Малады Фронт
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Малады Фронт» («МФ», афіцыйная рэгістрацыя ў Чэхіі) — міжнародны[1] рух беларускай моладзі. Разгарнуў дзейнасць як моладзевая апазіцыйная арганізацыя ў Беларусі.
Малады Фронт | |
---|---|
| |
Лідар | Дзяніс Урбановіч |
Заснавальнік | Павел Севярынец, Сяржук Паўленка, Алесь Асіпцоў |
Дата заснавання | 6 верасня 1997 года |
Штаб-кватэра | Мінск |
Ідэалогія | хрысціянска-дэмакратычная |
Саюзнікі і блокі | Моладзь БНФ, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты |
Колькасць членаў | 1 000 |
Дэвіз |
Беларусь – гэта святое! Люблю Беларусь! У нас адна дарога – Беларусь для Бога! |
Сайт | malady-front.blogspot.com |
Структура
правіцьЛідары арганізацыі і незалежныя назіральнікі ацэньваюць колькасць актывістаў Маладога Фронту ў 1000—1500 чалавек.[2][3][4] Дзяржаўныя органы ацэньвалі агульную колькасць актывістаў у Мінску ў 50 чалавек (на 2006 год)[5].
Вышэйшы кіраўнічы орган Маладога Фронту — З’езд, які павінен абірацца не радзей аднаго разу на два гады[6]. Да 2015 года на З’ездах арганізацыі абіраліся Старшыні Маладога Фронту. Пасля іх функцыі перайшлі на Сойм МФ. Актывісты аб’яднаны ў Абласныя і Раённыя Рады Маладога Фронту.
Мэты і задачы
правіцьМэтамі Маладога Фронту з’яўляюцца аб’яднанне і выхаванне моладзі на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў, пабудова грамадзянскай супольнасці на падставах дэмакратыі і вольнага рынку, садзейнічанне фарміраванню духоўна і фізічна моцнага пакалення.
Асноўнымі задачамі Маладога Фронту з’яўляюцца: выяўленне і спрыянне рэалізацыі грамадскай і творчай ініцыятывы сярод моладзі, агітацыйна-масавая дзейнасць па адраджэнні беларускай школы, культуры, мовы, фарміраванне ў моладзі адказнасці за лёс сваёй Бацькаўшчыны[7].
Гісторыя
правіцьМалады Фронт быў заснаваны ў 1997 годзе, увабраўшы ў сябе арганізацыйна не аформлены рух незалежнай моладзі, аб’яднаўшы ў сваіх шэрагах дзясяткі маладзёжных ініцыятыў і арганізацый. З таго часу Малады Фронт прайшоў шэраг ступеняў свайго развіцця, пераўтварыўшыся з пратэстнага руху 1996—1997 гадоў у правацэнтрысцкую, паводле палітычнай ідэалогіі, арганізацыю.
Дзейнасць
правіцьМалады Фронт уваходзіць у шэраг палітычных моладзевых міжнародных арганізацый, такіх як «Еўрапейскія навучэнцы-дэмакраты» (ЕНД)[8] і «Моладзь Еўрапейскай народнай партыі» (МЕНП)[9], мае партнёрскія адносіны з роднаснымі арганізацыямі Украіны, Швецыі, Літвы, Польшчы і іншых краін.
З 1997 года «Малады Фронт» разгарнуў пастаянную кампанію «Горад наш!» (90 % беларускай моладзі і 70 % насельніцтва жывуць у гарадах). Акцыі «Горад наш!», падчас якіх было вывешана больш за 1200 сцягоў[10], праходзілі ў розных гарадах Беларусі.
У выніку актыўнай дзейнасці ўжо ў 1999 годзе «Малады Фронт» меў рэйтынг вядомасці сярод моладзі — 10,8 %[11], саступаючы толькі праўладным БПСМ (48,3 %) і БСМ (25 %).
