Парламенцкія выбары ў Беларусі (2000)
У 2000 годзе адбыліся выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання. Аднак яны байкатаваліся 7 з 9 апазіцыйных партый.
Перадвыбарчае становішча
правіцьГэтыя выбары ў 110-мясцовую Палату прадстаўнікоў былі першымі, што адбыліся ў Беларусі пасля кансультатыўнага рэферэндуму 1996 года, пытанні якога аднак змянілі Канстытуцыю намаганнямі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Увосень 1999 года адбыліся безвыніковыя перамовы між прадстаўнікамі Лукашэнкі і апазіцыяй аб доступе да ўрадавага вяшчання, выбарчым заканадаўстве і паўнамоцтвах парламента. У студзені 2000 года прызначаны Лукашэнкам Нацыянальны сход ухваліў Выбарчы кодэкс (ВК), а ў чэрвені ўнёс у яго праўкі. Сем апазіцыйных партый вырашылі байкатаваць выбары.
Прававыя ўмовы
правіцьВК ад 24 красавіка 2000 года з чэрвеньскімі папраўкамі не забяспечваў шматпартыйнай прадстаўніцтва ў Цэнтральнай выбарчай камісіі і абмяжоўваў перадвыбарчае агітаванне. Трэцяя частка Артыкула 167 Адміністатыўнага кодэксу 1984 года працягвала выкарыстоўвацца для пераследу за заклікі да байкоту выбараў, што пацягнула за сабой асуджэнне напярэдадні выбараў больш як 100 асоб.
Паводле ВК для абрання дэпутата ў першым туры патрабавалася галасаванне больш як 50% улічаных у выбарчай акрузе выбаршчыкаў і атрыманне адным з вылучэнцаў больш як паловы пададзеных галасоў. Калі ніхто з вылучэнцаў не набіраў больш як паловы галасоў, але галасавала больш як палова выбаршчыкаў, другі тур адбываўся між дзвюма вылучэнцамі, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў. Калі ў другім туры яўка не дасягала больш як 25% выбаршчыкаў, адбываліся паўторныя выбары разам з новым улікам вылучэнцаў.
Правядзенне
правіцьВыбарчыя камісіі
правіцьПравядзенне выбараў ажыццяўлялася Цэнтральнаю камісіяй па выбарах і рэферэндумах (ЦВК), 110 акруговымі выбарчымі камісіямі (АВК) і 6'693 ўчастковымі выбарчымі камісіямі (УВК). Склад выбарчых камісіяў прызначаўся выканаўчаю ўладаю пераважна з ліку чыноўнікаў і супрацоўнікаў урадавых прадпрыемстваў. З 330 пасад старшыняў, іх намеснікаў і сакратароў АВК чыноўнікі і кіраўнікі ўрадавых прадпрыемстваў занялі 86%. 11 верасня 2000 года Лукашэнка прызначыў у ЦВК дадаткова 9 членаў без права голасу ад палітычных партый, што бралі ўдзел у выбарах. У тым ліку былі 2 прадстаўнікі ад апазіцыйных партый — ліберальна-дэмакратычнай (ЛДП) і камуністаў (ПКБ).
Улік вылучэнцаў
правіцьВылучэнне ажыццяўлялася партыямі, працоўнымі калектывамі і зборам 1'000 подпісаў выбаршчыкаў. З 768 вылучэнцаў улік у АВК прайшлі 550. З 218 вылучэнцаў, якім адмовілі ва ўліку, скаргі ў ЦВК падалі 146. ЦВК паставіла на ўлік 23 вылучэнцы. З 123 вылучэнцаў, якім адмовіла і ЦВК, 85 падалі скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны суд паставіў на ўлік толькі 5 вылучэнцаў. Такім чынам, уліку дамагліся 578 вылучэнцаў. Аднак пазней 11 вылучэнцаў зняліся з выбараў. Улік яшчэ аднаго вылучэнца скасавалі. Ва ўліку адмовілі 20% вылучэнцам ад партый і рабочых калектываў. АВК адмовіліся таксама ад уліку каля 50% самавылучэнцаў, якія сабралі па больш як 1'000 подпісаў выбаршчыкаў і пераважна належалі да апазіцыі, аднак не да ЛДП і ПКБ. Каля паловы з 578 ўлічаных вылучэнцаў ішлі ад 9 партый, у тым ліку 7 праўрадавых і 2 апазіцыйных — ЛДП і ПКБ. Яшчэ 7 апазіцыйных партый ладзілі байкот выбараў, хоць Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (СДП «НГ») дазволіла сваім членам пайсці на выбары ў якасці незалежных вылучэнцаў. Агулам ад апазіцыі йшло 20 улічаных вылучэнцаў. Ва ўліку адмаўлялі на падставе памылак у дэкларацыях вылучэнцаў аб сваіх даходах і ўласнасці, а таксама 15% сумнеўных подпісаў, сабраных у падтрымку. На прэс-нарадзе 18 верасня старшыня ЦВК Лідыя Ярмошына заявіла: «Выбарчыя камісіі стараліся ўлічыць так званых значных асоб, часам даруючы зробленыя імі памылкі».
