных даследаванняў у 1997 г., рэйтынг БНФ складаў 3,7 %[9]. V з’езд партыі (чэрвень 1997) падкрэсліў, што «на першы план выходзяць іншыя метады барацьбы за вызваленне Беларусі — метады шырокага, масавага нацыянальна-вызваленчага руху». У рэзалюцыі з’езда гаварылася, што рух будзе выбіраць «канкрэтную тактыку дзеянняў з улікам сітуацыі»[10].

16 мая 1999 г. апазіцыйныя партыі арганізавалі «альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары», на якіх кандыдатамі вылучаліся Зянон Пазняк і Міхаіл Чыгір. Аднак Пазняк зняў сваю кандыдатуру, матываваўшы гэта шматлікімі парушэннямі падчас падрыхтоўкі і правядзення выбарчай кампаніі з боку старшыні «альтэрнатыўнага» Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара. Гэтае рашэнне фактычна пазбавіла сэнсу альтэрнатыўныя выбары і было жорстка раскрытыкавана часткай членаў партыі. У выніку супярэчнасці ў партыі паглыбіліся, і ў снежні 1999 г. на VI з’ездзе адбыўся раскол. Лідарам партыі БНФ быў абраны Вінцук Вячорка, а Зянон Пазняк разам з часткай ранейшых членаў БНФ утварылі новую партыю пад назвай Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ.

Пасля расколу рэйтынг БНФ заставаўся нізкім. Паводле даных на канец 2003 года, партыю БНФ падтрымлівала 2,5 % рэспандэнтаў, а КХП-БНФ — 1,8 %[11].

Пасля з’яўлення ўказу аб абмежаваннях на выкарыстанне слоў «Беларускі» і «Нацыянальны» у назвах арганізацый[12] партыя змяніла назву на «Партыя БНФ». 15 ліпеня 2001 лідары партыі БНФ сумесна з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадой, Беларускай партыяй працы, Партыяй камуністаў беларускай падпісалі пагадненне аб «агульнай стратэгіі супрацьдзеяння правядзенню рэферэндума для працягу прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі». 22 ліпеня лідары БНФ, АГП, БСДГ, БПП, ПКБ уклалі пагадненне аб аб’яднанні намаганняў супраць «трэцяга тэрміна» з дэпутацкай групай «Рэспубліка».

Партыя БНФ збліжаецца з АГП, гэтыя дзве партыі найбольш актыўна працуюць у КРДС. У 2001 г. структуры БНФ працуюць над вылучэннем кандыдата ў прэзідэнты Сямёна Домаша, потым — адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Уладзіміра Ганчарыка.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. партыя апынулася на мяжы расколу. У ёй выявіліся супярэчнасці паміж кіраўніцтвам партыі і прадстаўнікамі больш радыкальнай плыні — рухам «Малады фронт», які падтрымліваў намеснік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык. Зачэпкай для канфлікту стала пастанова сойма БНФ аб скасаванні 30 % квоты для «Маладога фронту» на з’ездзе партыі. Гэта прывяло да таго, што ў 2003 г. партыя разарвала стасункі з моладзевай арганізацыяй «Малады фронт» і, у рэшце рэшт, адзін з лідараў «маладафронтаўцаў» Павел Севярынец падаў заяву на выхад з Партыі БНФ.

Супярэчнасці ўнутры БНФ праявіліся і ў верасні 2002, калі група рэгіянальных кіраўнікоў выступіла з адкрытым лістом, дзе выказваўся недавер кіраўніцтву партыі, якое абвінавачвалася ў непадконтральнасці фінансавай дзейнасці, непаслядоўнасці ў адстойванні інтарэсаў партыі і ў мэтанакіраваным «выцісканні» з партыі апанентаў кіраўніцтва. Кіраўніцтва БНФ успрыняла гэтую крытыку як спробу раскола партыі, у чым зноў абвінаваціла В. Сіўчыка. У выніку ў лютым 2003 Сіўчык быў выключаны з партыі.

На парламенцкіх выбарах 2004 г. ад партыі БНФ членамі акруговых выбарчых камісій сталі толькі 2 чалавекі. 29 жніўня 2004 адбыўся VIII нечарговы з’езд партыі, на якім было вылучана 40 кандыдатаў партыйным вылучэннем, і 15 — праз збор подпісаў. Колькасць кандыдатаў у дэпутаты ад партыі была значна скарочана ў выніку нерэгістрацыі, адмоў ад удзелу ў кампаніі, зняцця кандыдатур на карысць іншых кандыдатаў, а таксама пазбаўлення рэгістрацыі найбольш актыўных кандыдатаў. Усяго ў бюлетэнях засталося толькі 30 кандыдатаў ад партыі БНФ.

