Минский курьер (1908)
«Минский курьер» — штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася з 27 студзеня (9 лютага) да 8 (21) кастрычніка 1908 года ў Мінску на рускай мове, з 6 (19) чэрвеня да 22 жніўня (4 верасня) 1908 года не выходзіла. Выйшла 148 нумароў.
«Минский курьер» | |
---|---|
Тып | газета |
Краіна | |
Заснавана | 27 студзеня (9 лютага) 1908 |
Спыненне публікацый | 8 (21) кастрычніка 1908 |
Мова | руская |
Галоўны офіс |
Працягвала дэмакратычныя традыцыі газета «Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясцовую прагрэсіўную інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-палітычны лад Расійскай імперыі, выкрывала рэакцыйную палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону палітычных вязняў. Асвятляла літаратурнае, тэатральнае і музычнае жыццё Расіі і Мінскай губерні, прапагандавала рэалістычныя і дэмакратычныя традыцыі рускай літаратуры. У шэрагу артыкулаў У. Самойлы, М. Караліцкага, Н. Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў літаратуры (Л. Андрэеў, З. Гіпіус, М. Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У. Меерхольд, М. Метэрлінк, Г. Ібсен, М. Горкі).
Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі У. Самойлы «Нататкі» і Н. Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону беларускай мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рускім перакладзе Самойлы верш Я. Купалы «Беларусу» і артыкул Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зборнік паэзіі Я. Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка».
Выданне спынена ў выніку судовых праследаванняў і адміністрацыйных спагнанняў.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Конан У. М. «Минский курьер» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Конон В. М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.