Эфталі́ты, белыя гуны (саманазва: ηβοδαλο — старажытны цюркскі або мангольскі народ, стваральнікі магутнай дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі ў V — VI стст. н. э. Яе цэнтрам быў Тахарыстан, аднак межы дзяржавы эфталітаў распаўсюджваліся далёка на поўнач і на ўсход. У VI ст. адзіная дзяржава эфталітаў распалася ў выніку войн з Іранам і Цюркскім каганатам, аднак дробныя эфталіцкія дзяржавы працягвалі існаваць да VIII ст.

Эфталіты
(ηβοδαλο)
Выява VI ст. або VII ст.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Тахарыстан
Мова эфтлаліцкая, бактрыйская
Рэлігія політэізм, будызм
Блізкія этнічныя групы гуны

Нашчадкамі эфталітаў сябе лічаць уйгурскія «цыганы» эйну, а таксама частка туркменаўхаладжы.

Паходжанне

правіць

Найменне эфталіты паходзіць ад скажонай саманазвы гэтага народа ηβοδαλο (ēbodāl). Падчас знаходжання ў Тахарыстане яны карысталіся бактрыйскай мовай іранскага паходжання і пісьмом на аснове грэчаскага алфавіта, аднак захоўвалі цюркскі тытул «ябхгу» свайго вярхоўнага правадыра. У XX ст. шэраг даследчыкаў высоўваў думку, быццам бы эфталіты маглі быць прадстаўнікамі іранскіх плямёнаў і сфарміраваліся на тэрыторыі сучаснага Афганістана. Аднак гэта супярэчыць крыніцам таго часу. Так, Пракопій Кесарыйскі пісаў, што эфталіты належаць да гунаў як па назве, так і па факту. Кітайскія аўтары таксама лічылі эфталітаў нашчадкамі гунаў або (у пазнейшы час) протамангольскага племені сяньбі. Большасць сучасных навукоўцаў мяркуе, што эфталіты мігрыравалі ў Тахарыстан з Алтая ў той жа перыяд, калі пачалася міграцыя гунаў на захад.

Гісторыя

правіць
 
Абрысы дзяржаў эфталітаў і алхона ў канцы V ст.

Эфталіты перасяліліся на поўдзень Цэнтральнай Азіі ў сярэдзіне IV ст. У 442 г. яны былі ўпершыню ўзгаданы ў сувязі з вайной з Сасанідамі. Да гэтага часу яны ўжо сфарміравалі сваю манархічную дзяржаву з цэнтрам у Тахарыстане. Пасля 479 г. эфталіты авалодалі багатай краінай Согд. У канцы V ст. падначалілі Турфан. Каля 462 г. яны або выціснулі з Тахарыстана племя алхона, або яно само аддзяліліся ад эфталітаў і рушыла ў Паўднёвую Азію, дзе заваявала частку імперыі Гупта. У даследаваннях XX ст. дзяржавы алхона часцяком блыталіся з эфталіцкімі, паколькі выціснутыя на поўдзень качэўнікі падобна эфталітам карысталіся бакрыйскім пісьмом і атаясняліся з гунамі.

У 458 г. сасанідскі прынц Пероз з дапамогай эфталіцкага валадара Ахшунвара атрымаў перамогу над сваім братам Арміздам III. Аднак саюз Пероза з эфталітамі працягваўся толькі да 474 г. Ён правёў супраць іх 3 ваенныя кампаніі, але ўсе прайграў. У 484 г. ён загінуў у бітве з імі. Кавад, сын Пероза, апынуўся на некаторы час у заложніках, дачка Пероздухт была вымушана выйсці замуж за эфталіцкага валадара. Сасанідскі Іран выплочваў дзяржаве эфталітаў велізарную даніну. У 498 г. Кавад, зрынуты паўстанцамі, быў вымушаны звяртацца за дапамогай да эфталітаў, каб вярнуць сабе трон.

