Садружнасць Незалежных Дзяржаў
Садружнасць Незалежных Дзяржаў, СНД — міждзяржаўнае аб’яднанне, уключае большасць рэспублік былога СССР.
Удзельнікамі СНД з’яўляюцца: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан.
Штаб-кватэра Садружнасці знаходзіцца ў Мінску, Беларусь.
Гістарычныя перадумовы
правіцьУ снежні 1991, спыніў сваё існаванне Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, і на палітычнай арэне з’явілася новае міжнароднае аб’яднанне — Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД).
Распад СССР стаў вынікам уздзеяння шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных абставін. Дэзінтэграцыйныя працэсы пачаліся ў Савецкім Саюзе ў сярэдзіне 1980-х гадоў. У гэты перыяд у краіне пачаў адчувацца палітычны і эканамічны крызіс. Кіраўніцтвам СССР была зроблена спроба эканамічных рэформ, якія павінны былі забяспечыць пераход да рынку, але дзеянні рэфарматараў былі не да канца прадуманы і паслядоўныя. Старая эканамічная сістэма зведала сур’ёзны ўдар, а новая так і не была створана. Усё гэта прывяло да інфляцыі, дэфіцытнай стала ўся прадукцыя лёгкай прамысловасці і прадукты харчавання. У краіне рос забастовачны рух. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і цэнтральны ўрад, які яўна не спраўляўся з задачай пераадолення эканамічнага спаду і рэфармавання эканомікі, з кожным годам страчвалі аўтарытэт як у народа, так і ў кіраўніцтва саюзных рэспублік.
У 1990 быў адменены 6-ы артыкул Канстытуцыі СССР, у якім агаворвалася «кіруючая роля КПСС». Дагэтуль ўжо адбывалася фарміраванне палітычных партый шырокага спектра. Многія партыі, створаныя ў рэспубліках, выступалі з нацыяналістычных пазіцый, заклікалі да выхаду са складу СССР. Праявіўся крызіс нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання СССР. Аказалася, што ў краіне ёсць нямала этнічных канфліктаў сярод якіх, напрыклад, грузіна-абхазскі, армяна-азербайджанскі. У абстаноўцы галоснасці гэтыя канфлікты аказаліся на паверхні. У шэрагу рэспублік абвастрыліся адносіны паміж тытульнымі нацыямі і рускімі, але ў кіраўніцтва краіны не было праграмы вырашэння нацыянальных праблем, умення своечасова і эфектыўна рэагаваць на абвастрэнне этнічных канфліктаў. Спробы вырашыць праблему з дапамогай войскаў не прывялі да станоўчых вынікаў.
Першы крок у напрамку да незалежнасці зрабілі прыбалтыйскія рэспублікі — Літва, Латвія, Эстонія. Яны разлічвалі на тое, што па-за СССР ім удасца дасягнуць большых поспехаў. У сакавіку 1990 Вярхоўны Савет Літвы аб’явіў аб узнаўленні дзяржаўнага суверэнітэту.
Кіраўніцтва СССР імкнулася захаваць непарушнасць краіны. З гэтай мэтай у красавіку 1990 года быў прыняты закон «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі». Рэспублікам прадастаўляліся больш шырокія магчымасці ажыццяўляць адзін з адным эканамічнае супрацоўніцтва, уступаць у адносіны з іншымі дзяржавамі, прымаць удзел у рабоце міжнародных арганізацый пры захаванні пэўнай ступені кантролю з боку саюзнага цэнтра. Гэты заканадаўчы акт захоўваў адзінства СССР і стрымліваў выхад са складу самастойных рэспублік. Аднак у рэальным жыцці падзеі сталі развівацца па-іншаму.
У чэрвені-ліпені 1990 года дзяржаўны суверэнітэт абвясцілі Расійская Федэрацыя і Украіна. Пачатак палітычнай самастойнасці Беларусі быў пакладзены 27 ліпеня 1990 года. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй абвяшчалася вяршэнства на тэрыторыі рэспублікі Канстытуцыі Беларускай ССР і яе законаў.