У 2000 годзе, падчас парламенцкіх выбараў, «Малады Фронт» правеў кампанію байкоту пад назвай: «Вырабы» — высмейванне выбарчага фарсу па-лукашэнкаўску.
Малады Фронт у перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2001 года выступіў арганізатарам Кангрэсу Беларускай Моладзі, у якім прыняла ўдзел больш за 520 дэлегатаў з усёй Беларусі, і ініцыяваў падпісанне адмысловага Пагаднення паміж адзіным кандыдатам ад апазіцыі і моладдзю. Падчас кампаніі прэзідэнцкіх выбараў 2001 года «Малады Фронт» правёў кампанію «Выбірай!». Паводле сайта арганізацыі, за час выбарчай гонкі «Малады Фронт» правёў звыш за 1100 акцый больш чым у 120 гарадах і мястэчках Беларусі.
24 верасня 2001 года менавіта «Малады Фронт» распачаў беспрэцэдэнтную варту ў Курапатах, пратэстуючы супраць разбурэння нацыянальнага некропалю пры будаўніцтве Мінскай кальцавой дарогі[12]. Больш за 120 актывістаў «Маладога Фронту» сталі асновай 8-месяцавай бесперапыннай «Абароны Курапатаў».
Паводле апытання, праведзенага ўлетку 2002 года беларускім штотыднёвікам «Наша Ніва», «Малады Фронт» увайшоў у пяцёрку найбольш уплывовых палітычных сіл Беларусі — разам з Адміністрацыяй Лукашэнкі, парламентам і дзвюма найбуйнейшымі апазіцыйнымі партыямі[13].
Як сцвярджае сайт арганізацыі, паводле звестак Балтыйскай службы Інстытута Гэлапа за кастрычнік 2002 года, рэйтынг «Маладога Фронту» сярод усяго насельніцтва Беларусі складаў 6,3 %, а сярод моладзі 18—30 гадоў — 14 % — пры тым, што ўсе палітычныя партыі маюць ад 0,5 % да 5 % папулярнасці, а «каэфіцыент страху» ў грамадстве вельмі высокі[10].
Члены Маладога Фронту прымалі ўдзел і перамагалі[10] ў некаторых акругах на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года, удзельнічалі ў выбарах у Палату прадстаўнікоў 2004 года. Заснаваны Маладым Фронтам блок «Маладая Беларусь» уваходзіў у Стала Дзеючую Нараду дэмакратычных палітычных партый, а потым у Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі (АДС).
Як сцвярджае сайт арганізацыі, актывісты «Маладой Беларусі» сабралі больш за 40 тысяч подпісаў у сваю падтрымку[10] і выступалі супраць правядзення ў Беларусі трэцяга рэферэндуму. Падчас абвяшчэння Лукашэнкам аб правядзенні рэферэндуму «Малады Фронт» арганізаваў акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, за якую адзін з лідараў «Маладога Фронту» і «Маладой Беларусі» Зміцер Дашкевіч быў арыштаваны і асуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Адзін жа з заснавальнікаў «Маладога Фронту», лідар «Маладой Беларусі», Павел Севярынец быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю акцый пратэсту ў дзень правядзення рэферэндуму і на наступны дзень пасля яго.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года «Малады Фронт» быў адным з арганізатараў акцый супраць фальсіфікацый вынікаў галасавання, а таксама «намётавага гарадка» на Кастрычніцкай плошчы (удзельнікі акцыі называлі плошчу імем Каліноўскага) у Мінску з 20 па 24 сакавіка 2006 года.
У чэрвені 2006 года маладафронтаўцы, выступаючы супраць крымінальнага пераследу актывістаў сваёй арганізацыі, распачалі моладзевую галадоўку, якая стала адной з самых працяглых і самай масавай грамадска-палітычнай галадоўкай. Доўжылася яна 24 дні з удзелам болей 100 маладафронтаўцаў[14].
