Туркменістан

краіна ў Цэнтральнай Азіі

Туркменістан — краіна ў Сярэдняй Азіі. Мяжуе з Казахстанам, Узбекістанам, Афганістанам, Іранам, мае выхад да Каспійскага мора. Адна з дзяржаў былога СССР. З’яўляецца асацыяваным членам СНД.

Туркменістан
Türkmenistan
Герб Туркменістана
Сцяг Туркменістана Герб Туркменістана
Гімн: «Дзяржаўны гімн незалежнага, нейтральнага Туркменістана»
Дата незалежнасці 27 кастрычніка 1991 (ад СССР)
Афіцыйная мова туркменская
Сталіца Ашгабат[1]
Найбуйнейшыя гарады Ашгабат, Туркменабад, Дашагуз, Туркменбашы, Мары
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка з аднапартыйнай сістэмай
Прэзідэнт Сердар Бердымухамедаў
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
53-я ў свеце
491 200 [2] км²
4,9
Насельніцтва
• Ацэнка (2016)
Шчыльнасць

5 662 544 [3] чал.
10,5 чал./км²
ВУП
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$104 млрд. ППЗ[4]  (95-ы)
$18771[5]
ІРЧП (2014) 0,688 [6] (сярэдні) (109-ы)
Этнахаронім туркмен, туркменка, туркмены
Валюта Манат
(TMT, код 934)
Авіякампанія Туркменскія Авіялініі
Інтэрнэт-дамен .tm
Код ISO (Alpha-2) TM
Код ISO (Alpha-3) TKM
Код МАК TKM
Тэлефонны код +993
Часавыя паясы +5

Большая частка тэрыторыі занята пустыняй Каракумы, што абумовіла невялікую шчыльнасць насельніцтва. Геалагічная будова тэрыторыі паспрыяла накапленню ў былыя эпохі неверагодных запасаў прыроднага газу, здабыча і экспарт якога фарміруюць аснову бюджэту дзяржавы і дазваляюць ажыццяўляць незвычайныя сацыяльныя праграмы.

Нягледзячы на некаторае паслабленне аўтарытарызму ў апошняе дзесяцігоддзе, сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Туркменістане застаецца адной з найгоршых у свеце. Па ступені закрытасці з Туркменістанам можа паспрачацца толькі Паўночная Карэя.

Этымалогія

правіць

Назва краіны ўтворана далучэннем персідскага суфікса «стан» (краіна) да этноніма «туркмен».

Геаграфічнае становішча

правіць

На поўначы, на плато Усцюрт, мяжуе з Казахстанам. Мяжа з Узбекістанам праходзіць па ўпадзіне Сарыкамышскага возера і даліне Амудар’і. На паўднёвым захадзе мяжуе з Афганістанам. Паўднёвая мяжа з Іранам часткова праходзіць па гарах Капетдаг. Не мае выхаду да мораў Сусветнага акіяна. На захадзе абмываецца Каспійскім морам, Туркменістану належыць акваторыя яго найбуйнейшага заліва Кара-Багаз-Гол.

Прырода

правіць
 
Рэльеф Туркменістана

Большую частку Туркменістана займае Туранская нізіна (Арала-Каспійская ўпадзіна), аблямаваная: на поўначы — плато Устцюрт, на поўдні — гарамі Капетдаг (да 2942 м), ля Каспія — Вялікім Балханам (да 1800 м). На тэрыторыі нізіны маюцца асобныя замкнёныя ўпадзіны — Сарыкамышская і Унгузская. Непасрэдна ля Каспійскага мора ляжыць Краснаводскае плато (да 300 м). На поўдні маюцца невысокія горы Бадхыз (1267 м) і Карабіль (984 м) — перадгор’і Парапаміза. На мяжы з Узбекістанам — хрыбет Кугітангтау, з гарой Айрыбаба або пікам Вялікага Туркменбашы (3139 м), найвышэйшым пунктам краіны. Супрацьлеглы полюс — западзіна Акчакайя (-81 м над узроўнем мора). Нярэдкія землетрасенні (землетрасенне 1948 года забрала жыцці больш за 60 тысяч чалавек).