Ва ўмовах эканамічнага і палітычнага крызісу 19-21 жніўня 1991 ў Маскве група вышэйшых дзяржаўных і палітычных кіраўнікоў зрабіла спробу спыніць перабудову шляхам увядзення надзвычайнага становішча ў краіне. Аднак іх дзеянні былі нейтралізаваны прыхільнікамі новага курсу. Жнівеньскія падзеі садзейнічалі рэзкаму паскарэнню палітычных працэсаў і змяненню палітычных сіл у краіне. На парадку дня стала пытанне аб самім існаванні СССР.
8 снежня 1991 года кіраўнікі Расіі Барыс Ельцын, Украіны Леанід Краўчук і Беларусі Станіслаў Шушкевіч падпісалі ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы пагадненне аб дэнансацыі дагавора аб стварэнні Саюза ССР ад 1922 года і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое павінна было стаць прынцыпова іншым, у параўнанні з Савецкім Саюзам, аб’яднаннем рэспублік.
Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў 10 снежня 1991 года.
Кіраўнікі іншых рэспублік СССР, акрамя Латвіі, Літвы, Эстоніі, Грузіі, выказалі жаданне, каб іх дзяржавы сталі раўнапраўнымі членамі — заснавальнікамі СНД.
Стварэнне СНД
правіцьСустрэча кіраўніцтва 11 рэспублік (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна), на якой была прынята Дэкларацыя аб стварэнні на роўных правах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, адбылася 21 снежня 1991 года ў Алма-Аце.
На першай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД, якая прайшла 30 снежня 1991 года ў Мінску, было падпісана «Часовае пагадненне аб Савеце кіраўнікоў дзяржаў і Савеце кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», паводле якога засноўваўся вышэйшы орган арганізацыі — Савет кіраўнікоў дзяржаў. У далейшым у сталіцы Беларусі размясціліся каардэнуючыя органы СНД.
Арганізацыйны этап стварэння СНД завяршыўся ў 1993, каля 22 студзеня ў Мінску быў прыняты «Статут Садружнасці Незалежных Дзяржаў» — асноватворны дакумент арганізацыі.
Статут СНД
правіцьЗгодна са Статутам Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дзяржавамі-заснавальніцамі арганізацыі з’яўляюцца тыя дзяржавы, якія на момант прыняцця Статута падпісалі і ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД ад 8 снежня 1991 года і Пратакол да гэтага Пагаднення ад 21 снежня 1991 года. Дзяржавамі-членамі Садружнасці з’яўляюцца тыя дзяржавы-заснавальніцы, якія прынялі на сябе абавязкі, што вынікаюць са Статута, на працягу 1 года пасля яго прыняцця Саветам кіраўнікоў дзяржаў. Акрамя таго, Статутам прадугледжваюцца катэгорыі асацыіраваных членаў — дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у асобных відах дзейнасці арганізацыі на ўмовах, якія вызначаюцца пагадненнем аб асацыіраванным членстве, і наглядальнікаў — дзяржаў, чые прадстаўнікі могуць прысутнічаць на пасяджэннях органаў Садружнасці па рашэнню Савета кіраўнікоў дзяржаў.
Склад аб’яднання
правіцьУ склад СНД уваходзяць (2021) Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан. 19 сакавіка 2014 Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняла рашэнне аб выхадзе Украіны са складу СНД, сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Парубій заявіў, што краіна пачынае працэс выхаду з Садружнасці Незалежных дзяржаў. Туркменістан на саміце СНД, які адбыўся 26 жніўня 2005 года ў Казані, заявіў аб тым, што будзе ўдзельнічаць у садружнасці ў якасці «асацыіраванага члена».
Грузія ратыфікавала Пратакол да Пагаднення аб стварэнні СНД 3 снежня 1993 года. Аднак 12 жніўня 2008 года прэзідэнт краіны Міхаіл Саакашвілі заявіў аб жаданні выхаду дзяржавы са складу СНД, 14 жніўня 2008 года грузінскім парламентам было прынята адзінагалоснае рашэнне аб выхадзе Грузіі з арганізацыі.
Дзейнасць аб’яднання
правіцьНа першым этапе свайго існавання Садружнасць садзейнічала рашэнню складанейшых праблем, звязаных з распадам СССР, садзейнічала станаўленню суверэнных незалежных дзяржаў, захаванню і далейшаму развіццю гістарычна сталых сувязей на постсавецкай прасторы. У далейшым СНД стала адзінай своеасаблівай платформай шматбаковага ўзаемадзеяння яе ўдзельнікаў практычна ва ўсіх сферах.
