Усцюрт
Усцю́рт (каз.: Үстірт, узб.: Ustyurt, каракалп.: U'stirt, туркм.: Üstyurt) — пустыннае плато на захадзе Цэнтральнай Азіі. Агульная плошча - каля 200 000 км². Прыкладная колькасць насельніцтва - 10 000 чал.
Геаграфія
правіцьПлато Усцюрт месціцца паміж Мангышлакам, залівам Кара-Багаз-Гол, Аральскім морам і дэльтай Амудар'і. Уваходзіць у склад Мангістаускай вобласці Казахстана, Каракалпакстана (Узбекістан) і Балканскага велаята Туркменістана.
Фарміраванне плато адбывалася на працягу некалькіх дзясяткаў мільёнаў гадоў першапачаткова як плыткаводдзя старажытнага мора, дзе назапашваліся арганічныя асадкі. Каля 4 млн гадоў таму пачалося падняцце плато ў выніку тэктанічных працэсаў. У перыяд 780 - 126 тысяч гадоў таму на Усцюрце існавалі рэкі і азёры, якія ў нашы дні ператварыліся ў саланчакі[1]. У тэктанічныя расколіны прасочваліся воды. Яны руйнавалі верхні браняваны пласт. Такім чынам узнікалі глыбокія катлавіны. Абрывы на месцах старажытных рэк падмываліся падчас перыядычнага наступу Каспійскага мора. У выніку ўтварылася гіпсавая пустыня, абмежаваная крутымі абрывамі вышынёй да 150 - 400 м.
Для ўнутраных прастораў Усцюрта характэрны пейзажы з відавочнымі слядамі выветрывання — шматлікімі рашчылінамі, цяснінамі, карставымі агаленнямі, сухімі старажытнымі рэчышчамі, рознакаляровымі запасамі вапнякоў. На Усцюрце больш няма адкрытых вадаёмаў, аднак сустракаюцца калодзежы з прэснай вадой, дажджавая і адталая вада можа назапашвацца на дне катлавін[2].
Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня — -2,5°С — -5°С. У месцах з паніжаным рэльефам часам апускаецца да -40°С. Сярэдняя тэмпература ліпеня — +26°С — +28°С. Улетку на паверхні глебы магчымы тэмпературы да +40°С — +60°С.
Прырода
правіцьПаверхня плато Усцюрт — пустыня з шэра-бурымі глебамі, месцамі засоленымі з праслойкамі гіпсу і цвёрдай паверхняй[4]. Флора пераходная, характэрная для паўднёвых салянкавых і паўночных палынных пустынь. Салянка сустракаецца пераважна на саланчаках, палын — паўсюдна. Распаўсюджаны таксама такія расліны, як саксаул, лох, джантак, трыснёг, тамарыск, кавыль і інш.
Фаўна адносна багатая і разнастайная. Усцюрт насяляюць 50 відаў сысуноў, 200 відаў птушак, 1 від земнаводных, 1 від рыб, шмат паўзуноў (у тым ліку 17 відаў яшчарак)[5]. Сярод жывёл вылучаюцца такія рэдкія віды, як гепард, каракал, медаед, джэйран, муфлон, чаротавы кот, дроп, маркут і г. д. На плато сустракаюцца здзічэлыя коні.
Для аховы прыроды Усцюрта на тэрыторыі Казахстана ў 1984 г. быў створаны Усцюрцкі дзяржаўны прыродны запаведнік, які займае 223 342 га[6].
Археалогія
правіцьПлато Усцюрт было населена ўжо ў перыяд палеаліта[7]. У пэўныя перыяды гісторыі, калі надвор'е адрознівалася большай вільготнасцю, яго насельніцтва павялічвалася. З эпохі бронзы яго насельнікі займаліся качавой жывёлагадоўляй. Усцюрт выкарыстоўваўся ў якасці транзітнага шляху ў гандлі паміж Сярэдняй Азіяй і Усходняй Еўропай[8]. Дзякуючы малай населенасці і сухому клімату на плато захаваліся шматлікія рэшткі культур мінулага.
Археолагі выявілі на Усцюрце старажытныя стаянкі, петрогліфы, магільні, крэпасці, свяцілішчы, караван-сараі[9][10]. Самая знакамітая археалагічная знаходка была зроблена ў 1983 г. на захадзе плато каля калодзежа Бейтэ — 70 каменных мужскіх скульптур ад 1 м да 4 м у вышыню, пахавальныя курганы і ахвярнікі. Яны належалі масагетам (IV - III стст. да н. э.) У 1986 г. падчас даследавання сярэднявечных помнікаў з паветра на ўсходзе плато ўзбекскімі вучонымі былі заўважаны вялізарныя стралападобныя малюнкі, накіраваныя "навершам" на поўнач[11]. Пры далейшым даследаванні аказалася, што яны ўяўляюць сабой каменныя агарожы да 800 - 900 м у даўжыню, да 400 - 600 м у шырыню і да 80 см у вышыню, абнесеныя валам[12]. Высоўваецца меркаванне, што загадкавыя стралападобныя пабудовы з'яўляліся загонамі для свойскай жывёлы.
Зноскі
правіць- ↑ Paleokazakhstan - Устюрт(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2021. Праверана 6 снежня 2014.
- ↑ ПУСТЫНИ УЗБЕКИСТАНА
- ↑ Устюрт - Планета Земля(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 6 снежня 2014.
- ↑ Плато Устюрт
- ↑ Заповедник Устюрт Архівавана 1 ліпеня 2014.
- ↑ Устюртский заповедник
- ↑ Природные условия и среда обитания древних гоминид Архівавана 29 верасня 2014.
- ↑ Гл.: Виноградов А.В. Тысячелетия, погребенные пустыней. - Москва: Просвещение, 1966
- ↑ Древние поселения на плато Устюрт Архівавана 17 студзеня 2022.
- ↑ Калменов Мурат Дабылович, АРХЕОЛОГИЧЕСКИЕ ПАМЯТНИКИ УСТЮРТА И МАНГИСТАУ НА СРЕДНЕВЕКОВЫХ КАРАВАННЫХ ПУТЯХ (X–XIV вв.). Казань – 2013
- ↑ Плато Устюрт. Информация о Плато Устюрт Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Каменные исполины плато Устюрт