Венеды
Вене́ды, таксама вене́ты, венды, вінды[1] (лац.: Venedi, Venethae) — назва старажытных народаў, якая пазней замацавалася ў асноўным за славянамі. Згадана рымскім гісторыкам Тацытам (I ст.) і гоцкім гісторыкам Іарданам (VI ст.). Таксама венедаў згадвалі Пліній Старэйшы, Пталемей і іншыя.
Назва паходзіць з часу індаеўрапейскай моўнай супольнасці.
Паводле Тацыта, венеды «перанялі многія норавы германцаў», падобна «будуюць сабе дамы, носяць шчыты і падарожнічаюць пешкі». Тацыт лакалізаваў венедаў паміж пеўкінамі (востраў Пеўкі ў вусці Дуная) і фенамі (продкі запалярнага народа саамі). Шэраг гісторыкаў атаясняюць тацытавых венедаў з познезарубінецкімі плямёнамі, якія рассяліліся да Прыднястроўя. Іардан у працы «Пра паходжанне і дзеі готаў» лакалізоўваў венедаў не на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а на тэрыторыі сучаснай Польшчы, у раёне Кракава. Венедаў быццам перамог у IV ст. гоцкі кароль Германарых.
На думку польскага гісторыка і археолага В. Генсаля, народ пад назвай венеці ў 1400 да н.э. засяляў паўночную Францыю, у 1200 да н. э. — Адрыятычнае ўзбярэжжа паўночнай Італіі. Каля 1000 гадоў да н. э. народ пад назвай енатоі зафіксаваны старажытнымі гісторыкамі ў Малой Азіі, у VI ст. да н. э. — на берагах Чорнага мора і ў басейне ніжняй Віслы. Паводле старажытнагрэчаскага гісторыка Скалака Карыяндскага, (в)энеты адрыятычныя — ілірыйскага паходжання або блізкія да кельтаў. У сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э. да прыходу кельтаў у паўночную Італію яны займалі тэрыторыю Адрыятычнага ўзбярэжжа паміж рэкамі По і Ізонца да Альпаў.
Паводле старажытнагрэчаскага гісторыка Палібія (III—II ст. да н. э.), які жыў у Рымскай імперыі і добра ведаў народы, што лакалізаваліся на тэрыторыі сучаснай Італіі, венеды ўжо ў канцы II тысячагоддзя да н. э. насялялі землі на поўнач ад Пічэны (Адрыятычнае ўзбярэжжа).
Адзеннем і звычаямі яны не адрозніваліся ад кельтаў, але размаўлялі на асаблівай мове, захавалася 200 яе кароткіх запісаў. Праз землі венедаў з Балтыйскага мора па Вісле і Карпацкім перавале ў Рымскую імперыю прыходзіў Бурштынавы шлях. Венеды адыгрывалі важную ролю ў асваенні гэтага шляху, таму рымляне агульна называлі венедамі ўсе народы, якія насялялі басейн Віслы.
У Заходняй Еўропе назва венеды за славянамі захавалася ад Рымскай імперыі да позняга сярэднявечча (напрыклад Венедскія горы, Венедскі заліў у Балтыйскім моры, Паўночныя Венеды на берагах Балтыйскага мора і інш.).
Нямецкі дыпламат С. Герберштэйн у XVI ст. адзначаў, што народ, які размаўляў на славянскай мове, немцы за Эльбай называлі «вендамі» і «віндамі» (Wenden, Winden). Фіны і цяпер называюць рускіх венедаў (Venaja). Лічаць, што назва ўсходнеславянскага племені вяцічаў звязана з венедамі. Паводле рускага гісторыка А. І. Неміроўскага , язычніцкае славянскае свята Купалле паходзіць ад Купавоне — вобраза чалавека-лебедзя, створанага рымскім паэтам I ст. да н. э. Вергіліем. З сукупнасці звестак вынікае, што ў гістарычным аспекце назва венеды вельмі складаная.
Археалагічна немагчыма звязаць адпаведныя рэчавыя комплексы з прыведзенымі пісьмовымі звесткамі. На ўсіх названых тэрыторыях у шырокім храналагічным дыяпазоне, напрыклад, у жалезным веку, вылучаны розныя археалагічныя культуры, якія тыпалагічна і храналагічна паміж сабою не звязаны. У польскай археалагічнай навуцы з венедамі звычайна звязваюць пшэворскую культуру. З венедамі можа быць таксама звязана зарубінецкая культура і шэраг культур у Заходняй Еўропе.
Крыніцы
правіць- ↑ Напісанне паводле Побаль, Л. Д. Венеды / Л. Д. Побаль // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. -- Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1994. -- С. 244—245.
Літаратура
правіць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. — С. 28,29.