У эканамічнай сферы за два дзесяцігоддзі напрацавана шырокая міжнародна-прававая база развіцця гандлёва-эканамічных адносін, функцыянуе Эканамічны савет, Эканамічны суд, Камісія па эканамічных пытаннях пры Эканамічным савеце СНД, 39 дзеючых органаў галіновага супрацоўніцтва. Цяпер асноватворным дакументам, накіраваным на пошук узаемапрымальных рашэнняў усяго спектра эканамічных праблем, з’яўляецца Стратэгія эканамічнага развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў на перыяд да 2020 года. Дакумент уяўляе сабой сістэму ўзгодненых дзяржавамі — удзельніцамі СНД поглядаў на агульныя мэты, вызначае прыярытэты і перспектывы далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Палітычнае ўзаемадзеянне ў Садружнасці ажыццяўляецца на розных узроўнях і накіравана на выпрацоўку ўзгодненых падыходаў да вырашэння актуальных пытанняў рэгіянальнай і сусветнай палітыкі, якія ўяўляюць адзіны інтарэс. Неад’емным элементам палітычнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц Садружнасці стала дзейнасць Місіі наглядальнікаў ад СНД за выбарамі і рэферэндумамі, якая ажыццяўляе маніторынг выбарчых кампаній ва ўсіх дзяржавах — удзельніцах Садружнасці.
Прыкметнае развіццё за 20 гадоў існавання Садружнасці атрымала ўзаемадзеянне па парламенцкай лініі, важным інструментам якога з’яўляецца Міжпарламенцкая асамблея дзяржаў-удзельніц СНД, якая працуе над гарманізацыяй і ўзгадненнем мадэльнай заканадаўчай базы Садружнасці.
Асноўнай мэтай развіцця ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД з’яўляецца пашырэнне партнёрскіх адносін у сферах, якія маюць узаемны інтарэс для ўмацавання нацыянальнай і сумеснай ваеннай бяспекі, што знайшло адлюстраванне ў Канцэпцыі ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў да 2015 года.
У рамках Садружнасці ўдзяляецца пастаянная ўвага забеспячэнню бяспекі і процідзеяння арганізаванай злачыннасці ў яе шматлікіх формах і праявах. Для гэтага створаны Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі небяспечнымі відамі злачынстваў на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД і Антытэрарыстычны цэнтр СНД.
Асаблівае месца ў Садружнасці займае супрацоўніцтва ў папярэджанні і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. На тэрыторыях дзяржаў-удзельніц СНД захавана сістэма абмену гідраметэаралагічнай інфармацыяй і створана Міждзяржаўная гідраметэаралагічная сетка СНД. Праводзіцца работа па аптымізацыі сістэмы сувязі і перадачы інфармацыі. Узгоднены парадак узаемадзеяння нацыянальных гідраметэаслужб пры пагрозе ўзнікнення і ўзнікненні надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.
Прыярытэтнае месца ў інтэграцыйных працэсах на прасторы Садружнасці належыць гуманітарнаму супрацоўніцтву. Дагэтуль Саветам па гуманітарнаму супрацоўніцтву пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД рэалізавана больш за 250 праектаў. Найбольш запатрабаваныя сярод іх набылі статус пастаянна дзеючых. У іх ліку Маладзёжны сімфанічны аркестр краін СНД, Сеткавы ўніверсітэт СНД, Міждзяржаўная прэмія СНД «Зоркі Садружнасці» і «Садружнасць дэбютаў».
Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў галіне культуры. Шырока вядомыя ў Садружнасці міжнародныя музычныя фестывалі У.Співакова, Ю.Башмета, імя М.Растраповіча, імя М.Тарывердзіева, Міжнародны конкурс імя Арама Хачатурана, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Адкрыты фестываль кіно краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі «Кінашок» у Анапе, Міжнародны кінафестываль «Залаты абрыкос» у Ерыване, Бакінскі міжнародны кінафестываль «Усход-Захад», Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», кінафестываль «Зоркі Шакена» ў Алматы, Міжнародны кінафестываль краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі «Новае кіно XXІ стагоддзе», Міжнародны фестываль народнай творчасці краін СНД і Балтыі «Садружнасць», Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД, Форум перакладчыкаў, пісьменнікаў і выдаўцоў краін СНД і Балтыі. Вялікі патэнцыял мае Міжнародная праграма «Культурныя сталіцы Садружнасці», а таксама праекты ў сферы міжкультурнага дыялога.
У сферы адукацыі фарміруецца агульная адукацыйная прастора, забяспечваецца роўны доступ грамадзян у агульнаадукацыйныя ўстановы, узаемнае прызнанне і эквівалентнасць дакументаў аб сярэдняй (агульнай), пачатковай прафесійнай і сярэдняй прафесійнай (спецыяльнай) адукацыі.
Створаны арганізацыйна-прававыя перадумовы для вырашэння пытанняў працоўнай міграцыі. У прыватнасці, прынята Канвенцыя аб прававым статусе рабочых мігрантаў і членаў іх сем’яў дзяржаў-удзельніц СНД, заснаваны Кансультацыйны савет па працы, міграцыі і сацыяльнай ахове насельніцтва.
Паглыбленне шматбаковага ўзаемадзеяння ў рамках СНД садзейнічае фарміраванню агульнай інфармацыйнай прасторы. Прыкметным крокам у гэтым напрамку стала стварэнне Асацыяцыі нацыянальных інфармацыйных агенцтваў дзяржаў — удзельніц СНД, Міждзяржаўнага інфармацыйнага пула, а таксама актывізацыя дзейнасці Мждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір».
Вопыт супрацоўніцтва на прасторы Садружнасці шмат у чым паслужыў асновай для інтэграцыйных працэсаў у рамках ЕўрАзЭС, Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.
Іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні з удзелам краін СНД
правіцьСНД як міжнародная арганізацыя мае занадта невялікую колькасць «пунктаў судакранання» паміж яго членамі. Гэта прымушае лідараў краін Садружнасці шукаць альтэрнатыўныя інтэграцыйныя варыянты. На прасторы СНД сфарміраваліся некалькі арганізацый з больш канкрэтнымі агульнымі мэтамі і праблемамі:
Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у якую ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расія, Таджыкістан.
- Задача АДКБ — каардынацыя і аб’яднанне намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Дзякуючы гэтай арганізацыі, створанай 7 кастрычніка 2002 года, Расія захоўвае сваё ваеннае прысутнасць у Цэнтральнай Азіі.
Еўразійская эканамічная супольнасць (ЕўрАзЭС) — Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расія, Таджыкістан, краіны назіральнікі — Украіна, Малдова, Арменія.
- ЕўрАзЭС была створана з мэтай развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння, гандлю, эфектыўнага прасоўвання працэсу фарміравання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, каардынацыі дзеянняў дзяржаў Супольнасці пры інтэграцыі ў сусветную эканоміку і міжнародную гандлёвую сістэму. Арганізацыя спыніла існаванне пасля ўтварэння ў 2014 годзе Еўразійскага эканамічнага саюза, скарот ЕўрАзЭС цяпер часам ужываецца для абазначэння апошняга.
- Мытны саюз — Беларусь, Казахстан, Расія.
- У саюзе прымяняюцца адзіныя мытныя тарыфы і іншыя меры па рэгуляванні гандлем таварамі з іншымі дзяржавамі. Пры ўзаемным гандлі паміж краінамі-ўдзельнікамі МС не спаганяюцца мытныя пошліны, не ўжываецца большасць абмежаванняў эканамічнага характару. Упершыню дамоўленасць аб стварэнні МС была падпісана ў 1995 годзе паміж кіраўнікамі Расіі, Беларусі і Казахстана. Некалькі пазней да гэтых краін далучыліся Кіргізія, Таджыкістан і Узбекістан. Дадзенае інтэграцыйнае аб’яднанне праіснавала нядоўга і ў 2000 годзе было пераўтворана ў Еўразійскую эканамічную супольнасць. У кастрычніку 2006 года паміж Расіяй, Казахстанам і Беларуссю быў падпісаны дагавор, на падставе якога пачала фарміравацца арганізацыя новага Мытнага саюза, стварацца адзіная мытная зона ў межах дзяржаў. Аснову МС склалі 40 дагавораў на міжнародным узроўні, прынятых на працягу 2009 года. З чэрвеня 2010 года ўступіў у сілу і стаў прымяняцца на тэрыторыі краін-удзельніц Мытны кодэкс. Да ліпеня 2011 года на межах гэтых дзяржаў быў адменены транспартны кантроль.
