Адкрыць галоўнае меню

Павел Канстанцінавіч Севярынец

Па́вел Канстанці́навіч Севяры́нец (30 снежня 1976, Орша) — беларускі палітык, пісьменнік і публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту». Палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].

Павел Канстанцінавіч Севярынец
альтэрн.: Павал Канстанцінавіч Севярынец
Партрэт
Род дзейнасці: журналіст, палітык, пісьменнік
Дата нараджэння: 30 снежня 1976(1976-12-30) (42 гады)
Месца нараджэння:
Бацька: Канстанцін Паўлавіч Севярынец
Альма-матар:
Партыя:
Узнагароды і прэміі:
Commons-logo.svg Павел Канстанцінавіч Севярынец на Вікісховішчы

ЮнацтваПравіць

Нарадзіўся ў Оршы ў сям’і журналіста і школьнай настаўніцы. Скончыў школу з залатым медалём (1994), геаграфічны факультэт БДУ (2000). У 1994—1999 працаваў журналістам у шэрагу выданняў. З 1998 друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст[2].

Пачатак палітычнай дзейнасціПравіць

У 1995 г. Севярынец уступіў у БНФ «Адраджэньне». У лютым 1997 г. ён узначаліў Мінскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасні 1997 г. на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынёй «Маладога Фронту», у лютым 1999 г. — старшынёй.

У 1997—2004 гг. Павел Севярынец стаў вядомы як удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Менску і за «зрыў канцэрту, прысвечанага аб’яднанню Расіі і Беларусі», змешчаны ў следчы ізалятар на вул. Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыездзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 г. без тлумачэнняў і прабачэнняў.

31 траўня 1998 года ў турме, маючы перададзены ў камеру Новы запавет, прыняў Хрыста.

У рамках сваёй дзейнасці ў «Маладым Фронце» Павел Севярынец быў заснавальнікам асветніцкага праекту «Шоў Беларушчыны», курсаў «Ды-джэяў Адраджэння», ініцыятарам стварэння кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў «Пераменаў!», а таксама міжканфесійнай супольнасці «Хрысціянская ініцыятыва».

У 1999—2003 гг. Павел Севярынец быў намеснікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 — старшынём «Маладога Фронту».

Севярынец быў адным з арганізатараў I Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. — чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Еўропу!» (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блоку «Маладая Беларусь» (2004 г.)

У лістападзе 2001 г., пасля асуджэння да арышту за акцыю ў памяць 60-годдзя публічнага забойства нацыстамі мінскіх падпольшчыкаў, заявіў, што мае намер дабіцца заснавання ў Беларусі Дня беларускіх змагароў супраціву, падпольшчыкаў і партызан (26 кастрычніка)[3].

Абмежаванне воліПравіць

У 2005 годзе Павел Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць балатавання Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін, што адбываліся ў Мінску пасля рэферэндуму 2004 г. Моладзевы лідар быў асуджаны да 3-х гадоў абмежавання волі. Пакаранне ён адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна (Полацкі раён). Там напісаў кнігу «Лісты з лесу» (паводле апытання «Нашай Нівы» прызнаная найлепшай беларускай кнігай 2007 года).

У 2006 міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Паўла Севярынца вязнем сумлення[4].

З улікам амністыі тэрмін зняволення быў скарочаны да двух гадоў, у 2007 годзе Севярынец быў вызвалены.

Павел Севярынец падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны ў ноч на 20 снежня 2010 г. Пяць месяцаў пасля арышту Севярынец правёў у следчым ізалятары КДБ.

У маі 2011 года суд Заводскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі ў куплінскай спецкамендатуры № 7.

Ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні і амністыі Севярынцу было адмоўлена.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Севярынца палітычным зняволеным. Яго вызвалення патрабавалі Еўрасаюз і ЗША[5]. Міжнародная арганізацыя «Эмнісці Інтэрнэшнл» прызнала яго вязнем сумлення[6].

У ноч на 19 кастрычніка 2013 года Паўла Севярынца вызвалілі[7].

Наступная дзейнасцьПравіць

 
Павел Севярынец, 2015

Працуе над адраджэннем палітычнай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, з’яўляецца сустаршынёй яе арганізацыйнага камітэта. У БХД адказны за ідэалогію, рэгіёны, інфармацыю і культуру. Рэдактар абедзвюх партыйных праграмаў — 2009 г. і 2015 г. («Народная партыя з хрысціянскім сэрцам»). Ініцыятар партыйных кампаній «Люблю Беларусь», «Хваля салідарнасці», «У абарону касцёла Святога Язэпа», «Урад для народа», «100 гадоў БХД» і іншых.

Як прадстаўнік БХД сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым, дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, старшынямі Еўрапарламента Хансам-Гертам Пётэрынгам і Ежы Бузэкам, старшынёй Еўрапейскай Народнай партыі Жозефам Долем.

Займаецца напісаннем свайго першага рамана «Беларусалім»[8]. Першая частка («Беларусалім. Золак») была прызнана кнігай 2017 года паводле галасавання чытачоў на беларускім конкурсе «Кніга года»[9].

Заснавальнік і прад’юсар серыі музычных альбомаў беларускамоўнай хрысціянскай музыкі «Беларускі Хрысьціянскі Хіт» (2008—2015, выйшла 7 альбомаў).

