Джэйра́н (Gazella subgutturosa) — млекакормячае роду газелей сямейства пустарогіх.
Даўжыня цела 93—116 см, вышыня ў карку 60—75 см, маса 18—33 кг. У самцоў чорныя лірападобныя рогі даўжынёю да 41 см, самкі бязрогія. Афарбоўка верху цела і бакоў пясчаная, ніз цела, шыя і ўнутраныя бакі ног белыя. Каля хваста невялікае белае «люстэрка».
Пашыраны ў Пярэдняй і Цэнтральнай Азіі, Усходнім Закаўказзі, Казахстане. Жыве ў пустынях, паўпустынях і перадгор’ях, трымаецца групамі.
Корміцца травяністымі і хмызняковымі раслінамі. Нараджае 1—2 дзіцянят.
Падвід джэйрана з Аравійскага паўвострава занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.