Каля 557 г. сасанідскі манарх Хасроў I у саюзе з Цюркскім каганатам перамог эфталітаў у бітве пад Бухарой. Сасаніды і цюркі падзялілі дзяржаву эфталітаў па рацэ Амудар’я. У Тахарыстане і поўначы Афганістана захаваліся некалькі дробных залежных дзяржаўных аб’яднанняў, дзе кіравалі эфталіцкія роды. Паўночныя эфталіты, падначаленыя Цюркскаму каганату, працягвалі войны з Іранам. Відавочна, гэта яшчэ болей саслабіла іх, паколькі к канцу першай чвэрці VII ст. улада ў эфталіцкіх дзяржавах пачала пераходзіць да феадалаў цюркскага паходжання.

У 652654 гг. дзяржавы эфталітаў былі заваяваны арабамі. Каля 689 г. яны паўсталі супраць Амеядскага халіфата, але пацярпелі паражэнне. Тым не меней, у кітайскіх дакументах эфталіцкія дзяржавы ўзгадваліся амаль да сярэдзіны VIII ст.

Культура

правіць
 
Адна з Баміянскіх статуй Буды

У ранніх кітайскіх крыніцах паведамлялася, што эфталіты рассеяліся па чужых краінах, дзе кіруюць дзесяткамі добра ўмацаваных гарадоў і паселішчаў, але селяцца ў намётах. Сярод іх вылучаліся бедныя і заможныя. Такім чынам, эфталіты першапачаткова захоўвалі качавы лад жыцця. Але ўжо Пракопій Кесарыйскі казаў, што эфталіты ў адрозненні ад іншых гунаў не качавалі, імі кіраваў адзіны манарх, і яны прытрымліваліся законаў. Старыя традыцыі наўдаўжэй захоўваліся ў побыце і ваеннай справе. Эфталіты дэфармавалі чэрапы, практыкавалі паліандрыю. Аснову іх войска складала конніца. Эфталіцкія воіны карысталіся прамымі «гунскімі» мячамі і шлемамі са злучаных рухомых папярочных палос.

У выніку заваяванняў у склад эфталіцкай дзяржавы ўвайшлі значныя тэрыторыі, насельніцтва якіх звычайна належала да іранамоўных аселых народаў. Розныя часткі дзяржавы захоўвалі пэўную аўтаномію. Самарканд і некаторыя іншыя рэгіёны нават накіроўвалі асобныя пасольствы ў Кітай. Яны выплочвалі цэнтральнаму кіраўніцтву даніну. На тэрыторыі Афганістана былі знойдзены запісы пазнейшай пары, дзе ўзгадваўся спецыяльны падатак для эфталітаў.

Афіцыйнай мовай дзяржаў эфталітаў была бактрыйская. У спадчыну ад Кушанскай дзяржавы дасталіся пісьмо на аснове грэчаскага алфавіта і іранамоўныя назвы пасад — асбарабідо́ (камандзір коннікаў), аазарко («яго вялікасць»), шаа (манарх) і інш. Іх знаходзяць на надпісах на каштоўных камянях і манетах. У іранскіх крыніцах валадарам эфталітаў прыпісваліся тытулы, характэрныя для сасанідскай дзяржавы. Паралельна выкарыстоўваліся цюркскія назвы высакародных «ябхгу» і «тархан».

Для заваяваных зямель была характэрна канфесійная стракатасць. Мясцовае насельніцтва вызнавалі зараастрызм, але захоўвала шматлікія перажыткі старажытных культаў. Вядома, што ў дзяржаве эфталітаў таксама жылі хрысціяне. Раннія кітайскія крыніцы ўзгадвалі тое, што эфталіты шануюць бога неба Ціеншэ́нь і бога агня Хуашэнь. Прадстаўнікі гэтага народа з Ферганскай даліны хавалі высакародных памерлых у каменных магільнях, для бедных абшчыннікаў папросту рылі яміны ў зямлі. Сунь Юнь, кітайскі паэт і пілігрым сярэдзіны VI ст., наракаў на тое, што эфталіты не вызнавалі будызм і нават нецярпіма адносіліся да яго. Відавочна, такое стаўленне да будызму паступова змянілася, паколькі ў дзяржавах эфталітаў усталёўвалі будысцкія помнікі. Найбольш вядомыя з іх Баміянскія статуі Буды.

Спасылкі

правіць