Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі

Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі — падзеі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў кастрычніку-лістападзе 1917 года, у выніку якіх улада на неакупаванай Германскай імперыяй тэрыторыі перайшла да Саветаў на чале з бальшавікамі.

Перадумовы правіць

Перадумовамі для ўсталявання на тэрыторыі Беларусі бальшавіцкай улады стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года ў Расіі, якая адбылася 25 кастрычніка (паводле старога стылю) у Петраградзе. Уладу ўзяў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў  (руск.) і перадаў яе II Усерасійскаму з’езду Саветаў  (руск.).

На тэрыторыі Беларусі ў гэты час знаходзіліся войскі Заходняга фронту, дзе ў бальшавікоў былі трывалыя пазіцыі.[1]

Пераварот у Беларусі правіць

Першае паведамленне аб падзеях у Петраградзе паступіла ў Мінск у гадзіну ночы 26 кастрычніка (8 лістапада). Днём 26 кастрычніка адбылося пасяджэнне Выканкама Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, на якім прысутнічалі толькі яго члены ад РСДРП(б). У гэты ж час штаб Заходняга фронту паведаміў у Стаўку вярхоўнага галоўнакамандуючага: «У Мінску ўладу ў свае рукі ўзяў савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў… Каравул 37-га палка… аб’явіў увесь штаб арыштаваным і патрабаваў працаваць пад кантролем рэвалюцыйнага штаба»[2].

26 кастрычніка Выканкам Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў выдаў загад № 1, у якім гаварылася: «У Мінску ўлада перайшла ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які звярнуўся да ўсіх рэвалюцыйных арганізацый і палітычных партый края з прапановай неадкладна пачаць фарміраванне часовых органаў рэвалюцыйнай улады на месцах»[3]. Выканкам Савета прапанаваў усім дэмакратычным арганізацыям утварыць часовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) Заходняга фронту для ажыццяўлення рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Аднак, эсэры, меншавікі і прадстаўнікі іншых партый не прынялі прапанову Савета і пачалі фарміраваць свой орган, які назвалі «Камітэт выратавання рэвалюцыі», які ўзначаліў меншавік Т. Калатухін. У распараджэнні Камітэта былі Каўказская дывізія, якая стаяла ў Масюкоўшчыне, і фарміраванні 1-га польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага.[4] Для барацьбы з «Камітэтам выратавання рэвалюцыі» ВРК Мінскага Савета звярнуўся па дапамогу да ВРК 2-й арміі. У ноч з 31 кастрычніка па 1 лістапада ў Мінск прыбыў бліндзіраваны цягнік і іншыя часці 2-й арміі, што дазволіла Савету значна ўмацаваць сваю ўладу і распусціць «Камітэт выратавання рэвалюцыі».

Услед за Мінскам, Саветы ўзялі ўладу ў Віцебску, Гомелі, Оршы, Бабруйску, Слуцку, Рэчыцы, Мазыры, Полацку і іншых местах і павятовых цэнтрах Беларусі, а таксама ў 2-й, 3-й і 10-й арміях Заходняга фронту.[5]

Інакш разгортваліся падзеі ў Магілёве, дзе была Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Аднак, у ноч з 18 на 19 лістапада 1917 г. пад ціскам рэвалюцыйных салдат і рабочых Магілёва, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі эсэры, меншавікі і Бундаўцы, прызнаў уладу, якая ўсталявалася ў Петраградзе і ўтварыў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У тую ж ноч была разгромлена Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, а яе апошні кіраўнік генерал Мікалай Духонін пасля быў забіты.

Пераход да ўлады Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў на Беларусі, апроч тэрыторыі, занятай немцамі, скончыўся за 3 тыдні.

Умацаванне савецкай улады. Рашэнні і мерапрыемствы першых з’ездаў правіць

У лістападзе-снежні 1917 года адбыліся з’езды Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці, сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, II з’езд салдат і рабочых ваенных прадпрыемстваў Заходняга фронту, Віцебскі губернскі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а таксама Саветаў сялянскіх дэпутатаў Магілёўскай губерні. Яны прызналі Савецкую ўладу, зацвердзілі структуру яе органаў, вызначылі сістэму кіравання ў губернях і на фронце, абралі выканаўчыя камітэты.

Найбуйнейшым з іх быў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. На ім было зазначана, што мноства Саветаў знаходзяцца ў стадыі фарміравання. З’езд палічыў дапушчальным саюз толькі з тымі партыямі, якія прызналі Савет Народных Камісараў, дэкрэты аб міры, зямлі, аб кантролі за вытворчасцю. З’езд палічыў неабходным усю маёмасць памешчыкаў перадаць пад кіраванне зямельных камітэтаў. Абласны з’езд выказаўся таксама за тое, каб валасныя зямельныя камітэты складаліся толькі з найбяднейшых сялян.

