Рэферэндум у Беларусі (1996)
Рэферэндум 24 лістапада 1996 года — другі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум. Быў выкліканы абвастрэннем адносін паміж прэзідэнтам і парламентам краіны. Чатыры пытанні, вынесеныя на рэферэндум, былі ініцыяваны прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, яшчэ тры — Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У рэферэндуме прынялі ўдзел 6 181 463 чалавекі, або 84,14% электарата.
Паводле меркавання апанентаў улады і міжнароднай супольнасці, рэферэндум быў праведзены з істотнымі парушэннямі заканадаўства.[1][2]
Пытанні і вынікі
правіцьПытанні, ініцыяваныя прэзідэнтам
правіць- Аб перанясенні Дня незалежнасці Беларусі на 3 ліпеня — Дзень вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
- «За» прагаласавала 88,18% выбарцаў, «супраць» — 10,46%.
- Аб занясенні змен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзідэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзідэнта.
- «За» прагаласавала 70,45% выбарцаў, «супраць» — 9,39%.
- Аб увядзенні вольнай без абмежаванняў куплі-продажы земляў сельскагаспадарчага прызначэння.
- «За» прагаласавала 15,35% выбарцаў, «супраць» — 82,88%.
- Аб скасаванні смяротнага пакарання.
- «За» прагаласавала 17,93% выбарцаў, «супраць» — 80,44%.
Пытанні, ініцыяваныя Вярхоўным Саветам
правіць- Аб занясенні змен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парламенцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
- «За» прагаласавала 7,93% выбаршчыкаў, «супраць» — 71,2%.
- Аб выбарнасці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
- «За» прагаласавала 28,14% выбаршчыкаў, «супраць» — 69,92%.
- Аб фінансаванні ўсіх галін улады адкрыта і толькі з дзяржаўнага бюджэту.
- «За» прагаласавала 32,18% выбаршчыкаў, «супраць» — 65,85%.
Меркаваныя парушэнні
правіцьБеларуская дэмакратычная апазіцыя, праваабаронцы і міжнародныя назіральнікі зарэгістравалі значную колькасць парушэнняў пры абвяшчэнні і правядзенні рэферэндуму. У прыватнасці, назіральнікі ад Еўрапейскага інстытута па СМІ адзначылі, што 90% адпаведнага эфірнага часу на беларускай тэлевізіі былі прысвечаны агітацыі на карысць пазіцыі прэзідэнта, у выніку чаго выбары былі пазбаўлены магчымасці дэмакратычнага выбару[3].
Існуюць пытанні датычна фінансавання рэферэндуму, бо паводле словаў прэзідэнта Лукашэнкі, рэферэндум адбыўся не за кошт бюджэтных сродкаў, але за кошт «добраахвотных ахвяраванняў». У праекты канстытуцыйных змен уносіліся істотныя папраўкі ўжо пасля афіцыйнай публікацыі, што забаронена заканадаўствам. Масавы характар набыло датэрміновае галасаванне, пры якім існуе небяспека фальсіфікацыі вынікаў і да якога ўлады актыўна схілялі грамадзян. Так, у многіх гарадах датэрмінова прагаласавала 30 і больш адсоткаў выбарцаў.
Былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні пры правядзенні галасавання, падліку галасоў, адзначаліся выпадкі агітацыі на карысць пазіцыі прэзідэнта на выбарчых участках у дзень галасавання.
Паводле Сяргея Калякіна, кіраўніка фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце, ад 20 да 50 адсоткаў галасоў былі сфальсіфікаваны[3][4].
Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі назваў рэферэндум «фарсам і насіллем над народам» і заявіў, што «вынікі такога плебісцыта не могуць быць прызнаныя ані ў Беларусі, ані сусветнай супольнасцю»[5].
Беларускі Хельсінкскі камітэт адзначыў наступныя парушэнні ў ходзе правядзення рэферэндуму[6]:
- Мясцовыя камісіі па правядзенню рэферэндуму былі ўтвораны не адпаведнымі Саветамі дэпутатаў не пазней, чым за месяц да рэферэндуму, а за 5-7 дзён органамі выканаўчай улады;
- У самы адказны перыяд падрыхтоўкі рэферэндуму ўказам прэзідэнта быў незаконна адхілены ад пасады старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Віктар Ганчар. Тым самым была паралізавана праца органа, які меў ажыццяўляць кантроль за законнасцю галасавання і падвесці вынікі рэферэндуму;
- Да моманту датэрміновага галасавання (9 лістапада) на ўчастках для галасавання адсутнічалі тэксты змен і дапаўненняў Канстытуцыі і грамадзяне не ведалі, за што яны галасуюць;
- У парушэнне заканадаўства выбарцы прыйшлі (а ў многіх выпадках прымушаліся) прагаласаваць датэрмінова. У выніку да дня рэферэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбаршчыкаў;
- Бюлетэні для галасавання друкаваліся Упраўленнем справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны былі дастаўлены на выбарчыя ўчасткі мінуўшы Цэнтрвыбаркам і абласныя камісіі па рэферэндуме. Улік колькасці бюлетэняў нікім не ажыццяўляўся.
- Насуперак заканадаўству, падрыхтоўка рэферэндуму і яго правядзенне фінансаваліся не з бюджэту, а выключна за кошт «дабрачынных» унёскаў. Цэнтрвыбаркам быў цалкам адхілены ад дзейнасці па фінансаванні рэферэндуму;
- У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда за пытанні, вынесеныя на рэферэндум па ініцыятыве прэзідэнта. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасавання;
- У дзень рэферэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры ажыццяўленні кантролю за ходам галасавання; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў атрыманні патрабаванай інфармацыі;
- Тыповымі парушэннямі заканадаўства на ўчастках для галасавання былі наступныя: адсутнічалі кабіны для тайнага галасавання; не было праектаў змен і дапаўненняў Канстытуцыі; выбаршчыкі дапускаліся да галасавання без дакументаў, якія сведчаць асобу; меліся пашкоджанні пломбаў на скрынях для галасавання; выяўленыя факты падробкі подпісаў выбаршчыкаў.
Зноскі
- ↑ Кісель, Зміцер. «Апазіцыя ў фарсе ўдзельнічаць не будзе Архівавана 10 жніўня 2010.», Ніва № 29 (2305), 16 ліпеня 2000 года.
- ↑ Прэзідэнт назваў рэферэндум бездакорным, яго ўнутраныя апаненты — сфальсіфікаваным, Захад — антыдэмакратычным Архівавана 28 жніўня 2008., Выбары ў Беларусі
- ↑ а б «Свабода», 1996, нумар ад 29 лістапада
- ↑ Народная воля, № 109
- ↑ Свабода. 1996, нумар ад 26 лістапада
- ↑ РЕФЕРЕНДУМ-96 (МНЕНИЕ ОППОЗИЦИИ): цифры, суждения, законность. Белорусский Хельсинский Комитет; Минск, 1996 г
Спасылкі
правіць- Афіцыйныя вынікі на сайце ЦВК Архівавана 11 ліпеня 2006. (руск.)
- БелаПАН, Рэферэндум-1996 Архівавана 2 лістапада 2007. (руск.)
- TUT.BY, «Амерыканскія горкі» беларускай Канстытуцыі Архівавана 22 сакавіка 2009.