Хала́джы (саманазва: خلج) — цюркскі народ у цэнтральным Іране. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 54 000 чалавек[1].

Халадж
(خلج)
Халаджская манета VIII ст.
Агульная колькасць 54 000 (2022)
Рэгіёны пражывання  Іран
Мова халаджская мова
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы азербайджанцы

Халаджы вядомы з сярэднявечча, першапачаткова як частка канфедэрацыі эфталітаў. Лічацца адным з першых цюркскіх плямён, якое перабралася праз раку Амудар’я. У X ст. узгадваліся сярод насельнікаў Балха і поўдню Бактрыі. У XI ст. частка з іх перасялілася ў Іран і Блізкі Усход.

Халаджы не былі шматлікімі, таму хутка асіміляваліся сярод суседніх народаў. У выніку племянныя супольнасці халаджаў сфарміраваліся сярод туркменаў і пуштунаў. Тапонімы, створаныя на аснове назвы халаджаў існуюць у Турцыі, Афганістане і Азербайджане. У Іране захавалася невялікая група халаджаў, што захоўвае сваю этнічную тоеснасць, шчыльна насяляе землі не далёка ад Кума.

Іранскія халаджы паходзяць ад качэўнікаў, што перасяліліся з усходняй Анатоліі. У 1403 г. яны ўзгадваліся як падданыя султана Эскандара, унука Тамерлана. Пазней падтрымлівалі саюзныя адносіны з кашкайцамі. Традыцыйныя заняткі: адгонная і качавая жывёлагадоўля, апрацоўка металаў.

Халаджская мова адносіцца да цюркскай групы моў. Вельмі блізкая да азербайджанскай, часам разглядаецца як яе дыялект. У нашы дні карыстаюцца пісьмом на аснове фарсі. Вернікі — мусульмане-шыіты.

Зноскі

Спасылкі правіць