Галасаванне
правіцьЧыноўнікі заахвочвалі галасаваць датэрмінова цягам 5 дзён перад днём выбараў. У гэты час выбарчыя камісіі працавалі ў няпоўным складзе, у якім мусілі прысутнічаць усяго 2 члены. Скрыні для бюлетэняў уначы не ахоўваліся. Выбарчыя камісіі не мелі абавязку выдаваць копіі пратаколаў аб выніках галасавання назіральнікам і прадстаўнікам вылучэнцаў, што рабіла немажлівым аспрэчванне падробленых вынікаў галасавання ў судзе.
Перадвыбарчае агітаванне і вяшчанне
правіцьАфіцыйнае агітаванне распачалося пасля ўліку вылучэнцаў 14 верасня. Аднак некаторыя вылучэнцы пачалі сваю агітацыю толькі пасля задаволення 28 верасня адпаведных скаргаў у Вярхоўным судзе. На кожную выбарчую акругу прыпадала каля 5 вылучэнцаў. ВК забараняў змяшчаць у агітацыі «абразы і паклёп на службовых асоб Рэспублікі і іншых вылучэнцаў» і прадугледжваў пераслед за «хлуслівыя звесткі». Таксама на вылучэнцаў накладалася адказнасць за дзейнасць сваіх прыхільнікаў. Аднак заява Лукашэнкі 22 верасня на дзяржаўным тэлебачанні, у якой той назваў «дурнямі і злодзеямі» былога прэм'ера Міхаіла Чыгіра і старшыню СДП «НГ» Мікалая Статкевіча, якія былі вылучэнцамі, не пацягнула за сабой ніякай адказнасці. Пасля Маршаў свабоды 1 і 8 кастрычніка, што праводзіліся прыхільнікамі байкоту, арыштавалі некалькі яго ўдзельнікаў. Мясцовыя ўлады дазволілі менш паловы запытаў на правядзенне шэсцяў. Агулам больш за 100 прыхільнікаў байкоту асудзілі за пікетаванне паводле трэцяй часткі Артыкула 167 Адміністрацыйнага кодэксу.
Урадавыя электроннае вяшчанне і друк, падначаленыя Адміністрацыя прэзідэнта, мелі пануючае становішча. Апазіцыя не мела магчымасці данесці праз іх выбаршчыкам прычыну байкоту выбараў. Паводле пастановы ЦВК ад 11 верасня вылучэнцам дазволілі 5-хвілінныя выступы на ўрадавым радыё і тэлебачанні, а таксама размясціць у адной з шасці ўрадавых газетаў свае абвесткі аб'ёмам па 2 друкаваныя старонкі. Аднак 14 кастрычніка ў лісце да галоўнага рэдактара «Аршанскай» газеты старшыня ЦВК Лідыя Ярмошына забараніла друкаваць абвестку вылучэнца да выняцця з яе згадак аб «самаўладным урадзе» і «палітычным пераследзе СМІ ў Беларусі».