- Адзіная эканамічная прастора (АЭП) — Беларусь, Казахстан, Расія.
- Прастора, якая складаецца з тэрыторый бакоў, на якім функцыянуюць аднатыпныя механізмы рэгулявання эканомікі, заснаваныя на рыначных прынцыпах і ўжыванні гарманізаваных прававых нормаў, існуе адзіная інфраструктура і праводзіцца ўзгодненая падатковая, грашова-крэдытная, валютна-фінансавая, гандлёвая і мытная палітыка, якія забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы. Намеры аб фарміраванні АЭП было агучана ў 2003 годзе кіраўнікамі дзяржаў Расіі, Казахстана, Украіны і Беларусі. Тады ж у Ялце паміж гэтымі краінамі было падпісана адпаведнае пагадненне. Пазней Украіна ўстараняецца ад працэсу. У сувязі з гэтым рэалізацыя праекта была прыпынена на працяглы час, і асноўныя інтэграцыйныя задачы рэалізоўваліся ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці. У снежні 2009 года на саміце прэзідэнтамі Расіі, Казахстана і Беларусі быў зацверджаны план дзеянняў і мерапрыемстваў па фарміраванні АЭП. Ён прадугледжваў распрацоўку і рэалізацыю на працягу 2010-11 гадоў дваццаці міжнародных дагавораў, якія забяспечаць пачатак стварэння на тэрыторыі гэтых краін адзінства эканамічнай прасторы. Міжнародныя пагадненні, якія ўваходзілі ў пакет дагаворна-прававой базы, у снежні 2010 года былі падпісаны кіраўнікамі і віцэ-прэм’ерамі дзяржаў. АЭП зарабіла на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Казахстана з 1 студзеня 2012 года. У поўнай меры інтэграцыйныя дагаворы АЭП пачалі працаваць з ліпеня 2012 года.
- Еўразійскі эканамічны саюз — дзеючы з 1 студзеня 2015 года эканамічны саюз дзяржаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы: Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, Кіргізіі.
- Цэнтральнаазіяцкае супрацоўніцтва (ЦАС) — Казахстан, Кіргізія, Узбекістан, Таджыкістан, Расія (з 2004). 6 кастрычніка 2005 на саміце ЦАС прынята рашэнне, у сувязі з маючым адбыцца ўступленнем Узбекістана ў ЕўрАзЭС, падрыхтаваць дакументы для стварэння аб’яднанай арганізацыі ЦАС-ЕўрАзЭС — гэта значыць фактычна вырашана скасаваць ЦАС.
- Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС) — Беларусь, Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, КНР, Пакістан, Расія, Таджыкістан, Узбекістан.
- Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі.
Ва ўсіх гэтых арганізацыях Расія фактычна выступае ў ролі лідыруючай сілы (толькі ў ШАС яна дзеліць гэту ролю з Кітаем).
Грузія, Украіна, Азербайджан і Малдова з’яўляюцца членамі ГУАМ — арганізацыі, створанай у кастрычніку 1997 года і названай па першых літарах назваў яе ўдзельнікаў.
2 снежня 2005 года было абвешчана аб стварэнні Садружнасці дэмакратычнага выбару (СДВ), у якую ўвайшлі Украіна, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, Румынія, Македонія, Славенія і Грузія. Ініцыятарамі стварэння Супольнасці сталі прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка і прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. У дэкларацыі аб стварэнні супольнасці адзначаецца: «ўдзельнікі будуць падтрымліваць развіццё дэмакратычных працэсаў і стварэнне дэмакратычных інстытутаў, абменьвацца вопытам ва ўмацаванні дэмакратыі і павазе правоў чалавека, а таксама каардынаваць намаганні па падтрымцы новых і ўзнікаючых дэмакратычных таварыстваў».
