Канстанцін (князь полацкі)

князь полацкі (не пазней 1254 — да 1261)

Канстанцін (канец XII — пачатак XIII ст. — пасля 1254 і не пазней 1262) — князь полацкі (да 1254 — да 1262).

Канстанцін
Нараджэнне не раней за XII стагоддзе і не пазней за 1240
Смерць не раней за 23 мая 1254 і не пазней за 7 жніўня 1261

Полацкі князь, які перадаў лівонскаму ланду Тэўтонскага ордэна ўладанні ў Латгаліі, час данацыі вызначаюць толькі ўскосна, але яна здзейснена добраахвотна, бо konnick Constantinus van Ploskow афіцыйна ўключаны ў памяннік дабрадзеяў Ордэна[1]. Паводле Андрэя Кузьміна, у буле Папы Інакента IV ад 23 мая 1254 года згадваецца, што «святлейшы рускі князь Канстанцін, па сваёй княжацкай шчодрасці» падарыў Ордэну шэраг сваіх замкаў, зямель і вёсак, але на праўдзе ў названай буле няма цытаваных слоў і князь Канстанцін наогул не згаданы[2].

Найранейшая згадка пра дар князя Канстанціна — грамата князя Гердзеня, звычайна датаваная снежнем 1263 года, якой Полацк і Віцебск заключылі мір с лівонскім магістрам і рыжскімі ратманамі. Палачане і віцябляне адмовіліся ад вобласці, «што есть Лотыгольскаѧ землѧ <…> што кнѧз Костѧнтинъ дал местерю съ своею братею, съ своею грамот и съ печатью», а лівонскі магістр адмовіўся ад прэтэнзій на Полацкую зямлю, «што Руськаѧ землѧ словеть Полочькаѧ».[2]

Абставіны дару Канстанціна ў некаторай ступені праясняюць матэрыялы справы пра канфлікт паміж Рыжскім архібіскупствам і Тэўтонскім ордэнам у 1-й чвэрці XIV ст. — була Папы Клімента V ад 19 чэрвеня 1310 года і пратаколы расследавання, праведзенага ў 1312 годзе ў Рызе папскім легатам Францыскам дэ Маліяна[lv]. Паводле іх, не названы імем полацкі кароль, які не меў законнага нашчадка, разам са сваімі людзьмі прыняў каталіцтва і перадаў сваё каралеўства Рыжскаму біскупству, дапусціў у сваю зямлю каталіцкіх біскупаў і прэлатаў, якія заснавалі дзве епархіяльныя кафедры — Рутэнскую (Рускую) і Селонскую. Аднак браты Ордэна чынілі прыгнёт жыхарам каралеўства, таму тыя заклікалі на дапамогу язычнікаў і выгналі з каралеўства ўсіх каталікоў, а названыя епархія заняпалі.[1]

На думку Алега Ліцкевіча, найбольш несупярэчлівая і пераканаўчая версія тых падзей, што не названым імем полацкім князем быў менавіта Канстанцін. Рутэнская (Руская) епархія, падпарадкаваная рыжскаму біскупу, існавала ў 1255 годзе, адпаведна, апісаныя падзеі адбываліся каля гэтага часу[1]. Пасля Канстанціна ўладаром Полацка стаў літоўскі князь Таўцівіл, палачане з дапамогай літоўцаў пачалі вайну з Ордэнам, каб адстаяць сваю незалежнасць і вярнуць землі, падораныя князем Канстанцінам[1]. Пад 6770 (1262) годам Наўгародскі першы летапіс паведамляе, што «полотьскыи князь Товтивилъ, с ним полочанъ и Литвы 500» бралі ўдзел у паходзе на Юр’еў (Дэрпт, Тарту). Полацка-лівонская вайна скончылася ў канцы 1263 года, калі пры пасрэдніцтве літоўскага князя Гердзеня быў заключаны мір[2].

З улікам храналогіі агульнай гісторыі рэгіёна, даследчыкі вызначаюць магчымы час княжання полацкага князя Канстанціна. На думку Андрэя Кузьміна, Таўцівіл уладарыў у Полацку прыкладна з 1258 і да канца 1263 года, а полацкі князь Канстанцін памёр паміж 23 мая 1254 года і часам каля 1258 года, але даследчык пры гэтым спасылаецца на няісную згадку Канстанціна ў буле Папы Інакента IV ад 23 мая 1254 года. Юрый Барэйша дапускае, што Таўцівіл з’явіўся ў Полацку не раней за 25 студзеня 1260 года, не выключана і пазней — пасля 13 лютага 1261 і нават пасля 7 жніўня 1261 года, а ўладарства полацкага князя Канстанціна скончылася напярэдадні ўкняжання Таўцівіла. Такім чынам, на думку Алега Ліцкевіча, дар Усходняй Латгаліі полацкім князем Канстанцінам можна датаваць 1250-мі гадамі, найпазней 1261 годам.[2]

Крыніцы

правіць
  1. а б в г Лицкевич 2021, с. 15.
  2. а б в г Лицкевич 2021, с. 16.

Літаратура

правіць