Шэраг актывістаў і лідараў Маладога Фронту ўвайшлі ў Арганізацыйны камітэт па заснаванні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
У 2008 годзе маладафронтаўцамі быў праведзены шэраг паспяховых агульнанацыянальных кампаній.[15] У межах грамадскай кампаніі «Беларускую кнігу дзецям!» маладафронтаўцы сабралі некалькі тысяч беларускамоўных выданняў, якія былі перададзены ў дзіцячыя дамы Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Таксама на патрэбы дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў пайшлі сабраныя рэчы і грошы на Калядным фестывалі «Спяшайцеся рабіць дабро!», у якім прымалі ўдзел вядомыя музыкі, грамадска-палітычныя дзеячы.
З 7 лістапада па 10 снежня 2008 года Малады Фронт правёў кампанію «Камунізм пад трыбунал!», якая завяршылася аднадзённым пастом. У межах кампаніі МФ арганізаваў дзясяткі антыкамуністычных пікетаў і інфармацыйных акцый па ўсёй Беларусі, правёў шырокае навукова-грамадскае пасяджэнне пад назвай «Злачынствы камуністычнай ідэалогіі. Лічбы і факты».
У 2008 годзе падчас маладафронтаўскай кампаніі «МТС па-беларуску!»[16], якую распачаў салігорскі блогер, неабыякавыя людзі накіравалі шэраг папяровых і электронных лістоў у галоўны офіс прадстаўніцтва кампаніі МТС у Беларусі. У адказ мабільны аператар стварыў беларускамоўную версію сайта. Пазней актывісты перадалі ў галоўны офіс кампаніі каля 2,5 тысяч подпісаў за беларусізацыю МТСу. У выніку ў тэлефонаў абанентаў МТС з’явілася падтрымка беларускай мовы.
За часы свайго існавання арганізацыя правяла дзясяткі палітычных акцый, самыя вядомыя з якіх: «Акцыя Любові», «Горад Наш!», «Беларусь у Еўропу!», «Вырабы», «Выбірай!», «Не трэцяму тэрміну!», «Хочам новага!», «Байкот 2008!», «Шоу Беларушчыны», «Камунізм пад трыбунал!», «Беларускую кнігу дзецям!», «Калядны Фэст».
У 2015 годзе Маладым Фронтам заснаваны спартыўна-патрыятычны клуб «Ваяр»[17]. 21 лістапада 2015 года «Ваяр» правёў першую трэніроўку, на ёй выкарыстоўвалася страйкбольная зброя[18].
Восенню 2016 года арганізацыяй праведзены шэраг акцый па зборы подпісаў за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці[19][20].
У 2017 годзе з 20 лютага па 6 сакавіка пяцёра сяброў арганізацыі ладзілі абарону Курапатаў ад пабудовы ў ахоўнай зоне мемарыялу бізнэс-цэнтра. Пасля жорсткага супрацьстаяння, шэрагу правакацый у выглядзе збівання актывістаў міліцыянтамі ў цывільным, удалося дамагчыся перамогі і згортвання будаўнічай пляцоўкі.
З чэрвеня 2018 года Малады Фронт прымае актыўны ўдзел у Варце ля рэстарацыі «Поедем Поедим», пабудаванай з парушэннямі заканадаўства побач з Мемарыялам Курапаты, 3 ліпеня і 3 лістапада 2019 года былі брутальна затрыманыя АМАПам падчас вартавання і пакараныя буйнымі штрафамі.
Арганізацыя прымала актыўны ўдзел у снежаньскіх акцыях супраць інтэграцыі РБ з РФ у 2019. 7 снежня на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Маладафронтаўцы правялі перформанс з ірваннем партрэтаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Пасля акцый 2 Маладафронтаўцы — Дзяніс і Максім Урбановічы атрымалі 15 сутак арышту за «удзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве». Іншыя актывісты, як напрыклад Віталь Трыгубаў, атрымалі буйныя штрафы.