Клімат пераважна субтрапічны, кантынентальны. Зімы даволі халодныя, лета — спякотнае. Ападкаў выпадае няшмат, вясновы максімум (сакавік-красавік) звязаны з праходжаннем умеранага фронта. Большую колькасць ападкаў атрымліваюць схілы Капетдага.

На 80 % тэрыторыі адсутнічае паверхневы сцёк. На ўсходзе працякае Амудар’я, ад якой адыходзяць каналы: Каракумскі з ланцужком вадасховішчаў (1445 км, вадазабор канала складае 12-13 км³ (каля 45 % сцёку Амудар’і)) і Шават. Іншы буйныя рэкі — Мургаб, які сканчаецца ўнутранай дэльтай ў раёне Мервскага аазіса, а таксама Тэджэн — таксама высыхаюць у Каракумах; з Капетдага сцякае Атрэк, які належыць да басейна Каспійскага мора.

 
Каракумы

Большая частка краіны занятая буйнейшай у Сярэдняй Азіі пустыняй Каракумы (350 тыс.кв.км.). З Узбекістана на поўдзень прасоўваюцца пяскі Кызылкумаў. Для пустыняў характэрны ландшафт барханаў вышынёй 2-20 м, створаны пануючымі вятрамі. Ва ўпадзінах часта сустракаюцца забалочаныя саланчакі, якія абавязаны сваім існаваннем капілярным глебавым працэсам.

Працэсы апустыньвання ў Сярэдняй Азіі па сваіх маштабах саступаюць толькі афрыканскім. Апустыньванне разам з забруджваннем навакольнага асяроддзя прывялі да змяншэння біялагічнай прадукцыйнасці ландшафтаў у апошнія дзесяцігоддзі на 30-50 %. Найбуйнейшыя запаведнікі: Рэпетекскі, Капетдагскі, Амудар’інскі.

Гісторыя

правіць

Старажытнасць

правіць

Тэрыторыя Туркменістана заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Да I-га тыс. да н. э. тэрыторыю Туркменістана насялялі іранамоўныя народы. Найбольш развітай вобласцю была Маргіяна з цэнтрам у г. Мерв, што ўваходзіла ў склад Бактрыі. У перадгор’ях Капетдага знаходзілася вобласць Парфія, у паўднёва-ўсходнім Прыкаспіі — Гурган (Гірканія) — увахозілі ў склад Мідыі. У VIIVI стст. да н. э. У канцы VI ст. да н. э. ўсе яны былі заваяваны дзяржавай Ахеменідаў, у 330329 да н.э. — Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад дзяржавы Селеўкідаў. У сярэдзіне III ст. да н. э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 да н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й палове III ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэрыторыю Туркменістана.

Сярэднявечча і Новы час

правіць

У сярэдзіне VII ст. на тэрыторыі Туркменістана ўварваліся арабы. З іх прыходам у Туркменістане пачаў пашырацца іслам. Пры арабскім панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Арабскага халіфата і дзяржаў, што ўтварыліся пры яго распадзе (халіфатаў Абасідаў, Тахірыдаў, дзяржавы Саманідаў). З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрскіх плямён, што вяло да цюркізацыі мясцовага насельніцтва. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюркскіх плямён (частка агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана дзяржава Сельджукаў. У пачатку XIII ст. Дзяржава Харэзмшахаў заваявала туркменскія землі. У 1220-я тэрыторыя Туркменістана пацярпела ад нашэсця манголаў: знішчана значная частка насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Туркменістана падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусом і дзяржавай Хулагуідаў, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура. У XIIIXIV стст. сфарміравалася тукрменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З XVI ст. розныя землі Туркменістана пад уладай дзяржавы Сефевідаў, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства1747 Бухарскі эмірат), аднак туркменскія плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны XIX ст. туркмены захоўвалі племянны падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх частка вяла качавы і паўкачавы лад жыцця.