7 верасня 2002 г. на паседжанні сойма партыі было пастаноўлена стварыць на базе Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл грамадска-палітычны блок «За незалежнасць без дыктатуры». 1 снежня 2002 г. адбыўся нечарговы з’езд Партыі БНФ і БНФ «Адраджэньне», на якім упершыню з 1993 была прынята новая праграма. У праекце, падрыхтаваным В. Вячоркам, ставілася мэта дабіцца ўваходу Беларусі ў НАТА і Еўрапейскі Саюз, а таксама прадугледжвалася ўвядзенне ў Беларусі парламенцкай рэспублікі з пераважна прадстаўнічай роляй прэзідэнта. Альтэрнатыўная праграма намесніка старшыні партыі П. Севярынца, згодна з якой меркавалася ператварыць партыю ў масавы рух супраціву, была адхілена. 14 снежня праз пастанову сойма партыя разарвала ўзаемадачыненні з Каардынацыйнай радай апазіцыйных палітычных партый. Паводле В. Вячоркі,

  КРАПП, на жаль, ператварылася ў поле для інтрыгаў, канфліктаў і падседжванняў, перадусім з боку некаторых партый сацыял-дэмакратычнай часткі спектра  

[13]

На выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года партыя БНФ вылучыла 154 кандыдата, з якіх было зарэгістравана 107 кандыдатаў. У першым туры галасавання партыя БНФ атрымала 11 мандатаў.

У 2006 партыя разам з іншымі суполкамі дэмакратычнага кірунку падтрымлівае вылучэнне на пасаду прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча.

16 мая 2009 года на паседжанні сойма партыі было прынята рашэнне, што 5 і 6 верасня 2009 года пройдзе ХІІ-ы з’езд Партыі БНФ. На гэтым з’ездзе быў абраны новы старшыня — 33-гадовы Аляксей Янукевіч. За яго прагаласавалі 174 дэлегаты, за Лявона Баршчэўскага — 144. З’езд Партыі БНФ зацвердзіў намеснікамі старшыні Аляксея Янукевіча прапанаваныя ім кандыдатуры — Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова.

У 2010 годзе партыя вылучыла ў якасці кандыдата ў прэзідэнты намесніка старшыні БНФ Рыгора Кастусёва, які ў выніку, паводле афіцыйных звестак, набраў на прэзідэнцкіх выбарах 1,97 % галасоў. У 2015 годзе партыя БНФ спачатку дапамагала збіраць подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч[14], але 29 жніўня праз рашэнне сойма адмовілася ад падтрымкі гэтага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах[15].

На выбарах у Палату прадстаўнікоў 2012 і 2016 гадоў Партыі БНФ не ўдалося правесці ніводнага кандыдата.

30 верасня 2017 г. рашэннем XVIII справаздачна-выбарчага з’езду Партыі БНФ старшынёй партыі быў абраны Рыгор Кастусёў (набраў 107 галасоў). У бюлетэні для галасавання было ўнесена 6 прозвішчаў: Ілля Дабратвор, Вольга Дамаскіна, Рыгор Кастусёў, Алесь Таўстыка, Аляксандр Страх, Васіль Астроўскі. Намеснікамі старшыні былі абраныя Юрый Лукашэвіч, Аляксей Янукевіч, Вадзім Саранчукоў, Зміцер Салошкін, Аляксандр Стральцоў[16].

Меркаванні

правіць

Журналіст Аляксандр Тамковіч заўважыў у верасні 2010 г., што адной з галоўных праблем Партыі БНФ з’яўляецца засяроджанасць яе дзеячаў на ўнутраных канфліктах, а не на палітычнай барацьбе супраць улады. Гэта вядзе да выключэння з радоў партыі асоб з поглядамі, адрознымі ад пазіцыі кіраўніцтва, а ў выніку — да маргіналізацыі ўсёй партыі на беларускай палітычнай сцэне[17].

Палітолаг Вольф Рубінчык у пачатку сакавіка 2018 г. апісаў стан Партыі БНФ так: «Кволая палітычная секта»[18]. Аднак пазней ён ацаніў удзел партыі ў адзначэнні 100-годдзя БНР у Мінску (яна была адным з арганізатараў мітынга і канцэрта каля Опернага тэатра 25 сакавіка 2018 года) як адносны поспех[19].

Старшыні

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б Yeryoma M. Belarus Weekly: China’s defense minister makes controversial visit to Russia, BelarusThe Kyiv Independent, 2023.
  2. Potocki R., Vidanava I. Out With the OldTransitions Online.
  3. http://library.fes.de/pdf-files/bueros/belarus/07073.pdf
  4. http://naviny.by/rubrics/politic/2007/11/02/ic_articles_112_153738/
  5. Партыя БНФ ліквідаваная па іску Мінюста
  6. Звязда. — 1995. — №. — 17 мая. — С.
  7. http://www.hrights.ru/text/belorus/b18/Chapter12.htm Архівавана 28 верасня 2007.
  8. Навумчык. Лукашенко о диверсификации поставок нефти: 30-40% из России, 30% с Балтики и 30% через Украину. Радыё Свабода (21 студзеня 2020). Праверана 23 студзеня 2020.
  9. Народная газета. — 1998. — №. — 10 студзеня. — С.
  10. Свабода. — 1997. — №. — 24 чэрвеня. — С.
  11. http://www.nz-online.ru/index.phtml?aid=25010788
  12. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2020. Праверана 16 красавіка 2008.
  13. Згода. — 2002. — №. — 20—27 снежня. — С.
  14. http://www.belgazeta.by/ru/online/politics/31408/ORIGINAL//ru/1081/society/34040/
  15. http://by.belapan.by/archive/2015/08/29/797399_797400/ Архівавана 5 сакавіка 2016.
  16. https://www.svaboda.org/a/28766124.html
  17. Аляксандр Тамковіч: Арытмія, альбо Код супраціву. Смаленск: Родіна, 2012, с. 91. ISBN 978-5887-73562-7
  18. http://belisrael.info/?p=14495
  19. http://belisrael.info/?p=14773

Спасылкі

правіць