У сакавіку 2022 года падчас уварвання Расіі ва Украіну кіраўнік арганізацыі Дзяніс Урбановіч разам з шасцю іншымі маладафронтаўцамі запісаўся ў беларускую роту тэрабароны Украіны.[21]
11 жніўня 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала «Малады фронт» экстрэмісцкім фарміраваннем.[22]
Супрацьстаянне рэжыму
правіцьПачынаючы з 2000 года, Малады Фронт пяць разоў спрабаваў атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі, але ўсе пяць разоў яму было адмоўлена ў гэтым. Маладафронтаўцы лічаць, што ўлады наўмысна не рэгіструюць арганізацыю, каб мець рычагі ціску на маладзёжных актывістаў з дапамогай антыканстытуцыйнага[23][24][25][26][27] артыкула 193-1 крымінальнага кодэкса РБ. У межах кампаніі па супрацьстаянні крымінальнаму пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі маладафронтаўцы зарэгістравалі сваю арганізацыю ў Чэхіі[1]. Планы зарэгістраваць арганізацыю ў Літве[28], Польшчы і ва Украіне засталіся нерэалізаванымі.
Члены арганізацыі знаходзяцца пад сталым ціскам з боку рэжыму, шэраг з іх праследавалі па палітычных матывах[29] і нават асуджаныя: самыя знакамітыя з іх — гэта справы Аляксея Шыдлоўскага, Вадзіма Лабковіча, Паўла Севярынца, Паўла Мажэйкі, Артура Фінкевіча, Змітра Дашкевіча. Са сталай перыядычнасцю шэрагоўцы і лідары арганізацыі за сваю дзейнасць падвяргаюцца адміністрацыйнаму пераследу, самымі распаўсюджанымі відамі якога з’яўляюцца арышт (да 25 сутак) і штрафы. Не спыняецца таксама ціск і з боку спецслужбаў рэжыму.
Пасля прэзідэнцкай кампаніі 2006 года на лідараў «Маладога Фронту», Змітра Дашкевіча, Сержука Лісічонка, Барыса Гарэцкага і Алега Корбана, была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 193-1 (Дзейнасць незарэгістраванай Мін’юстам арганізацыі). Паводле гэтай крымінальнай справы, 1 лістапада 2006 года лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтара года калоніі агульнага рэжыму[30]. Цягам года па гэтым жа артыкуле былі асуджаныя іншыя лідары і актывісты МФ — Іван Шыла[31] (Салігорск), Наста Палажанка, Зміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі[32] (Мінск), Анастасія Азарка[33] (Нясвіж), Яраслаў Грышчэня[34] (Баранавічы), Кася Салаўёва[35] (Полацк), Эдуард Зелянкоў[36] (Жлобін). Усе яны былі прысуджаны да штрафу альбо папярэджання.
Таксама быў узбуджаны шэраг крымінальных спраў паводле артыкула 193-1, якія не дайшлі да суду. Так, крымінальная справа была таксама заведзеная на актывіста Жлобінскага філіяла МФ — Кірыла Атаманчыка[37]. Крымінальныя справы былі ўзбуджаны на кіраўніка Гомельскага МФ Андруся Цянюту і кіраўніка Светлагорскага МФ Арсенія Ягорчанку[38]. У Жодзіна крымінальная справа была ўзбуджана адразу на некалькіх маладафронтаўцаў — Сяржука Гудзіліна, Яўгена Ваўкаўца і Алеся Чарэйку[39]. Кіраўніка Жодзінскага філіяла МФ, аднаго з лідараў руху — Паўла Красоўскага, абвінаваціўшы ў віцебскіх выбухах і двух забойствах, змясцілі ў следчы ізалятар. Праз месяц сфальсіфікаваная справа на Паўла Красоўскага за поўным няйменнем доказаў была спынена, а сам Павел быў вызвалены[40].