Аніводны Савет, Ваенна-рэвалюцыйны камітэт на Беларусі не прапанаваў увесці дыктатуру пралетарыяту. Наадварот усе буйныя Саветы, Цэнтральнае бюро прафсаюзаў, армейскія, карпусныя і дывізійныя салдацкія камітэты прама выказваліся за стварэнне ўлады з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партый.

Першыя дэкрэты Савецкай улады аб міры і зямлі задавальнялі большасць насельніцтва. Найважнейшым і неадкладным было пытанне аб спыненні ваенных дзеянняў. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, дамовіўся з германскім камандаваннем аб пачатку перамоў аб перамір’і. Была сфарміравана дэлегацыя ад фронту, якая была ўпаўнаважана праводзіць перамовы з нямецкай дэлегацыяй. Перамовы праходзілі ў м. Солы. 20 лістапада было падпісана перамір’е тэрмінам на 2 месяцы — з 23 лістапада (5 снежня) 1917 па 24 студзеня (6 лютага) 1918. За гэты тэрмін было дамоўлена падрыхтаваць пагадненне аб міры. Ад войскаў Заходняга фронту дамову падпісалі жаўнеры Шчукін, Ціхмянёў, Пятроў, Лук’янаў, Школьнікаў, Яркін, Хрусталёў, малодшы унтэр-афіцэр Станіслаў Берсан.[6]

Вельмі важнай была праца па правядзенню ў жыццё Дэкрэта аб зямлі. Праводзіўся ўлік зямлі, рабочай жывёлы, інвентару. Абласныя і губернскія выканкамы Саветаў распрацавалі інструкцыі, праводзілі нарады, пасяджэнні зямельных камітэтаў. Правядзенне Дэкрэта сустрэла супраціўленне сіл, якія былі ў ім не зацікаўлены. Так, у Лепельскім павеце публікацыя Дэкрэта аб зямлі ў друку была забаронена. У Гарадоцкім павеце былі арганізаваныя масавыя пажары і рабункі маёнткаў. Аднак, спыніць працу не ўдалося і зямля была перададзена ва ўласнасць сялянам.[5]

Стварэнне Аблвыканкамзаха правіць

II з’езд армій Заходняга фронту, з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў дамовіліся ўтварыць на Беларусі новую адміністрацыйную адзінку — Заходняя вобласць і Заходні фронт. Для выканання дадзенай задачы гэтыя Саветы аб’ядналіся.[7]

26 лістапада 1917 года быў утвораны Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і Заходняга фронту (Аблвыканкамзах). У яго склад увайшлі 100 членаў франтавога камітэта, па 35 членаў выканкамаў Саветаў Заходняй вобласці і Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, 11 прадстаўнікоў ад прафсаюзаў, 4 — ад Чыгуначнага саюза і 2 — ад Саюза паштова-тэлеграфных служачых. Быў утвораны выканаўча-распараджальны орган — Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старшынёй Аблвыканкамзаха быў абраны М. Рагазінскі, а старшынёй СНК — Карл Ландэр.[7]

Удзельнікі і кіраўнікі правіць

У першыя гады савецкай улады, калі пачаў працаваць Інстытут гісторыі партыі (Гістпарт), складаліся спісы «актыўных удзельнікаў і кіраўнікоў Кастрычніцкай рэвалюцыі на Заходнім фронце». У персанальных спісах створаных бальшавікамі арганізацый (бальшавіцкай фракцыі Мінскага Савета, ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, рэдакцыі газеты «Звязда») стаялі адныя і тыя ж людзі: Мяснікоў, Ландэр, Кнорын, Фамін, Алібегаў і інш. У ніводным з гэтых спісаў не было ніводнага беларуса[8].

Захаваліся сведчанні кіраўнікоў рэвалюцыі пра тое, што савецкую ўладу на Беларусі ўсталявалі расійскія салдаты Заходняга фронту. Паводле Кнорына, «гэтая шматтысячная сялянская маса ў салдацкіх шынялях была той самай сілай, што ажыццявіла Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Мінску і на Заходнім фронце». Старшыня Аблвыканкамзаха Заходняй вобласці Мяснікоў сведчыў, што «моцных сувязяў з работнікамі няма, з прычыны блізкасці фронту наша арганізацыя па сутнасці ваенная»[8]. Мяснікоў таксама зазначаў, што бальшавіцкую большасць ва ўсіх Саветах стваралі салдаты, што «вярхі рабочага руху ў абстаноўцы рамесніцкай і саматужнай вытворчасці адсталі ад сапраўднага настрою мас», што з-за адсутнасці кіраўнікоў рэвалюцыйнага рабочага руху абаронцы мелі мажлівасць уплываць на «жменьку» мясцовых рабочых. Восеньскія падзеі 1917 года нацыянал-камуніст Чарвякоў называў «салдацкай» рэвалюцыяй[8]. Рэвалюцыянер Агурскі, увогуле, зазначаў[8]:

  …бальшавіцкія кіраўнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі былі чужымі ў нашым краі…  

У 1924 годзе ў артыкуле для зборніка «Беларусь» Кнорын напісаў[8]:

  25 кастрычніка ён (бальшавізм — заўвага) быў чужым для шырокіх мас…  

Аднак праз некалькі гадоў Кнорын ужо пісаў пра ўсеагульную падтрымку партыі бальшавікоў мясцовымі работнікамі і сялянамі, пра існаванне падрыхтаванага плану ўзброенага выступу і распісаныя ролі[8].