Ваенныя арганізацыі СНД
правіць21 снежня 1991 года кіраўнікамі 11 саюзных рэспублік — заснавальнікаў СНД быў падпісаны пратакол аб ускладанні камандавання Узброенымі Cилами СССР «да іх рэфармавання» на Міністра абароны СССР маршала авіяцыі Шапашнікава Яўгена Іванавіча[1]. 14 лютага 1992 года кіраўніка 9 дзяржаў СНД прызначылі Шапашнікава Галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі (АУС) СНД[2]. Міністэрства абароны СССР стала называцца Галоўным камандаваннем АУС СНД[3]. 24 снежня 1993 года Галоўкамат рэарганізаваны ў Штаб па каардынацыі ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД[4], а з 1 студзеня 2006 года скасаваны і Штаб, яго функцыі перададзены Сакратарыяту Савета міністраў абароны дзяржаў — удзельніц СНД.
Галоўнакамандуючы Аб’яднанымі Узброенымі Сіламі СНД
- Шапашнікаў, Яўген Іванавіч (14 лютым 1992 года — 24 верасня 1993 года[5])
Начальнік Генеральнага штаба Аб’яднаных Узброеных Сіл СНД — першы намеснік Галоўнакамандуючага Аб’яднанымі Узброенымі Сіламі СНД
- Самсонаў, Віктар Мікалаевіч (20 сакавіка 1992 года[6] — 24 снежня 1993 года)
Начальнікі Штаба па каардынацыі ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД
- Самсонаў, Віктар Мікалаевіч (24 снежня 1993 года[7] — 1997)
- Пруднікаў, Віктар Аляксеевіч (1997—2001)
- Якаўлеў, Уладзімір Мікалаевіч (2001—2006)
Сакратары Савета міністраў абароны дзяржаў-удзельніц СНД
- Івашоў, Леанід Рыгоравіч (1992—1996)
- Воўкаў, Васіль Пятровіч (1996—1999)
- Сінайскі, Аляксандр Сяргеевіч (з 1999)
На вераснёвым (2004) саміце СНД у Астане (Казахстан) прынята рашэнне рэфарміраваць структуры СНД — у прыватнасці, стварыць Савет бяспекі СНД па барацьбе з тэрарызмам.
У цяперашні час у рамках СНД існуюць дзве паралельныя калектыўныя ваенныя структуры.
Адна з іх — Савет міністраў абароны СНД, створаны ў 1992 годзе для выпрацоўкі адзінай ваеннай палітыкі. Пры ім існуюць пастаянны сакратарыят і Штаб па каардынацыі ваеннага супрацоўніцтва СНД (ШКВС).
Другая — Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У рамках АДКБ створаны калектыўныя сілы хуткага разгортвання ў складзе некалькіх батальёнаў мабільных войскаў, верталётнай эскадрыллі, армейскай авіяцыі.
У 2002—2004 гадах супрацоўніцтва ў ваеннай галіне развівалася ў асноўным у рамках АДКБ. У АДКБ рэгулярна праводзяцца сумесныя вучэнні.
Адна з абаронных структур — гэта Аб’яднаная сістэма СПА СНД. У 2005 годзе ў рамках СНД зацверджаны асігнаванні на СПА ў памеры 2,3 млрд руб. супраць 800 млн руб. у 2004 годзе.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ http://cis.minsk.by/reestr/ru/index.html#reestr/view/text?doc=3412
- ↑ http://cis.minsk.by/reestr/ru/index.html#reestr/view/text?doc=3423
- ↑ http://www.panorama.ru/prav/minobor.shtml
- ↑ http://cis.minsk.by/reestr/ru/index.html#reestr/view/text?doc=293
- ↑ http://cis.minsk.by/reestr/ru/index.html#reestr/view/text?doc=260
- ↑ http://cis.minsk.by/reestr/ru/index.html#reestr/view/text?doc=3855
- ↑ http://cis.minsk.by/reestr/ru/index.html#reestr/view/text?doc=4156
Літаратура
правіць- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 642. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- Інтэрнэт-партал СНД (руск.)
- Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў (руск.) (афіцыйны сайт)