Крымінальны пераслед не нанёс чаканых рэжымам вынікаў, «Малады Фронт» толькі ўзмацніўся ў гэтым выпрабаванні і з’яднаўся,[41] правёў надзвычай моцныя кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі сябрамі сваёй арганізацыі і тымі, каторыя патрапілі пад крымінальны пераслед[42][43][44][45]. Лідара МФ Змітра Дашкевіча дзякуючы моцнай кампаніі салідарнасці вызвалілі з калоніі на паўтара месяца раней тэрміну, вынесенага судом першай інстанцыі[46]. У знак салідарнасці з «Маладым Фронтам» у арганізацыю ўступілі такія вядомыя грамадска-палітычныя дзеячы, як Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька. Пасля вызвалення, ганаровым сябрам «Маладога Фронту» стаў і Аляксандр Казулін[47]. Адзначыўшы гатоўнасць «ахвяраваць уласнай свабодай, здароўем і нават жыццём у імя сваіх ідэалаў», штотыднёвік «Наша Ніва» «Чалавекам года 2007» абвясціў «маладафронтаўца»[48]. Як лічаць актывісты «Маладога Фронту», усё гэта засведчыла, што беларускі рэжым пацярпеў паражэнне ў сваіх спробах спынення дзейнасці маладзёжнага руху.
Крытыка
правіць- Некаторыя прадстаўнікі арганізацыі выказвалі погляды гамафобскага характару. На сходзе ў 2013 годзе Малады Фронт прыняў рэзалюцыю аб каштоўнасным падмурку арганізацыі. У рэзалюцыі гомасексуальнасць была ўключана ў лік маральнай разбэшчанасці, разам з п’янствам, наркаманіяй і педафіліяй[49]. Кіраўнік Маладога фронту Зміцер Дашкевіч сказаў, што ён больш хацеў б быць на пасадзе прэзідэнта Беларусі дыктатара Лукашэнку чым адкрытага гея[50]. Артур Фінкевіч, якога запыталі, як Малады Фронт у выпадку прыходу да ўлады будзе ставіцца да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі адказаў, што як да выродкаў. Сказаў аднак, што гэта яго асабістае меркаванне, а не афіцыйная пазіцыя Маладога фронту[51]. Праваабарончая арганізацыя ГейБеларусь, якая бароніць правы асяроддзя ЛГБТ у Беларусі, уключыла трох сучасных і былых членаў Маладога Фронту: Дзмітрыя Дашкевіча, Артура Фінкевіча і Паўла Севярынца ў свой Чорны спіс і абвінаваціла іх у падтрымцы гамафобіі і дыскрымінацыі сексуальных меншасцяў[52]. Аднак не ўсе дзеячы Маладога Фронту падзяляюць такую пазіцыю. Іван Шыла звярнуў увагу, што гамафобскія выпадкі з удзелам некаторых актывістаў арганізацыі супярэчаць правілам, якімі Малады Фронт хацеў б кіравацца[53]:
У статуце напісана, што ў сваёй дзейнасьці мы кіруемся «Міжнародным пактам аб палітычных і грамадзянскіх правах». У сваю чаргу там вядзецца гаворка пра забарону дыскрымінацыі. Таму, напрыклад, вырываць сьцяг у прадстаўнікоў ЛГБТ гэта акурат ахвяраваньне прынцыпамі дэмакратычнай моладзевай арганізацыі. І таму кажу — не, арганізацыі не павінна ахвяраваць прынцыпамі. |
- Беларускі палітолаг В. Казлякоў сцвярджае, што Малады Фронт за час свайго існавання «праславіўся» арганізацыяй нешматлікіх, але крыклівых акцый, сутычкамі з міліцыяй з наступным затрыманнем асобных «экстрэмістаў». Актывісты Маладога Фронту неаднаразова затрымліваліся за парушэнне грамадскага парадку[54].
З’езды Маладога Фронту
правіць- I З’езд МФ адбыўся 6 верасня 1997 года, Сустаршынямі Маладога Фронту абраныя Павел Севярынец (Мінск), Сяржук Паўленка (Гродна), Алесь Асіпцоў (Магілёў).