Увогуле, у Выканаўчым камітэце Заходняй вобласці і Заходняга фронту са 187 яго членаў прадстаўнікі фронту складалі 100 членаў, а грамадзянскае насельніцтва было прадстаўлена толькі 87 членамі. Пры арганізацыі ўлады бальшавікі рабілі стаўку менавіта на ваенных.

Абласная арганізацыя бальшавікоў на 80% складалася з рускіх, украінцаў, латышоў, літоўцаў, яўрэяў і іншых нацыянальнасцей. Таму яны варожа сустрэлі навіну пра скліканне Усебеларускага з’езда для развязання нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Таксама адзначаецца, што паводле савецкай статыстыкі, беларусаў у параўнанні з іншымі народамі было непрапарцыйна мала сярод бальшавікоў увогуле: калі ад усяго насельніцтва Расійскай імперыі беларусы складалі 4,2%, то сярод высланых у 1907—1917 гадах расійскіх рэвалюцыянераў — толькі 0,4% (апошняе месца сярод усіх суседніх народаў)[9][10].

Рэакцыя мясцовага насельніцтва правіць

Мясцовыя палітычныя партыі рашуча асудзілі пераварот. ЦК Бунда, найбольш уплывовай палітычнай сілы ў Мінску, 7—9 лістапада прыняў рэзалюцыю: «…тэрор бальшавікоў, які абапіраецца на ўзброеную дыктатуру салдат, прадстаўляе сабой найбольшую небяспеку для рэвалюцыі, адкрывае шлях для ваеннай дыктатуры контррэвалюцыі… нашай задачай з’яўляецца канцэнтрацыя сіл рэвалюцыйнай дэмакратыі вакол ідэі непрызнання гэтай улады і ізаляцыі яе з тым, каб падрыхтаваць яе падзенне…»[8]

Усебеларускі з’езд не прызнаў законным утварэнне Заходняй вобласці і Заходняга фронту як адміністрацыйнай адзінкі. Сфарміраваную ўладу з’езд не ўважаў за ўладу работнікаў, сялян і салдат Беларусі, бо ў яе органах прадстаўнікі Заходняга фронту складалі звыш 90 %. Члены Аблвыканкамзаха і СНК не з’яўляліся беларусамі па нацыянальнасці і нават жыхарамі Беларусі[11].

У 1918 годзе газета «Вольная Беларусь» з нагоды гадавіны Лютаўскай рэвалюцыі адзначыла[8]:

  …выявілася, што вялікарускі народ устаў перад намі як новы валадар і гвалтаўнік і ён …не адкажацца ад свайго нацыянальнага панавання… Наёмные банды бальшавізму не спыніліся ні перад чым, каб утрымаць сваё нацыянальнае ўладарства.  

Зноскі

  1. История Беларуси: Полный курс: Пособие для старшеклассников и поступающих в ВУЗы / Ю. Л. Козаков, П. О. Лойко — Мн.: ООО «Юнипресс», 2003. C. 234
  2. Архив русской революции. Т. 7. — Берлин, 1922. — С. 301, 315.
  3. Буревестник. — 1917. — № 17. — С.
  4. Іларыён Ігнаценка. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі / Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 4. — С. 25.
  5. а б Іларыён Ігнаценка. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 26
  6. Іларыён Ігнаценка. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 27
  7. а б Іларыён Ігнаценка. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 29
  8. а б в г д е ё ж Стужынская Н. «Кастрычніцкі пераварот — нож у спіну рэвалюцыі». Што адбывалася ў Мінску ў кастрычніку 1917 года // Наша Ніва, 6 лістапада 2017 г.
  9. Хазиахметов Э. Ш. Сибирская политическая ссылка 1905—1917 гг. (облик, организации и революционные связи). Приложение 2; Общий свод данных переписи 1897 г. Т. 2. — Томск, 1978. С. 2—91.
  10. Чайчыц А. Чаму савецкая акупацыя Беларусі была акупацыяй Архівавана 30 кастрычніка 2021., Беларускі партызан, 6 лістапада 2013 г.
  11. Іларыён Ігнаценка. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 32

Літаратура правіць

  • Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб. : Неўскі прасцяг, 2003. — 243 с.
  • Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Мн.: «Навука і тэхніка», 1973. — 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі).
  • Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. — 613 с.: іл. ISBN 985-469-149-7.
  • Іларыён Ігнаценка. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997.

Спасылкі правіць