Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. На яе аснове фарміруецца сістэма бягучага заканадаўства, у ёй вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў. Яна з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года[1].

Гісторыя

 
Вокладка Канстытуцыі Беларусі 1994 года

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 г. на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання. Набыла сілу 30 красавіка 1994 з моманту яе апублікавання.

Тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб узгадвае, што асноўны закон краіны прымаўся вельмі цяжка і складана — па главах, па раздзелах, літаральна па радках — неабходна было, каб прагаласавалі дзве траціны дэпутатаў[2].

24 лістапада 1996 па ініцыятыве Прэзідэнта А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27 лістапада 1996. Дадатковыя змены былі ўнесены ў Канстытуцыю пасля рэферэндуму 2004.

Структура і змест

Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сацыяльна-эканамічны і палітычны этап развіцця грамадства і дзяржавы: адсутнасць федэратыўных пачаткаў у сувязі з распадам СССР, замацаванне поўнага дзяржаўнага суверэнітэту, адраджэнне беларускай нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей для развіцця ўсіх формаў уласнасці.

Арт. 1 падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, правы на працу, на адпачынак, пашырана кола правоў і свабод, замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы Канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян. Канстытуцыя забараняе стварэнне і дзейнасць палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт асноўных прынцыпаў міжнароднага права, не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на падставе прынцыпу іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца мэта зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца Рэспублікі Беларусь — г. Мінск.

Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт. Вызначана працэдура выбрання прэзідэнта, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцваў. Прэзідэнт назначае ўсіх вышэйшых службовых асоб, фарміруе ўрад дзяржавы, асобных кіраўнікоў вышэйшых органаў улады Прэзідэнт назначае са згоды Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт з’яўляецца старшынёй Савета Бяспекі і Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь. Ён падпісвае законы, выдае дэкрэты, якія маюць сілу закона, а таксама ўказы і распараджэнні, валодае правам распускаць абедзве палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пасля рэферэвдуму 1996 зменена назва і прававы статус урада Рэспублікі, які атрымаў назву Савет Міністраў. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Члены Савета Міністраў, Прэм’ер-міністр і яго намеснікі назначаюцца і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Створаны новыя дзярж. органы — Канстытуцыйны суд, Камітэт дзярж. кантролю. Вышэйшым прадстаўнічым заканадаўчым органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з дзвюх палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Палата прадстаўнікоў рыхтуе праекты законаў і прымае іх, Савет Рэспублікі (верхняя палата) зацвярджае ці адмяняе законы, якія прыняла ніжняя палата. Захавана пераемнасць у назве мясцовых прадстаўнічых органаў народа — Саветаў; у Канстытуцыі яны названы Саветамі дэпутатаў. Мясцовае кіраванне і самакіраванне ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках ажыццяўляецца праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах. Асобная глава прысвечана выбарчай сістэме. Для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы. Акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел Канстытуцыі прысвечаны фінансава-крэдытнай сістэме Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь засноўваецца на шэрагу прынцыпаў: дэмакратызме і раўнапраўі грамадзян, гуманізме, пераемнасці і стабільнасці, легітымнасці, рэальнасці і гаранціраванасці, законнасці, вяршэнстве права. Па сваёй структуры і ўтрыманню — гэта кадыфікацыйны дакумент, адзіны закон, структура якога выкладзеная ў навукова-абгрунтаванай паслядоўнасці.

У адпаведнасці з арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і які замацоўвае засноўвалыя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання найважных грамадскіх адносін.

Гл. таксама

Палітыка
Беларусь
 

Артыкул — частка серыі:
Палітычная сістэма
Беларусі

Канстытуцыя Беларусі


Прэзідэнт Беларусі


Савет Міністраў


Нацыянальны сход


Судовая сістэма



Адміністрацыйная сістэма


Выбары

  • Палітычныя партыі
  • Рэферэндумы:
  • Парламенцкія выбары:
  • Прэзідэнцкія выбары:

Зноскі

Літаратура

Спасылкі