- II З’езд МФ, 10 лютага 1999, абраў Старшынёй руху Паўла Севярынца.
- III З’езд, 1 ліпеня 2000, пераабраў Паўла Севярынца Старшынёй МФ, прыняўшы праграму «Малады Фронт Пераменаў», заклаў у падмурак моладзевага руху хрысціянскія прынцыпы і нацыянальную ідэю.
- IV З’езд, 19 чэрвеня 2002, пераабраў Паўла Севярынца Старшынёй МФ.
- V З’езд МФ адбываўся ў дзве сесіі, 23 мая 2004 года і 23 студзеня 2005, абраў Сустаршынямі Маладога Фронту Сяржука Бахуна і Змітра Дашкевіча.
- VI З’езд МФ, 9 сакавіка 2008, прыняў абноўленую стратэгію дзейнасці моладзевага руху «Рэфармацыя Маладога Фронту», паводле якой МФ выйшаў са складу АДС. З’езд абраў Старшынёй МФ Змітра Дашкевіча.
- VII З’езд МФ, 30 студзеня 2010, прыняў стратэгію дзейнасці пад назвай «Новае пакаленне», пераабраў старшынёй МФ Змітра Дашкевіча.
- VIII З’езд МФ, 26 кастрычніка 2013, прыняў рэзалюцыю «Каштоўнасны падмурак», абраў Сустаршынямі Маладога Фронту Змітра Дашкевіча, Андруся Цянюту і Эдуарда Лобава[55].
- IX З’езд МФ, адбываўся ў дзве сесіі 12 верасня[56] і 10 кастрычніка 2015[57], прыняў стратэгію і план дзейнасці арганізацыі да канца года, зацвердзіў склад Сойму, які атрымаў статус кіроўнага органу арганізацыі.
Старшыні Маладога Фронту
правіць- 6 верасня 1997 — 10 лютага 1999 — Павел Севярынец, Сяржук Паўленка, Алесь Асіпцоў.
- 10 лютага 1999 — 23 мая 2004 — Павел Севярынец.
- 23 мая 2004 — 9 сакавіка 2008 — Сяржук Бахун, Зміцер Дашкевіч.
- 9 сакавіка 2008 — 26 кастрычніка 2013 — Зміцер Дашкевіч.
- 26 кастрычніка 2013 — 12 верасня 2015 — Зміцер Дашкевіч, Андрусь Цянюта і Эдуард Лобаў.
- 10 снежня 2017 — 15 снежня 2018 — Яўген Васьковіч.
- з 15 снежня 2018 — Дзяніс Урбановіч.[58][59]
Малады Фронт у інтэрнеце
правіць- Афіцыйная група МФ У Кантакце
- Афіцыйны сайт Маладога Фронту
- Старонка на Facebook
- Афіцыйны сайт Салігорскага МФ Архівавана 5 верасня 2018.
- Малады Фронт у ЖЖ
- Малады Фронт на last.fm Архівавана 27 чэрвеня 2009.
- Афіцыйны сайт кампаніі: «Беларускую кнігу дзецям!» Архівавана 20 красавіка 2009.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б «Малады Фронт» афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі// Радыё «Рацыя». 15 студзеня 2008
- ↑ http://bdg.press.net.by/2005/06/2005_06_17.1534/1534_4_2.shtml Архівавана 20 лістапада 2008.
- ↑ http://naviny.by/rubrics/society/2009/09/07/ic_news_116_317189/
- ↑ Валерый Карбалевіч. Экспертыза «Свабоды»: Якія вынікі змагання за моладзь?// Радыё «Свабода» 10 верасня 2009
- ↑ (руск.)Не ходите детки в экстремисты(недаступная спасылка)// Сайт супольнасці «Трэці шлях». 2 сакавіка 2006
- ↑ Гісторыя (бел.)(недаступная спасылка). mfront.net. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2018. Праверана 11.02.2016.
