Ахо́ўны ста́тус біялагічнага віду — паказчык імавернасці таго, што від захоўваецца цяпер і захаваецца ў бліжэйшай будучыні. Пры ацэнцы статусу ўлічваюцца многія чыннікі: не толькі лік наяўных асобін, але і агульны прырост ці спад велічыні папуляцыі з цягам часу, поспехі селекцыі, вядомыя пагрозы і гэтак далей.

Ахоўны статус
Рызыка знікнення
Зніклыя

Вымерлыя (EX)
Зніклыя ў дзікай прыродзе (EW)

Пад пагрозай

На грані знікнення (CR)
Пад пагрозай знікнення (EN)
У рызыкоўным стане (VU)

Рызыка малая

Залежаць ад намаганняў па захаванню (CD)
Стан, блізкі да пагрозлівага (NT)
Найменшая рызыка (LC)

Гл. таксама

Міжнародны саюз аховы прыроды
Чырвоная кніга МСАП
Чырвоная кніга РБ

Сусветныя сістэмы правіць

Самым вядомым пералікам ахоўных статусаў з іхнімі рангамі (рэйтынгамі) з'яўляецца Чырвоная кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП). У ім выдзелены дзевяць катэгорый статусу, вызначаных на аснове як агульных вышэйпрыведзеных прынцыпаў, так і з улікам асаблівасцей кожнага віду:

  1. Вымерлыя (англ.: Extinct, EX)
  2. Зніклыя ў дзікай прыродзе (англ.: Extinct in the Wild, EW)
  3. У крытычнай небяспецы (англ.: Critically Endangered, CR)
  4. Пад пагрозай знікнення (англ.: Endangered, EN)
  5. У рызыкоўным стане (англ.: Vulnerable, VU)
  6. Залежаць ад намаганняў па захаванню (англ.: Conservation Dependent, CD)
  7. Стан, блізкі да пагрозлівага (англ.: Near Threatened, NT)
  8. У найменшай рызыцы (англ.: Least Concern, LC)
  9. Даных недастаткова (англ.: Data Deficient, DD)
  10. Пагроза не ацэньвалася (англ.: Not Evaluated, NE)

Таксама пералічаны дакументальна пацверджаныя факты вымірання відаў пасля 1500 года, і відаў, якія зніклі ў дзікай прыродзе.

Мэта Канвенцыі аб міжнародным гандлі выміраючымі відамі дзікай фаўны і флоры (CITES) у тым, каб міжнародны гандаль узорамі дзікіх жывёл і раслін не пагражаў іх існаванню. У гэтым дакуменце распрацавана свая сістэма класіфікацыі ахоўных статусаў.

Ахоўныя расліны правіць

Ахоўныя раслінывіды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзяржаўнымі ці міжнароднымі актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спецыяльныя меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асноўная частка іх занесена ў міжнародную, рэгіянальныя ці нацыянальныя Чырвоныя кнігі.

У Чырвонай кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т.л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Ахоўныя жывёлы правіць

Ахоўныя жывёлывіды жывёл, адносна якіх паводле мясцовых, дзяржаўных ці міжнародных нарматыўных актаў, пагадненняў ці канвенцый дзейнічаюць спецыяльныя меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для дадзенага рэгіёна, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікіх жывёл, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае рэзкае скарачэнне колькасці або знікненне з фаўны. Асноўная частка іх занесена ў міжнародную, рэгіянальныя ці нацыянальныя Чырвоныя кнігі.

У Чырвонай кнізе Беларусі 182 віды ахоўных жывёл, у т.л. 14 млекакормячых (арэшнікавая соня, барсук, белавежскі зубр, буры мядзведзь, рысь і інш.), 75 птушак (аўдотка, беркут, змеяед, сапсан, пугач і інш.), 2 паўзуноў (балотная чарапаха, мядзянка), 1 земнаводных (чаротная рапуха), 5 рыб (сцерлядзь, стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач), 79 насякомых (апалон, жужаль цудоўны, жук-алень, махаон, падалірый, пустэльнік, чмель Шрэнка і інш.), 1 двухстворкавых малюскаў (жамчужніца звычайная), 5 ракападобных (бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, шыракапальцы рак).

Літаратура правіць

  • Ахоўныя жывёлы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8
  • Ахоўныя расліны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8