У складзе Расійскай імперыі

правіць

Першыя спробы рускага пранікнення на тэрыторыю Туркменістана адбыліся ў пачатку XVIII ст. У 17171718 расійскі цар Пётр I накіраваў у Туркменістан ваенную экспедыцыю на чале з князем А. Бековічам-Чаркаскім, якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 расійскія войскі высадзіліся на ўсходнім беразе Каспійскага мора і заснавалі там горад і порт Краснаводск. Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расійская імперыя пачала прасоўванне ў Туркменістан. Пад націскам расійскай арміі туркменскія плямёны пачалі прызнаваць расійскую ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі расійскую ваенную экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале з генералам М. Дз. Скобелевым. У студзені 1881 г. расійскія войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 г. занялі Мерв. У 1882 г. на тэрыторыі Цэнтральнага і Заходняга Туркменістана створана Закаспійская вобласць, якая ў 1898 уключана ў склад Туркменскага краю. У 18801885 гг. была пабудавана Закаспійская чыгунка, будаваліся гарады еўрапейскага тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рускім і армянскім насельніцтвам.

Савецкі Туркменістан

правіць

З красавіка 1918 года Закаспійская вобласць увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліпені 1918 мясцовыя сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брытанскага ваеннага атрада скінулі савецкую ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брытанскіх войск Чырвоная Армія ў ліпені 1919 года заняла Ашгабат, у лютым 1920 года — Краснаводск. Да сярэдзіны 1920-х на тэрыторыі Туркменістана задушаны паўстанцкі рух. 27 кастрычніка 1924 года ЦВК СССР пастанавіў стварыць Туркестанскую ССР. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929 годзе, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933 года).

За гераізм на франтах Другой сусветнай вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Туркменістана, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Туркменістана, у т.л. за вызваленне Беларусі К. Азалаву, А. Анаеву, М. Байрамаву, Б. Даўлетджанаву, Т. Ніязмамедаву.

У Туркменскай ССР была створана сучасная прамысловасць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х). За гады савецкай улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця. Узнікла нацыянальная інтэлігенцыя. У той жа час савецкія ўлады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульманскіх традыцый (у пачатку 1980-х легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці).

З пачаткам у СССР перабудовы ў Туркменістане ўзмацніўся нацыянальны рух. У маі 1990 года туркменская мова абвешчана дзяржаўнай.

Незалежны Туркменістан

правіць
  • 22 жніўня 1990 года прынята дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Туркменістана.
  • 27 кастрычніка 1990 года С. Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Туркменістана. Унутры дзяржавы ўсталяваўся аўтарытарны рэжым прэзідэнта С. Ніязава, які ў 1999 годзе атрымаў ад Халк Маслахаты (Народны савет — верхняя палата парламента) права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну.
  • На Усенародным рэферэндуме 26 кастрычніка 1991 года насельніцтва Туркменістана выказалася за дзяржаўную незалежнасць (абвешчана 27 кастрычніка 1991 года).
  • У канцы 2006 года 66-гадовы дыктатар раптоўна памірае. Яго спадкаемца Гурбангулы Бердымухамедаў не адышоў ад аўтарытарнага стылю, аднак бачыцца кіраўніком больш мяккім. Ён адмяніў шматлікія дзівацкія законы Туркменбашы і паступова згарнуў неймаверны культ асобы Ніязава, незаўважна падмяніўшы яго культам уласнай асобы[8].
  • У 2022 годзе пасля нечарговых прэзідэнцкіх выбараў прэзідэнтам Туркменістана стаў Сердар Бердымухамедаў.

Дзяржаўны лад і палітыка

правіць

Форма праўлення — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, што выбіраецца шляхам тайнага галасавання на 5 год.

Заканадаўчы орган — Мілі Генгеш Туркменістана, які складаецца з Халк маслахаты, верхняй палаты і Меджліса, ніжняй палаты.

Халк Маслахаты Туркменістана (Народны савет) — верхняя палата парламента Туркменістана, якая была створана ў 1992 годзе і праіснавала да 2008 года. Пасля перапынку зноў створана 9 кастрычніка 2017 года ў адпаведнасці з Канстытуцыйным Законам Туркменістана.

Меджліс Туркменістана — ніжняя палата парламента Туркменістана, якая складаецца са 125 дэпутатаў. Меджліс абіраецца тэрмінам на 5 гадоў па аднамандатных акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў.

Палітычныя партыі 1991 г. — Дэмакратычная партыя Туркменістана (ДПТ) — пераемнік Кампартыі Туркменістана. У рамках «пацёмкінскай дэмакратызацыі» ў 2010-х гадах былі створаны Партыя прамыслоўцаў і Аграрная партыя, такім чынам, цяпер палітычных партый тры.