Разам з Максімам Гацаком і Анатолем Шырвелем у 2014 годзе заснаваў хрысціянскі інфармацыйны партал «Крыніца.інфо».

Ініцыятар стварэння «Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай» (2014), «Камітэту абароны прадпрымальніцтва» (2016), адзін з каардынатараў стала дзеючага форума «Свабоду палітвязням!» (2015).

У 2017 г. П. Севярынец завочна аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна Мінска на 50 базавых велічынь (1150 рублёў) за ўдзел у Маршы абураных беларусаў 17 лютага[10].

За ўдзел у мітынгах у Курапатах 3 сакавіка П. Севярынец прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Савецкім судом г. Мінска 31 сакавіка 2017 г. асуджаны на 10 сутак[11].

За ўдзел у мітынгу 12 сакавіка ў Оршы ў «Маршы недармаедаў» П. Севярынец быў асуджаны Аршанскім судом на 15 сутак арышту[12].

За ўдзел у пратэсце ў Курапатах[13] і першамайскай дэманстрацыі суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Мінска Вікторыя Шабуня пакарала П. Севярынца арыштам на 15 сутак[14].

Быў прыняты членам Беларускага ПЭН-Цэнтра за кнігу «Лісты з лесу» ў 2007 годзе. З 2014 года не плаціў членскія ўнёскі, аргументуючы гэта тым, што ён хрысціянін і не бачыць для сябе магчымасці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця пад эгідай арганізацыі. У 2019 годзе выключаны з арганізацыі за нясплату ўнёскаў — паводле старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтра, гэта адбылося 15 студзеня, але паведамлена пра выключэнне П. Севярынцу было ў красавіку[15]. П. Севярынец унёскі заплаціў, і на агульным сходзе арганізацыі 26 кастрычніка рашэнне пра выключэнне было скасаванае. Напярэдадні сходу П. Севярынец апублікаваў ліст, у якім абвінаваціў «гей-лобі і марксістаў» у радзе беларускага ПЭНу ў тым, што яны «на дух не пераносяць хрысціян». Наваабраная старшыня рады ПЭНу Святлана Алексіевіч назвала выказванні Паўла Севярынца «маральным сярэднявеччам». 29 кастрычніка яна прапанавала прыпыніць рашэнне з’езду аб прыёме Севярынца, у выніку рада прыняла рашэнне выключыць Паўла Севярынца з ПЭНу[16].

ПоглядыПравіць

Паводле Паўла Севярынца, беларуская нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, Які гаворыць па-беларуску[Крыніца?].

Сям’яПравіць

Жанаты. Жонка — Вольга Севярынец (Шылак)[17]. Вянчанне адбывалася 11 студзеня 2014 года ў мінскім катэдральным касцёле Панны Марыі — там жа, дзе ў 1917 годзе была запачаткаваная БХД.

БібліяграфіяПравіць

  • «Ды-джэй Адраджэння» (1998)
  • «Пакаленне Маладога Фронту» (2002)
  • «Нацыянальная ідэя» (2005)
  • «Лісты з лесу» (2007)
  • «Брату» (2007)
  • «Люблю Беларусь» (2008)
  • «Маладафронтаўцы» (2009) — сумесна з Настай Палажанкай
  • «Беларуская глыбіня» (2014)[18].
  • «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917—2017» (2017)
  • «Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (2017; адзін з аўтараў, укладальнік)
  • «Беларусалім. Золак» (2017)

УзнагародыПравіць

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

  1. Беларусь призывают освободить узников совести, задержанных в связи с протестами после выборов (руск.) 
  2. Павел Севярынец — Біяграфія
  3. https://belisrael.info/?p=13031
  4. Беларусь: узмацненьне ціску на іншадумцаў
  5. Павел Севярынец прэзентаваў «Беларускую глыбіню»
  6. Беларусь призывают освободить узников совести, задержанных в связи с протестами после выборов
  7. Павел Севярынец
  8. https://belisrael.info/?p=11406
  9. https://pen-centre.by/2019/05/10/startavala-chytackae-galasavanne-za-najlepshuju-kngu-2018-godu.html
  10. http://belsat.eu/news/sevyaryntsa-znou-ashtrafavali-tsyaper-za-aktsyyu-17-lyutaga/ Севярынца зноў аштрафавалі — цяпер за акцыю 17 лютага ]
  11. Паўла Севярынца за Курапаты пасадзілі на 10 сутак
  12. Павел Севярынец прэзентаваў ў Оршы свае кнігі
  13. Минске прошел митинг в защиту Куропат
  14. «Беззаконне. Але жыве Беларусь!». Севярынцу далі 15 содняў
  15. https://belisrael.info/?p=19212
  16. svaboda.org
  17. Сёння абвянчаліся Павел Севярынец і Вольга Шылак.
  18. Павел Севярынец прэзентаваў «Беларускую глыбіню»
  19. У Бычкі на ўгодкі Васіля Быкава
  20. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

ЛітаратураПравіць

  • Тамковіч, А. Найноўшая гісторыя ў асобах. — Смаленск : Смоленская городская типография, 2013. — С.579-584. — ББК 84, УДК 823. С.651-656.
  • Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (ст.183-184).
  • Верым! Можам! Пераможам!: падзеі Менскай вясны — 2006: Кроніка, дакументы, сьведчаньні /укл. М.Савушкіна, А.Лапцёнак. — Менск, 2006. — 184 стар. / ст.96. С.92-93.

СпасылкіПравіць