- ↑ Статут Маладога Фронту// Сайт «Маладога Фронту». Дата доступу: 11 жніўня 2009
- ↑ (англ.)Belarus — YF// Сайт «Еўрапейскіх навучэнцаў-дэмакратаў». Дата доступу: 11 жніўня 2009
- ↑ (англ.)Member organisations Архівавана 12 мая 2009.// Сайт «Моладзі Еўрапейскай народнай партыі». Дата доступу: 11 жніўня 2009
- ↑ а б в г Што зрабіў Малады Фронт. Найбольш значныя факты, поспехі і дасягненні// Сайт «Маладога Фронту». Дата доступу: 22 сакавіка 2010
- ↑ (руск.)Государственная молодежная политика как важнейшее направление деятельности государства// Сайт «Рэфераты». Дата доступу: 15 жніўня 2009
- ↑ Сяргей Рак. Кроніка абароны Курапатаў Архівавана 7 красавіка 2009.// Наша Ніва. № 38 (300), 11 кастрычніка 2002 г.
- ↑ Алег Тачоны. Прэзыдэнтура — апазыцыя 4:2 . Наша Ніва (7 чэрвеня 2002). Архівавана з першакрыніцы 05.03.2016. Праверана 8 лютага 2013.
- ↑ Аркадзь Шанскі. Самая масавая галадоўка Архівавана 18 красавіка 2021.// Наша Ніва. № 20 (474) 2 чэрвеня 2006. С. 3, 7.
- ↑ П. Севярынец, Н. Палажанка. «Маладафронтаўцы» // Мінск, 2009. — 216 с.
- ↑ http://www.belmts.info Архівавана 23 сакавіка 2018.
- ↑ Пачынае працу спартова-патрыятычны клуб «Ваяр»
- ↑ «Малады фронт» стварае спартова-патрыятычны клюб «Ваяр» (бел.) . Радыё Свабода. Праверана 04.10.2016.
- ↑ В Минске задержан Дмитрий Дашкевич (руск.)(недаступная спасылка). tut.by. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2016. Праверана 04.10.2016.
- ↑ "Завітала на акцыю, а яны на мяне пратакол!" "Молодой Фронт" собрал подписи за БЧБ-флаг (руск.)(недаступная спасылка). tut.by. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 04.10.2016.
- ↑ У беларускую роту тэрабароны Украіны запісаліся сямёра маладафронтаўцаў
- ↑ МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» «Малады фронт»
- ↑ http://www.ampby.org/news.aspx?id=255(недаступная спасылка)
- ↑ Гары Паганяйла. Экспертнае заключэнне па арт. 193-1 КК РБ Архівавана 3 лютага 2011.// Беларускі Хельсінкскі Камітэт. 29 мая 2007
- ↑ Таццяна Поклад. Кампанія Amnesty International за свабоду слова ў Беларусі(недаступная спасылка)// Радыё «Свабода». 28 жніўня 2008
- ↑ http://www.svaboda.org/content/article/1814508.html
- ↑ http://www.ampby.org/news.aspx?id=286(недаступная спасылка)
- ↑ Таццяна Поклад. Распачалася рэгістрацыя «Маладога фронту» ў Літве // Радыё «Свабода». 21 жніўня 2008
- ↑ http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=6&news=2218&newsPage=0 Архівавана 14 чэрвеня 2015.
- ↑ http://news.tut.by/politics/76679.html Архівавана 7 кастрычніка 2015.
- ↑ Севярын Квяткоўскі, Алег Груздзіловіч. Суды над маладафронтаўцамі ў Нясвіжы і Салігорску: Рэпартаж(недаступная спасылка)// Радыё «Свабода». 4 верасня 2007
- ↑ Зміцер Панкавец. Прысуд маладафронтаўцам: Хведарук — 1 млн 240 тыс., Корбан, Янушэўскі, Гарэцкі — 930 тыс., Палажанка — папярэджанне// Наша Ніва. 29 мая 2007
- ↑ Сямён Печанко. Фотарэпартаж з суду над Настай Азаркай// Наша Ніва. 4 верасня 2007
- ↑ Зміцер Панкавец, Сяргей Макарэвіч. Яраслаў Грышчэня: «Прашу мяне расстраляць»// Наша Ніва. № 34 (536), 13 верасня 2007. С. 2, 6.