Падчас вобшука няўрадавай друкарні «Мэджык» 13 верасня канфіскавалі тыраж няўрадавае газеты «Рабочы», што змяшчала заклік да байкоту парламенцкіх выбараў. Уласніка і кіраўніка друкарні Юрыя Будко звінавацілі паводле трэцяй часткі Артыкула 167 Адміністрацыйнага кодэксу, аднак абвінавачанне знялі 18 верасня. Урад замарозіў рахунак друкарні 11 кастрычніка. 13 кастрычніка ўрад прыгразіў адборам друкарскага абсталявання, каб нібыта спагнаць падаткі, пратэрмінаваныя зачыненым у 1997 годзе прадстаўніцтвам Фонду Сораса, што выступала дабрачынцам той друкарні. У перадачы «Таемныя спружыны палітыкі» 21 верасня на БТ Беларускі Народны Фронт (БНФ) параўналі з «фашысцкімі калябарантамі» падчас другое сусветнай вайны. 7 кастрычніка старшыню БНФ Зянона Пазняка нараклі «свіннёй, добра падкормленай заходняй ежай». 9 і 10 кастрычніка ў перадачы «Панарама» вядучы сцвярждаў, што Марш свабоды праваліўся. Таксама журналіст дадаў, што апазіцыі спатрэбяцца заходнія бомбы, а не грошы, каб падарваць існы дзяржаўны лад. Таксама БТ парушала Артыкул 46 ВК, што забараняў грамадскія апытанні, двойчы — 5 і 9 кастрычніка. 12 і 13 кастрычніка ў перадачы «Лялькі» журналіст БТ параўнаў правадыроў апазіцыі з нацыянал-сацыялістамі. Апазіцыі так і не далі адказаць на абразы, закіды і паклёп ва ўрадавых выданнях. Аднак 2 прадстаўнікі апазіцыі — Станіслаў Шушкевіч з Сацыял-дэмакратычнай Грамады і Аляксандр Дабравольскі з Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), патрапілі ў эфір расійскага тэлеканала «ГРТ» за тыдзень да выбараў. Яны патлумачылі прычыну байкота выбараў і наракалі на адсутнасць доступу да ўрадавага вяшчання ў Беларусі.
Назіранне
правіцьУ рамках Цэнтральнай каардынацыйнай рады (ЦКР) за выбарамі назіралі 7 няўрадавых аб'яднанняў (НУА):
- Беларуская ініцыятыва,
- Беларускі Хельсінкскі камітэт,
- Згуртаванне дэмакратычных НУА,
- Рух за свабодныя і дэмакратычныя выбары,
- Рэспубліканскае згуртаванне выбаршчыкаў,
- Свабодныя прафсаюзы,
- Фонд імя Льва Сапегі.
ЦКР заснавала 70 узгадняльных цэнтраў і мела больш як 5 тысяч улічаных назіральнікаў. ЦКР таксама вылучыла 470 асоб у склад выбарчых камісіяў, з якіх зацвердзілі толькі 20. Яе назіральнікі задакументавалі ўрадавае ўмяшанне ў ход выбараў і прыйшлі да высновы, што ў 34 выбарчых акругах прагаласавала менш як палова выбаршчыкаў, неабходных для прызнання выбараў адбыўшыміся. Тым часам ЦВК налічыла толькі 13 такіх акруг.
15 кастрычніка на выбарах прысутнічала каля 150 замежных назіральнікаў, з якіх 75 ад СНД. Яны знаходзіліся ў краіне не больш як 5 дзён і размяшчаліся ў гасцініцах за кошт ЦВК. Пад канец іх назірання ЦВК выдала тым назіральнікам на подпіс тэкст падрыхтаванай заявы аб тым, што «парламенцкія выбары былі важнаю ступенню развіцця народаўладдзя ў Беларусі».
Вынікі
правіцьПаводле ЦВК у першым туры яўка выбаршчыкаў перавысіла 50 % ў 97 акругах з 110, а выбрання дасягнуў 41 дэпутат. Сярэдняя ўяка ў першым туры паводле ЦВК склала 61,08 %, а ў другім — 52 %. У другім туры дэпутатамі сталі яшчэ 56 асоб. Дадзеныя падлікі аспрэчваліся назіральнікамі. Паўторныя выбары праводзіліся ў 13 акругах 18 сакавіка 2001 года. З 20 вылучаных ад апазіцыі шляхам збору подпісаў кандыдатаў выбрання ў першым туры не дасягнуў ніводны. Толькі тры апазіцыйныя вылучэнцы сталі дэпутатамі ў другім туры — былыя члены АГП Уладзімір Навасяд і Юрый Марозаў, а таксама старшыня «Яблыка» Вольга Абрамава. Дэпутацкага месца таксама дамогся Аляксей Ваганаў з ЛДП[1].
Праўрадавыя партыі атрымалі наступную колькасць месцаў:
Зноскі
Спасылкі
правіць- Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года Архівавана 23 ліпеня 2008.
- Спіс дэпутатаў ПП НС РБ другога склікання Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)