Беларуска-Турменскія адносіны

правіць

Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю былі ўсталяваны 21 студзеня 1993 года[9].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

правіць

Туркменістан дзеліцца на 5 велаятаў і сталічны горад Ашгабат

Насельніцтва

правіць
 
Ашгабат

Даныя аб насельніцтве засакрэчаны. З канца 2006 і па цяперашні час (па стане на 2017 год) ніякіх афіцыйных публікацый аб колькасці насельніцтва краіны не рабілася. Ўскосна меркаваць аб колькасці насельніцтва Туркменістана дапамагаюць даныя аб выніках выбараў. На прэзідэнцкіх выбарах у лютым 2017 года ў краіне было зарэгістравана 3 млн. 252 тыс. выбаршчыкаў.[10] Дакладна вядома, што з пачатку 2000-х тэмпы росту насельніцтва значна знізіліся, але працягваюць заставацца немалымі (каля 1,5 % ў 2013 годзе).

У 2012 годзе быў праведзены перапіс, вынікі якога сталі вядомыя з ананімных крыніц, у тым ліку і нацыянальны склад: 85,6 % — туркмены, 5,8 % — узбекі, 5,1 % — рускія. Пасля распаду СССР узрасла доля тытульнай нацыі, эміграцыя няцюркскага насельніцтва была паскорана дыскрымінацыяй. Каля 90 % насельніцтва — мусульмане, большасць астатніх — праваслаўныя.

У сталічнай агламерацыі Ашгабата пражываюць каля 750 тысяч чалавек[11] (2015) Найбуйнейшыя гарады — Чарджоў (Туркменабад), Ташауз, Мары, Небіт-Даг (цэнтры велаятаў), Туркменбашы.

Эканоміка

правіць

Грашовая адзінка — манат. ВУП на душу насельніцтва — 18 000 долараў ЗША (2017).[12] Чацвёртая ў свеце краіна па запасах прыроднага газу, тут размешчана другое па памерах радовішча (Галкыныш — 21 трл м³). Здабыча, перапрацоўка і экспарт нафты і газу фармуюць прыкладна 70 % ВНП. Цяжкасці для экспарту стварае геаграфічнае становішча краіны. Функцыянуе газаправод «Сярэдняя Азія — Цэнтр», пабудаваны ў савецкі час. Галоўны рынак збыту — Украіна. У 2009 годзе адкрыты газаправод Туркменістан — Кітай (да Урумчы). Туркменістан зацікаўлены ў будаўніцтве газаправода праз Афганістан у Індыю, а таксама Транскаспійскага газаправода. Праект газаправода «Набука», задуманы ў абыход Расіі, быў згорнуты. Найбуйнейшыя ЭС: Гіндукушская ГЭС і Марыйская ЦЭС. Развіты лёгкая прамысловасць: вытворчасць тканін (у асноўным, баваўняных) і адзення, дываноў; харчовая прамысловасць. Беларусы ўдзельнічаюць у будоўлі горна-абагачальнага калійнага камбіната ў Гарлыку.

Галоўнай сельскагаспадарчай культурай у XXI ст. стала пшаніца (амаль палова арошаных зямель), пацясніўшы больш рэнтабельны бавоўнік — такім чынам заваёўваецца харчовая бяспека. У 2016 на бавоўну прыйшлося 5 % экспарту[13]

Асноўны транспарт — аўтамабільны. У 2006 годзе адкрыта Транскаракумская чыгунка. Паміж Туркменбашы і Баку дзейнічае паромная чыгуначная пераправа. На Каспійскім узмор’і ствараецца курортная зона Аваза.

Некаторыя цікавінкі

правіць
  • У Туркменістане знаходзіцца правал Дарваза з бесперапынна палаючым прыродным газам — найбуйнейшы ў свеце прыродны «Вечны агонь».
  • З 1993 года па 1 лістапада 2017 года ў Туркменістане існавалі ліміты на бясплатную электраэнергію, водакарыстанне і газаспажыванне, якія не мелі аналагаў ва ўсім свеце. У 2017 годзе яны былі адменены, паколькі «туркменскі народ выйшаў на больш высокі ўзровень эканамічнага развіцця і ўжо ў стане плаціць за электрычнасць».

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

Спасылкі

правіць