- ↑ Зміцер Панкавец. «Калі жаданьне адрадзіць мову лічыць крыміналам, то я вінаватая»// Наша Ніва. 8 красавіка 2008
- ↑ Жлобінскі актывіст Эдуард Зелянкоў, абвінавачаны ў дзейнасці ад імя незарэгістраванага грамадскага аб’яднання, пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічыняў// Праваабарончы цэнтр «Вясна». 30 чэрвеня 2006
- ↑ Актывіст «Маладога фронту» Кірыл Атаманчык просіць КДБ закрыць яго крымінальную справу// Радыё «Рацыя». 30 красавіка 2009
- ↑ Любоў Лунёва. Новыя крымінальныя справы супраць «Маладога Фронту»(недаступная спасылка)// Радыё «Свабода». 18 верасня 2007
- ↑ Узбуджана чарговая крымінальная справа супраць актывістаў «Маладога Фронту»// Хартыя’97. 12 красавіка 2006
- ↑ Зміцер Панкавец. Павел Красоўскі: «Калі мяне пачалі падазраваць яшчэ ў двух забойствах, я трохі супакоіўся»// Наша Ніва. № 38 (492), 20 кастрычніка 2006. С. 4.
- ↑ http://www.euramost.org/?artc=11164
- ↑ Мікола Бугай. Пісьменнікі і палітыкі заклікаюць прыйсці на суд над маладафронтаўцамі// Наша Ніва. № 18 (520), 18 мая 2007. С. 10.
- ↑ http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=6&news=16177&newsPage=0 Архівавана 14 чэрвеня 2015.
- ↑ http://www.svaboda.org/content/article/759945.html
- ↑ http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=6&news=13117&newsPage=0 Архівавана 14 чэрвеня 2015.
- ↑ http://www.afn.by/news/i/94718
- ↑ Алесь Дашчынскі. Аляксандра Казуліна прынялі ў «Малады фронт»(недаступная спасылка)// Радыё «Свабода». 19 жніўня 2008
- ↑ Дзмітрый Панкавец, Мікола Бугай. Асобы года Архівавана 18 красавіка 2021.// Наша Ніва. № 48 (550) 27 снежня 2007. С. 3-5.
- ↑ nv-online.info/attachment/456/Narodnaya_volia_29_10.pdf
- ↑ http://rusrep.ru/dashkevich
- ↑ http://www.svaboda.org/content/transcript/770829.html
- ↑ http://gaybelarus.org/chorny_spis.html Архівавана 4 чэрвеня 2014.
- ↑ http://www.svaboda.org/content/interview/25166911.html
- ↑ (руск.)Владимир Козляков. Партийные ловушки// Беларуская думка. Люты 2008. С. 36-39.
- ↑ Зьезд МФ працягнецца на другой сэсіі (бел.)(недаступная спасылка). mfront.net. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2018. Праверана 02.02.2016.
- ↑ “Малады Фронт” з новай стратэгіяй дзеянняў (бел.)(недаступная спасылка). racyja.com. Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2020. Праверана 02.02.2016.
- ↑ Адбылася заключная сесія з’езду МФ (бел.)(недаступная спасылка). mfront.net. Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2016. Праверана 02.02.2016.
- ↑ «Малады фронт» абраў новага старшыню // Белсат
- ↑ Пра турму, дзеўчын і сяброўства з беларускім дыпламатам. Вялікае інтэрв’ю новага старшыні «Маладога фронту» // Белсат
Спасылкі
правіць- Па апанентах улада б’е калібрам 193-1 Архівавана 7 кастрычніка 2015.
- Улады адмовіліся рэгістраваць Малады Фронт. Архівавана 6 красавіка 2009.